Вы тут

Магілёўскія пошукавікі знайшлі пад Слаўгарадам поле бою


Вось яно перад намі, мірнае і ціхае, з аднаго боку ад якога траса Слаўгарад – Доўск — старая Варшаўка, з другога — рака Сож. Зусім нядаўна тут каласілася пшаніца, а зараз тырчыць калючы ржэўнік. Але ў ліпені 1941-га тут быў зусім іншы пейзаж. Менавіта ў гэтым месцы 25-ы мехкорпус павінен быў прыкрыць правы фланг і прыняць фашысцкі ўдар на сябе. 21-я армія вяла контрнаступленне ў раёне Рагачова і Жлобіна і 12 ліпеня ўпершыню з пачатку вайны вызваліла два гэтыя раёны. Пакуль чырвонаармейцы стрымлівалі фашыстаў пад Прапойскам (сённяшні Слаўгарад), 63-і корпус Рыгора Пятроўскага паспрабаваў адбіць у немцаў Бабруйск. Але аперацыя па вызваленні сарвалася. Захопнікі значна ўзмацнілі свае пазіцыі — яны падцягвалі ўсё новыя і новыя сілы. А 14 ліпеня матарызаваныя калоны Гудэрыяна захапілі Прапойск.


Пад Прапойскам нямецкі генерал ледзь не трапіў у палон

Да пошукаў гатовы.

Да экспедыцыі ў Слаўгарадскім раёне пошукавікі абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» разам з прадстаўнікамі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна паспелі папрацаваць у Буйнічах у Магілёўскім раёне, а таксама ў Быхаве і Чавусах. У апошнім месяцы яны паднялі 17 байцоў і знайшлі медаль «За адвагу». Па ім устанавілі імя байца 1905 года нараджэння з Іванаўскай вобласці Івана Кузняцова. Але на пошукі пад Слаўгарадам у ваенных археолагаў першапачаткова былі вялікія надзеі.

— Гэта поле пад Слаўгарадам вельмі цікавае, — кажа заснавальнік і кіраўнік клуба Мікалай Барысенка. — Па гэтым месцы дакументы ў нас былі яшчэ з 1995 года. Я тады вывез з Падольскага архіва ўсё, што ёсць па 25-м мехкорпусе генерала Сямёна Крывашэіна. Таго самага, які 23 верасня 1939 года ў Брэсце разам з Гудэрыянам прымаў парад нямецкіх і савецкіх войскаў, а ў ліпені 1941 года ўжо пад Прапойскам танкісты Крывашэіна ледзь не ўзялі ў палон гэтага генерала. На жаль, ён збег, пакінуўшы сваю асабістую машыну. Сёлета мы ўпершыню зачапіліся за гэтае месца. Мы ўдзячныя нашым байцам Паўлу Кончыкаву і Ягору Шчанаву, якія неаднаразова выязджалі сюды на разведку, размаўлялі з мясцовымі жыхарамі, «прывязвалі» да гэтага поля нямецкую аэрафотаздымку.

На Слаўгарадскі раён у пошукавікаў адведзены два дні, і яны імкнуцца выкарыстаць іх як мага больш прадукцыйна. Нават калі паліў дождж, найбольш упартыя неахвотна пакідалі свае пазіцыі.

У камандзе спрэс вопытныя пошукавікі. Некаторыя працуюць сем'ямі. Як Ала і Яўген Бацанавы. Яўген адпрасіўся з работы, каб прыняць удзел у слаўгарадскай экспедыцыі, а перад гэтым дзеля пошукаў у Чавускім раёне ахвяраваў сваімі выхаднымі. І такіх апантаных шмат...

Перакапаць усё поле сіламі «Віккру» немагчыма, таму вельмі важна як мага дакладней вызначыць раскопкі. На кожным працуе па 2-3 чалавекі. Загінулыя ляжаць амаль на паверхні — глыбіня 50–70 сантыметраў. Дзіўна, што калгасная тэхніка за столькі гадоў іх не зачапіла.

— За Прапойск пасля таго, як яго ўзялі немцы, яшчэ цэлы месяц ішлі баі, але безвынікова — захопнікі яго так і не здалі, — кажа Мікалай Барысенка. — Нашых салдат тут палягло страшэнна шмат. Вакол Прапойска ваявалі байцы 219-й механізаванай дывізіі генерал-маёра Паўла Корзуна, 42-й стралковай дывізіі Івана Лазарэнкі, 6-й стралковай дывізіі Міхаіла Папсуй-Шапко, 55-й стралковай дывізіі палкоўніка Геворка Тэр-Гаспарана, 50-я танкавая дывізія. Мы тут знаходзілі абпаленыя дэталі падбітых савецкіх машын. Дывізія была часткова ўкамплектаваная найноўшымі Т-34. На жаль, падрыхтоўка савецкіх танкістаў была не самай лепшай, у некаторых наезд складаў усяго 5–6 гадзін. У немцаў механікі наязджалі не менш за 100 гадзін. Яны былі ўжо прафесіяналы, якія маглі манеўраваць.

Надзея на медальён

Гэта ўласна тое, дзеля чаго і працуюць пошукавікі. Для іх вельмі важнае нават адно імя, вырванае з небыцця. Медальён, дарэчы, — асноўная прыкмета пачатку вайны. У 42-м іх ужо адмянілі.

Раптоўна цішыню над калгасным полем праразае крык. Гэта значыць, што першы медальён ёсць. Шчасліўчык — камандзір пошукавай групы «Сірыус» Ягор Шчанаў. Усе бягуць да яго. Ягор зачапіў прыборам падсумак яшчэ падчас разведкі гэтага месца. І не памыліўся. Побач з астанкамі байца і яго амуніцыяй ляжаў і медальён. Знойдзена таксама некалькі «кубікаў» — знакаў адрознення, гэта значыць, што загінулы быў як мінімум малодшым лейтэнантам.

