Вы тут

Дзіцячая літаратура: праз прызму сучаснасці


У апошнія гады ў Беларусі выходзіць вялікая колькасць кніг для дзяцей — айчынных і перакладных. Кнігі вядучых беларускіх выдавецтваў цікавыя па змесце, файна аформленыя, аўтары і выдаўцы не шкадуюць сіл і часу, каб прадставіць іх публіцы.

Якая кніжная прадукцыя найбольш запатрабаваная маленькімі чытачамі? Чаго не хапае творам айчынных аўтараў? Пра літаратуру для юнага пакалення беларусаў у жнівенькім нумары часопіса “Алеся” разважаюць заснавальніца і дырэктарка выдавецтва «KOSKA», перакладчыца са шведскай мовы Надзея КАНДРУСЕВІЧ-ШЫДЛОЎСКАЯ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вілейскай гімназіі № 1 «ЛОГАС» Алена БАЛУШ і актыўная спажывальніца кніжнай прадукцыі, актыўная наведвальніца кніжных імпрэзаў, журналістка-фрылансерка, удзельніца “Перакладчыцкай майстэрні”, маці траіх дзяцей Людміла СІМАНОВІЧ.

1. Якія кнігі найбольш ахвотна чытаюць беларускія дзеці? Што вызначае іх цікавасць да твора: тэма, жанр (казка, фэнтэзі, прыгоды, коміксы), разрэкламаванасць кнігі, мастацкае афармленне, прыналежнасць да перакладной літаратуры або да творчасці айчыннага аўтара?

Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская:

— Я сказала б, што ўсё залежыць ад узросту дзіцяці. Зусім маленькім падабаюцца кнігі, дзе няшмат тэксту і ёсць ілюстрацыі, дзецям ад 3 да 5 год — гісторыі з выразным сюжэтам, вершы. Дзеці ад 6 год ужо цікавяцца рознымі жанрамі: прыгоды, фэнтэзі, коміксы і г. д.

Але найперш гэта мусіць быць твор, здольны прыцягнуць увагу і зацікавіць. Дзяцей нельга прымусіць чытаць тое, што ім не падабаецца. На жаль, выбар кніг для дзетак на беларускай мове зусім небагаты, таму часта яны вымушаныя чытаць па-руску. Асабліва бракуе кніг для падлеткаў і дзяцей старэйшага ўзросту. Выдавецтва «KOSKA» выпускае зараз кнігі ў перакладзе са шведскай мовы. Калі казаць пра запатрабаванасць таго, што я перакладала за апошнія дзесяць год, найбольш папулярнымі сярод беларускіх дзетак былі серыі кніг пра Маму Му і Крумкача Юі Вісландэр і пра Пэтсана і Фіндуса Свэна Нурдквіста.

Алена Балуш:

— З маёй настаўніцкай практыкі і досведу маці магу зрабіць выснову, што дзеці ахвотней чытаюць кнігі жанраў фэнтэзі, прыгоды. Цікавяць іх і кнігі, якія былі экранізаваныя. Што датычыцца беларускай дзіцячай літаратуры, фаварытамі, паводле майго асабістага досведу, з’яўляюцца творы Надзеі Ясмінскай (чытачоў прыцягваюць змест, выдатнае мастацкае афармленне), Ганны Янкуты (цудоўныя кнігі пра ката Шпрота блізкія і зразумелыя маленькім беларусам). Старэйшую ўзроставую групу прыцягваюць кнігі Людмілы Рублеўскай з серыі аб Пранцішы Вырвічы — вельмі чакаем экранізацыі гэтых твораў на беларускай мове, а таксама творы Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастарнак.

Людміла Сімановіч:

