Вы тут

Прыярытэты для будучыні


У Беларусі высока ацэньваюць ролю навукоўцаў і іх уплыў у грамадстве

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Нацыянальнай акадэміі навук азнаёміўся з выставай навуковых дасягненняў

Уласна кажучы, людзі інтэлектуальнай працы заўсёды маюць падтрымку дзяржавы. Гэта лагічна, бо асэнсаванае развіццё краіны без навуковага падыходу немагчыма. На гэтыя моманты звярнуў увагу і Прэзідэнт падчас нядаўняга наведвання Нацыянальнай акадэміі навук, калі абмяркоўваў з навукоўцамі многія актуальныя пытанні.

Многае спазнаецца ў параўнанні

Трэба сказаць, што Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з навукоўцамі рэгулярна. Ён пастаянны ўдзельнік іх з’ездаў. Мае зносіны з імі штогод напярэдадні прафесійнага свята — Дня беларускай навукі. Ды і ў працоўных паездках Прэзідэнта нязменна суправаджаюць прадстаўнікі адпаведных даследчых напрамкаў. Аляксандр Лукашэнка перакананы:

— Развіццё навукі вызначае будучыню. Прычым будучыню не толькі асобнай дзяржавы, але і ўсяго чалавецтва.

Няпростымі былі сустрэчы з навукоўцамі ў першыя гады станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Людзі навукі больш наракалі як на прафесійную, так і на бытавую неўладкаванасць. Сёння ж яны з гонарам дэманструюць уражлівыя дасягненні. Нездарма наведванне Акадэміі навук Прэзідэнтам пачалося з агляду выставы распрацовак. Тут, напрыклад, дэманстраваліся ўнікальныя цвёрдацельныя лазеры з дыёднай накачкай. Спецыялісты ўдакладнілі: прыкладны кошт двух такіх установак супастаўны з коштам трактара. Гэта да пытання аб эканоміцы працы інтэлекту.

На віртуальнай экспазіцыі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ужо ўкаранёнымі распрацоўкамі беларускіх навукоўцаў і навінкамі, якія хутка паступяць у вытворчасць. Гэта вырабы і тэхналогіі для аграрнага сектара, медыцыны, клетачнай інжынерыі, касмічных даследаванняў, атамнай энергетыкі. А таксама распрацоўкі ў сферах біялагічных, гуманітарных навук і мастацтваў, фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, фізіка-тэхнічных навук, хіміі, экалогіі і навук аб Зямлі. Усяго на выставе была прадстаўлена інфармацыя аб больш чым шасцістах распрацоўках беларускіх навукоўцаў.

Уплыў заснаваны на дасягненнях

Ва ўсе часы людзей навукі турбавала пытанне асваення навуковых распрацовак і ўкаранення іх у вытворчасць. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў нашай краіне гэтае пытанне вырашана адназначна каля пяці гадоў таму. Сутнасць у тым, што калі навукоўцы прыдумалі, распрацавалі і асвоілі на практыцы, паказалі, што гэта патрэбны для грамадства, рынку прадукт, а вытворца па нейкіх прычынах не спяшаецца ўкараняць яго, то апошняе слова ў такой спрэчцы будзе за кіраўніком Акадэміі навук.

— За гэты час не было ніводнай скаргі на тое, што не разабраліся з нейкім інавацыйным прадуктам або адкрыццём нашых навукоўцаў. І так будзе заўсёды, — запэўніў Прэзідэнт.

Так, у краіне высока ацэньваюць працу навукоўцаў і іх уплыў у грамадстве.

— Гэта вялікія людзі, таму што складаней і цяжэй працы няма, — адзначаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта не проста разумнейшыя людзі, якія глядзяць на ўсе падзеі, што адбываюцца, з вышыні сваіх глыбінных ведаў. Гэта людзі, якія валодаюць жыццёвай мудрасцю, якія шчыра любяць радзіму, таму што жывуць у служэнні навуцы і народу.

