Вы тут

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi


Размова з дэпутатам беларускага парламента пра выклiкi часу i неабходнасць умацавання нацыянальнага iмунiтэту.


— Валерый Iосiфавiч, што, на ваш погляд, зараз адбываецца з беларускiм грамадствам?

— Каб адказаць на гэта пытанне, неабходна зазiрнуць у гiсторыю. Усе гады незалежнасцi нашай краiны iшоў недзе падспудны, недзе яўны працэс асэнсавання народам сябе, сваiх каранёў, вытокаў. Хто мы, адкуль наш род? Без гэтага немагчыма вызначаць свой шлях развiцця. Любому народу для гэтага патрабуецца час.

Беларусы апошнiя стагоддзi былi пазбаўленыя сваёй дзяржаўнасцi, але мелi ўсе падставы на яе прэтэндаваць. Нашы продкi пакiнулi нам вялiкую спадчыну, мы па праве можам ёй ганарыцца. Гэта велiч Полацкага, Турава-Пiнскага, Наваградскага княстваў... На нашых землях былi напiсаныя першыя летапiсы, прысвечаныя гiсторыi ўсходнiх славян i нашай старажытнай лiтоўска-рускай дзяржавы, першыя рукапiсныя Евангеллi — Тураўскае, Полацкае... Нельга не прыгадаць тут асветнiцкую ролю Ефрасiннi Полацкай, Кiрылы Тураўскага, Яна Гусоўскага, Сiмяона Полацкага i iншых беларускiх гуманiстаў, якiя ўнеслi бясцэнны ўклад у развiццё беларускай культуры i еўрапейскай цывiлiзацыi ўвогуле. Нашы продкi змаглi аб'яднацца i стварыць у Сярэднявеччы адну з самых магутных дзяржаў Усходняй Еўропы — Вялiкае Княства Лiтоўскае, якое паспяхова абараняла свае iнтарэсы ў барацьбе i з мангола-татарамi, i з тэўтонцамi, i са шведамi, i з маскавiтамi...

Народ наш здабыў у Сярэднявеччы сапраўдныя славу i велiч. Мы не так даўно святкавалi 500-годдзе Бiблii Францыска Скарыны. Друкаванае Свяшчэннае Пiсанне на нашых землях з'явiлася намнога раней, чым ва ўсiх нашых суседзяў, нават раней, чым у французаў цi англiчан.

Гэта гаворыць пра тое, што беларускi народ мае вялiзны патэнцыял. I не толькi ў гуманiтарнай сферы. Можна згадаць выдатнага вучонага ў галiне артылерыi Казiмiра Семяновiча, працы якога сталi падмуркам для работ Цыялкоўскага i iншых еўрапейскiх вучоных.

На жаль, так склалася, што наша дзяржаўнасць на нейкiм этапе яе развiцця аслабела. Гэта стала вынiкам i ўнутраных памылак, i негатыўных знешнiх уплываў, i войнаў, якiя нам прыйшлося бесперапынна весцi з нашымi суседзямi, абараняючы сваю Бацькаўшчыну. У вынiку мы аказалiся ў складзе Рэчы Паспалiтай, дзе з цягам часу набыў моц працэс паланiзацыi нашай элiты, з афiцыйнага ўжытку была выцеснена беларуская мова, адбыўся ўцiск усходняй галiны хрысцiянства — праваслаўя... Наша элiта, урэшце адмовiўшыся ад спадчыны продкаў, па сутнасцi, здрадзiла свайму народу i аддала перавагу служэнню iншай дзяржаве.

Падобнае, толькi ў адваротным напрамку, паўтарылася, калi мы сталi часткай Расiйскай iмперыi. Многiя нашы выдатныя дзеячы пераехалi ў Санкт-Пецярбург, Маскву i служылi ўжо Расiйскай iмперыi, а народ застаўся сам па сабе. Таму, калi ў нашых суседзяў пачалi дзейнiчаць нацыянальныя рухi, якiя прывялi iх пасля развалу Расiйскай iмперыi да стварэння нацыянальных дзяржаў, беларусы запазнiлiся: мы былi аслабленыя, адарваныя ад сваiх каранёў... Гэтым, на мой погляд, у значнай ступенi тлумачыцца тое, што нашы продкi не здолелi ўмацаваць i абаранiць сваю нацыянальную дзяржаву, абвешчаную ў 1918 годзе. Безумоўна, гэта не магло не паўплываць i на тое, як i ў якiм стане мы апынулiся ў складзе СССР, што з намi адбывалася там i з чым мы сустрэлi 90-я гады мiнулага стагоддзя, калi адбыўся распад Саюза.