— Часцей за ўсё дзеці чытаюць кніжкі, якія выбіраюць для іх бацькі, то-бок існуе, так бы мовіць, «сямейная цэнзура». Вядома, я маю на ўвазе самых маленькіх, бо школьнікі могуць наведваць бібліятэкі, абменьвацца кнігамі наўпрост з сябрамі і г. д. Пазначаныя крытэрыі, хутчэй, маюць значэнне для дарослых. Уласна дзіцячую цікавасць да твора вызначае амаль на сто адсоткаў якраз мастацкае афармленне. І беларускія выдавецтвы («Кнігазбор», «Галіяфы», «Янушкевіч», «KOSKA», «Мастацкая літаратура») у гэтым сэнсе радуюць. У Беларусі з’явіліся дзіцячыя кнігі, якія выклікаюць захапленне ў дзяцей і дарослых і зместам, і густоўным афармленнем. Выдатную серыю Ганны Янкуты пра ката Шпрота, напісаную добрай мовай і пра добра знаёмыя жыхарам Мінска мясціны, цяжка ўявіць асобна ад ілюстрацый мастачкі Ліліі Давыдоўскай. Гэта сумесны праект, дзе мастак — не проста афарміцель, а паўнавартасны сааўтар. Арыгінальныя ілюстрацыі Кацярыны Дубовік — ужо падстава набыць у сямейную бібліятэку кнігі «Сем ружаў» і «Чаму Меша не мае хаты» Надзеі Ясмінскай ці цудоўны пераклад казкі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса», зроблены паэткай і перакладчыцай Верай Бурлак.

2. Свет цяпер імкліва мяняецца. Не рэдкасць, калі дзіця не цікавіцца сюжэтамі і героямі, якія захаплялі яго/яе бацькоў і, наадварот, адгукаецца на нейкія новыя тэмы, падыходы. Напрыклад, раней у дзіцячых кнігах не прынята было казаць пра цяжкі досвед — хваробу, смерць, інваліднасць. Як вы лічыце, ці павінны быць у дзіцячых кнігах табуяваныя тэмы?

Людміла Сімановіч:

Сапраўды, сучасныя дзеці маюць зусім іншыя густы. У чуллівых бацькоў гэта выклікае абурэнне! Я так любіла «Пятнаццацігадовага капітана» Жуля Верна, а вось дачка паставілася да кнігі даволі абыякава. Затое ўсе мае дзеці захапляліся Карлсанам, што дазволіла мне перажыць сапраўднае мацярынскае шчасце — чытаць дзецям на ноч свае любімыя творы. Я б не сказала, што раней у дзіцячых кнігах не прынята было казаць пра цяжкі досвед. Некалькі пакаленняў вырасла на кнізе Траепольскага «Белы Бім Чорнае Вуха». Аповесць «Чучала» расійскага пісьменніка Уладзіміра Жалезнікава і дагэтуль не страціла актуальнасці, хіба што апісаная там з’ява раней не называлася страшным словам «булінг». Зачытаны ў дзяцінстве мной і сястрой да дзірак «Міколка-паравоз» Міхася Лынькова — таксама не лёгенькае чытво. Літаратура ва ўсе часы гаворыць пра тое, як мы жывём, пра што марым. Ствараць з дапамогай літаратуры для дзіцяці штучны свет ружовых аднарогаў — не найлепшая ідэя, на мой погляд. Задача бацькоў — якраз дапамагчы дзецям адаптавацца да рэальнага свету з яго недасканаласцю і стратамі. Як няма табуяваных тэм для чалавечага розуму, іх не можа быць і для літаратуры — і дарослай, і дзіцячай. У дачыненні да апошняй можна казаць хіба што пра пачуццё меры, добры густ, спосаб падачы складанай тэмы. У часы майго дзяцінства комікс як асобны жанр увогуле не існаваў. А цяпер выяўляецца, што ў гэтым жанры можна пераказаць для дзяцей нават такі складаны тэкст пра Другую сусветную вайну, як «Дзённік Ганны Франк», — нядаўна ён у графічнай версіі выйшаў у Расіі.

Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская:

— Лічу, што з дзеткамі трэба размаўляць і чытаць ім на розныя складаныя тэмы, калі ёсць запыт і няма прымусу. Бо часам у жыцці дзіцяці ўжо ёсць пэўныя перажыванні, і дубляваць іх праз чытанне не мае сэнсу ці можа быць вельмі траўматычным. А часам дзеці самі паказваюць зацікаўленасць у такіх кнігах, і тады, на маю думку, гэта найлепшы спосаб, каб паразмаўляць і абмеркаваць розныя складаныя і нязручныя тэмы. Такія кнігі адназначна мусяць выходзіць і прадавацца ў кнігарнях.

