Вы тут

Што рабіць, каб пры аплаце праезду не спісаліся грошы з іншага «пластыку»


У гарадскога жыхара абавязкова ёсць цэлы стос пластыкавых картак: банкаўскіх, праязных, дысконтных... У гэтым выпадку спатрэбяцца своеасаблівыя візітоўніцы — аксесуары, якія здаўна лічыліся адной з прыкмет сацыяльнага і дзелавога статусу.

Статус — яно, вядома, добра, але, як выявілася, яшчэ і небяспечна. Я прывык, «разлічваючыся» з метрапалітэнам або з аўтобусам, падносіць да валідатара ўсю візітоўніцу. А каб пазбегнуць непажаданага спісвання паездак або грашовых сродкаў, неабходна прыкладаць да валідатара толькі тую картку, з дапамогай якой пасажыр жадае аплаціць праезд. Атрымліваецца, трэба яе шукаць і даставаць са «сховішча», што само па сабе зусім нязручна. Аб гэтай праблеме мы пісалі год таму. Ці змянілася што за гэты час?


Тэарэтычна праблемы няма

Гэтай тэмай зацікавіліся прафесіяналы-электроншчыкі. Яны высвятлялі: калі ў кашальку дзве карткі: бескантактавы праязны, банкаўская картка, любыя іх спалучэнні — з якой спішацца паездка?

На гэтае пытанне ніхто адназначна не адказаў. Спецыялісты казалі пра фізічныя працэсы. Ёсць рыдэр — ён жа валідатар — ён выпраменьвае хвалю; ёсць картка — пасіўная прылада. Калі картка трапляе ў хвалю — з'яўляецца ток, і яна пачынае працаваць. Якая картка адрэагуе першай, залежыць ад шматлікіх фактараў: ад таўшчыні кашалька, ад таго, з якога боку ляжаць карткі, ці няма фольгі або іншых праслоек, ад якасці чыпа і антэны. У розных банкаў дакладна розныя карткі: розныя вытворцы, чыпы, антэны. Таму нельга прадказаць, з якой карткі спішацца аплата. Тая, якая першай адгукнецца, — яна і «пераможа».

У бескантактавых тэхналогіях ёсць такі працэс: антыкалізія. Вось гэта і ёсць той механізм, які дазваляе выбраць адну картку, калі ў электрамагнітнае поле трапляюць адначасова некалькі. Але гэта ў лабараторных умовах, «у вакууме». А калі карткі ў вас у кашальку, то антыкалізія можа і не спрацаваць: дапусцім, адна картка ляжыць за міліметр ад вокладкі, а другая — за пяць міліметраў, — сігнал проста можа не дайсці. Па правілах плацежных сістэм, калі ў полі апынуліся дзве карткі, то рыдэр не павінен прымаць ні адну з іх. Спрацуе антыкалізія, з'явіцца надпіс «Адмова» або аналагічны. З банкаўскай карткай мы можам працаваць толькі тады, калі выразна разумеем, што ў полі яна адна. І пакуль картка не выйдзе з поля, ніякая іншая картка ў аплаце ўдзельнічаць не будзе. Гэта так, у тэорыі...

Пагуляць у рулетку

А калі ў вас у кашальку некалькі картак, а ў руках, да прыкладу, лёгкія дрыжыкі — то аплата можа быць паслядоўна спісана і два разы: гэта будзе расцэнена як «прыклаў картку — прыбраў — зноў прыклаў».

З транспартнай карткай сітуацыя іншая, таму што чып у ёй больш просты, і гэты «пластык» можа спрацаваць хутчэй, чым банкаўскі, хоць правілы антыкалізіі распаўсюджваюцца і на яго. І калі ў нас дзве карткі — БСК (бескантактавая смарт-карта) і банкаўская — то ў такім выпадку якраз пачынаюць дзейнічаць сіла хвалі, хуткасць рэагавання і гэтак далей. Так што, калі хочаце пагуляць у рулетку, прыкладвайце кашалёк з некалькімі карткамі. Таму і ў нас, і ў іншых краінах карыстальнікаў папярэджваюць: «Паважаныя пасажыры, перад аплатай падрыхтуйце тую картку, якой хочаце аплаціць праезд».

