28 кастрычніка, серада

Вы тут

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?


У гэтым праекце мы пазнаёмім вас з бяздзетнымi парамi, якiя хацелі, але праз стан свайго здароўя не маглі мець дзяцей. Гэта будуць тры гiсторыi, якiя дапамогуць людзям у аналагiчнай сiтуацыi правiльна ацанiць свае магчымасцi, справiцца са сваiмi страхамi i атрымаць неабходную iнфармацыю, што датычыцца ўсынаўлення, ЭКА i сурагатнага мацярынства ў нашай краiне.

Першая гiсторыя пра сям'ю, якая амаль трыццаць гадоў таму ўдачарыла дзяўчынку. Мацi Вольга Мiкалаеўна КАХНЮК i прыёмная дачка Ала прыгадалi час адаптацыi маленькай Алы да сям'i i расказалi пра тое, як справiлiся з прадузятасцю грамадства i сталi родныя адна адной.


Перад Вялiкаднем

Першакласніца Ала.

Наогул Вольга хацела хлопчыка. Яна — жанчына з характарам, таму не ўяўляла сябе мацi дзяўчынкi. Працавала таваразнаўцам у адной краме, якая, як тады было прынята, узяла шэфства над дзiцячым домам. Работнiкi крамы ставiлiся да гэтай мiсii адказна, не толькi збiралi грошы на падарункi дзецям пад Новы год, але i наведвалi iх. I вось аднойчы перад Вялiкаднем наведаць дзяцей адважылася i сама Вольга. Паехала ў дзiцячы дом са сваёй калегай, якая часам брала некаторых дзяцей да сябе на выхадныя.

— Нiкога я не збiралася браць, — успамiнае Вольга Мiкалаеўна. — У мяне яшчэ не было сваiх дзяцей, але я тады не сумнявалася, што яны з'явяцца, бо ў той час ужо спрабавала разам з урачамi разабрацца, у чым праблема нашай бяздзетнасцi. Прыехалi на месца, а там нас сустрэла дырэктар i прапанавала мне ўзяць дзiця на выхадныя. Падумала, што гэта ж не назаўсёды, вазьму кагосьцi з малых за кампанiю з сяброўкай. Тады шасцiгадовай Але прапанавалi паехаць са мной, i яна пагадзiлася. Я яшчэ не ведала, што маё жыццё так цесна перапляцецца з гэтай кволенькай дзяўчынкай.

Сёння таксама можна браць дзяцей-сiрот з устаноў на выхадныя да сябе ў госцi. Гэта такая форма ўдзелу грамадзян у выхаваннi дзяцей-сiрот.

Падрабязней аб гэтым можна даведацца па спасылцы.

Вольга нават не паведамiла пра сваё рашэнне мужу. Проста прывяла дзяўчынку дадому i сказала, што тая прыехала ў госцi. Муж Сцяпан, чалавек па натуры вельмi добры, быў зусiм не супраць.

— Гэта было так даўно... Памятаю, мы пайшлi ў парк i купiлi ёй паветраны шарык, якi хутка лопнуў, i ад таго яна вельмi расстроiлася, плакала наўзрыд!

Выхадныя скончылiся, i Вольга Мiкалаеўна адвезла дзяўчынку назад. На гэтым можна было паставiць кропку, але маленькая Ала так не лiчыла. Наступнымi выхаднымi яна сабрала рэчы, каб зноў паехаць да Вольгi Мiкалаеўны. Пайшла да дырэктара дзiцячага дома i спытала, калi па яе прыедуць. Тая трошкi разгубiлася, але ўсё ж адказала малой, што Вольга Мiкалаеўна — чалавек сур'ёзны i вельмi заняты, таму забраць не зможа, бо з'ехала ў камандзiроўку. Ала панура вярнулася ў групу. Сама ж дырэктар спешна патэлефанавала Вользе Мiкалаеўне i спытала, маўляў, цi мае тая сур'ёзныя намеры ў адносiнах да дзяўчынкi, бо трэба нешта прыдумаць, каб дзiця больш не чакала. Рашэнне было прынята iмгненна. Вольга Мiкалаеўна i сапраўды не змагла паехаць у той дзень у дзiцячы дом i папрасiла з'ездзiць туды свайго мужа i забраць малую.

