Вы тут

Прэзідэнт патрабуе актыўней развіваць жыллёвае будаўніцтва ў гарадах — спадарожніках Мінска


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе актыўней развіваць жыллёвае будаўніцтва ў гарадах — спадарожніках Мінска. Аб гэтым ён заявіў сёння, наведваючы ААТ «МАПІД».


Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз пацвердзіў сваё патрабаванне па скарачэнні жыллёвага будаўніцтва ў Мінску, каб не перанасяляць сталіцу. «Гэта не проста размова. Гэта возьмем на жорсткі кантроль. Трэба будаваць жыллё так, каб размеркаваць вытворчыя сілы па краіне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнту было даложана, што кожны год у Мінску будуецца каля 600 тыс. м² жылля. «Мы плануем заставацца на гэтым узроўні, але будзе пераразмеркаванне за кошт гарадоў-спадарожнікаў. Таму што там найбольш перспектыўныя пляцоўкі, і мы бачым на прыкладзе Смалявічаў, што людзі ахвотна туды ідуць, і будзем працаваць у гэтым кірунку, — распавёў старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў. — Смалявічы будуем. Рудзенск — перспектыўная пляцоўка з улікам будаўніцтва там прадпрыемстваў (БНБК і іншых), таму мы будзем гэтую пляцоўку актыўна развіваць, у тым ліку пераносіць туды і будаўніцтва камерцыйнага жылля».

Асобна Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся станам спраў з чэргамі на жыллё ў Мінску: якія катэгорыі і як хутка забяспечваюцца жыллём. Асаблівая ўвага надавалася шматдзетным сем’ям. Па дадзеных Мінгарвыканкама, у гэтым годзе плануецца накіраваць на будаўніцтва жылля 4030 шматдзетных сем’яў, у наступным — 3,5 тыс. «Пасля гэтага ўжо выйдзем на паказчыкі, калі гэтыя сем’і стаяць у чарзе не больш за адзін год. Па нашых падліках, штогод 1,6 тыс. сем’яў мы будзем спакойна накіроўваць, і ўжо будзе выраўноўвацца сітуацыя», — удакладніў Уладзімір Кухараў.

Гаворка ішла таксама аб будаўніцтве сацыяльнага жылля і жылля для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Абмяркоўваючы ўзвядзенне арэнднага жылля, кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, хто выступае заказчыкам такога будаўніцтва. Старшыня Мінгарвыканкама праінфармаваў: для паскарэння працэсу прынята рашэнне, каб заказчыкам была арганізацыя-забудоўшчык і яна ж заключала крэдытны дагавор з банкам. «Рыхтуецца праект указа аб тым, што УКБ будзе афармляць на сябе крэдыт і пачынаць будаўніцтва», — растлумачыў ён. Па словах Уладзіміра Кухарава, наяўнасць адзінага заказчыка дазволіць значна скараціць тэрміны будаўніцтва арэнднага жылля.

Акрамя таго, Уладзімір Кухараў распавёў аб планах Мінгарвыканкама датычна існуючай сядзібнай забудовы. На працягу гэтага года будзе праведзены яе аналіз. «Пасля завяршэння гэтай працы мы будзем прапаноўваць змены ў генплан, распрацуем праект дэталёвага планавання для гэтых сядзіб», — сказаў кіраўнік гарвыканкама.

Бударганізацыі з уласнай вытворчай базай павінны будаваць жыллё ў першачарговым плане

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што часам мелі месца факты, калі дзяржаўныя будаўнічыя трэсты з уласнай вытворчасцю будуюць жыллё па замове прыватнікаў і ў апошніх застаецца асноўная частка прыбытку. «Каб трэсты не былі на пабягушках у прыватнікаў, — сказаў Прэзідэнт. — З 1 студзеня наступнага года на гэтую тэму не павінна быць размоў».

