Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


1. Баскетбольны клуб «Гарызонт» — уладальнiк жаночага Кубка Беларусi. Сярэбраныя медалi заваявалi дэбютанткi турнiру «Цмокi-БДУ». Перамога «Гарызонта» была грандыёзнай, матч за першае месца скончыўся з вынiкам 87:43. Але трэнер «Цмокi-БДУ» Вольга Падабед засталася iмi задаволена: «Ганаруся сваiмi падапечнымi. Яны паказалi добры баскетбол супраць такога моцнага сапернiка, як «Гарызонт». Лiчу, што выступiлi на Кубку больш чым дастойна. Зараз пастараемся працягваць у тым жа духу ў чэмпiянаце краiны».

Бронзавым прызёрам Кубка стала каманда «Алiмпiя», якая з вынiкам 76:72 абыграла «Цмокаў». Упершыню «Цмокi» засталiся без узнагарод Кубка Беларусi. Не дапамагла нават высокая вынiковасць Брытнi Джонс, якая набрала 31 бал. Сярод гульцоў «Алiмпii» лепшай стала Яна Галякова, якая набрала 22 балы i правяла дзевяць падбораў i дзве перадачы.

2. Хакейны клуб «Мiнск» выйграў Суперкубак Беларусi па хакеi на траве сярод мужчынскiх камандаў. З вынiкам 2:1 мiнчане абыгралi сваiх прынцыповых апанентаў — брэсцкi клуб «Будаўнiк».

Сярод жаночых каманд гэты трафей заваявалi спартсменкi з Гродзенскага «Рытму», якiя аказалiся мацнейшыя за «Мiнск». Вынiк сустрэчы — 2:2 па булітах. Суперкубкам Беларусi пачаўся новы сезон у хакеi на траве. Зараз беларускiя каманды выступаюць у першым туры чэмпiянату Беларусi.

3. У «Стайках» прайшоў чэмпiянат Беларусi па цяжкай атлетыцы. Сярэбраны прызёр чэмпiянату Еўропы 2019 Пётр Асаёнак стаў пераможцам у вагавай катэгорыi 96 кг. У суме двухбор'я знакамiты спартсмен пакарыў вагу ў 390 кг. Чэмпiён Еўропы – 2015 Аляксандр Венскель пакарыў у суме двухбор'я 375 кiлаграмаў i стаў лепшым у катэгорыi 109 кiлаграмаў. Эдуард Зязюлiн стаў трохкратным чэмпiёнам Беларусi ў катэгорыi звыш 109 кiлаграмаў, у двухбор'i ён пакарыў 410 кiлаграмаў.

Сярэбраная медалiстка Алiмпiйскiх гульняў – 2016 Дар'я Навумава стала чэмпiёнкай Беларусi ў катэгорыi 76 кiлаграмаў. Тытулаванай спартсменцы пакарылася вага 228 кiлаграмаў. У катэгорыях 59 кг i 64 кг першае месца заваявалi Дар'я Пачобут i Алiна Шчапанцава адпаведна. У катэгорыi 71 кг найлепшай стала Рына Лiтошык. Сярод спартсменак, чый вес 87 кiлаграмаў, перамагла Iна Захарчук.

З-за таго, што ўсе мiжнародныя турнiры былi адменены праз пандэмiю каранавiруса, чэмпiянат Беларусi стаў для беларускiх спартсменаў ключавым у сезоне.

4. Вiкторыя Азаранка не змагла прабiцца ў паўфiнал турнiру Internazionali BNL d'Italia, якi праходзiў у Рыме. 14-я ракетка свету ўступiла iспанскай тэнiсiстцы Гарбiнье Мугурусе (17-е месца рэйтынга) з вынiкам 6:3, 3:6, 6:4. Дагэтуль беларуская спартсменка перамагла амерыканку Вiнус Уiльямс (7:6, 6:2) i пятую ракетку планеты Софiю Кенiн — 6:0, 6:0. Усе аматары тэнiса надоўга запомняць матч Вiкторыi з расiйскай спартсменкай Дар'яй Касаткiнай. Напачатку матча Вiкторыя вяла 3:1, але затым сапернiца выйшла наперад 4:3. На тай-брэйку Дар'я няўдала ўпала i траўмiравала нагу. Вiкторыя Азаранка была першай, хто дапамог расiйскай спартсменцы: прынесла лёд, абцерла ручнiком, давяла да лаўкi i на развiтанне клапатлiва пацалавала ў лоб.

Беларускiя тэнiсiсткi адзначылiся i на iншым мiжнародным турнiры — Magic Tours (W15 Monastir), якi праходзiў у Тунiсе. Беларуская тэнiсiстка Шалiмар Тальбi перамагла ў адзiночным разрадзе. У фiнальным матчы яна абыграла беларуску Ганну Кубараву з вынiкам 2:6, 7:5, 6:4. Яшчэ адна беларуска Юлiя Гатоўка дайшла да паўфiнальнай стадыi турнiру, дзе прайграла суайчыннiцы Ганне Кубаравай з вынiкам 3:6, 5:7. Дуэт Ганны i Юлii стаў лепшым у парным разрадзе. Беларускiя тэнiсiсткi перамаглi сясцёр Лiан i Дэмi Тран з Нiдэрландаў — 7:6, 0:6, 10:2.

5. Беларуская зборная па футболе засталася на 87-м месцы ў абноўленым рэйтынгу Мiжнароднай федэрацыi футбола (ФIФА). За апошнiя два месяцы беларускiя футбалiсты правялi два стартавыя матчы ў групавым этапе новага сезона Лiгi нацый УЕФА. Спачатку яны прайгралi камандзе Албанii, якая займае 66-е месца ў рэйтынгу ФIФА, з вынiкам 0:2. Але затым перамаглi зборную Казахстана (118-я пазiцыя ў рэйтынгу) з вынiкам 2:1. Зараз у актыве беларускай каманды 1282 балы.

Наступны матч беларусы правядуць у Тбiлiсi супраць зборнай Грузii (89-е месца рэйтынга ФIФА). Гэта будзе паўфiнал стадыi плэй-оф за выхад у фiнал чэмпiянату Еўропы. На групавым этапе Лiгi нацый беларускiя футбалiсты сустрэнуцца з камандай Лiтвы 11 кастрычнiка. Матч пройдзе ў Вiльнюсе. А 14 кастрычнiка ў Мiнску адбудзецца матч з казахстанскай камандай.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: Чэмпiёнскiя амбiцыi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».