Вы тут

Азеляненне, экасцежкi, велапаркоўкi. Як наводзiцца парадак на зямлi ў Мiнску


Сёлета ў сталiцы высаджана ўжо больш за 30 тысяч дрэў i 105 тысяч кустоў, створана звыш 700 кампазiцый, добраўпарадкавана 500 тэрыторый на прадпрыемствах. А неўзабаве ўсе гарады, пасёлкi i iншыя населеныя пункты Беларусi будуць мець пацверджаныя схемы азялененых тэрыторый агульнага карыстання, дзе будуць вызначаны межы зямель, каб абмежаваць забудоўлю гэтых месцаў. У цэлым жа краiна пераходзiць ад маштабных забудоў да кропкавага планавання. Пра гэтыя i iншыя моманты, звязаныя з добраўпарадкаваннем, расказалi спецыялiсты на прэс-канферэнцыi ў БелТА.


Пасадзi сваё дрэва

Асаблiвая ўвага падчас мерапрыемстваў па навядзеннi парадку на зямлi ўдзяляецца дадатковаму азеляненню вулiц i двароў, адхонаў асноўных транспартных магiстраляў. А падчас традыцыйнага месячнiка па навядзеннi парадку на зямлi, якi пачаўся ў Мiнску з 19 верасня, на кальцавой аўтадарозе з'явiцца 57 тысяч дэкаратыўных кустоў, якiя складуцца ў прыгожыя кампазiцыi, расказаў Уладзiмiр ЛЕБЕДЗЬ, начальнiк упраўлення гарадской гаспадаркi i энергетыкi Мiнгарвыканкама.

Традыцыйна праходзiць у сталiцы i акцыя «Зялёны двор разам». Уладзiмiр Лебедзь запрасiў усiх жыхароў прыняць у ёй удзел i добраўпарадкаваць свае двары.

— Для гэтага неабходна зайсцi на сайт, зарэгiстравацца i выказаць нейкае сваё жаданне i бачанне, што i дзе ў двары мяркуецца пасадзiць, а таксама ўзгаднiць месца з адпаведнымi службамi. З заяўнiкам звяжуцца i нават прапануюць матэрыял для пасадкi. Сталiца заўжды славiлася вялiкiмi аб'ёмамi работы, якiя праводзiлiся вясной i ўвосень, у тым лiку i з актыўным удзелам грамадзян, за што iм вялiкi дзякуй.

Для ўдзелу ў акцыi, дарэчы, ужо запiсалася больш як 700 чалавек, i лiчба гэтая працягвае расцi.

Камфорт для спорту, гульняў i выгулу сабак

Схемы азялененых тэрыторый агульнага карыстання, якiя распрацоўваюцца ў краiне, заклiканы не дапусцiць вольнага абыходжання з зялёнымi насаджэннямi, а таксама спрыяць стварэнню камфортных умоў пражывання i ў цэлым фармiраванню асяроддзя гарадоў i вёсак, акрэслiла Вольга ВЕРАМЕЙ, начальнiк галоўнага ўпраўлення горадабудаўнiцтва, праектнай, навукова-тэхнiчнай i iнавацыйнай палiтыкi Мiнбудархiтэктуры:

— Немалаважную ролю пры гэтым забяспечвае выкананне ўстаноўленых патрабаванняў па наяўнасцi ў жыллёвай забудове пляцовак для заняткаў фiзкультурай, гульняў дзяцей, адпачынку дарослых. Месцаў для гаспадарчых мэт i захоўвання транспарту, пляцовак для выгулу сабак, развiццё веладарожак.

Адпаведна са створанай нарматыўнай базай прадугледжваецца таксама апераджальнае развiццё iнжынернай i транспартнай iнфраструктуры. А каб палепшыць якасць выдзяляемых зямельных участкаў для масавага жыллёвага будаўнiцтва, створаны прэферэнцыi для забеспячэння комплекснай забудовы новых жылых раёнаў з арганiзацыяй камфортнага жылога асяроддзя i яго забеспячэнне аб'ектамi сацыяльнай iнфраструктуры.

— Час маштабных забудоў, падчас якiх з'явiлiся такiя мiкрараёны, як Каменная Горка ў Мiнску цi Бiлева ў Вiцебску, заканчваецца. Мы пераходзiм да кропкавага планавання, дэталёвых планаў кварталаў. Цэнтры двароў вызваляюцца ад аўтамабiляў, прадугледжваюцца велапаркоўкi, месцы для адпачынку насельнiцтва: дзiцячыя пляцоўкi i зоны для заняткаў спортам. Падчас асваення тэрыторый прадугледжана таксама правiльнае будаўнiцтва жылых дамоў, дзiцячых садкоў i школ.

Смеццевыя парушэннi

За навядзеннем парадку на зямлi сочыць камiтэт прыродных рэсурсаў. За 2020 год iм праведзена 552 кантрольныя мерапрыемствы, у вынiку якiх вызначана больш за 400 парушэнняў i складзена 174 пратаколы. У асноўным не вытрымлiваюцца правiлы абыходжання з адходамi: несанкцыянаваныя звалкi, нераздзельны збор смецця, паведамiў Дзмiтрый ШУНЬКIН, намеснiк старшынi Мiнскага гарадскога камiтэта прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя:

— Камiтэт таксама рэгулюе распаўсюджванне iнвазiўных раслiн: баршчэўнiку Сасноўскага i сумнiку канадскага. Летась баршчэўнiк рос у сталiцы на 40 гектарах, а ўжо сёлета ён сустракаецца на 28 гектарах.

Па iнiцыятыве Мiнпрыроды праведзена глабальная экалагiчная кампанiя «Добраўпарадкуем малую радзiму», якая працягваецца i дагэтуль, заўважыў ён:

— Яе мэта — зрабiць так, каб кожны грамадзянiн у сваiм пасёлку, сваiм двары зрабiў пасiльны ўнёсак: пасадзiў дрэва цi ўладкаваў кантэйнерную пляцоўку. Кампанiя стартавала з Парку камянёў вясной 2018 года сумесна з Першамайскiм раёнам сталiцы. Летась яна працягнулася акцыямi па закладцы парку сямейных дрэў у розных раёнах сталiцы.

Ужо два гады як у Мiнску абсталёўваюцца экалагiчныя сцежкi. Сёлета самай значнай у гэтым плане сталася арганiзацыя другой часткi экасцежкi ў Заводскiм раёне (каля заапарка). У планах з часам зрабiць i трэцюю яе частку.

Iрына СIДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».