Вы тут

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi


Як гэта — быць дачкой аднаго з самых знакамiтых музыкантаў Савецкага Саюза? Як складвалася яго сямейнае жыццё? Як развод Лiдзii Кармальскай i Уладзiмiра Мулявiна паўплываў на лёсы iншых людзей? Пра гэта i многае iншае расказала старэйшая дачка народнага артыста СССР, заснавальнiка ансамбля «Песняры» Уладзiмiра Мулявiна Марына. Сама яна ўжо 41 год жыве ў шчаслiвым шлюбе.


Вя­лi­кая сям'я. Ніжні рад: Алег Гу­тар (муж сяст­ры), унук Мi­ша, Воль­га i яе дач­ка Ксе­нiя, са­ба­ка Пе­рац, Ма­ры­на i Ана­толь, верх­нi рад: ста­рэй­шы сын Па­вел, хрос­ны ўну­ка Глеб, сын Iван i яго жон­ка Ган­на.

— Лiдзiя Кармальская i Уладзiмiр Мулявiн актыўна гастралявалi, часта пакiдалi вас на бабулю. Напэўна, сумавалi па маме i тату?

— Вядома, сумавала. Але калi яны прыязджалi, проста млела ад шчасця. У СССР гастролi доўжылiся месяцамi, часам яны прыязджалi, каб толькi ўзяць вопратку па сезоне. I ўсё роўна няхай рэдка бачылiся, я ведала, адчувала, як яны мяне любяць. Калi з'язджалi, пакiдалi мяне на бабулю па лiнii мамы — гэта таксама вельмi значны чалавек у маiм жыццi. Менавiта бабуляй закладзены шматлiкiя сямейныя традыцыi: мы да гэтага часу лепiм пельменi, ладзiм агульныя абеды ў выхадныя.

— Цiкава, а цi можна было ў часы вашага дзяцiнства спакойна прайсцiся па вулiцы побач з Уладзiмiрам Мулявiным? Напэўна, ад прыхiльнiкаў праходу не было.

— Вырвацца кудысьцi з бацькамi было цяжка, але не з-за прыхiльнiкаў, а з-за занятасцi. Але з татам часта бывалi ў цырку — у яго там былi свае справы з музыкантамi аркестра, а я сядзела побач з iмi i глядзела прадстаўленне. На вулiцы, вядома, на яго ўвагу звярталi, але прыхiльнiкi паводзiлi сябе стрымана — бачылi, што ён з дзiцем.

— На нашы часы сказалi б, што вы — прадстаўнiк «залатой моладзi». А тады гэта адчувалася?

— Бацькi, асаблiва тата, мяне песцiлi. З гастроляў прывозiлi вельмi прыгожыя рэчы. Цяпер смешна пра гэта казаць, але так, я была «крутой» дзяўчынкай — лёгка частавала аднакласнiкаў жвачкай. Вядома, сваё кола зносiн было, у нейкай меры яно фарміравалася сям'ёй — дзецi сяброў бацькоў, аднакласнiкi. Я шчаслiвы чалавек — мае сяброўкi засталiся з дзяцiнства.

Вокладка кнігі.

— Цi былi нейкiя прадвеснiкi разводу бацькоў?

— Абсалютна нiякiх. Тым больш гэта адбылося адразу пасля нараджэння Валодзi-малодшага, а тата так марыў пра сына. Для мяне проста патухла святло, калi бацькi разышлiся. Я — татава дачка. Тады i моцна схуднела, i прытомнасць страчвала. Ужо потым, калi стала дарослай, мы шмат гаварылi з татам на розныя тэмы. У тым лiку аб разводах. Другi яго шлюб быў жа зусiм нядоўгi. Тата не быў адналюбам. I разам з тым ён вельмi сумленны. Вось як некаторыя жывуць? Ёсць сям'я, i паралельна ёсць раманы. А тата — не: закахаўся — ажэнiцца. Неяк ён сказаў, што ад такiх, як мая мама, не сыходзяць... Але гэта разуменне з'явiлася потым, а калi разводзiўся, можа, нават яму хацелася здзейснiць нейкi дарослы ўчынак? Па жыццi мой тата — дзiця па натуры, як кiраўнiк «Песняроў» — зусiм iншы чалавек. Да гэтага часу думаю, што той развод змянiў жыццё не толькi нашай сям'i: вакол стала шмат няшчасных людзей, ды i ў «Песняроў» з'явiлася некалькi саставаў. Мама ж таксама паспрыяла поспеху калектыву, а музыканты называлi яе Мацi.

— Сяброўка вашай мамы, спявачка Нэлi Багуслаўская, расказала мне, што лекары забаранялi Лiдзii нараджаць другое дзiця. Вось думаю: гэта ж якая павiнна быць моц кахання, каб рызыкнуць сваiм здароўем, а то i жыццём, каб спраўдзiць мару мужа, — нарадзiць сына?!

