Вы тут

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня


Артэфакт, пра аднаўленне якога шэсцьдзясят гадоў марыў знакаміты археолаг, аздоблены выказваннямі Кірылы Тураўскага.


«...Цвярдыні на гары на той стаялі. // Палацы і саборы тут былі, // Каля яе шумелі, // гаманілі хвалі...» — пісаў паэт Уладзімір Дубоўка пра старажытны Тураў. Горад, у якім па колькасці культурных каштоўнасцяў супернічае, мабыць, толькі Полацк... Прынамсі, менавіта так сцвярджаў вядомы археолаг Пётр Фёдаравіч Лысенка, з якім давялося гутарыць шэсць гадоў таму пра тураўскія славутасці. Пра незвычайныя саркафагі з чорнага каменю; першую знойдзеную на Беларусі кірылічную азбуку, выразаную на самшытавым грабеньчыку; каменныя крыжы, што паволі растуць з зямлі... Гаварылі пра Кірылу Тураўскага, які выхоўваўся ў асяродку грэчаскіх інтэлектуалаў, што ў той час жылі ў Тураве, пры двары княгіні Варвары, сястры візантыйскіх імператараў. І пра тое, колькі страчана беларускіх гісторыка-культурных каштоўнасцяў...

Падчас размовы слынны гісторык дастаў з шафы незвычайны металічны крыж — рэканструкцыю, якую калісьці зрабіў сам разам з сынам Фёдарам, тады яшчэ школьнікам. На крыжы я пабачыла чатыры відавочна старажытныя абразкі... Іх Пётр Фёдаравіч знайшоў у 1962 годзе падчас раскопак Тураўскага гарадзішча на слаі XІІ—XІІІ стст. і вызначыў як часткі напрастольнага крыжа Тураўскага епіскапальнага храма. Гісторык марыў, каб калі-небудзь гэты крыж быў узноўлены, падобна да крыжа Ефрасінні Полацкай.

Што ж, часам беларускія артэфакты вяртаюцца на Радзіму. Раптам у Лондане знаходзіцца асобнік першага беларускага буквара, у вёсцы Вішнева на Смаргоншчыне — карціна славутага Яна Дамеля, выявіцца ў якімсьці архіве новы рукапіс Максіма Багдановіча, Уладзіміра Дубоўкі... Нават калі каштоўнасць знішчана — неабыякавыя людзі адновяць яе.

Здзейснілася і мара Пятра Фёдаравіча... Шкада, ён не дажыў да гэтага ўсяго некалькі месяцаў. Але быў на пасяджэннях, дзе абмяркоўваўся праект, і не выказваўся супраць эскіза крыжа — так сцвярджае старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўным мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі Беларускай праваслаўнай царквы Марыя Нецвятаева, якая была прызначана куратарам работ па аднаўленні Тураўскага крыжа і з'яўляецца аўтарам яго канцэпцыі. На аб'яўлены ў 2018 годзе конкурс эскізаў было прадстаўлена дзевяць прац.

— Мы хацелі зрабіць конкурс максімальна незалежным, праекты падаваліся пад нумарамі, — тлумачыць Марыя Валянцінаўна. — У журы пад старшынствам мітрапаліта Паўла ўваходзілі прадстаўнікі Акадэміі мастацтваў і Акадэміі навук. Былі адзначаныя тры праекты. Першае места заняў эскіз Алены Андрушчанкі, другое і трэцяе месцы — праекты аўтарскага калектыву пад кіраўніцтвам Ігара Гардзіёнка і скульптара Андрэя Хацяноўскага. Працы па ўзнаўленні крыжа пачаліся па ініцыятыве Сяргея Мікалаевіча Румаса, які на той момант узначальваў ААТ «Банк Развіцця Рэспублікі Беларусь». Банкам і былі прафінансаваны ўсе працы па ўзнаўленню. Было прынята рашэнне зрабіць два крыжы: каб адзін быў у царкве, другі — у Акадэміі навук.

— Які з іх упрыгожваюць абразкі, знойдзеныя Пятром Фёдаравічам?

— Перанесці абразкі на крыж не ўдалося, бо ўсе рэчы навукоўца паводле ягонага жадання перададзеныя ў Нацыянальны гістарычны музей. Але іх аднавілі па сярэдневяковай тэхналогіі.

— Чула спрэчкі: ці сапраўды знойдзеныя абразкі былі часткай напрастольнага крыжа?

