Вы тут

Месца сілы — Ясянец


Прадаўжэнне аповеду пра мясціны пад Наваградкам ды Баранавічамі, дзе набіраўся моцы старажытны шляхецкі род, з якога паходзіў хірург Валянцін Война­-Ясянецкі. Ён жа — архіепіскап Сімферопальскі і Крымскі Лука, праслаўлены ў 2000‑м годзе праваслаўнай царквою як святы.


Архіепіскап Лука з народам

У тэксце “Крыніца ёсць пры Ясянцы” (ГР, 15.06.2020) мы расказалі, чаму Валянцін Война-Ясянецкі прыхоўваў за савецкім часам весткі пра свой шляхецкі радавод. Спасылаліся на даследаванне Наталлі Магер “История рода Ясенецких-Войно, предков святителя Луки”, з якога вынікае: святы архіепіскап і хірург па паходжанні быў беларусам, а ягоныя продкі, шляхцічы Война-Ясянецкія, жылі на зямлі Вялікага Княства Літоўскага не адно стагоддзе. Заадно разважалі, што даўнейшая Літва — гэта й тагачасная Беларусь, а многія шляхецкія роды літоўскія — старажытнабеларускія. І што землі Чарнігава-Северскія, адкуль паходзілі заснавальнікі роду Войнаў, ужо ў 1360–70‑я гады, як і Кіеў, увайшлі ў склад ВКЛ, нашай старажытнай дзяржавы. Тое важна ў кантэксце размовы пра карані роду святога. Закончылі тэкст згадкай пра дзеда святога Лукі Крымскага: Станіслава Іосіфавіча Войну-Ясянецкага. Той нарадзіўся каля 1820 года, быў патомным шляхціцам Магілёўскай губерні — на той час ужо расійскай. І род Война-Ясянецкіх, гербу “Гакі”, быў збяднелым, бо інакш як аказаўся б вяльможны пан, дзед Стась, на пачатак ХХ стагоддзя — млынаром у Сенненскім павеце? Дарэчы, вось бы адшукаць: у якім канкрэтна паселішчы? Магчыма, той млын ці ягоныя парэшткі яшчэ неяк зберагліся. Толькі ў прозвішчы, пісалі мы, і жыла памяць пра былую моц, пра бытаванне ў родавай сядзібе Ясянец.

Зрэшты, разважаю цяпер, не толькі ў прозвішчы! Бо й гены ж, як кажуць, пальчыкам не размажаш, і шляхетнасць душы, што перадаецца ў спадчыну з роду ў род — не вынішчыш, пазбавіўшы чалавека ягонай маёмасці. А й нават свабоды, як тое было за савецкім часам з Валянцінам Война-Ясянецкім. Яго ж у 20–40‑я гады не раз арыштоўвалі, тры разы высылалі ў Сібір: з‑за рэлігійных перакананняў ды іх адкрытага выяўлення, святарскай дзейнасці.

А такое мужнае супрацьстаянне атэістычнай уладзе нават і ўявіць сабе цяжка ў тыя гады! Вось дзе й праяўлялася велізарная моц, шляхетнасць духа: сапраўдная, унутраная — а не пыхлівая, знешняя. Так да пары да часу драмае вялікая сіла ў зернейку, каб урэшце пад уздзеяннем розных абставінаў абудзіцца, праявіць сябе, рэалізаваць унутраны патэнцыял.

Цікава з далечыні часу ўнікаць у тое, як змог выстаяць наш вялікі супляменнік у тых неймаверна цяжкіх умовах. Не змагаўся за свае правы, не слаў нікому ў Маскву пакаянных пісьмаў… Рабіў сваю справу. Рабіў так, як сам лічыў тое патрэбным — нават у ссылцы: лячыў людзей, прычым не беручы за тое грошай, маліўся. Што праўда, калі надта цяжка прыйшлося — быў неяк 13‑дзённы “допыт канвеерам”, калі яго білі, саджалі ў карцар — то ён тройчы аб’яўляў галадоўку, выказваючы пратэст. Аднойчы нават зрабіў спробу перарэзаць сабе буйную артэрыю — не дзеля самагубства, а каб патрапіць у турэмную бальніцу ды мець невялікую перадышку. Змучаны, ён падаў без прытомнасці прама ў калідоры, губляў арыентацыю ў часе й прасторы. Але ж — выстаяў! І такі досвед надзвычай каштоўны, як і разуменне: наша ўнутраная шляхетнасць, стойкасць духа ёсць галоўны аргумент у барацьбе за ідэалы.