— Памятаю, прыводзiць Сцёпа яе дадому, а я гляджу на Алу, i так маё сэрца сцiснулася, так шкада стала гэтае дзяўчо..., — успамiнае Вольга Мiкалаеўна. — Падумала, ну i няхай жыве з намi, народзiцца малое, а ў мяне ўжо памочнiца ёсць. Такi вось падарунак нам усiм выйшаў на Вялiкдзень.

Дадому

Сваё дзяцiнства ў дзiцячым доме Ала амаль зусiм не помнiць.

— Я памятаю нейкiя моманты, але яны заўсёды звязаныя з домам. Напрыклад, калi ўжо была ў сям'i, паехала да бабулi, якая жыла ад нас недалёка. Там я засталася нанач. Калi ўжо ляжала ў ложку, пачалася навальнiца. I раптам — яскравы ўспамiн, як я ляжу ў группе з iншымi дзецьмi, а за акном тая ж навальнiца... Гэтыя ўспамiны я тады нiяк не аналiзавала i не пыталася ў мацi, адкуль яны. Я была ўпэўнена, што матуля забрала мяне дадому са звычайнага дзiцячага садка, i ўвогуле не разумела, што я прыёмная. Канешне, гэта прывяло да шоку ўжо пазней.

А для Вольгi Мiкалаеўны самым вялiкiм здзiўленнем было ўбачыць медыцынскую картачку Алы. Якiя там толькi не стаялi дыягназы: i ДЦП, i затрымка развiцця, i шмат чаго яшчэ... Ала за свае шэсць гадоў перанесла незвачыйнае мноства захворванняў. Яна патрапiла ва ўстанову, калi ёй было ўсяго паўтара года. Прагнозы былi несуцяшальныя. Пайшла Ала толькi з трох гадоў i лiчылася дзiцем, якое вельмi часта i цяжка хварэе.

— Медыцынская картачка мяне здзiвiла, але я ўсё ж не бачыла ў гэтым сур'ёзнай праблемы, — расказвае Вольга Мiкалаеўна. — Яе захворваннi не былi прыкметныя. I я вырашыла проста выкiнуць гэтую медыцынскую картачку.

Пасля таго як аформiлi ўдачарэнне, жанчына прывяла дзiця ў палiклiнiку. Урачы агледзелi малую i не знайшлi сур'ёзных адхiленняў, акрамя праблем з вушамi.

— На жаль, хвароба ў дзяўчынкi была настолькi запушчана, што яна вельмi слаба чула. Мы хацелi зрабiць ёй аперацыю, каб выратаваць вушкi, павезлi яе да лепшага прафесара ў Мiнску. Але ён сказаў, што пасля аперацыi ёсць рызыка застацца ўвогуле глухой. I мы не адважылiся.

У хуткiм часе сям'i прапанавалi аддаць дзяўчынку ў iнтэрнат для людзей, якiя слаба чуюць. Але Вольга Мiкалаеўна з мужам адмовiлiся, вырашылi, што справяцца самi. I ў iх атрымалася.

— Усю неабходную iнфармацыю аб дзiцяцi будучыя бацькi атрымлiваюць яшчэ да усынаўлення, — расказвае дырэктар Нацыянальнага цэнтру ўсынаўлення Вольга ГЛIНСКАЯ. — Людзi прымаюць рашэнне аб усынаўленнi толькi пасля таго, як адэкватна ацэняць свае рэсурсы i ў iх няма сумневаў. Гэта вельмi важна, каб не атрымалася так, што дзiця прыехала ў сям’ю, а пасля людзi зразумелi, што не могуць дапамагчы малому i вырашылi вярнуць дзiця ва ўстанову.