Патэнцыял важна захаваць

На гэтай сустрэчы Прэзідэнтам яшчэ раз было падкрэслена, што ні адно важнае рашэнне ў краіне не прымаецца без удзелу прадстаўнікоў навуковай сферы, менавіта таму ён заўсёды раіцца з навукоўцамі. А пра тое, што навука вызначае будучыню, нагадаў Кіраўнік дзяржавы, не стамляўся гаварыць і наш знакаміты зямляк — лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэс Алфёраў, дзякуючы адкрыццям якога планета ступіла ў лічбавую эру:

— Мы з гэтым чалавекам вельмі шмат размаўлялі, часта спрачаліся. Але мяне заўсёды захапляла, што ён — сусветнае свяціла — усё жыццё заставаўся найвялікшым патрыётам нашай Беларусі.

Паводле міжнародных ацэнак, Беларусь сёння адносіцца да ліку краін з высокім узроўнем навуковага патэнцыялу. Аляксандр Лукашэнка прывёў дадзеныя рэйтынгу «добрых краін» (GOOD COUNTRY ІNDEX 2018), згодна з якім Беларусь займае 54‑е месца сярод 153 дзяржаў.

Хоць, на жаль, былі і іншыя прыклады. Нездарма Прэзідэнт заўважыў:

— Я вельмі цаню, што вы выстаялі ў той складаны пераломны момант, засталіся верныя сваёй сумлення і пакліканню.

Час адказных рашэнняў

Так, беларуская навука прайшла няпросты шлях станаўлення.

— Старэйшае пакаленне можа расказаць, якім выпрабаваннем пасля доўгіх гадоў росквіту сталі 1990‑я. Тут нямала тых, хто перажыў гэты складаны час, — нагадаў прысутным Аляксандр Лукашэнка.

У няпросты час не было грошай на абсталяванне, на заробкі. Колькасць навукова-тэхнічных работнікаў скарацілася больш чым у тры разы. Многія навукоўцы памянялі прафесію ці з’ехалі за мяжу, многія стаялі на рынках. Выказваліся ўпадніцкія ідэі:

— Казалі аб тым, ці патрэбна невялікай незалежнай краіне свая Акадэмія навук. Ці, можа, прасцей усё разбурыць, распрадаць напрацоўкі, будынкі, фонды — прэтэндэнтаў было шмат. А затым, калі разбагацеем, купляць патрэбныя тэхналогіі і тавары за межамі краіны.

Прэзідэнт прызнаўся: рашэнне аб развіцці беларускай навукі стала для яго сур’ёзным выклікам. У той час было нямала лабістаў, якія лічылі, што Акадэмія навук павінна была быць «грамадскім клубам». Аднак у краіне ўсё ж вырашылі адрадзіць навуковую галіну, у далейшым прыйшлі яшчэ да адной высновы: неабходна ствараць сувязь паміж вытворчасцю і навукай. Рушыла ўслед рашэнне: навукоўцы займаюцца распрацоўкай, даследаваннямі і выпрабаваннямі, а Прэзідэнт дапаможа з укараненнем, калі прадукцыя будзе запатрабаванай на рынку. Так, па сутнасці, і выйшла, калі пытанне рашэння аб укараненні было па прамым распараджэнні Кіраўніка дзяржавы перададзена ў кампетэнцыю кіраўніка НАН.

Яшчэ ёсць рэзервы

Сёння беларуская навука развіваецца стабільна. Але і падтрымкі не пазбаўленая. Аляксандр Лукашэнка запэўніў:

— Яна будзе з майго боку забяспечана, як і з боку ўсіх органаў улады і Урада… Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ўдалося не толькі захаваць дзеяздольнае ядро даследчых калектываў і важнейшыя навуковыя школы, але і пачаць пісаць найноўшую гісторыю беларускай навукі.