— Гэта гіпотэза, але яна мае абгрунтаванне. Ва ўсім свеце норма — рэканструяваць артэфакты па фрагментах, ведаючы характэрныя рысы культуры эпохі і рэгіёна. Пётр Фёдаравіч таксама абапіраўся на свае веды. Абразкі, знойдзеныя ім, не былі падпісаныя. Гэта значыла, што яны — частка нечага, подпісы засталіся на той рэчы, да якой яны былі прымацаваныя. Пра што сведчыў і зваротны іх бок — пляскаты. Памеры казалі, што гэта быў крыж — толькі для яго ў той час маглі рабіцца абразкі такога памеру. А памер усяго крыжа заклаў Пётр Фёдаравіч: 52 сантыметры. Вядома, нідзе не напісана, што напрастольны крыж павінен быць менавіта такой даўжыні, але мы зноў жа абапіраліся на традыцыю, якая была ў канцы XІІ — пачатку XІІІ стагоддзя.

— Пётр Фёдаравіч казаў пра візантыйскі ўплыў, які існаваў тады ў Тураве дзякуючы княгіні Варвары. У Тураўскім крыжы ён таксама прасочваецца?

— Мы не хацелі, каб крыж быў зроблены «пад Візантыю» ці пад нейкую готыку. Мы ставілі ўмову, каб гэта была менавіта беларуская нацыянальная святыня. Так, я заўважала ў тых жа казаннях Кірылы Тураўскага калькі з візантыйскай культуры, але ў іх шмат свайго, самабытнага. Старажытны Тураў быў вельмі важны і для Захаду. Сказаць, што горад быў чыста пад візантыйскім уплывам, нельга. І калі мітрапаліт Веньямін прымаў узноўленыя крыжы, многія выказваліся, што гэта самабытны беларускі артэфакт.

— Вядома, напрошваецца аналогія з крыжом Ефрасінні Полацкай...

— Так, крыж Ефрасінні сапраўды паўплываў на канцэпцыю Тураўскага крыжа. Полацкі крыж — гэта думкі пра сям'ю, там ёсць выявы святых апекуноў бацькоў Ефрасінні. Канцэпцыя Тураўскага крыжа нараджалася ў мяне доўга і пакутліва. Толькі калі мы з маім мужам, святаром, паехалі ў Пінск на злёт моладзі і я наведала свой улюбёны Музей Беларускага Палесся, а потым паблукала па Пінску і Тураве, усё склалася. Вонкавы бок крыжа — гэта светабудова. Моманты Распяцця. Наверсе — смарагд. У цэнтры няма выявы Госпада, але ззяе рубін, як у старажытнасці казалі, лал. Гэта і ёсць адсылка да Цела і Крыві Гасподніх. Мы абапіраліся на багаслоўскі кантэкст — XІІ стагоддзе напоўненае спрэчкамі пра Ахвяру Гасподнюю і цялеснасць Хрыста. Збоку — выявы Божае Маці і Іаана Багаслова.

Ніжэй — Кірылы Тураўскага. А вось з наступным абразком звязаныя самыя вялікія спрэчкі. Таму што Пётр Фёдаравіч атрыбуціраваў яго як выяву прападобнай. Але такое адзенне на той час не магло быць адзеннем схімніцы. Пошукі, параўнанні засведчылі, што гэта вопратка князя. Я прыйшла да высновы, што на абразку — Андрэй Багалюбскі, які быў і князем тураўскім, і князем кіеўскім, яго забойства стала сенсацыяй таго часу. Яшчэ адна выява — мучаніца Варвара, апякунка тураўскай княгіні Варвары. Такім чынам выбудоўваецца іерархія: свяціцель — князь — міранін. На зваротным баку — свая гісторыя. Заказчыкам крыжа мог быць князь тураўскі Глеб, які ў хрышчэнні стаў Міхаілам, таму — выява архангела Міхаіла. І мы не маглі забыць пра дзвюх персон, без якіх крыж не быў бы адноўлены: Пятра Лысенку і мітрапаліта Паўла, і змясцілі выяву святых Пятра і Паўла. А з бакоў крыжа вельмі важная дэталь, якая ўсё звязвае: выказванне Кірылы Тураўскага пра крыж.

— Што ж, два залатыя тураўскія крыжы зробленыя. А калі і дзе можна будзе іх пабачыць?

— 26 верасня, на свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы, Тураўскі крыж будзе ўпершыню прадстаўлены людзям. Пасля свята крыж будзе экспанавацца ў Царкоўна-гістарычным музее Беларускай Праваслаўнай Царквы. У Тураў яго прынясуць у дзень памяці святога Кірылы Тураўскага, 11 мая 2021 года.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Таццяны Амелінай

Загаловак у газеце: Вяртанне тураўскага крыжа

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.