Вы тут

Нарва дасылае ў Бялынічы прывітанне


Упершыню Дзень беларускага пісьменства, сталіцай якога сёлета сталі Бялынічы, адзначаўся і ў эстонскай Нарве


Спяваюць нарвскія “Сябры”

За дзень да свята, 5 верасня, у Нарвскім беларускім таварыстве «Сябры» ладзілася культурна-асветніцкае свята. Сабраліся мы з сябрамі ў гарадскім Доме народаў, прычым Дзень беларускага пісьменства ўпершыню адзначаўся ў Эстоніі. Спадзяемся, такі пачын падтрымаюць надалей таксама іншыя беларускія суполкі свету.

З вітальнымі словамі да прысутных у зале звярнуліся Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Эстоніі Аляксандр Татаркін, намесніца старшыні Гарадскога сходу Нарвы Ларыса Аленіна, кіраўнік «Круглага стала» нацыянальных меншасцяў павета Іда-Вірумаа Аляксандр Дусман, дырэктарка нарвскага Дома эстонскай мовы Ганна Фарафонава. Мы ж, як арганізатары імпрэзы, распавялі гасцям і гледачам пра слаўную гісторыю станаўлення беларускага пісьменства, паказалі тэматычную відэападборку.

Варта падкрэсліць адзін важны момант. На фоне ўзроставага, можна сказаць, крызісу ў шэрагах нацыянальна-культурных таварыстваў Нарвы мы за апошнія два месяцы зладзілі ўжо трэцюю імпрэзу з удзелам вучняў моўнага ліцэя Нарвы. Актывістка «Сяброў» Таццяна Макаранка (уваходзіць у склад праўлення, сцэнарыстка-рэжысёр і выкладчыца моўнага ліцэя) паступова й крэатыўна прыцягвае навучэнцаў да сумесных з намі праектаў. Каштоўны досвед! 
З нагоды Дня беларускага пісьменства Таццяна распавядае: «У Нарве ёсць традыцыя: штогод у маі праходзіць конкурс мастацкага перакладу. Вучні школ, гімназісты перакладаюць творы з рускай мовы на эстонскую ды наадварот. А на пачатку жніўня мне прыйшла думка: чаму б не паспрабаваць перакладаць і беларускія вершы таксама! Толькі дзе іх возьмеш? Надалей мяркуем звяртацца да інтэрнэт-рэсурсаў. А на гэты раз я звярнулася да Святланы Панфілёнак, настаўніцы рускай мовы й літаратуры нашага ліцэя. І яна, дарэчы, адна з арганізатараў конкурсу. Святлана з ахвотай пагадзілася на першых уроках правесці такі, назавем яго, эксперымент. І вось ужо на свяце ў гонар Дня беларускага пісьменства ў Нарве быў прадстаўлены мастацкі пераклад верша Васіля Віткі «Беларусь». Пераклад зрабілі адзінаццацікласнікі Яўгенія Разганяева ды Кірыл Няфёдаў».

Вершы на беларускай мове ў часе імпрэзы чыталі Аляксандра Меліс ды Марыя Ярошкіна, таксама вучні Нарвскага моўнага ліцэя. Суполка «Сябры» зладзіла й конкурс малюнкаў на тэму «Дзень беларускага пісьменства», прычым малюнкі пераможцаў былі прадстаўлены ў зале, каб усе іх пабачылі.

З віншаваннямі на імпрэзу прыехалі прадстаўнікі Беларускай грамады БЭЗ з горада Йыхві, прыйшлі нарвіцяне з польскага клуба «Паланэз», таварыства «Надежда», яўрэйскай абшчыны Нарвы, таварыства «Русич», узбекскага таварыства «Согдиана», таварыства славянскіх культур «Святогор», таварыства «Нарвамаа». Выступленні ўсіх творчых гуртоў цёпла былі сустрэтыя ў зале. Пакарылі гледачоў юныя танцоры з ансамбля народнага танца «Нарва»: яны так хвацка выканалі беларускія танцы «Весялуху» й «Лявоніху». Кіруе юнымі талентамі Наталля Бараўкова.

Свята адбылося! Прычым атрымалася каларытным, шматнацыянальным і, як пазней казаў Аляксандр Татаркін, дзве гадзіны праляцелі на адным дыханні. Высокая ацэнка прадстаўніка Бацькаўшчыны натхняе «Сяброў» і далей працаваць на карысць пашырэння беларускай культуры.

Віктар Байкачоў, г. Нарва, Эстонія

Ад рэдакцыі. З публікацыі Віктара Байкачова ў Фэйсбуку мы даведаліся, што гучала на свяце песня «Гаворка беларуская» Міхаіла Скрундзя, самадзейнага кампазітара з Баранавічаў: спяваў гурт з таварыства БЭЗ. Пра Еўфрасінню Полацкую спявала кіраўніца БЭЗа Зінаіда Клыга. І нашу знакамітую «Купалінку» выконваў ансамбль Таварыства славянских культур «Святогор». Былі таксама іншыя песні, танцы, гучалі вершы па-беларуску.Так што ў Дзень беларускага пісьменства ў Нарве зладзіўся сапраўдны дыялог культур! І, мяркуем, з кожным годам будзе ён пашырацца.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».