23 кастрычніка, пятніца

Вы тут

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»


Ад рэдакцыi. У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга доктара педагагiчных навук, прафесара матэматыкi, заслужанага дзеяча навукi Рэспублiкi Беларусь Аляксандра РАДЗЬКОВА «Мой фiзмат». Вучоны доўгi час працаваў у Магiлёўскiм дзяржаўным унiверсiтэце iмя А. Куляшова. Прайшоў усе ступенi — ад студэнта да рэктара гэтай навучальнай установы. Асноўны перыяд «магiлёўскага жыцця» Аляксандра Мiхайлавiча — вучоба i праца на фiзiка-матэматычным факультэце. Пра сваiх калег — настаўнiкаў, старэйшых таварышаў, паплечнiкаў — i расказвае А. Радзькоў у кнiзе «Мой фiзмат». Часам расказвае з гумарам, часам — з разлiкам на павучальнасць. Некаторыя старонкi кнiгi вучонага i педагога мы прапаноўваем чытачам «Звязды».

Нагадаем, што з 2003 па 2010 год Аляксандр Радзькоў — мiнiстр адукацыi Беларусi. У 2010—2014-м — першы намеснiк кiраўнiка Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. У 2014—2015-м — памочнiк Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. З 2007 па 2018 год — старшыня Рэспублiканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь».

Пётр Пятровiч МАШКОЎСКI

У 1968 годзе, калi я паступiў у Магiлёўскi педiнстытут, дэканам фiзiка-матэматычнага факультэта быў Пётр Пятровiч Машкоўскi. Невялiкага росту, шчупленькi, сiвы, хадзiў, цягаючы ногi па зямлi, гаварыў цiха, але мы ўсе iнтуiтыўна адчувалi ў iм добрага чалавека. З першых дзён вучобы ў iнстытуце ён стаў чытаць нам курс элементарнай матэматыкi. I практычныя заняткi вёў сам.

Пётр Пятровiч быў з пакалення франтавiкоў. Iм, на вялiкi жаль, было не да навуковых даследаванняў, шчасцем для iх было выжыць. Таму Машкоўскi не меў нi вучонай ступенi, нi вучонага звання. Аднак яго матэматычныя здольнасцi, матэматычная культура былi вiдавочныя. Курс элементарнай матэматыкi заўсёды разлiчаны на пашырэнне i паглыбленне школьнай праграмы. Ён быў карысны не толькi зместам, напоўнены мноствам задач на практычных занятках, але i даваў магчымасць навярстаць упушчанае ў школе, падрыхтавацца, пры гэтым усiм студэнтам адначасова, да вывучэння фундаментальных раздзелаў вышэйшай матэматыкi. Слухалi мы лекцыi Пятра Пятровiча зачаравана. Ён чытаў без канспекта, роўна, можна сказаць, без знешнiх эмоцый. Але адчувалася, што ён любаваўся хараством матэматычных канструкцый, вытанчанасцю формул, арыгiнальнасцю задач. У аўдыторыю ўваходзiў дакладна па званку, а на перапынак памiж гадзiнамi лекцыi цi напрыканцы яе, пачуўшы трэль званка, iшоў адразу ж, мог нават не дагаварыць сказ.

На фiзмат у той год паступiла 110 першакурснiкаў. Але планавых месцаў было толькi сто. Жыццё паказала, што напружанасць вучобы на гэтым факультэце вытрымлiвалi не ўсе, таму набiралi яшчэ дзесяць так званых кандыдатаў. I вось мы падышлi да першай сесii. Перад пачаткам залiкаў i экзаменаў для першакурснiкаў мы павiнны былi прайсцi адпаведны iнструктаж: правiлы арганiзацыi i правядзення залiкаў i экзаменаў, нашы правы i абавязкi, магчымасцi пераздачы, крытэрыi паспяховасцi для атрымання стыпендыi i колькасць «правалаў», пасля якiх iдзе адлiчэнне. Тут мы ўпершыню пабачылi Пятра Пятровiча ў ролi дэкана. Ён прыйшоў да нас, маўклiва, уважлiва ўсiх агледзеў i цiхiм голасам сказаў:

— Вас тут 110, а пасля сесii павiнна застацца не болей ста. Старайцеся. Жадаю поспехаў.

