Вы тут

Адкрылася выстава мастацкага тэкстылю «Надзея, вера і любоў»


17 верасня ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва адбылося адкрыццё выставы мастацкага тэкстылю «Надзея, вера і любоў» Маргарыты Шчамялёвай і Хрысціны Высоцкай.


Тэма выставы — гэта тэма творчага шляху, пераасэнсавання жыцця. Бо стварэнне габелена можа асацыявацца з жыццём, а ніткі тканіны — з пачаткам шляху. Мастак займаецца доўгай і карпатлівай працай, калі прасоўвае адну нітку за адной, ствараючы малюнак палатна. Так і ў жыцці — крок за крокам пражываеш жыццё, ствараеш новую рэальнасць, дзе нельга вярнуцца ў пачатак шляху. Учынкі, думкі, рашэнні — гэта тое, з чаго складаецца палатно жыцця. І абедзве мастачкі выдатна перадалі сваю думку. Як выказвалася Маргарыта Шчамялёва: «Надзея дае нам сілу, вера — шлях, а любоў — жыццё». Без гэтых трох складнікаў немагчыма жыць, як немагчыма тварыць сапраўднае мастацтва.

Галоўным тэкстыльным напрамкам у творчасці Маргарыты Шчамялёвай з’яўляецца габелен. Яе незвычайным працам уласцівыя мяккія лініі, яркія фарбы, выразная графіка. У яе творах угадваюцца думкі аб вечным і паўсядзённым, а таксама асабістыя перажыванні і разважанні мастачкі. Напрыклад, вельмі цікавымі падаюцца габелены «Пані трошкі ў гадах» (2019 г.), «Пра любоў» (2020 г.) і інш.

Больш за 40 гадоў Маргарыта Шчамялёва вучыць сваіх студэнтаў не баяцца насычаных колераў, надаваць увагу дэталям, фактурам у матэрыяле і «будаваць» творы з глыбокім сэнсам. Гэтыя запаведзі і пераняла яе вучаніца і калега па цэху Хрысціна Высоцкая. Мастачка стварае працы ў кірунку аб’ёмна-прасторавага тэкстылю. Гэта абстрактныя тэкстыльныя скульптуры, у якіх майстрыха сваёй справы камбінуе розныя тэхнікі ручнога ткацтва з асаблівымі аўтарскімі прыёмамі. У сваіх арт-аб’ектах надае ўвагу не толькі колеру, фактуры, але і форме і ўзаемадзеянню з прасторай. Таксама яна ўжывае нетэкстыльныя матэрыялы, сярод іх: дрэва, пластык, лёска, касетная плёнка і метал.

Хрысціна Высоцкая выкарыстоўвае сувязь паміж унутранай і знешняй прасторай, каб працы з тэкстылю ў гледачоў асацыяваліся з душой чалавека, яго адносінамі са светам. Самай значнай з’яўляецца скульптура «Душы лесу» (2020 г.). Вельмі ўнікальнымі можна назваць «Стварэнне Евы» (2019 г.), «Эдэм» (2019 г.) і інш.

Дзве выдатныя мастачкі, Маргарыта Шчамялёва і Хрысціна Высоцкая, прадстаўляюць гледачу, будзь той мастацтвазнаўцам або простым назіральнікам прыгожага, розныя пакаленні ў гісторыі беларускага тэкстылю. Яны перакананы ў тым, што мастацтва нясе ў сабе зарад станоўчай энергіі, бо кожная ніць праходзіць праз рукі, думкі і сэрца стваральніка.

 

Пабачыць працы з мастацкага тэкстылю Маргарыты Шчамялёвай і Хрысціны Высоцкай можна ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва да 1 лістапада.

Кацярына САРОКА

Загаловак у газеце: Фарбы душы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».