Акадэмія актыўна развівае экспарт сваіх распрацовак. Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў:

— Гэта была жорсткая лінія з майго боку і маё патрабаванне да кіраўніцтва Акадэміі навук. Вы, напэўна, заўважылі: любая мая паездка за межы краіны — побач са мной навуковец. Такім чынам, навука зарабляла для краіны, для вытворчасці, і зараблялі самі навукоўцы. Гэты шлях і гэты кірунак будзе адным з прыярытэтаў у будучай пяцігодцы.

Да месца ўдакладненне аб тым, што больш за трэць айчыннага экспарту сёння складае навукаёмістая і высокатэхналагічная прадукцыя. Летась сваім інтэлектам краіна зарабіла амаль 15 млрд даляраў. Прэзідэнт перакананы:

— Калі б мы да гэтых яркіх інавацыйных распрацовак дадалі трошкі якасці ў вытворчасці, мы б не проста павысілі сваю канкурэнтаздольнасць на рынках — мы былі б лідэрамі.

Місія навукі — служыць людзям

Космас, атам, біятэхналогіі… Беларускія навукоўцы сёння ўпэўнена сябе адчуваюць у сферах, пра якія яшчэ чвэрць стагоддзя таму і марыць не маглі. Яны стварылі ўласную даследчую станцыю ў Антарктыдзе, працуюць на Вялікім адронным калайдары. Невялікая па тэрыторыі краіна нароўні з гігантамі ўвайшла ў лік касмічных дзяржаў і правяла Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў. Кіраўнік дзяржавы параўнаў:

— Дадзеныя прыклады, вядома, падобны спорту высокіх дасягненняў. Яны, безумоўна, патрэбныя і важныя. Але сапраўдная навука павінна перш за ўсё служыць людзям і паляпшаць якасць іх жыцця.

Нездарма цэніцца паспяховая праца навукоўцаў у аграрным кірунку, харчовай прамысловасці. На слыху дасягненні беларускіх медыкаў. Дзякуючы ўласным канструктарскім бюро і ўзаемадзеянню з навукоўцамі з’яўляюцца яркія навінкі на брэндавых МТЗ, МАЗе, БЕЛАЗе.

— Усе гэтыя дасягненні красамоўна сведчаць аб тым, што абраная дзяржавай стратэгія комплекснай сістэмнай падтрымкі навукі была дакладнай. Так будзе і далей. У нашай краіны, не самай багатай прыроднымі рэсурсамі, няма іншага выйсця, як рабіць стаўку на інтэлект.

Задача нумар адзін

Прэзідэнт прапанаваў разам падумаць, як зрабіць навуковы шлях больш прывабным для маладых людзей. Хоць і сёння створана нямала:

— У нас паспяхова працуе праграма «Універсітэт 3.0». У мэтах развіцця інавацыйнага прадпрымальніцтва функцыянуюць тэхнапаркі. Для падрыхтоўкі кадраў ва ўмовах рэальнай вытворчасці ствараюцца галіновыя лабараторыі ў прамысловых холдынгах і на прадпрыемствах. Гэтую практыку трэба працягваць.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што дзяржава штогод выдзяляе па 100 стыпендый Прэзідэнта аспірантам і таленавітым маладым навукоўцам, прызначаюцца гранты калектывам:

— Трэба — будзе больш. Але толькі за вынік.

Аднак, як падкрэсліў Прэзідэнт, не менш фінансавага стымулявання важны інстытут настаўніцтва:

— Я заўсёды казаў навукоўцам: вы толькі тады станеце вялікімі, калі пасля сябе пакінеце калі не школу, то дзясятак такіх, як вы. Якія працягнуць тое, што вы пачалі.

Ну і трэба трымаць вуха востра. «Паляўнічыя за галовамі» за мяжой не дрэмлюць. Гэта неабходна ўлічваць для захавання інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў:

— Многія краіны, арыентаваныя на тэхналагічнае лідарства, маюць падрыхтаваных спецыялістаў, якія выглядваюць на міжнародных алімпіядах і спаборніцтвах таленавітых юных матэматыкаў, хімікаў, праграмістаў.