I пайшоў.

Сам Машкоўскi прымаў у нас экзамен таксама досыць арыгiнальна. Запрасiў у аўдыторыю першую пяцёрку студэнтаў. Паглядзеў на нас, паклаў на стол стос бiлетаў, адвярнуўся i пайшоў да акна. Гледзячы на вулiцу, сказаў:

— Выбiрайце!

Бiлеты з роўнага стоса ўзляцелi ў паветра: iх перабiралi, мянялi, абмяркоўвалi памiж сабой выбар. Пётр Пятровiч нават не паварочваўся да нас. Пасля спытаўся:

— Выбралi?

Запiсаў нашы прозвiшчы, нумары бiлетаў i стаў чакаць адказаў. Зразумела, за семестр на лекцыях i практычных занятках ён усiх нас добра вывучыў i ацанiў. Таму адыходзiў ад лiшнiх, з яго пункту гледжання, фармальнасцяў. Але адказы слухаў уважлiва i ацэнкi былi аб'ектыўныя.

Iнтэрнат, у якiм мы жылi, быў побач з вучэбным корпусам. Заняткi пачыналiся а восьмай гадзiне ранiцы, але студэнцкае жыццё насычанае, рознабаковае, вясёлае, таму не ўсе студэнты, асаблiва пасля шумных вячэрнiх мерапрыемстваў, своечасова прыходзiлi на першую пару лекцый. I гэта пры тым, што наведванне заняткаў было абавязковым i даволi строга кантралявалася. Пётр Пятровiч практыкаваў ранiшнiя паходы ў iнтэрнат. Гаварыў сваёй сакратарцы ў дэканаце:

— Валя! Я пайду ў iнтэрнат будзiць сваiх дзетак.

У пакоях жыло па 5-6 студэнтаў, дзверы нiколi на ключ не зачынялiся, дэкан, цiхенька пагрукаўшы, уваходзiў, знаходзiў пад коўдрай спячага студэнта i шаптаў:

— Вова! Прачынайся! Заняткi ўжо пачалiся, там цябе ўсе чакаюць!

Эфект атрымлiваўся неверагодны. Такiх паходаў дэкана па нашых пакоях мы чамусьцi баялiся. Пропуск заняткаў заўважна скарацiўся.

Здаралiся ў час такiх хаджэнняў Пятра Пятровiча на пабудкi студэнтаў i анекдатычныя гiсторыi. Студэнты геафака вучылiся ў другую змену, таму i спалi даўжэй. Iх пакоi былi на другiм паверсе, прычым уперамежку з нашымi, фiзматаўскiмi. Пётр Пятровiч, перад тым як увайсцi, глядзеў вывешаны на дзвярах спiс жыльцоў. Прозвiшчы ўсiх сваiх студэнтаў ён ведаў напамяць. I гэтым разам у канцы спiса ўбачыў прозвiшча «Хлабыстаў». Ён ведаў, што Саша дысцыплiнай не вызначаўся, i вырашыў зайсцi праверыць, цi пайшоў ён да восьмай гадзiны на заняткi. Увайшоў i, да свайго здзiўлення, заўважыў, што патрапiў да дзяўчат, якiя спалi. Адразу развярнуўся, але на ўнутраным баку дзвярэй сутыкнуўся вачыма ўжо з iншым спiсам — графiкам прыборкi пакоя, i там таксама, сярод дзявочых прозвiшчаў, апошнiм стаяла прозвiшча Хлабыстава. Пётр Пятровiч канчаткова разгубiўся, але будзiць нiкога не адважыўся. Гэта гiсторыя ўсiх нас развесялiла. Мы ж ведалi, што Саша сябруе з дзяўчынай, якая вучыцца на геафаку, i так часта бывае ў iх пакоi, што яны ўключылi яго ў спiсы жыльцоў.