Хутка раздаецца яшчэ адзін крык. На гэты раз знайсці медальён пашчасціла Аляксандру Юрчыну і Дзмітрыю Паклонскаму з «Дняпроўскага рубяжу».

У завуча 34-й школы Галіны Бяляевай і супрацоўніка магілёўскага інстытута МУС Аляксея Цюцюнкова наогул нестандартная знаходка — нейкая скрыначка. А што калі там дакументы? Аказалася — партсігар з тытунём. І захаванасць адменная. На пакрыўцы малюнак — тэнісная ракетка. Вельмі верагодна, што салдат у мірным жыцці займаўся гэтым відам спорту. Медальён ёсць, але зламаны. На жаль даведацца імя ўжо не атрымаецца.

Антон Пракапнёў разам з Сяргеем Тагаевым дастаюць з зямлі компас, гадзіннік, процівагаз. Мяркуючы па амуніцыі, імі знойдзены баец з ліку камандзіраў.

— Компас, камандзірская сумка — гэты набор не характэрны для радавога складу, — кажа Антон. — Медальён жа сведчыць, што гэта малодшы камандзір. У камандзіраў сярэдняга звяна медальёны былі вельмі рэдка. Салдат знойдзены ў варонцы, хутчэй за ўсё, загінуў ад выбуху. Сярод астанкаў дробныя асколкі. На гадзінніку час прыпыніўся на 15 хвілінах на дзявятую.

Эксгумацыйныя банеры каля раскопаў хутка запаўняюцца астанкамі салдат. Пошукавікі беспамылкова могуць расказаць пра кожнага байца, растлумачыць, як той загінуў.

— Раней косткі перабіралі наўздагад, не ўсе ж анатомію ведаюць, — кажа Мікалай Барысенка. — З гэтымі банерамі стала нашмат прасцей. Імі карыстаюцца і нашы расійскія і ўкраінскія калегі.

​Байца прыходзіцца збіраць па «запчастках».

Работа амаль ювелірная — пэндзлі, скрабкі, губкі. Партупеі, косці, каскі ляжаць уперамешку. Байцоў пошукавікі збіраюць, лічы, па «дэталях». Асобна складваюцца іх рэчы.

Манеткі, штык-нож, наган, нават пласкагубцы — знаходак шмат. Але самыя каштоўныя — падпісаныя, іх, на жаль, адзінкі. Той жа компас, які знайшлі Антон Пракапнёў і Сяргей Тагаеў. На наступны дзень Павел Кончыкаў доўга круціў яго ў руках, углядваючыся ў ініцыялы на вечку — тры літары «І». І раптам убачыў збоку прозвішча цалкам — Ільін. Гэта было неверагодна. Прабілі па базах і высветлілі, што гэта Іван Ільіч Ільін з Марыйскай АССР! А ў лінзе ад процівагаза быў знойдзены ліст байца да родных. Гэта таксама было фантастычна, бо звычайна на гэтым месцы ляжыць інструкцыя. А тут такі незвычайны паварот. Напамін пра тое, што гісторыя патрабуе ўважлівасці. Пашчасціла таксама знайсці кацялок з надрапаным на ім прозвішчам. Зараз байцы клуба актыўна займаюцца пошукам інфармацыі пра гэтага чалавека.

— На гэты раз нам асаблівым чынам шчасціла, — задаволена вынікамі экспедыцыі начальнік штаба клуба, метадыст абласнога Цэнтра творчасці Святлана Барысенка. — Быццам нейкая невядомая рука паказвала, дзе шукаць. Толькі па Слаўгарадскім раёне за два дні раскопак былі паднятыя астанкі 18 байцоў і знойдзена восем медальёнаў. Так што невядомых герояў вайны стала на некалькі чалавек менш.

Патрыятызм выхоўваецца ў палявых умовах

Паназіраць за работай пошукавікаў і аказаць ім дапамогу па чарзе прыязджалі са сваімі выкладчыкамі навучэнцы слаўгарадскага прафесійнага ліцэя, а таксама старшакласнікі першай і другой школ Слаўгарада і школы з вёскі Васькавічы.

— Мой прадзед Васіль быў артылерыстам, — з гонарам паведаміў слаўгарадскі школьнік Стас Аксёнаў. — І мне цікава дакрануцца да ваеннай гісторыі.

— У Слаўгарадскім раёне выходзіла з акружэння 137-я стралковая дывізія, якая была сфарміраваная ў Горкаўскай вобласці, а мая маці родам з Ніжняга Ноўгарада — былога Горкага, — кажа намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 2 Слаўгарада Наталля Пахомава. — Арзамасаўскія пошукавікі неаднаразова прымалі ўдзел у сумесных вахтах памяці на тэрыторыі раёна. І я адчуваю, як моцна нас звязала гэта зямля.

А што пад накрыўкай?

Слаўгарадскі пошукавік Аляксандр Халееў заўважае, што патрыятызм лепш за ўсё выхоўваецца ў палявых умовах. Калі падлеткі на свае вочы бачаць непрыкрытую нічым праўду вайны, якая выглядае са зробленых пошукавікамі раскопаў. Не выключана, што кагосьці гэта па-сапраўднаму зацягне і ён пажадае стаць ваенным археолагам. А гэта, лічы, ужо на ўсё жыццё. Некаторыя ў дадзеным руху ўдзельнічаюць з дня яго ўтварэння — больш за 20 гадоў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і Святланы БАРЫСЕНКІ

Слаўгарадскі раён

Загаловак у газеце: Сямнаццаць вярнуліся з небыцця...

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.