На думку Кіраўніка дзяржавы, калі малады чалавек з’ездзіў, павучыўся і вярнуўся на радзіму, прывёз новы багаж ведаў, гэта будзе вітацца.

Наперадзе шмат працы

Ключавой задачай будучай пяцігодкі Аляксандр Лукашэнка назваў развіццё рэгіёнаў. Значыць, у абласных і раённых гарадах павінны быць створаны добрыя ўмовы для працы навукоўцаў. Для падтрымкі навукі зроблена ўжо шмат: удасканалены ўмовы аплаты працы работнікаў бюджэтных навуковых арганізацый, павышаны памеры стыпендый аспірантаў і дактарантаў, устаноўлены даплаты да пенсій для тых, хто мае навуковую ступень.

— Мы будзем рухацца ў гэтым кірунку, наколькі дазволіць нам эканоміка, — запэўніў Прэзідэнт.

Прыярытэты навуковай працы будуць адлюстраваны ў рашэнні Усебеларускага народнага сходу. Прэзідэнт дае наказ навукоўцам:

— Чакаем ад вас прарыўных распрацовак і новых рашэнняў у розных галінах. Навука павінна задаваць трэнды будучыні. Ствараць і рухаць наперад новыя кропкі росту для ўсёй эканомікі.

Прэзідэнт прапанаваў навукоўцам актыўна ўключыцца ў працу над новай пяцігадовай праграмай для Беларусі, якая будзе абвешчана менавіта на Усебеларускім народным сходзе:

— Я вельмі хачу, каб вы не проста падключыліся да распрацоўкі новай пяцігадовай праграмы і прагнозу развіцця нашай дзяржавы. Я хацеў бы, каб прапановы нашых навукоўцаў сталі падмуркам гэтай праграмы. Каб яна была рэальнай і выканальнай.

Права самім вырашаць свой лёс

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сярод навуковых прыярытэтаў выдзелена забеспячэнне бяспекі дзяржавы, у тым ліку і гуманітарнай. На навукоўцаў тут асаблівая надзея:

— Без перабольшання, скажу: вы мозг нашай нацыі. Памятаеце, што навукоўцы-гуманітарыі сваімі даследаваннямі і напрацоўкамі павінны кансалідаваць беларускае грамадства. Кожны з нас павінен усведамляць, якой працай беларускі народ атрымаў сваю дзяржаўнасць і права самому вырашаць лёс. Нельга гэта страціць.

Прэзідэнт патрабуе, каб грамадазнаўчыя дысцыпліны выключылі нават гіпатэтычную магчымасць падвойных стандартаў пры ацэнцы гістарычных падзей, паставілі трывалы заслон падтасоўцы або скажэнню фактаў, на якіх грунтуюцца традыцыйныя каштоўнасці:

— Ніхто, акрамя нас, не зацікаўлены ў тым, каб мы былі моцнай, суверэннай і незалежнай краінай. Краінай, дзе шануюць мінулае, цэняць сучаснасць і ўпэўненыя ў будучыні, таму што абапіраюцца на патрыятызм і айчынныя навуковыя школы.

Асноўны прынцып — ісці наперад

З навукоўцамі абмяркоўваліся многія актуальныя пытанні. У тым ліку роля дзяржавы ў развіцці эканомікі. З улікам таго, што нават самыя ліберальныя краіны звяртаюцца да прылад адміністрацыйнага рэгулявання. Кажучы аб прыярытэтах на цяперашнім этапе, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў:

— Эканамічная бяспека — гэта галоўная задача эканомікі.