У Машкоўскага былi вельмi арыгiнальныя, але на дзiва дзейсныя метады выхавання. Аднойчы мой старэйшы брат, таксама студэнт фiзмата, трапiўся з кампанiяй на выпiўцы ў пакоi iнтэрната. I менавiта ён быў арганiзатарам гэтага мерапрыемства. За такi ўчынак пагражала адлiчэнне з iнстытута, а для яго гэта быў поўны крах. Вова ўжо быў жанаты, у яго нарадзiўся сын i, разумеючы непазбежнасць пакарання, знаходзiўся ў маркотным стане. Брату перадалi, што яго выклiкае дэкан. Ён прыйшоў у прызначаны час, пагрукаў, пачуў запрашэнне ўвайсцi i ўбачыў Пятра Пятровiча за рабочым сталом. Дэкан займаўся падрыхтоўкай раскладу. Убачыўшы брата, падняў галаву i сказаў:

— А, Радзькоў! Заходзь!

I зноў схiлiўся над раскладам. Так праходзiла дзесяць хвiлiн, дваццацць, паўгадзiны, сорак хвiлiн. Дэкан працуе, брат, перамiнаючыся з нагi на нагу, стаць. I вось Пётр Пятровiч падымае галаву i гаворыць:

— Ну, ты ўсё зразумеў?

— Так, Пётр Пятровiч, такога болей не паўторыцца!

— Тады iдзi!

Гэты ўрок брат, будучы дырэктар школы, запомнiў на ўсё жыццё.

На ўсiх нашых сходах, камсамольскiх, прафсаюзных, Машкоўскi заўсёды прысутнiчаў i выступаў. Гаварыў, як звычайна, спакойна, цiха, але патрабавальна. Аднойчы на нейкiм сходзе Пётр Пятровiч не пагадзiўся з прапановай прафсаюзных актывiстаў i з трыбуны стаў тлумачыць чаму. У гэты час старшыня прафкама Таццяна Хаўбок, знаходзячыся побач з трыбунай, спачатку жэстамi, грымасамi пачала заводзiць нас, каб мы шумам, крыкамi сталi пярэчыць дэкану. Ён бачыў яе спробы, але не звяртаў на гэта нiякай увагi. Гаварыў, як i раней, спакойна, цiхiм голасам. I быў пераканаўчы. На захады Таццяны мы не паддалiся.

Неяк аднойчы на факультэцкiм партыйным сходзе прафесар Столяр заявiў, што ў нас няма заўважных зрухаў у навуковай працы, у вучэбна-выхаваўчым працэсе. Яго ў гэтым эмацыянальна падтрымаў дацэнт Жылiк. Тады Пётр Пятровiч падняўся i зноў жа спакойна сказаў:

— Паважаныя Аляксандр Аронавiч i Канстанцiн Канстанцiнавiч! Не губляйце час на выкладанне сваiх iдэй i iх абмеркаванне. Адразу пачынайце думаць, як iх рэалiзаваць. Не адкладваючы, займiцеся справай!

На пачатку сямiдзясятых у iнстытуце змянiўся рэктар, ён пачаў да кiраўнiцтва факультэтаў, кафедр прыцягваць кандыдатаў навук, дацэнтаў. Пятру Пятровiчу давялося сысцi на пасаду намеснiка дэкана. Ён перажываў, хоць знешне гэта было непрыкметна. Працягваў усюды выказваць сваю пазiцыю i стрымана, але настойлiва, яе адстойваць. Адчуў, што далёка не ўсiм i не заўсёды гэта падабаецца, дапрацаваў да шасцiдзесяцi гадоў i сышоў на пенсiю. Купiў дом у вёсцы i зусiм перабраўся туды жыць. На факультэце з'яўляўся адзiн раз у год, каб заплацiць партыйныя ўзносы, хоць нават не прыязджаў на сходы. Знаходзiў мяне, тады ўжо намеснiка дэкана, адводзiў куды-небудзь у куток i прасiў:

— Саша! Раскажы мне, што тут у нас за год адбылося?