Стварыўшы сваю ўласную дзяржаву, беларускi народ (i ў першую чаргу наша моладзь) пачаў актыўна цiкавiцца сваёй гiсторыяй, культурай, шукаць адказы на пытаннi: «Хто мы? Адкуль?» На нашых вачах адбываецца працэс вяртання да сябе, да сваiх каранёў, набывае сваё завяршэнне працэс кансалiдацыi беларускай нацыi. А любая нацыя дакладна разумее, у якiм доме i па якiх правiлах жадае жыць, якi парадак усталяваць, якiя адносiны з суседзямi выбудоўваць...

Моладзь зыходзiць з таго, што ёй жыць у сваiм родным беларускiм доме. I ў яе ёсць сваё ўяўленне пра тое, якi ён мусiць быць, каб у iм было камфортна жыць i працаваць, рэалiзуючы тыя таленты, што дадзены нам ад Бога. Думаю, гэта — галоўнае. Людзi хочуць выбудаваць такi парадак, у якiм iм будзе вольна i ўтульна, дзе яны змогуць сябе максiмальна рэалiзаваць у iнтарэсах сваёй сям'i i свайго народа. Гэта няпросты працэс. Нехта ў гэтым асэнсаваннi рушыў наперад, нехта затрымаўся... У розных людзей — рознае разуменне рэчаiснасцi. Адсюль маецца пэўнае непаразуменне. Адны хочуць застацца ў той сiстэме, да якой прывыклi, iншыя, i ў першую чаргу моладзь, хочуць пабудаваць новае, жадаюць перамен.

Дзяржава мусiла своечасова адчуць гэтыя кардынальныя змены ў свядомасцi беларускага грамадства i адэкватна адрэагаваць на iх. Але з нейкiх прычын гэтага не адбылося. Сiтуацыю абвастрылi эпiдэмiя каранавiруса i палiтычныя кампанii, у якiя ўвайшло наша грамадства. Я маю на ўвазе парламенцкiя i прэзiдэнцкiя выбары. У вынiку маем тое, што маем.

Але вельмi важна, каб мы выйшлi з гэтых выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi, кансалiдаванымi, з асэнсаваннем сваiх нацыянальных iнтарэсаў. I калi здолеем гэта зрабiць, то, упэўнены, наша краiна i наш народ набудуць новае, магутнае дыханне, i мы зможам яшчэ здзiвiць свет многiмi навацыямi, якiя будуць звязаныя i з арганiзацыяй грамадскага жыцця, i з дзяржаўным будаўнiцтвам, i з эканомiкай, адукацыяй, навукай, культурай, сацыяльнай сферай...

Упэўнены, што мы, па меншай меры нашы дзецi, моладзь, — пакаленне, якое сёння найбольш актыўнае, — зможам стварыць канкурэнтаздольную краiну з лепшымi ўмовамi для жыцця, чым у нашых суседзяў. Наш народ, i ў першую чаргу наша моладзь, вельмi крэатыўны, творчы, патрыятычны, мы любiм сваю зямлю i сваю краiну, як нам i завяшчалi нашы дзяды i прадзеды. Яны глядзяць на нас з нябёсаў i падтрымлiваюць нас. Таму, думаю, усё ў вынiку будзе добра. Але для гэтага патрэбны час.

— Якiя на гэтым шляху галоўныя пагрозы?