Што тычыцца асноўных напрамкаў развіцця, то яны вызначаны даўно і ўсім вядомыя. Таму абмеркаванне гэтай тэмы Аляксандр Лукашэнка прапанаваў перавесці ў плоскасць рэформаў. Сваё бачанне Прэзідэнт акрэсліў наступным чынам:

— Пры цяперашняй уладзе і захаванні цяперашняга Прэзідэнта мы будзем сваім шляхам, як ішлі чвэрць стагоддзя, рэфармаваць нашу эканоміку.

Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што з самага пачатку свайго прэзідэнцтва ён праводзіць выразную і ясную палітыку: нічога не ламаючы, развіваць тое, што маем. Стоячы, як ён выказаўся, на плячах гігантаў, якія дасталіся ад СССР:

— У нас ёсць і МАЗ, і БЕЛАЗ, і сельская гаспадарка, якая развіваецца.

Але і стварэнне новых вытворчасцяў, зразумела, вельмі важна. І выключна высокатэхналагічных, заўтрашняга дня. У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю, якая ствараецца пры яго непасрэдным патранажы і дзякуючы даверлівым адносінам Беларусі з КНР. Падобныя тэхналогіі да нядаўняга часу мелі толькі тры краіны ў свеце. Беларусь стане чацвёртай у гэтым клубе.

Яшчэ адзін яркі прыклад — электратранспарт. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што 10 гадоў таму, калі ён настойліва рэкамендаваў развіваць гэты кірунак, хтосьці ідэю ўспрыняў скептычна. А зараз многія дзяржавы ставяць канкрэтныя тэрміны, калі адмовяцца ад рухавікоў унутранага згарання.

Аляксандр Лукашэнка падсумаваў:

— Абапіраючыся на тое, што ў нас ёсць, давайце ад гэтага адштурхоўвацца і ісці наперад. Дакладна так ва ўсёй эканоміцы. Гэта будзе асноўны прынцып.

Інстытуту эканомікі НАН Прэзідэнт прапанаваў актыўна ўключыцца ў гэтую працу.

Попыт на смелыя рашэнні

Адно з апошніх дасягненняў — засваенне мірнага атама. Што, як вядома, стала адной з прычын ціску на краіну. Але, падкрэсліў Прэзідэнт, атамная станцыя — гэта не толькі танная энергія. Гэта бяспека. Кіраўнік дзяржавы перакананы:

— Атамная электрастанцыя — гэта прарыў, частка нашай незалежнасці.

Наяўнасць уласнай атамнай станцыі дазволіць краіне не закупляць 4–5 мільярдаў кубаметраў газу. Стаўка ў рэспубліцы будзе зроблена на электрычнасць: ад выкарыстання ў побыце да развіцця электратранспарту і розных тэхналогій у прамысловасці. Для гэтага прымаюцца і стымулюючыя меры. Кіраўнік дзяржавы таксама папрасіў навукоўцаў актыўна прапаноўваць ідэі па развіцці атамнай энергетыкі:

— Трэба смялей ісці. Прапануйце рашэнні. Рашэнні на будучыню, якія забяспечаць наш суверэнітэт і незалежнасць. У нас сапраўды бліскучыя навукоўцы, якія могуць цуды тварыць…

Прэзідэнт падкрэсліў:

— Мы гэтую атамную станцыю стваралі перш за ўсё для людзей, для народа. Для таго, каб было лепш, зручней. А я, Прэзідэнт, хачу, каб народ з часам ацаніў гэтую будоўлю, наш чарнобыльскі народ. Няпроста мне было прымаць рашэнне па будаўніцтву атамнай станцыі. У адзіночку ішоў. Сёння многія ўжо згодныя: правільна, што мы пабудавалі.