— Гэта была неверагодная моц. Ведаеце, i пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi. Не магу сказаць, што тата нас кiнуў. Хоць часцей мы яго, вядома, бачылi па тэлевiзары. Зараз у Мiнску я жыву ў кватэры бацькоў. Пасля разводу тата пабудаваў два кааператыва — па адным у кожным новым шлюбе, але неяк пры гэтым заставаўся прапiсаным на вулiцы Сурганава. Ён выпiсаўся адтуль лiтаральна за два-тры гады да смерцi. У бальніцу пасля аварыi ён трапiў, калi мы рабiлi рамонт. Тады была ўпэўненая, што тата выжыве, але прадугледжвала, што перасоўвацца будзе ўсё-ткi ў вазку, таму ўвесь рамонт быў з разлiкам на тое, каб яму было зручна. А ён казаў: «Выпiшуся, прыеду дадому, пагляджу, што ты там нарабiла».

— Марына, па сутнасцi, вы гадавалi свайго малодшага брата Валодзю.

 Лi­дзiя Кар­маль­ская з дзець­мi Ма­ры­най i Ва­ло­дзем.

— Так, я заўсёды кажу, што ён — маё першае дзiця. Мама працавала, таму няньчыла брата я, так склалася, што ўсе хатнiя справы — прыбраць, прыгатаваць — былi на мне з 12 гадоў. Валодзя — i самы вялiкi мой боль з-за таго, што так трагiчна склаўся яго лёс. Вова быў таленавiтым музыкантам, тата сам прызнаваўся, што сын яго перайграў яшчэ падчас навучання ў спецыяльнай музычнай школе пры кансерваторыi. Але бацька нiяк не дапамагаў яму ў кар'еры. Не ведаю, чаму. Можа, музыкальная рэўнасць, можа, пачуццё вiны, што адразу пасля яго нараджэння сышоў з сям'i...

— Гэта значыць, юнацтва ў вас была не як ва ўсiх — без дыскатэк i iншых забаў?

— Не, што вы. Не так усё беспрасветна. I сяброўкi былi, i дыскатэкi — напэўна, толькi больш дазiравана, чым у iншых. Прыхiльнiкi таксама былi. Першы раз мне зрабiлi прапанову ў 17 гадоў. Я адмовiлася, таму што не было пачуццяў да гэтага чалавека.

— А са сваiм мужам як пазнаёмiлiся?

— Цалкам выпадкова. Разам з сяброўкай заехалi да яе знаёмага аддаць доўг, а ў яго дома быў прыяцель. Так мы пазнаёмiлiся. Мне вельмi падабаецца акцёр Вiталь Саломiн, i калi ў Толi на твары я ўбачыла «саломiнскую» радзiмку, проста растала. Мы пачалi сустракацца.

— Як прайшло знаёмства бацькоў з вашым жанiхом?

— Мама адразу яго прыняла, а вось тата быў незадаволены, што падчас вяселля я ўжо была цяжарная. Але потым убачыў, што ў нас усё добра складваецца, таксама памякчэў.

Выступае Лідзія Кармальская.

— Ваш муж мае прафесiйнае стаўленне да музыкi?

— Ён iнжынер. У свой час вучыўся ў музычнай школе па класе баяна. А потым яго iнструмент падарылi «Песнярам» для выканання «Вологды».

— Памiж вашымi сынамi рознiца 10 гадоў. Так атрымалася, цi вы планавалi другое дзiця?

— Мы заўсёды хацелi дваiх дзяцей. I да нараджэння малодшага сур'ёзна рыхтавалiся, муж нават кiнуў курыць. Мне наогул падабаецца такая рознiца ва ўзросце дзяцей, таму што бацькоўства ў 20 гадоў i ў 30 — гэта зусiм розны вопыт.

— А як хлапчукi сябе паводзiлi? Сябравалi або сапернiчалi?

— Малодшы пастаянна правакаваў канфлiкты. I гэта, напэўна, натуральна. Самае галоўнае, якiмi яны выраслi. Зараз, калi iм 40 i 30 гадоў, браты кожную ранiцу стэлефаноўваюцца. Яны вельмi хораша сябруюць. Заўсёды старалася выхаваць у iх пачуццё сям'i, нават клана, таму што гэта выдатна, калi ёсць вялiкая дружная сям'я. Мая мама заўсёды казала: нiчога не трымайце ў сабе, усё прагаворвайце. Вось i я гэтаму вучу дзяцей, унукаў. У нас прынята дзялiцца планамi, перажываннямi, сумненнямi. Гэта вельмi важна, калi ёсць каму расказаць пра тое, што хвалюе, i ведаць, што цябе пачуюць i падтрымаюць.

— Ва Уладзiмiра Георгiевiча ад трох шлюбаў чацвёра дзяцей: вы i Валодзя-малодшы ад Лiдзii Кармальскай, Вольга — ад шлюбу са Святланай Слiзскай, Валерый — ад шлюбу са Святланай Пенкiнай. Гэта таксама сям'я? Вы маеце зносiны?

Вя­сел­ле Ма­ры­ны i Ана­то­ля.

— На шчасце, у нашай сям'i не было такога, каб мама забараняла мець зносiны з дзецьмi ад iншых шлюбаў таты. Маленькага Валеру мы дапамагалi гадаваць — нам часта яго пакiдалi, тым больш што жылi мы з татам па суседстве.