З 1937 па 1941 год Валянцін Война-Ясянецкі жыў у сяле Бальшая Мурта Краснаярскай вобласці. Там і пачаўся, па сутнасці, працэс ягонай рэабілітацыі: да ссыльнага хірурга-святара ў канцы ліпеня 41‑га прыляцеў на самалёце галоўны хірург Краснаярскага краю ды ўпрасіў ляцець з ім, стаць у Краснаярску галоўным хірургам эвакашпіталя. У дакументальным фільме “Больше, чем любовь” прыводзяцца ўспаміны архіепіскапа Лукі пра той час. Як па выніках працы ў ваенную пару напісаў невялікую кнігу “Поздние резекции при инфицированных огнестрельных ранениях суставов”, якую разам з вялікай працай “Очерки гнойной хирургии” (яе закончыў, дарэчы, летам у 1923 годзе, калі быў у турме ташкенцкага ГПУ…) прадставіў на суісканне Сталінскай прэміі. Па заканчэнні ж працы эвакашпіталя Валянцін Война-Ясянецкі атрымаў падзячную грамату ад камандавання Заходнесібірскай ваеннай акругі, медаль “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”. Дарэчы, у сувязі з тым медалём адзначым: хрысціянскае “падстаўленне шчок” для чарговых удараў яўна не было жыццёвым крэда будучага святога. Ёсць сведчанні, што, атрымаўшы ўзнагароду, архіепіскап сказаў такое, што партработнікі збялелі: “Я вернул жизнь и здоровье сотням, а может, и тысячам раненых. И наверняка помог бы еще многим, если бы вы не схватили меня ни за что ни про что и не таскали бы одиннадцать лет по острогам и ссылкам. Вот сколько времени потеряно и сколько людей не спасено отнюдь не по моей вине”. Председатель облисполкома стал было говорить: мол, надо забыть прошлое и жить настоящим и будущим. “Ну нет уж, извините, не забуду никогда!” — ответил владыка Лука”. Жорсткі, але й справядлівы ўрок для ўсіх, хто творыць ліха.

Ганна Ланская з дзіцем

Важным момантам таго часу ў рэлігійным жыцці Рускай праваслаўнай царквы стаў Архіерэйскі сабор у Маскве 8 верасня 1943 года: у ім удзельнічаў і ўжо архіепіскап Краснаярскі Лука Война-Ясянецкі. Тады абралі Патрыярхам мітрапаліта Сергія, а краснаярскага архіерэя — пастаянным членам Свяшчэннага Сінода. Якраз на той хвалі “новага курса Савецкай дзяржавы ў дачыненні да царквы”, як пазней ацэньваў падзеі патрыярх Алексій ІІ, здарылася раней зусім неверагоднае: хірург-архіепіскап Война-Ясянецкі ў 1944‑м атрымаў… Сталінскую прэмію 1‑й степені за свае кнігі! Уручылі яе ў студзені 1946‑га, у маі ж ён быў пераведзены на пасаду архіепіскапа Сімферопальскага й Крымскага. Як дыктаваў сакратару ўжо цалкам аслеплы архіепіскап Лука ў 1958 годзе, прыляцеў ён туды самалётам 26 мая. Памёр жа святар, які займаў архіепіскапскую кафедру цягам 20 гадоў, 11 чэрвеня 1961‑га, быў пахаваны ў Сімферопалі.

Цікава паглыбляцца ў сведчанні пра тое, як урач станавіўся святаром, ішоў да святасці. Падаецца мне, што нейкія вельмі энергетычныя, містычныя моманты былі ў лёсе Валянціна Феліксавіча, на шляху ягоным. Спачатку ж не меў аніякіх “святарскіх” планаў, казаў: “Религиозного воспитания я не получил, если говорить о наследственной религиозности, то, вероятно, я унаследовал её от отца”. А Фелікс Станіслававіч, хоць быў перакананым каталіком, ды ў сям’і гаспадарыла жонка-праваслаўная, і ён не навязваў сваіх рэлігійных поглядаў. Але вось жа: менавіта бацьку згадвае сын. Закончыўшы восенню 1903‑га Кіеўскі медуніверсітэт, 26‑гадовы малады чалавек выказваў жаданне быць земскім урачом. А “баявое хрышчэнне” як хірург атрымаў, працуючы з 1904 года ў эвакашпіталі каля Чыты: ішла Руска-Японская вайна. Там і ажаніўся ў той жа год з Ганнай Васільеўнай Ланской, сястрой міласэрнасці, якую ведаў з Кіева. З ягоных успамінаў: “Ее называли святой сестрой. Она покорила меня не столько своей красотой, сколько исключительной добротой и кротостью характера. Там два врача просили ее руки, но она дала обет девства. Выйдя за меня замуж, нарушила этот обет. Перед венчанием молилась — и вдруг ей показалось, что Христос отвернул свой лик, и образ его исчез из киота. Это, по-видимому, было напоминанием о ее обете. И за нарушение его Господь тяжело наказал ее невыносимой, патологической ревностью”.