Задачы для сучаснасці

У дыскусіі была паднятая тэма аб тым, што некаторыя людзі, асабліва маладое пакаленне, слаба арыентуюцца ў гістарычных каштоўнасцях беларускага народа. Адсюль і далёка не заўсёды канструктыўныя дыскусіі вакол бел-чырвона-белага сцяга. Прэзідэнт разважае на гэтую тэму так:

— Сцяг ні ў чым не вінаваты, што ў яго такія колеры. Але куды дзенешся, што яго выкарыстоўвалі самыя агідныя людзі, якія прыйшлі да нас з вайной на нашу тэрыторыю, — фашысты.

У краіне вельмі шмат жывых сведак той вайны, якія памятаюць, якія зверствы чынілі пад гэтым сцягам. І тым не менш яго на ўсю моц выкарыстоўваюць на вулічных акцыях.

— Мы вельмі дрэнна працавалі ў школе. А яшчэ горш працавалі ў ВНУ, — пазначыў вытокі праблемы Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што выдатную краіну, якую стварылі, не павінны страціць:

— Гэта наша задача — ідэолагаў, гісторыкаў і іншых. І калі вы бачыце, што нам трэба дзесьці (не дзеля новых гадзін для выкладчыкаў, яшчэ чагосьці) прайсціся па гуманітарных дысцыплінах і чагосьці дадаць, вы абгрунтавана скажыце, і мы прымем рашэнне.

…Развітваючыся з навукоўцамі, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што гатовы прыязджаць часцей, сустракацца ў больш вузкім коле. Бо прадстаўнікі навукі заўсёды належалі да той катэгорыі людзей, якія фарміруюць грамадскую думку. А будуць вынікі на навуковай ніве, падтрымка дзяржавы не прымусіць сябе чакаць:

— Нават у гэты складаны перыяд мы знойдзем, як падтрымаць вялікія дасягненні і вынаходніцтвы. Для вялікага мы заўсёды знойдзем грошы.

Красамоўныя факты

Уладзімір Гусакоў, старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук:

— Сёння Акадэмія навук не толькі выконвае комплекс прыярытэтных фундаментальных даследаванняў і прыкладных распрацовак, але і забяспечвае іх укараненне ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі і ўяўляе сабой буйную навукова-вытворчую карпарацыю. У яе складзе створана і функцыянуе ўжо больш за 100 уласных вытворчасцяў рознай памернасці — ад лабараторных да юрыдычных асоб па розных сферах дзейнасці.

Каэфіцыент эфектыўнасці навукова-тэхнічных праграм, дзяржаўным заказчыкам якіх з’яўляецца НАН, па выніках мінулага года склаў 43,7 — гэта суадносіны кошту рэалізаванай прадукцыі да аб’ёму затрачаных сродкаў. Інакш кажучы, на кожны рубель, укладзены ў навуку, выпускаецца прадукцыі ў шмат разоў больш.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін:

— Калі ў мінулай пяцігодцы доля беларускіх распрацовак у дзяржпраграме інавацыйнага развіцця была 10 працэнтаў, то ў бягучай — ужо 36 працэнтаў, а ў наступнай пяцігодцы ставім задачу давесці гэты паказчык да 50 працэнтаў. На кожны бюджэтны рубель, патрачаны на распрацоўкі, рэалізавана навукова-тэхнічнай прадукцыі на суму больш за 16 рублёў. Аб’ём экспарту навукаёмістай прадукцыі дасягнуў у 2019 годзе 15 млрд долараў і павялічыўся ў 1,5 разы да 2015 года. Аб’ём навукаёмістай прадукцыі і тэхналогій, створаных у рамках дзяржпраграм, у бягучай пяцігодцы перавысіў 12 млрд рублёў. Яны пастаўляюцца ў такія краіны, як Кітай, Паўднёвая Карэя, Расія, ЗША, Японія, Германія, Ізраіль і іншыя. У краіне створана 17 тэхнапаркаў, якія за мінулы год забяспечылі выпуск інавацыйнай прадукцыі амаль на 149 мільёнаў рублёў, што ў 4,4 разы вышэй за ўзровень 2015 года.

Васіль Ціхаміраў

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.