Вы тут

Беларускі парусны спорт узяў курс на поспех


Шум хваляў, свіст ветру і лятучы ветразь над вадой — карціна звыклая для марскіх пейзажаў Іспаніі ці Італіі. Аказваецца, для Беларусі таксама. Пунсовыя ветразі кніжнай Асолі — сімвал надзеі і мары. Белыя ветразі беларускіх яхтсменаў — сімвал іх веры ў сябе і спартыўнай сілы, пад якімі яны ўпэўнена ідуць да сваіх мэт.


Мора няма, а спорт ёсць

Беларуская федэрацыя паруснага спорту

Парусны спорт у Беларусі з'явіўся ў другой палове 1960-х. А ў 1977 годзе ў актыве беларускіх яхтсменаў ужо быў залаты медаль юніёрскага чэмпіянату Еўропы, які заваяваў Сяргей Харэцкі ў класе «Фін». У гэтым жа годзе зборная каманда Беларусі заняла першае агульнакаманднае месца на ІІ Усесаюзных спартыўных гульнях моладзі. Пачынаючы з 1980 года беларускія яхтсмены — пастаянныя ўдзельнікі Алімпійскіх гульняў. Для краіны, дзе няма мора, сам факт развіцця паруснага спорту і дастойных выступленняў спартсменаў на міжнародным узроўні здаецца нонсэнсам. І ў гэтым заключаецца непрадказальнасць згаданага віду спорту. Зрэшты, не толькі ў гэтым...

Аказваецца, для яго развіцця наяўнасць мора зусім неабавязковая. У гэтым упэўнены старшыня Беларускай федэрацыі паруснага спорту Алег Сполан: «Тое, што займацца парусным спортам можна толькі на моры — стэрэатып. Усе расійскія паспяховыя яхтсмены, пераможцы і прызёры вялікіх міжнародных спаборніцтваў выраслі ў Даўгапрудным на Клязменскім вадасховішчы. У савецкі час трохразовы алімпійскі чэмпіён Валянцін Манкін вырас на Кіеўскім вадасховішчы. А ў Крыме ў той час не было ніводнага яхтклуба. Лідары сусветнага паруснага спорту, італьянцы, працуюць на возеры Гарда.

Сваё мора ў беларусаў усё ж такі ёсць. На беразе Мінскага мора ўжо 22 гады працуе Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па парусным спорце. Летам спартсмены пакараюць хвалі Мінскага мора, а зімой закладаюць фундамент формы на лета. Спартсменам неабходна агульная і сілавая вынослівасць, спрытнасць, каардынацыя рухаў. «Часцей за ўсё спаборніцтвы праходзяць у вельмі сціслыя тэрміны. За чатыры дні трэба праехаць 12 гонак, то-бок па тры гонкі ў дзень. Кожная гонка займае прыкладна гадзіну. І ўвесь гэты час спартсмен вытрымлівае вялізную нагрузку на ногі, прэс, спіну, трэба пастаянна трымаць вяроўкі. Пры моцным ветры нагрузка павялічваецца ўдвая, таму і чэмпіёнамі становяцца тыя, хто добра падрыхтаваны фізічна. У нас ёсць алімпійская дысцыпліна — віндсёрфінг, вельмі экстрэмальная. У ёй выступаюць спартсмены, якія падцягваюцца больш як 20 разоў, плаваюць па першым спартыўным разрадзе. Яны ўвесь час трымаюць баланс дошкі, утрымліваюць парус, і ўсё гэта падчас руху з хуткасцю катара», — расказвае Алег Сполан.

На алімпійскай хвалі

Сенсацыйны перанос Алімпійскіх гульняў на 2021 год аказаўся на руку беларускім яхтсменам. «Мы не чэмпіёны свету, у нас вельмі маладая каманда, якая толькі на пад'ёме. І гэты год — выдатная магчымасць для нашай моладзі павысіць сваё майстэрства. Канешне, лідарам будзе цяжка яшчэ год утрымацца на вяршыні і ў Токіа пацвердзіць сваё майстэрства. За год можа з'явіцца хтосьці больш моцны, напрыклад, беларусы», — дзеліцца Алег Сполан.