Алена Балуш:

— На маю думку, такія тэмы абавязкова павінны быць у дзіцячай літаратуры. Аднак мне здаецца, што ў нашай праграме па беларускай літаратуры, наадварот, не хапае твораў радасных і светлых. У пятым класе мы чытаем «Васількі» Міхася Лынькова, «Страту» Генрыха Далідовіча, далей — «Алені» Івана Пташнікава… У вучняў замацоўваецца ўяўленне пра беларускую літаратуру як літаратуру пра вайну і вёску. Хацелася б сучаснасці ды жыццёвай пазнавальнасці сітуацый.

3. Прыемна, што ў беларускай літаратуры апошнім часам выходзяць кнігі, якія ненавязліва, без маралізатарства паказваюць, як добра жыць у свеце роўнасці, сяброўскага асяроддзя для ўсіх. Чаго не хапае, на вашу думку, беларускай дзіцячай літаратуры?

 

Алена Балуш:

— Ведаеце, у беларускай дзіцячай літаратуры на сучасным этапе ёсць усё. Цікавыя і важныя тэмы, якія ўзнімаюцца, магчымасць чытаць замежных аўтараў у перакладзе, цудоўнае мастацкае афармленне. Для мяне як настаўніцы існуе толькі адно «але». Усё гэта існуе па-за школьнай праграмай! Хочацца чытаць у пятым класе пра сяброўства сучасных школьнікаў, у шостым — зноў жа, пра блізкае і знаёмае дзецям. «Насцечка» Кузьмы Чорнага — найяскравейшы твор, але яму ўжо амаль сто год! Неабходна наблізіць школьную праграму да сучаснага жыцця.

Людміла Сімановіч:

— Я б звярнула ўвагу на шматлікія пераклады дзіцячай сусветнай літаратуры на беларускую. З аднаго боку, бацькі і настаўнікі занепакоеныя тым, што лічбавыя тэхналогіі перашкаджаюць дзецям засяроджвацца на чытанні, а з другога — у Беларусі існуе выдавецтва «KOSKA», у якім выходзяць пераклады шведскай дзіцячай літаратуры. Часам нават здаецца, што пераклады кніжак пра Пэтсана і Фіндуса і Маму Му, якія зрабіла перакладчыца Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская, спрыяюць беларусізацыі больш, чым творы беларускіх пісьменнікаў. Яскравыя героі, зразумелыя пачуцці і сітуацыі, добры гумар, ніякага маралізатарства — шведы ведаюць рэцэпт добрай дзіцячай літаратуры! І неверагодныя ілюстрацыі Свена Нурдквіста, якія можна разглядаць бясконца, кожны раз адшукваючы новыя дэталі.

Кніга Сары Лундберг «Птушка ўва мне ляціць куды захоча», якая ўбачыла свет у тым жа выдавецтве, — больш складаная. Яна пра дзіцячыя мары і пра тое, што мы можам зрабіць з імі. Добрыя кнігі заўсёды шчырыя, дзеці да гэтага вельмі чуйныя, іх не падманеш. Таму яны весела смяюцца з героямі кнігі фінскага пісьменніка Ціма Парвелы «Эла і сябры» (пераклад Алены Казловай), перажываюць дзівосныя прыгоды разам з героямі кнігі польскага пісьменніка Андрэя Малешкі «Чырвонае крэсла» (пераклад Марыны Шода). Беларускай дзіцячай літаратуры, асабліва літаратуры для падлеткаў, не хапае шчырасці і прыгод. Такіх, як у аповесцях Андрэя Федарэнкі і Валерыя Гапеева.

Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская:

— Беларускай дзіцячай літаратуры патрэбны час :) Я б сказала, што яна ў працэсе фармавання. Ёсць пісьменнікі, паэты, ілюстратары, якія цяпер ствараюць корпус тэкстаў, што фармуе беларускую дзіцячую літаратуру. Ёй адназначна не хапае падтрымкі, каб пісьменнікі, ілюстратары пачуваліся вольнымі і абароненымі, мелі жаданне працаваць, пісаць, ствараць новыя кнігі, сустракацца з чытачамі. Як толькі пісьменнікі і ілюстратары будуць мець годныя ўмовы для працы, мы адразу ж пабачым многа новых цікавых, арыгінальных дзіцячых кніг. Я ў гэтым ўпэўненая!

 

Гутарыла Алена Брава

Фота: facebook.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?