Я i цяпер памятаю гэтыя нашы размовы. Пётр Пятровiч прыязджаў у зiмовым палiто, яно было крышачку прысыпана сенам (падобна на тое, што ён актыўна займаўся сельскай гаспадаркай), вочы яго былi жывыя, вясёлыя, смех шчыры. Яго цiкавiлi гiсторыi самыя розныя, лiтаральна пра ўсiх выкладчыкаў, лабарантаў, студэнтаў. Мы звычайна гаварылi па дзве-тры гадзiны запар i гэта, пэўна, адны з самых лепшых момантаў майго жыцця...

Аляксандр Яўстафавiч НЕСЦЕРАЎ

Электратэхнiку Несцераў ведаў. Ён не меў нi вучонай ступенi, нi вучонага звання, але ўспрымаўся намi як самы высокi прафесiянал. Строгi i на лекцыях, i на практычных занятках, i на лабараторных працах, ён нiколi не жартаваў, са студэнтамi трымаў дыстанцыю, i мы ўсе ведалi, што ён на экзамене надзвычай патрабавальны. Але слухаць яго лекцыi было адно задавальненне. Я па сваёй прыродзе не «тэхнар», але электратэхнiкай, дзякуючы Аляксандру Яўстафавiчу, пранiкся. Мне з iм было цiкава.

Несцераў да студэнтаў быў уважлiвы — убачыў, у прыватнасцi, што мы з Валерыем Iвановым захопленыя матэматыкай (на чацвёртым курсе, калi ён да нас прыйшоў чытаць лекцыi, мы ўжо займалiся ў гуртку дацэнта Бранiслава Мiхайлавiча Архiпава). Таму асаблiва нас не трывожыў i не напружваў, хоць аднойчы выгнаў нас з лекцыi. Мы з Валерам ад нечага рассмяялiся i нiяк не маглi спынiцца. Аляксандр Яўстафавiч не стаў разбiрацца, хто з нас вiнаваты ў такiх паводзiнах, выдалiў з аўдыторыi абодвух. Але гэта нiяк не сказалася на яго адносiнах да нас. I ўжо зусiм легенда, звязаная з Аляксандрам Яўстафавiчам. На фiзмаце ў той час быў Васiль Кавалёў. Ён таленавiта чытаў на сцэне ўрыўкi з раманаў Мiхаiла Шолахава. Калi ён расказваў пра прыгоды дзеда Шчукара, зала не проста смяялася, усе лiтаральна плакалi ад смеху. Але вучоба, асаблiва прадметы фiзiка-матэматычнага цыкла, Васю давалiся з цяжкасцю. Без нездавальняючых адзнак у яго не абыходзiлася нi адна сесiя. Адлiчэння з фiзмата яму ўдавалася пазбегнуць таму, што ўсе выкладчыкi чулi яго выступленнi на сцэне. I раптам мы даведваемся, што на экзамене па элетратэхнiцы Вася атрымаў «выдатна». I гэта ў самога Несцерава?! Гэта было настолькi нечакана, што мы адважылiся спытаць у Аляксандра Яўстафавiча, за што ён Васю ўсё ж такi паставiў найвышэйшы бал. Несцераў адказаў, не хаваючыся:

— Я дваццаць гадоў выкладаю электратэхнiку, але першы раз у жыццi ўбачыў, як з дапамогай рук i ног можна паказаць працу трохфазнага элетрарухавiка!

Несцераў быў сапраўдным фiзматаўцам, таму пасля яго i жывуць легенды.

Пераклаў з рускай мовы Максiм Веянiс

(Працяг).

Загаловак у газеце: Люстэрка лёсу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра роды-прыгоды, вытокі вялікага шляху, урок філасофіі.

Грамадства

Транспарт вялiкага горада. Пра новыя маршруты, электробусы i трэцюю лiнiю метро

Транспарт вялiкага горада. Пра новыя маршруты, электробусы i трэцюю лiнiю метро

 У Мiнску цяпер працуе 199 маршрутаў аўтобусаў, восем — электробусаў, 89 — тралейбусаў, восем — трамваяў.