Выхаванне

Сама Вольга Мiкалаеўна лiчыць сябе строгай мацi. У тыя часы не праводзiлi курсы перад усынаўленнем, але жанчына выдатна разумела, чаму Ала хавае ежу ў ложку, i яе гэта не раздражняла. Яна спакойна тлумачыла зноў i зноў, што ў яе нiхто нiчога не адбярэ. I з разуменнем ставiлася да таго, што дзяўчынка ўвогуле не ведала, што такое абслугоўваць сябе.

— Алу прыцягвала ўсё, што было небяспечна цi нельга рабiць. Напрыклад, гульня з запалкамi... З-за гэтага муж вельмi хваляваўся за нашу бяспеку, нiякiя размовы з малой не дапамагалi. У вынiку ён проста ўзяў пачак запалак i даў ёй спалiць iх, але толькi пад яго наглядам. Ала была шчаслiвая ад такой магчымасцi. Але неўзабаве пасля пачатку «гульнi» ёй на руку ўпаў падпалены кавалачак запалкi, i яна вельмi спалохалася. Мо тады i ўсвядомiла, што гэта не цацка.

Алу пачалi прывучаць да самастойнасцi. Яна сама хадзiла ў школу, краму i ў палiклiнiку, сама рабiла ўрокi i знаходзiла сабе заняткi ў гуртках па iнтарэсах. Вядома, не адразу ўсё атрымлiвалася. Прыйшлося змянiць тры школы, перш чым Ала стала знаходзiць агульную мову з настаўнiкамi i адчула сябе больш упэўнена на занятках. Вольга Мiкалаеўна няспынна ўнушала дзяўчынцы, што яе жыццё — гэта яе адказнасць i што бацькi не заўсёды будуць побач. Цяпер яна часам думае, што нават перастаралася.

— Памятаю, прынясе Ала цацку якую ў дом, а мяне адразу ў жар кiдае: «Хоць бы толькi не скрала». Цяпер ужо разумею, што часта проста занадта «ўглядалася» ў дзiця. Ала вырасла i стала цудоўнай i разумнай жанчынай. Яна, калi пасля школы паступала першы раз, правалiла экзамены. Але не стала чакаць год, а пайшла працаваць у сталовую пасудамыйкай, каб не сядзець у нас на шыi. Потым усё ж паступiла ў iнстытут i атрымала вышэйшую адукацыю... Мне здаецца, што яна сама па сабе такая самастойная, i ў гэтым няма нiякай маёй заслугi.

Праўда, сама Ала так не лiчыць. Яна ўпэўнена, што менавiта мацi ўклала ў яе гэту якасць.

Стаўленне навакольных

— Пра нас часта казалi непрыемныя рэчы за вочы. Асаблiва калi стала зразумела, што ў мяне не будзе сваiх дзяцей. Урачы так i не змаглi мне растлумачыць, чаму ў нас не атрымалася... Для сябе я зразумела, што не ўсё залежыць ад дактароў. Рэакцыя сваякоў на наша рашэнне прыняць Алу мяне спачатку абражала. Але ў хуткасцi перастала хваляваць.

Вольгу Мiкалаеўну падтрымлiвалi яе блiзкiя сябры, i ёй гэтага было дастаткова. Тыя, каго запрашалi ў дом, звычайна ставiлiся да Алы з цеплынёй. У дзяўчынкi былi найлепшыя цацкi i самае моднае адзенне, якая магла быць у тыя часы... Але калi аднойчы разам з Алай да бабулi прыехалi iншыя сваякi i iх дзецi не сталi з ёй гуляць, бо яна «не родная», Ала шчыра здзiвiлася.

— Памятаю, як я разглядала свае рукi, ногi, твар у люстэрку i не магла зразумець, чым жа я адрознiваюся ад iншых дзяцей i чаму яны не хочуць са мной сябраваць, — успамiнае Ала. — Я не разумела, што такое дзiцячы дом i чаму мая мацi быццам бы не мая.

