Вы тут

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы


На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт. Працэнт пенсіянераў, якія лічаць за лепшае атрымліваць грошы на картку, а не гатоўкай у паштовым аддзяленні, з кожным годам расце. Усё больш пенсій пераходзіць на карткі. Паступова зніжаецца і аб'ём падпіскі на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі — як кажа генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч, гэты паказчык складае прыкладна 6–7 % штогод. Наша гутарка аб сённяшнім і будучым паштовага аператара, якому спаўняецца чвэрць стагоддзя, — з кіраўніком прадпрыемства.


— Калі параўноўваць з тым фарматам, у якім працавала «Белпошта» 25 гадоў таму, то змянілася амаль усё, — адзначае Святлана Юркевіч. — Апошнім часам мы пачалі імкліва развіваць праекты, якія грунтуюцца на высокіх тэхналогіях. Дзе магчыма — ідзе лічбавізацыя і аўтаматызацыя. Напрыклад, зараз «Белпошта» завяршае стварэнне Нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы. Гэта значыць, што заказныя лісты будуць перадавацца не на папяровым носьбіце, а электронным шляхам. Заказныя лісты і карэспандэнцыя ад ведамстваў таксама будуць «прылятаць» у электронным фармаце ў асабісты кабінет карыстальніка. Адрасату гэта дасць перавагу — не трэба будзе распісвацца ў бланку за атрыманне такога паслання.

— Пры гэтым пошта шукае шляхі, як жа зарабіць, — працягвае суразмоўца. — І ў гэтым моцна дапамагае велізарная колькасць міжнародных паштовых адпраўленняў. Пасылак з азіяцкіх краін год ад году становіцца ўсё болей. Са свайго боку, мы зацікаўлены ў тым, каб не было ніякіх затрымак у дастаўцы замоўленых рэчаў. Не будзем хаваць — пасылкі зараз апрацоўваюцца ўручную, а вось для лістоў было закуплена спецыяльнае сартавальнае абсталяванне. Аналагічная лінія неўзабаве з'явіцца і для пасылак, каб не адставаць ад іншых краін. Напрыклад, у той жа Расіі працуюць тры сартавальныя цэнтры.

Таксама ў планах «Белпошты» — развіццё інтэрнэт-гандлю. Мяркуецца, што на базе арганізацыі будзе створана спецыяльная платформа, дзе пастаўшчыкі і вытворцы прадукцыі будуць размяшчаць свой тавар і прадаваць яго. Такі маркетплэйс можа з'явіцца ўжо ў наступным годзе.

— Сусветны паштовы саюз штогод ацэньвае якасць працы паштовых сістэм у тых краінах, якія ўваходзяць у яго склад. Па выніках 2019-га мы падняліся з 37-га месца на 21-е. Сярод крытэрыяў ацэнкі — хуткасць праходжання паштовых адпраўленняў, якасць аказання паслуг і іх даступнасць. Гэта значыць, па міжнародных стандартах мы падняліся да ўзроўню развітых краін свету.

— Зараз сетка «Белпошты» налічвае па ўсёй краіне крыху больш за тры тысячы аддзяленняў, у якіх працуе звыш 20 тысяч супрацоўнікаў. Як жа будзе трансфармавацца структура ў далейшым?

— Казаць пра тое, што мы скіраваныя на масавае адкрыццё новых аддзяленняў, не зусім правільна. Канешне, там, дзе яны неабходныя, яны будуць з'яўляцца. Але перад гэтым будзе вывучацца попыт на паслугу, бо трэба ж утрымліваць інфраструктуру, рэгулярна аплачваць камунальныя паслугі і арэнду памяшкання. Таму мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы — спецыяльныя аўтаматызаваныя прылады для працы з паштовымі адпраўленнямі. І яны будуць запатрабаваны. Напрыклад, у тым жа Мінску ёсць новыя мікрараёны пераважна з маладым насельніцтвам, якое выдатна сябруе з гаджэтамі. І асноўная паслуга ў гэтых мясцінах — прыём і выдача пасылак. У наступным годзе мы плануем закупіць дваццаць паштаматаў, далей іх таксама будзе станавіцца болей.

— Але і сістэма падрыхтоўкі кадраў таксама змяняецца.

— Больш за тысячу нашых аддзяленняў аказваюць яшчэ і банкаўскія паслугі. З банкамі на гэты конт заключаецца адмысловая дамова. Асабліва гэта важна для сельскай мясцовасці, адкуль банкі пакрысе сыходзяць. Таму супрацоўнікі, якія шчыруюць у аддзяленнях паштовай сувязі, дасягнулі ўзроўню не проста аператара, а спецыяліста. Мы, у сваю чаргу, арыентуемся на тое, каб даць спецыяльную адукацыю тым супрацоўнікам, хто яе па розных прычынах не мае.

— Як на работу пошты паўплывала сітуацыя з каранавірусам?

— Самы складаны час быў увесну, калі краіны пачалі актыўна закрываць межы. Для таго каб дастаўляць адпраўленні, даводзілася шукаць іншыя варыянты. І дзесьці з-за гэтага пасылкі, на жаль, ішлі да адрасата даўжэй. Але з нашага боку мы рабілі ўсё, каб затрымкі былі мінімальныя. Калі ж казаць пра арганізацыйны складнік, то не сакрэт, што і нашы супрацоўнікі хварэлі або сыходзілі на самаізаляцыю. Але за ўвесь гэты час не было закрыта ніводнае аддзяленне. Дзесьці даводзілася пераразмяркоўваць працуючых, але паслугі не пераставалі аказваць ні на хвіліну.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: У пошты — лічбавая будучыня

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.