— Ёсць унутраныя i знешнiя пагрозы. Перш за ўсё, мы павiнны i галавой, i сэрцам зразумець, што якiх бы поглядаў нi прытрымлiвалiся, да якiх бы палiтычных плыняў не адносiлiся, мы жывём у адной сям'i, у адным доме. Нам жыць у гэтым доме i ўладкоўваць яго. Таму я заўсёды адчувальна рэагую, калi сутыкаюся з канфрантацыйнай рыторыкай сярод нас, беларусаў. На жаль, яна сыходзiць з розных бакоў, але горш за ўсё, калi такая рыторыка гучыць з боку прадстаўнiкоў улады, нашых iдэолагаў цi праўладных экспертаў. Бо ўлада на тое i ўлада, каб весцi за сабой i падаваць прыклад.

У нас сёння, на жаль (гэта характэрна не толькi для нашага грамадства), вельмi шмат людзей думаюць катэгорыямi кшталту: «Вы за белых альбо за чырвоных?» I патрабуюць на складаныя пытаннi простых адказаў: «так» або «не». I нiяк iнакш! Гэта памылка. Так не бывае. Жыццё нашмат больш складанае i разнастайнае. Яно не бела-чорнае, яно мае ўсе колеры вясёлкi, як мiнiмум. I трэба цярпiма ставiцца да самых розных яго праяў. Уладзе i грамадству важна зразумець усю складанасць працэсаў, якiя адбываюцца, асэнсаваць сябе, сысцi ад супрацьстаяння, знайсцi магчымасцi для пошуку згоды, для дыялогу, для ўмацавання ўзаемаразумення. Зрэшты, для пакаяння i даравання. Тады мы выйдзем з гэтых выпрабаванняў нашмат больш моцнымi, чым былi да гэтага, альбо ёсць зараз. I гэта будзе залогам нашага паспяховага развiцця ў будучынi.

Другi вельмi важны для мяне як дыпламата аспект — мiжнародны. Мы штодня сутыкаемся з праявамi нацыянальных iнтарэсаў iншых дзяржаў. Нехта iх прасоўвае па ўсiм свеце, нехта — у рэгiянальным разрэзе, i гэта зразумела, бо свет узаемазвязаны.

Вядома, тое, што адбываецца ў Беларусi, не можа не хваляваць у першую чаргу нашых суседзяў. Гiсторыя мае ўласцiвасць паўтарацца, i ў ёй можна знайсцi адказы на многiя пытаннi, звязаныя ў тым лiку i са знешнепалiтычнай дзейнасцю. У Сярэднiя вякi наша старажытная дзяржава ВКЛ аказвала iстотны ўплыў на ўсе краiны рэгiёна, наша роля была значная, упэўнены, што яна такой i будзе, гэта непазбежна. Калi нехта глядзiць на беларусаў паблажлiва альбо зверху ўнiз — робiць памылку. У нашага народа, нашай дзяржавы ёсць свае нацыянальныя iнтарэсы i, як паказвае наша гiсторыя, мы ўмеем i здольныя iх абаранiць. Дастаткова ўспомнiць вялiкiя перамогi нашых продкаў пад Сiнiмi Водамi, Грунвальдам, Кiрхгольмам, Оршай... Але трэба разумець галоўнае — мы хочам жыць з усiмi ў мiры i сяброўстве, супрацоўнiчаць, i каб нам не перашкаджалi будаваць свой дом, умацоўваць яго, рабiць лепшым.

Мы гатовыя канкурыраваць на мiжнароднай арэне. Але зыходзiм з таго, што, як мiнiмум, пры гэтым трэба паважаць i ўлiчваць iнтарэсы адзiн аднаго, тым больш, калi гэта суседзi.

Зразумела, што мiжнароднае жыццё нашмат больш складанае. Закон фармiравання знешняй палiтыкi мае на ўвазе, што кожная дзяржава iмкнецца ўмацаваць свае пазiцыi ў свеце i прасунуць уласныя iнтарэсы, i там, дзе яна ў стане прасунуцца, яна прасоўваецца. Так уладкавана жыццё. I трэба разумець, што наша слабасць адразу ж будзе выкарыстаная суседзямi, каб вырашыць свае пытаннi, рэалiзаваць свае нацыянальныя iнтарэсы ў рэгiёне за наш кошт. Таму мы павiнны быць моцныя.