Прымусіць картку «не адказваць»

Выйсце, праўда, ёсць і з гэтай сітуацыі. Трэба проста «адвязаць» сваю картку ад аўтаматычнай паслугі. Здаецца проста? Не зусім.

Спачатку трэба зарэгістравацца ў асабістым кабінеце пасажыра. Для гэтага пераходзім на сайт payBYcard.by і рухаемся ў раздзел «Рэгістрацыя». Там пакідаем электронную пошту, нумар тэлефона, а для пацвярджэння рэгістрацыі пераходзім па спасылцы, дасланай вам у лісце, і ўводзім код, дасланы па смс.

Увага! Для дадання банкаўскай бескантактавай карткі або NFC-прылады (пры аплаце праезду з выкарыстаннем смартфона, смарт-гадзінніка і іншых) неабходна здзяйсненне хоць бы адной аперацыі па аплаце праезду.

Пасля гэтага перайдзіце ў раздзел «Дадаць» картку/NFC-прыладу і ўвядзіце 16 лічбаў «пластыка» або апошнія чатыры лічбы токена карты (для NFC-прылады). Характэрна, што для дадання NFC-прылады неабходна ўказаць прыкладны прамежак часу, у які з яе дапамогай праводзілася аплата праезду. У канцы працы з раздзелам націснуць «Дадаць».

І толькі пасля гэтай рэгістрацыі вы зможаце «адвязаць» сваю «электронку». Для гэтага трэба перайсці ў раздзел «Падрабязнасці» абранай карткі і націснуць «Выдаліць».

Цяпер у мяне ёсць візітоўніца, дзе побач з праязным ляжаць дзве «адвязаныя» бескантактавыя карткі, і я ўпэўнены, што пры аплаце спрацуе патрэбны мне «пластык».

Аплата банкаўскім «пластыкам»: цяпер грошы спісваюцца раз на тры дні. Чаму?

Пры паспяховай аплаце банкаўскай карткай, напрыклад, у метро, праход праз турнікет будзе дазволены, і з рахунку вашай карткі на працягу 48 гадзін будзе аўтаматычна спісаны кошт паездкі. У выпадку некалькіх паспяховых аплат праезду, здзейсненых на працягу 48 гадзін, выкананыя аперацыі агрэгуюцца ў адну транзакцыю, але не больш чым тры паспяховыя аплаты праезду. Зыходзячы з дзеючага тарыфу за праезд у метро 70 капеек, сума адной транзакцыі не перавысіць 2 рублі 10 капеек.

Чаму транзакцыі аб'ядноўваюцца? Ёсць механізмы, якія дазваляюць кіраваць транзакцыйнай нагрузкай. Сістэма распрацоўваецца як масавая, і ў гадзіны пік гэтыя механізмы дазваляюць кіраваць нагрузкай, каб усе транзакцыі апрацоўваліся якасна. З іншага боку, банк праводзіць акцыі, і ўладальнікам пэўных карт часам дазваляецца праходзіць у метро бясплатна. Гэта значыць, працуе механізм зніжак.

Банкаўскай карткай можна аплаціць за сябе і чатырох чалавек?

У Мінскім метрапалітэне колькасць пачарговых праходаў па адной і той жа банкаўскай бескантактавай картцы/NFC-прыладзе на адным і тым жа турнікеце ў межах лімітаванага прамежку часу не павінна перавышаць пяці. Спробу зрабіць больш за пяць аплат валідатар блакіруе. Наступныя аплаты аўтаматычна становяцца даступнымі праз 15 хвілін.

Паўторнае прыкладанне карткі для аплаты іншага пасажыра можа ажыццяўляцца толькі пасля праходу папярэдняга. На наземным транспарце, у тым ліку на гарадскіх лініях Беларускай чыгункі, па адной банкаўскай карце магчымая аплата зноў-такі за пяцярых пасажыраў. Пасля пяціразовай аплаты па адной банкаўскай карце яна блакіруецца для аплаты да канчатковага прыпынку маршруту.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Як «памірыць» карткі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.