З Вольгай i яе сям'ёй мы сябруем. Нашы дзецi адзiн у аднаго хросныя. Валера, можа, таму што самы малады сярод нас, трымаецца трошкi адасоблена. На мой погляд, як бы нi склалася жыццё бацькоў, на зносiнах дзяцей гэта не павiнна адбiвацца. Таму мы павiнны сябраваць, разам трымацца, разам прымаць нейкiя рашэннi, якiя датычацца памяцi таты.

— Кажуць, што дзецi паўтараюць лёс бацькоў. У вас моцная сям'я, якой ужо...

— 41 год. Думаю, што мая сям'я — гэта праца над памылкамi бацькоў. Нашы сыны жартуюць: вы да гэтага часу ходзiце, узяўшыся за рукi. Нават калi я ладжу дзявочнiк з сяброўкамi, яны просяць: няхай i Толя будзе з намi. Гэта значыць, ён i муж, i сябар. Вядома, праз 40 гадоў няма таго запалу, якi быў у маладосцi. Зараз iншае: узаемная цiкавасць, павага. Вось ён ходзiць па садзе на нашым хутары, збiрае яблыкi, я гляджу з акенца i проста любуюся iм, думаю, як добра, што ён побач.

Лідзія Кармальская.

— Цi задаволены вы сваiмi нявесткамi?

— Вядома! Добрыя дзяўчынкi, любяць нашых сыноў — пра што яшчэ можна марыць? Праўда, калi «ўручала» iх нявесткам, прасiла: не папсуйце хлопцаў. Яны ў нас умеюць усё: гатаваць, прыбiраць, прасаваць кашулi.

— А ў вашай сям'i было размеркаванне абавязкаў? Напрыклад, жонка мые посуд, смецце выносiць муж...

— Асноўная хатняя нагрузка была на мне, але ўсе мужчыны лёгка маглi падмянiць, тым больш — дапамагчы. Так склалася, што па крамах у асноўным ездзiць Толя, я люблю рабiць пакупкi на Камароўцы. Побыт нiколi не быў нейкай невырашальная праблемай.

Лідзія Кармальская, Уладзімір Мулявін і Ізмаіл Капланаў.

— Як распараджаецеся фiнансамi?

— Гэта яшчэ з сям'i бацькоў пайшло. У iх была скарбонка, у якой захоўвалi грошы. Асобна тата збiраў на iнструмент. А сямейныя грошы — трэба схадзiць па прадукты — узяў са скрыначкi. Буйныя пакупкi плануюцца загадзя. Мы з мужам зарплаты таксама так складвалi. Зараз ужо наяўныя замянiлi карткi. Але традыцыя разам абмяркоўваць выдаткi захавалася.

— Вы казалi, што наладжваеце «дзень бабулi i дзеда» для ўнукаў. Што гэта такое?

— Гэта калi ўнукаў, у нас iх трое: Лiдачка, Ульяна i Мiша, дзецi прывозяць да нас. Я лiчу, што гэта павiнна быць не толькi тады, калi бацькам трэба кудысьцi па справах, але i проста, каб яны маглi пабыць удвух, крышку адпачыць, вальней сябе адчуць.

— Марына, раскажыце, як з'явiлася iдэя напiсаць кнiгу пра вашых бацькоў?

Ула­дзi­мiр Му­ля­вiн з жон­кай Лi­дзi­яй i дач­кой Ма­ры­най.

— Калi не стала таты, расiйскае выдавецтва практычна адразу прапанавала мне апублiкаваць iх лiсты з невялiкiмi каментарыямi. Ведаеце, я не была гатовая ўсё гэта вынесцi на публiку. Мне здавалася, што такiм чынам я «аддам» сваю сям'ю ўсiм. Усур'ёз пра кнiгу я пачала думаць, калi нарадзiўся першы ўнук. Мне хацелася, каб ён ведаў гiсторыю сям'i. Доўга выношвала гэтую думку, а потым звярнулася да сваёй сяброўкi — музыказнаўцы Вольгi Брылон, каб яна мне дапамагла. Вольга пачала рабiць запыты, працаваць у архiвах, i мы зразумелi, што да сямейнай гiсторыi дадаецца i прафесiйная. Так у нас у суаўтарстве атрымалася кнiга «Уладзiмiр Мулявiн i Лiдзiя Кармальская. Недасказанае...» Яна пра маiх бацькоў i, як мне здаецца, пра самы паспяховы перыяд «Песняроў».

— Вядома, што будзе здымацца мiнi-серыял аб вашым бацьку...

— У Расii ўжо ёсць двухсерыйны дакументальны фiльм пра «Песняроў», але ён пакуль не агучаны. Планавалi зрабiць да 50-годдзя ансамбля, але цяпер, думаю, хоць бы паспелi да 80-годдзя таты. Што да беларускага серыяла, тут сабралася вельмi добрая каманда, i я ўпэўненая, што атрымаецца годная работа.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабiстага архiва Марыны Мулявiнай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?