У вынiку дзяўчынка прыняла рашэнне спытаць пра гэта ў мамы i атрымала праўдзiвы адказ...

Ала памятае звон у вушах ад навiны. У яе галаве нiбыта склаўся нейкi пазл. Прыйсцi ў сябе дапамагла мацi, якая сказала, што яна iх дачка назаўсёды. Гэта ёй тады дапамагло.

«Дзiця абавязкова павiнна ведаць праўду аб сваiм паходжаннi, — лiчыць дырэктар цэнра псiхалагiчнай падтрымкi ўсынавiцеляў «Родныя людзi», псiхолаг Вольга ГАЛАЎНЁВА. — Ведаць гiсторыю свайго роду, прычым не вычышчаную i выбеленую, а рэальную, гэта значыць мець шанц пераасэнсаваць яе, зрабiць высновы i пазбегнуць памылак сваiх продкаў. Веданне аб сваiм паходжаннi — умова самавызначэння дзiцяцi як асобы. Другi аспект — няпраўда. Хлусня аб паходжаннi ў мэтах „дабра“ раз’ядае давер. А без даверу жыць побач невыносна».

Дзяўчына яшчэ не раз потым у сваiм жыццi чула непрыемнае ў свой адрас. Яе спынялi мiнакi ў роднай весцы таты i ўпэўнiвалiся, цi ведае яна аб сваiм паходжаннi. Ала старалася спакойна адказваць такiм людзям, хоць i сёння не разумее матываў тых «добразычлiўцаў». Нават першае каханне падлетка было сапсавана гiсторыяй аб сiроцтве. Мацi каханага Алы вельмi перажывала, што падумаюць людзi... Жанчына да гэтага часу з горыччу згадвае тыя моманты.

Падрабязней пра ўсынаўленне і дапамогу для ўсынавіцеляў можна даведацца на сайтах nacedu.by і rodnye.by. Інфаграфіка Аляксандра АСІПЕНКІ

На жаль, да сiрот у нашай краiне ставяцца, па словах выдатнага расiйскага псiхолага Людмiлы Петраноўскай, як да «няшчасных сiротак» цi «злачынцаў па вызначэннi». Дырэктар цэнтра псiхалагiчнай падтрымкi ўсынавiцеляў «Родныя людзi», псiхолаг Вольга Галаўнёва лiчыць, што беларусам яшчэ доўга прыйдзецца працаваць над прыняццем i разуменнем тых, хто чымсцi адрознiваецца ад астатнiх, хоць ужо зроблены нейкiя крокi ў гэты бок. Сама ж Ала нават сёння стараецца нiкому не гаварыць аб сваiм паходжаннi. Яна не саромеецца, але не хоча сутыкацца з прадузятым стаўленнем да сябе i сваёй сям'i. Тым часам Вольга Мiкалаеўна лiчыць сябе шчаслiвым чалавекам.

— Я нiколi не шкадавала, што ўзяла Алу, — гаворыць яна. — Мая дачка прынесла мне шмат радасцi i перажыванняў, звычайных для любой жанчыны... Я бачу, якая мая Ала цудоўная мацi, як ёй удаецца ўсё паспяваць i захоўваць сваю сям'ю моцнай. Гэтага ўсяго магло б i не быць, калi б я тады прыняла iншае рашэнне.

  • 7 813 дзяцей падлягаюць усынаўленню ў базе даных Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення (на 2020/09/10).
  • 8 738 дзяцей знаходзяцца ў інтэрнатных установах (на 2020/01/01).
  • 452 дзіцяці ўсынавілі і ў дачыненні да 13 дзяцей праведзена судом адмена ўсынаўлення (за 2019 год).

Наталля ТАЛIВIНСКАЯ

Загаловак у газеце: Радасцi, якiх магло i не быць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.