Помнік святому архіепіскапу Луку ў Краснаярску

Гэта, відаць, быў вельмі цяжкі крыж для ўсёй сям’і: як вядома, паталагічная рэўнасць аднесена сёння да сур’ёзных псіхічных расстройстваў. Здараецца ж хвароба найчасцей у тых, хто мае ўнутраныя комплексы, перанёс псіхалагічныя траўмы. А што можа быць большым патрасеннем для глыбокага верніка, як не думка, што Хрыстос ад цябе адвярнуўся! Безумоўна, нёс той цяжкі крыж і Валянцін Феліксавіч, па сутнасці, падштурхнуўшы Ганну Васільеўну сваёй прапановай “рукі ды сэрца” да парушэння абету. Дзе было шукаць выйсце? Не ўскрыеш жончыну душу, як збалелы нарыў, не правядзеш на ёй аперацыю. Пэўна што Усявышні толькі й мог дапамагчы. І праз 15 гадоў хворая памерла: нарадзіўшы чацвярых дзяцей, у 1919‑м, калі сям’я жыла ў Ташкенце.

Нібыта й была важкая “матэрыяльная” прычына хваробы: “В начале 1917‑го приехала старшая сестра жены, только что похоронившая в Крыму свою молоденькую дочь, умершую от скоротечной чахотки. На великую беду, она привезла с собой ватное одеяло, под которым лежала ее больная дочь. Я говорил своей жене Ане, что в одеяле привезена к нам смерть. Так и случилось. Я обнаружил у Ани явные признаки туберкулеза легких”. Аднак туберкулёзам захварэла толькі жонка хірурга — больш ніхто з сям’і: ні муж, ні дзеці, якім было ад 6 да 12 гадоў. Пэўна, менавіта ў жанчыны з паталагічнай рэўнасцю падарваліся абарончыя сілы арганізма, імунітэт. А вучоныя даўно зрабілі высновы пра цесныя сувязі туберкулёза й пакут чалавека. Хваробу правакуе не моцнае патрасенне, а якраз працяглы стрэс. Туберкулёз называюць вынікам ментальнага разлажэння, згасання чалавека, якое здараецца з‑за бязрадаснага існавання. І яшчэ, кажуць, “згрызае”, разбурае чалавека ўнутранае пачуццё віны, прычым неабгрунтаванае. Якое ўзнікае ў сціплых ды сумленных людзей з павышанным пачуццём абавязку й адказнасці.

Пра тое, наколькі быў узрушаны смерцю жонкі Валянцін Феліксавіч, сведчаць ягоныя ўспаміны: ён дзве ночы сам чытаў над труною Псалтыр, стоячы ля ног нябожчыцы ў поўнай адзіноце. І гадзіне а трэцяй другой ночы ў 112‑й псальме апошнія словы яго вельмі ўзрушылі: “… неплодную вселяет в дом матерью, радующеюся о детях”. Гэтыя словы “с совершенной несомненностью воспринял как слова, обращенные ко мне. Почему-то без малейшего сомнения я принял потрясающие меня слова псалма как указание Божие на мою операционную сестру — Софию Сергеевну Белецкую. О которой я знал только то, что она недавно похоронила мужа и была бездетной. Я едва дождался шести часов утра, пошел к Софии Сергеевне, жившей в хирургическом отделении. Я спросил ее, верует ли она в Бога и хочет ли исполнить Божее повеление: заменить моим детям умершую мать. София Сергеевна с радостью согласилась”. Абываталю такі крок — знайсці жонцы замену, калі яна яшчэ ў труне ляжыць… — можа падацца не Божым загадам, а выклікам грамадскай маралі. Дарэчы, Соф’я Сяргееўна з годнасцю прайшла свой зямны шлях, памерла ў глыбокай старасці ў доме малодшага сына архіепіскапа Лукі — Валянціна Валянцінавіча.

Пасля смерці жонкі Ганны Валянцін Феліксавіч стаў святаром: у 1921‑м быў рукапакладзены ў дзяканы, а праз тыдзень — у іерэі. Так што яму даводзілася і аперацыі праводзіць, і сумяшчаць святарскае служэнне з чытаннем лекцый на медфакультэце Дзяржаўнага Туркестанскага ўніверсітэта (яго запрасілі ўзначаліць профільную кафедру восенню 1920 года): “Лекции я читал в рясе с крестом на груди. В то время было еще возможно невозможное теперь. (Успаміны дыктаваліся ў 1958 годзе. — Аўт.) Я оставался и главным хирургом Ташкентской городской больницы, потому служил в соборе только по воскресеньям”. 18 мая 1923 года хірурга, выкладчыка, бацьку чацвярых дзяцей таемна пастрыглі ў манахі ды рукапалажылі ў архіерэі. А праз два тыдні архіепіскапа Луку ўпершыню арыштавалі. Далей — Бутырская й Таганская турмы ў Маскве, ссылка праз Новасібірск і Краснаярск у Енісейск.

Заканчэнне будзе.

Іван Ждановіч

Дарэчы. Сёлета 21 чэрвеня, у Дзень медыцынскага работніка, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін узнагародзіў медалём Лукі Крымскага каля 900 супрацоўнікаў расійскіх медыцынскіх і навуковых устаноў.

Такой урадавай узнагародай адзначаны ўнёсак лекараў у барацьбу з пандэміяй COVІD-19, іх самаадданасць і высокая прафесійнасць. Узнагароды медыкам, якія зберагаюць жыцці й здароўе расіян, уручаны практычна ва ўсіх рэгіёнах Расіі.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».