Тое, што сёння адбываецца адносна Беларусi, — адлюстраванне геапалiтычнай барацьбы, якая абвастрылася вакол нашай краiны. Некаторыя нашы суседзi i геапалiтычныя гульцы хацелi б выкарыстаць бягучы перыяд нестабiльнасцi ў нас у сваiх iнтарэсах. I з гэтай мэтай яны падштурхоўваюць нас да тых рашэнняў, якiя нас аслабляюць i аблягчаюць iм магчымасць прасоўваць свае iнтарэсы ў нашай краiне. Такая суровая праўда жыцця. Гэта стварае пэўную пагрозу для Беларусi, для захавання нашага суверэнiтэту. Таму нам сёння, i гэта адзiн з самых сур'ёзных выклiкаў, трэба выказаць сваю еднасць, разуменне таго, што адбываецца вакол нас, i, зыходзячы з гэтага, абаранiць свае суверэнiтэт i нацыянальныя iнтарэсы.

— Валерый Iосiфавiч, якая тут роля парламента — наколькi дзейсна ён можа абаранiць суверэнiтэт Беларусi?

— Якраз парламент i можа быць такiм стабiлiзатарам, якi будзе забяспечваць неабходны баланс у грамадстве i яго кансалiдацыю. Любая дзяржава iмкнецца мець моцную элiту, але гэта элiта мусiць быць патрыятычная. Каму як не парламенту стаць той пляцоўкай, на якой элiты, у першую чаргу, палiтычныя, вядуць дыялог, дыскусii адносна развiцця сваёй краiны. Але для гэтага парламент павiнен быць моцны.

Я часта праводжу паралелi памiж сям'ёй i грамадствам, бо насамрэч, гэта проста розныя ўзроўнi арганiзацыi. Сям'я — ячэйка грамадства, i варта разглядаць клетку, каб зразумець, што адбываецца з арганiзмам. У добрай сям'i заўсёды iдзе нармальны, узаемапаважлiвы дыялог, абмен думкамi, выпрацоўка агульных рашэнняў, але ёсць i гаспадар, старэйшы, хто бярэ на сябе адказнасць за сям'ю. У гэтым бачу адказы на пытаннi, якiя звязаныя з уладкаваннем нашай дзяржавы i нашага грамадства.

Сёння мы павiнны вельмi сур'ёзна падумаць над узмацненнем ролi, вагi i значэння парламента, але гэта не ўсё. Калi ў парламенце прысутнiчаюць людзi з самымi рознымi поглядамi, падыходамi i разуменнем без апоры на свае каранёвыя, спаконвечныя, якарныя, калi хочаце, каштоўнасцi, калi ў аснове не будзе разумення, што мы — нацыя, мы — беларусы, што гэта наша зямля, нам яе завяшчалi нашы дзяды i прадзеды i тут будуць жыць нашы дзецi i ўнукi, без моцнага нацыянальнага iмунiтэту мы не зможам нi забяспечыць стварэнне эфектыўна дзеючага заканадаўчага i прадстаўнiчага iнстытута нашай дзяржавы, нi гарантаваць стабiльнасць, бяспеку i ўпэўненае дынамiчнае развiццё краiны. Без гэтай апоры, без нацыянальнага iмунiтэту i патрыятызму парламент, па якой бы сiстэме нi iшло яго фармiраванне, змогуць, выбачайце за гэта слова, «дзярбанiць» усе, хто захоча, у тым лiку i знешнiя працiўнiкi, у сваiх асобных мэтах. А iнтарэс у парламента мусiць быць адзiн — дабрабыт свайго народа i магутнасць сваёй дзяржавы.

Таму нам так неабходна нацыянальная кансалiдацыя грамадства. Гэта тое, чым мы павiнны займацца. Не ведаю, колькi ў нас яшчэ ёсць часу, але веру, што справiмся з гэтай задачай, iнакш не было б у Бога такога праекта, якi звязаны з адраджэннем народа, культуры i дзяржавы пад назвай Рэспублiка Беларусь. Суверэнная незалежная Беларусь вельмi патрэбная i еўрапейскай цывiлiзацыi, i еўразiйскай. Магчыма, без вольнай i моцнай Беларусi задума Божая ў гэтай частцы свету не можа быць рэалiзаваная.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.