Вы тут

ААН прагназуе спад сусветнай эканомікі ў 2020 годзе больш як на 4%


Спад у сусветнай эканоміцы з-за пандэміі складзе ў бягучым годзе больш за 4 працэнты. З такім прагнозам выступіла Канферэнцыя ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД), паведамляе ТАСС.


Як адзначаецца ў апублікаваным ёю дакладзе, «у гэтым годзе сусветная эканоміка скароціцца больш як на 4 працэнты». Паколькі ўнутраная актыўнасць рэзка зніжаецца амаль паўсюдна, то гэта ўплывае на эканоміку. «Сусветны гандаль у бягучым годзе скароціцца прыкладна на адну пятую, прамыя замежныя інвестыцыі — да 40 працэнтаў, а грашовыя пераводы — больш як на $100 млрд», — адзначаюць эксперты.

Самы вялікі абсалютны спад аб’ёмаў вытворчасці чакаецца ў развітых краінах, прычым у некаторых з іх ён будзе вылічацца двухзначнымі лічбамі. У той жа час найбольш буйным эканамічны і сацыяльны ўрон будзе там, дзе высокі ўзровень нефармальнай эканомікі, сыравінныя тавары і турызм з’яўляюцца асноўнымі крыніцамі замежнай валюты, а фінансавая прастора скавана шматлікімі даўгамі.

Паводле прагнозаў ЮНКТАД, ад 90 да 120 млн чалавек у краінах, якія развіваюцца, будуць вымушаны жыць ва ўмовах крайняй беднасці, а каля 300 млн сутыкнуцца з праблемай адсутнасці харчовай бяспекі. Як лічаць аўтары даклада, асабліва моцна можа пацярпець Лацінская Амерыка, дзе спад вытворчасці ў 2020 годзе чакаецца на ўзроўні 7,6 працэнта. У некаторых краінах, у прыватнасці, у Аргенціне і Мексіцы, не выключана скарачэнне, што вылічаецца двухзначнымі лічбамі. З гэтым будзе кантраставаць сітуацыя ва Усходняй Азіі, дзе рост застанецца ў станоўчай зоне, хоць і значна ніжэйшы, чым у 2019 годзе. Так, у Кітаі эксперты прагназуюць рост у 1,3 працэнта.

Згодна з дакладам, толькі дзякуючы смелай, мэтанакіраванай бюджэтнай экспансіі, што ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам краін з развітой эканомікай, можа быць забяспечана справядлівае і ўстойлівае аднаўленне эканомікі пасля пандэміі. На думку ЮНКТАД, з улікам абмежаванасці расходаў у многіх краінах, якія развіваюцца, спатрэбіцца значная міжнародная падтрымка для забеспячэння ім неабходнай прасторы для манеўру ў бюджэтна-фінансавай сферы. Акрамя таго, як лічаць эксперты, свет павінен вырашыць праблему гіперняроўнасці, каб паспяхова аднавіць глабальную эканоміку пасля пандэміі.

Прэв’ю: libre.life

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.