У праграму Алімпійскіх гульняў уключаны дзесяць дысцыплін паруснага спорту. У Беларусі развіваецца толькі чатыры з іх: «Лазер-стандарт», «Лазер-радыял», віндсёрфінг RS:Х у мужчын і жанчын. Яхты класа «лазер» — самыя вядомыя і папулярныя ў свеце. Пачынаючы з Алімпійскіх гульняў 2008 года, мужчыны і жанчыны спаборнічаюць у асобных класах «Лазер-стандарт» і «Лазер-радыял» адпаведна. Паміж сабой гэтыя яхты адрозніваюцца памерамі і формамі паруса і мачты. Віндсёрфінг — гэта спаборніцтвы на лёгкай дошцы з усталяваным на ёй парусам. Дарэчы, алімпійскі клас дысцыпліны RS:Х прадугледжвае гонкі на аднолькавых камплектах аднаго вытворцы. Абсталяванне для віндсёрфінга складаецца з дошкі шырынёй 93 сантыметры і даўжынёй 286 сантыметраў і паруса.

Беларускія спартсмены заваявалі алімпійскія ліцэнзіі ў двух відах — «Лазер-радыял» і віндсёфінг RS:X у мужчын. У парусным спорце пуцёўкі на алімпіяду неімянныя і размяркоўваюцца паміж краінамі. Пры гэтым кожная краіна ў кожным відзе праграмы можа прадставіць толькі аднаго спартсмена. Таму пакуль невядома, хто канкрэтна з беларускіх спартсменаў наступным летам адправіцца ў Токіа. Кіраўніцтва федэрацыі адзначае, што ў кожным відзе праграмы ёсць па два раўнацэнныя лідары-кандыдаты. Ім яшчэ давядзецца паспаборнічаць за алімпійскія пуцёўкі на вясеннім чэмпіянаце Еўропы і Кубку Беларусі.

У віндсёрфінгу RS:Х лідары Арцём Джавадаў і Мікіта Цыркун. У розныя гады хлопцы станавіліся прызёрамі і пераможцамі чэмпіянатаў свету і Еўропы сярод юніёраў. Яны ж і заваявалі алімпійскія ліцэнзіі. Сярод дзяўчат у гэтай дысцыпліне найлепшыя вынікі паказваюць юніёркі Юлія Матвіенка і Яна Ломаць. На мінулагоднім чэмпіянаце свету сярод юніёраў Юлія заняла чацвёртае месца. Старшыня федэрацыі ўпэўнены, што сёлета яна магла б заваяваць медаль, калі б турнір не быў адменены. Юлія і Яна яшчэ будуць удзельнічаць у розыгрышы ліцэнзій на Алімпійскія гульні.

Спорт без узросту

У класе «Лазар-радыял» ужо 20 гадоў няма роўных Таццяне Драздоўскай. Удзелам у пяці Алімпійскіх гульнях можа пахваліцца не кожны спартсмен, не толькі ў парусным спорце, але і ў любым іншым. Чэмпіёнка свету і чэмпіёнка Еўропы зноў заваявала алімпійскую ліцэнзію. Але няма гарантыі, што краіну ў Токіа будзе прадстаўляць менавіта Таццяна. Легендарнай спартсменцы дыхае ў спіну Кацярына Санько, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы сярод моладзі 2019 года.

Сама ж Таццяна ставіцца да гэтага са спартыўнай філасофіяй: «Канешне, мне хочацца выступіць на сваёй шостай алімпіядзе, і я прыкладаю да гэтага ўсе намаганні. Кожныя Алімпійскія гульні — асаблівыя, яны даюць абсалютна новыя эмоцыі, матывацыю. Пастаянна мяняюцца людзі, а ад гэтага мяняюцца тактыка і стратэгія. А гэта ўжо новыя веды і непаўторны вопыт. Другое месца Кацярыны Санько на чэмпіянаце Еўропы стала сапраўдным прарывам у беларускім парусным спорце. У нас даўно не было такіх вынікаў. І хоць нам яшчэ прыйдзецца спрачацца за пуцёўку ў Токіа, я рада, што ў нас ёсць моцная моладзь. Трэба і маладым спартсменам даваць шанц заявіць аб сабе».

