Вы тут

У сталіцы на першым рабочым месцы застаецца палова маладых педагогаў


У 2019 годзе ў службе занятасці было зарэгістравана ўсяго толькі 530 выпускнікоў усіх відаў навучальных устаноў. Найчасцей дапамога ў працаўладкаванні патрабуецца выпускнікам вышэйшых навучальных устаноў, сярод якіх амаль чвэрць — з кваліфікацыяй «эканаміст» і кожны пяты — з кваліфікацыяй «юрыст». Пра гэта на сустрэчы з журналістамі паведаміў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег ТОКУН.


«Калі казаць аб выпускніках сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, то з іх таксама ў службы занятасці часцей за ўсё звяртаюцца юрысты, эканамісты і бухгалтары. Летась пры садзейнічанні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне было працаўладкавана 412 чалавек, у тым ліку выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі — 140 чалавек, выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 230 чалавек і 42 выпускнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сёлета па дапамогу ў працаўладкаванні звярнуліся 199 выпускнікоў і 163 чалавекі ўжо працаўладкаваны па атрыманай спецыяльнасці», — запэўніў Алег Токун.

Асноўнымі заказчыкамі кадраў, якія рыхтуюць у БДПУ, з'яўляюцца ўстановы адукацыі Мінска і Мінскай вобласці. Пра гэта паведаміў прарэктар па вучэбнай рабоце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр МАКОЎЧЫК.

«Штогод пасля заканчэння ўніверсітэта ў нас размяркоўваецца каля 800 чалавек — усе 100 працэнтаў выпускнікоў. Больш за тое, сёння мы не можам задаволіць усе патрэбы Мінска па спецыяльнасцях «пачатковая адукацыя» і «дашкольная адукацыя», — расказаў прарэктар БДПУ. — Маладым людзям, якія навучаліся на ўмовах аплаты, таксама даецца магчымасць атрымаць першае рабочае месца шляхам размеркавання, праўда, пры наяўнасці свабодных вакансій або індывідуальнага запыту з будучага месца працы. Так, у 2018 годзе выказалі жаданне размеркавацца сем выпускнікоў, якія навучаліся на платнай аснове, летась — чатырнаццаць, у 2020 годзе — тры. А вось выпадкі адмаўлення ад размеркавання — адзінкавыя».

Аляксандр Макоўчык адзначыў, што эфектыўнасць замацавання маладых спецыялістаў шмат у чым залежыць ад дзеянняў мясцовых органаў улады, кіраўнікоў устаноў адукацыі, прафсаюзных камітэтаў, ад той ступені падтрымкі, якую ім аказваюць на першым рабочым месцы, ну і, канешне, ад унутранай матывацыі. На бюджэтнай аснове ва ўніверсітэце штогод навучаецца 870 студэнтаў. Каля 200 з іх — гэта выпускнікі педагагічных класаў, якія зрабілі выбар свядома, бо ўжо знаёмыя з усімі нюансамі прафесіі педагога. Яшчэ каля 200 чалавек заключаюць мэтавыя дагаворы на навучанне. І тыя, і другія пасля заканчэння вучобы павінны будуць адпрацаваць пяць гадоў на тым месцы, куды іх накіруюць.

«Забеспячэнне працоўных і сацыяльных правоў і інтарэсаў работнікаў, у тым ліку маладых спецыялістаў, вучнёўскай моладзі, падтрыманне стабільнай работы калектываў з'яўляецца адной з галоўных нормаў галіновага пагаднення, заключанага паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі, — паведаміла загадчык аддзела арганізацыйнай работы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аксана ВАСІЛЕВІЧ. — Прадстаўнікі прафсаюза прымаюць актыўны ўдзел у размеркаванні маладых спецыялістаў, аказваюць садзейнічанне ў вырашэнні жыллёвых пытанняў, даюць юрыдычную кансультацыю, а таксама аказваюць кансультацыйную падтрымку і прававую дапамогу ў перыяд адпрацоўкі. Дарэчы, па інфармацыі галіновага прафсаюза, паказчык замацавання педагагічных кадраў пасля двух гадоў адпрацоўкі вагаецца па краіне ў межах 75—80 працэнтаў. Самы нізкі паказчык — у Мінску, дзе на першым рабочым месцы застаюцца толькі 50 працэнтаў педагогаў. А самы высокі — у Брэсцкай вобласці (90 працэнтаў).

Загаловак у газеце: Размеркаваць і замацаваць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».