Пры гэтым ён растлумачыў, што як дзяржаўныя, так і прыватныя будаўнічыя арганізацыі, якія маюць сваю вытворчую базу, павінны ў першую чаргу прыцягвацца да жыллёвага будаўніцтва. «Яны павінны быць загружаныя ў першачарговым плане. У адваротным выпадку, навошта яны стваралі гэтыя магутнасці», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як далажыў кіраўніку дзяржавы старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў, ужо была праведзена работа па пошуку пляцовак пад будаўніцтва для буйных дзяржаўных забудоўшчыкаў. «Цяпер актыўна працуем па будаўніцтве сетак. Выходзім на тое, каб з наступнага года максімальна загрузіць будаўнічыя прадпрыемствы», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, загрузка «МАПІДа» ўжо перавышае 80%. Неўзабаве завяршаецца мадэрнізацыя Завода эфектыўных прамысловых канструкцый, і для гэтага прадпрыемства ўжо пазначаныя пляцоўкі пад будаўніцтва з перспектывай на два гады. «Гэтыя арганізацыі самадастатковыя, у іх ёсць праектныя арганізацыі, яны выконваюць увесь комплекс работ, будуюць дамы практычна пад ключ з уласных матэрыялаў і з выкарыстаннем уласных працоўных сіл», — адзначыў кіраўнік Мінгарвыканкама.

У якасці прыкладу комплекснай жылой забудовы прыводзіўся пасёлак Сонечны ў Мінскім раёне. Гэты аб’ект быў перададзены ААТ «МАПІД», які праводзіў і праектныя працы, а зараз прыступіў да забудовы. Акцэнт рабіўся на тым, што ў гэтым жылым комплексе водазабеспячэнне і абаграванне ўсіх дамоў будуць за кошт электрычнасці. Тэрмін рэалізацыі праекта — пяць гадоў, але завяршыць будаўніцтва плануецца раней.

Акрамя таго, Лукашэнка звярнуў увагу: на балансе дзяржаўных забудоўшчыкаў, у тым ліку і «МАПІДа», маюцца сацыяльныя аб’екты (інтэрнаты, дзіцячы лагер, спартыўны комплекс), якія важна захоўваць і развіваць.

Аляксандру Лукашэнку на «МАПІД» падарылі сертыфікат на двухпакаёвую кватэру, а ён аддаў яго для сям’і вайскоўца

Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку сёння па завяршэнні наведвання ААТ «МАПІД» падарылі сертыфікат на двухпакаёвую кватэру, а ён аддаў яго сям’і вайскоўца.

«Куды мне яго падзець? Прэзідэнт па законе не мае права прымаць падарункі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што гэта дзяржаўны падарунак. «Дзякуй вялікі. Гэта мы для ваенных», — з такімі словамі-даручэннем кіраўнік дзяржавы перадаў сертыфікат старшыні Савета Рэспублікі і ўпаўнаважанаму па горадзе Мінску Наталлі Качанавай.

Лукашэнка звяртае ўвагу на магчымасць шырэй прасоўваць беларускія будаўнічыя паслугі ў Расію

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў РФ цяпер актыўна рэалізуюцца розныя праекты, дзе могуць быць запатрабаваныя беларускія будаўнікі. Пра гэта ішла размова і падчас перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Адзін з буйных праектаў — гэта будаўніцтва касмадрома «Усходні» ў Амурскай вобласці Расіі. «Гэта вельмі добры аб’ект, і ён ім вельмі патрэбны. Яны гатовыя плаціць любыя грошы. У Расіі (на жаль для іх і, можа быць, на шчасце для нас) гэты інтарэс. Гэта наша перспектыва, і там трэба будаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як было даложана кіраўніку дзяржавы, ААТ «МАПІД» імкнецца пашырыць сваю прысутнасць на расійскім рынку. У прыватнасці, заключаны кантракт на будаўніцтва ў Обнінску Калужскай вобласці 10 жылых дамоў плошчай 70 тыс. кв.м. Вядуцца перамовы па будаўніцтве беларускага квартала ў Ніжнім Ноўгарадзе.

Паводле БЕЛТА

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.