28 кастрычніка, серада

Вы тут

Пяць тон каштоўнага біяпаліва ў гадзіну выпускае новы завод у Мазыры


Ад рэшткаў нізкаякаснай драўніны і адходаў лесапілавання да экспартаарыентаванай прадукцыі. Пяць тон каштоўнага біяпаліва ў гадзіну выпускае новы пялетны завод у Мазыры.


Новы абъект размясціўся недалёка ад Мазырскага дрэваапрацоўчага камбіната. Завод узведзены ў рэкордныя тэрміны: літаральна за паўгода, лічы што, у чыстым полі вырасла высокатэхналагічная вытворчасць, якая ператварае адходы ў даходы. Вядома, пялеты — гэта не толькі найбольш перспектыўны для рэалізацыі від паліва, але яшчэ і бяспечны, высокапрадукцыйны, не патрабуе вялікіх складскіх памяшканняў. Пры вытворчасці пялетаў выкарыстоўваюцца толькі адходы дрэваапрацоўкі. Не менш важна, што выкіды ў атмасферу ад згарання гранул не такія шкодныя, як, напрыклад, ад вуглю ці дызпаліва. Такім чынам выкарыстанне пялетаў — гэта не толькі зручна і танна, але яшчэ і экалагічна.

Адкрыццё новай вытворчасці — сапраўды значная падзея не толькі для Гомельскай вобласці, але і для краіны ў цэлым. Магутнасць прадпрыемства складае 36 тысяч тон прадукцыі ў год. Гэта самы маштабны праект у лясной галіне, рэалізаваны ў апошні час.

Вытворчая магутнасць завода — каля 120 тон прадукцыі ў суткі. На поўную моц ён пачне працаваць ужо ў бліжэйшыя тыдні. Прадпрыемства забяспечыла 18 новых рабочых месцаў. Працэс вытворчасці цалкам аўтаматызаваны.

Варта адзначыць, што будаўніцтва пялетнага завода ў Мазыры — адзін з этапаў выканання даручэння Прэзідэнта па забеспячэнні поўнай перапрацоўкі драўняных рэсурсаў унутры краіны. Так, апошнім часам вялося будаўніцтва шасці пялетных вытворчасцяў. Першыя з іх былі ўведзеныя ў эксплуатацыю сёлета ў маі. Завод у Мазырскім доследным лясгасе — апошні аб'ект з першай шасцёркі і самая буйная пялетная вытворчасць з усіх пабудаваных раней.

На цырымоніі адкрыцця завода старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей адзначыў, што Мазыршчына традыцыйна ў ліку лідараў па стварэнні новых аб'ектаў. Так, за апошнія паўтара года на тэрыторыі раёна адкрыта 80 новых прадпрыемстваў, з якіх 22 — у сферы вытворчасці. У цэлым створана амаль тысяча новых рабочых месцаў.

— Прыемна адзначыць, што мы ў чарговы раз выканалі даручэнне Прэзідэнта і ўводзім пялетную вытворчасць на тэрыторыі Мазырскага раёна, — падкрэсліў кіраўнік абласной «вертыкалі» ўлады. — Характэрна, што першы ў сістэме Міністэрства лясной гаспадаркі пялетны завод адкрыўся менавіта ў нашай вобласці, у Жыткавіцкім раёне, 12 гадоў таму. Там жа ў мінулым месяцы мы адкрылі ўжо другую вытворчасць па выпуску паліўных пялетаў.

Старшыня аблвыканкама растлумачыў, што з прычыны выкарыстання ў асноўнай дрэваапрацоўчай вытворчасці круглага лесу, паўстала пытанне, якім чынам рэалізоўваць неліквідныя рэшткі драўніны. Бо, як нацэльвае кіраўнік краіны, перапрацоўка лясных рэсурсаў і сыравіны павінна быць безадходнай. Больш эфектыўная вытворчасць дасць магчымасць атрымліваць экспартную выручку, а, значыць, павышаць узровень эканамічнага развіцця не толькі ў рэгіёне, але і ў краіне ў цэлым.

Міністр лясной гаспадаркі Беларусі Віталь Дрожжа, які прыехаў на адкрыццё новага пялетнага завода ў Мазыры, падкрэсліў, што перспектыўнасць стварэння такіх вытворчасцяў сёння бясспрэчная. Гэта і дадатковая выручка, і стварэнне новых рабочых месцаў, і павышэнне дабрабыту работнікаў. Між тым да канца наступнага года ў Беларусі плануюць запусціць не менш шасці аналагічных пялетных заводаў. Падлічана, што новыя аб'екты акупяць сябе на працягу 5-6 гадоў.

— У ліпені мы ўжо атрымалі першы мільён долараў выручкі ад гэтых вытворчасцяў, — адзначыў Віталь Дрожжа. — Мы не ставілі задачу ўніфікаваць вытворчасць, а таму далі свабоду кіраўнікам арганізацый у прыняцці рашэнняў. Абраная стратэгія грунтавалася на наяўнасці сыравіннай базы ў кожным рэгіёне, на аб'ёмах перапрацоўкі, на лагістыцы і фінансавым стане, — паведаміў міністр і дадаў, што завод у Мазыры самы магутны:

— Па Мазырскім лясгасе мы маем адны з самых вялікіх аб'ёмаў адгрузкі паліўнай дранкі. Характэрна, што па збыце прадукцыі такіх прадпрыемстваў сёння праблем няма. Паліва з задавальненнем купляюць у Еўропе. Вялікія надзеі беларусы ўскладаюць і на Кітай.

У Мінлясгасе звяртаюць увагу на эфектыўнасць пялетных вытворчасцяў і ў іншых сферах. Так, на новых заводах створана больш за 75 працоўных месцаў у раённых цэнтрах і сельскай мясцовасці. Спецыялісты будуць мець годны заробак, бо вытворчы працэс патрабуе высокай кваліфікацыі.

Па папярэдніх падліках, стварэнне шасці вытворчасцяў дазволіць краіне атрымаць каля 20 мільёнаў долараў дадатковай валютнай выручкі. Пры гэтым штогод у перапрацоўку будзе дадаткова ўцягнута да 350 тысяч кубічных метраў нізкаякаснай драўніны і больш за 120 тысяч кубічных метраў адходаў лесапілавання.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Зручна. Танна. Экалагічна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.