У парусным спорце немагчыма ўгадаць, у якім узросце спартсмен можа паказваць свой найлепшы вынік. І ў гэтым яшчэ адна прычына яго непрадказальнасці. Спаборніцтвы з сапернікамі ўдвая маладзейшымі — звычайная справа для спартсменаў. Немец Ёхен Шуман у 1976 годзе выйграў Алімпійскія гульні ў Манрэалі ў 22 гады. Пасля ён яшчэ тры разы станавіўся алімпійскім чэмпіёнам. А савецкі яхтсмен Барыс Буднікаў выйграў чэмпіянат Еўропы і заваяваў «серабро» Алімпійскіх гульняў 1980 года ва ўзросце 40 гадоў. Таццяна Драздоўская перамагла на чэмпіянаце свету — 2007 у 29 гадоў. Па словах старшыні федэрацыі, сёння ў свае 42 яна паказвае найлепшыя вынікі па агульнай фізічнай падрыхтоўцы.

Пад ветразямі надзеі

Беларускі парусны спорт сканцэнтраваны ў Мінску. У сталіцы працуе дзіцяча-юнацкая спартыўная школа паруснага спорту. У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ёсць групы як пачатковай падрыхтоўкі, так і вышэйшага спартыўнага майстэрства. Увогуле парусным спортам займаецца больш за 400 юных спартсменаў. «Мы можам набраць і болей дзяцей, на шчасце, інтарэс да нашага спорту ёсць. Але мы абмежаваныя магчымасцямі бюджэту. Школы ўтрымліваюцца на бюджэтныя сродкі, і ёсць дакладны план камплектавання, трэнерскіх ставак і колькасці вучняў. Парусны спорт развіваецца ў Гомелі і Гродне, дзе таксама працуюць дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы. Зараз мы адкрываем аддзяленне нашай федэрацыі на Браслаўскіх азёрах», — расказаў Алег Сполан.

Развіццё паруснага спорту цесна звязана з яшчэ адной важнай праблемай, якая датычыцца не толькі яхтсменаў, упэўнены кіраўнік федэрацыі: «У нас не распаўсюджаны рачны турызм, які непасрэдна звязаны з развіццём нашага віду спорту. У Беларусі шмат рэк і азёр, гэта можа прывабліваць турыстаў, яхтсменаў-аматараў. А на справе практычна ні на адной рацэ няма дзе паставіць яхту, няма ні бухты, ні прычала. На беразе вадаёмаў нельга будаваць гасцініцы, яхт-клубы. На азёрах Гарда, Балатон можна, а ў нас нельга. Але я спадзяюся, гэта калісьці будзе выпраўлена, у нас з'явіцца рачны турызм, і парусны спорт у Беларусі набудзе другое дыханне».

Парусны спорт з яго імклівасцю і відовішчнасцю заслугоўвае большай вядомасці і папулярнасці. У свеце яго развіваюць толькі 105 краін, і Беларусь сярод іх не на апошнім месцы. Так, узровень беларусаў не такі высокі, як у сусветных лідараў з Нідэрландаў, Іспаніі, Італіі. Але беларускія спартсмены імкнуцца гучна заявіць аб сабе на міжнародным узроўні. І чым больш людзей ведае пра гэты від спорту, тым лепш, упэўнена Таццяна Драздоўская: «Парусны спорт апошнім часам значна прагрэсіруе, з'яўляецца ўсё больш аматараў. Але гэтага недастаткова. Хочацца, каб як мага больш людзей ім займалася. Парусны спорт варты таго, каб удзяляць яму ўвагу».

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: Падняць ветразі! Поўны наперад!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?