Вы тут

Княжацкая спадчына ў Паланечцы ўжо 14 разоў выстаўлялася на аўкцыён


Стаць уладальнiкам старадаўняга палаца — мара, якую ў нашы днi не так складана ажыццявiць, як здаецца на першы погляд. Iншая справа, што рэстаўрацыя i ўтрыманне помнiка архiтэктуры патрабуюць вельмi сур'ёзных матэрыяльных укладанняў, таму выстаўленыя на аўкцыён (часам за сiмвалiчныя для такога «набытку» грошы), старадаўнiя сядзiбы з цяжкасцю i досыць рэдка знаходзяць гаспадароў. Напрыклад, палац Радзiвiлаў у цiхай вёсцы Паланечка выстаўляўся на аўкцыён больш за чатырнаццаць разоў.


Княжацкая спадчына ўжо чатырнаццаць разоў выстаўлялася на аўкцыён.

Паланечка — цiхая, чысценькая i ўтульная вёсачка ў Баранавiцкiм раёне. У цэнтры населенага пункта, на яго галоўнай вулiцы размешчаны палац Радзiвiлаў.

— Будынак цяпер закансерваваны, — расказвае старшыня Вольнаўскага сельвыканкама, да якога належыць i Паланечка, Наталля Iбрагiмава. — Ён досыць нядрэнна захаваўся — практычна цалкам, нават дах не правалiўся. Праўда, два гады таму ўмовы надвор'я пашкодзiлi будынак: лiвень падмыў падмурак i абрынулася частка сцяны — зараз гэты праём закрыты металапрофiлем.

А ў цэлым стан палаца адносна нядрэнны. Выдатна захавалася нават старадаўняя лепка на франтоне — скульптурныя галовы антычных фiлосафаў. Такога элемента афармлення няма больш нi ў адным палацы або сядзiбе на тэрыторыi нашай краiны.

Палац i яго насельнiкi

Падымацца да цэнтральнага ўвахода ў будынак трэба па старадаўняй лесвiцы — яе таксама не разбурыў час. Радзiвiлы сталi ўладальнiкамi гэтых зямель у XVII стагоддзi, а ўзвялi ў Паланечцы палац — у XVIII. Тут было «сямейнае гняздо» той галiны знакамiтага магнацкага роду, да якой належаў вядомы дзяржаўны дзеяч, пiсьменнiк i кампазiтар Мацей Радзiвiл. У гасцях у князя ў тыя часы ў Паланечцы бывалi выдатныя дзеячы культуры i мастацтва — напрыклад, расiйскi лiтаратар Дзянiс Фанвiзiн.

Палац быў адносна невялiкi (зразумела, толькi ў параўнаннi з iншымi палацамi, што належалi роду Радзiвiлаў) i пабудаваны ў стылi класiцызму. Пры яго праектаваннi за ўзор ўзялi вытанчаную архiтэктуру iтальянскай вiлы Трывулзiна. Паступова вакол княжацкай рэзiдэнцыi з'явiліся парк, гаспадарчыя пабудовы, аранжарэя для экзатычных раслiн i каталiцкая каплiца. Да нашых дзён «дажыў» толькi палац. Зрэшты, яшчэ ў Паланечцы з «радзiвiлаўскiх часоў» застаўся драўляны касцёл Святога Юрыя ў неагатычным стылi. Унутры храма захавалiся iконы XVIII стагоддзя.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалiтай Мацей Радзiвiл з'ехаў з Паланечкi, а палац перайшоў ва ўласнасць ягонага сына Канстанцiна. Малады гаспадар перабудаваў будынак у стылi ампiр, якi быў у модзе ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя. У вынiку палац прыняў тое аблiчча, якое мы можам убачыць сёння: з'явiлiся чатырохгранныя калоны, увянчаныя лепкай — галовамi антычных фiлосафаў.

Ад iнтэр'ераў палаца сёння захавалася толькi плiтка XVIII стагоддзя на першым паверсе — чорна-белая, польскага брэнда Opoczno, яна выкладзена ў выглядзе шахматнай дошкi. А калiсьцi iнтэр'еры палаца ўражвалi пышнасцю. Тут захоўвалiся некаторыя карцiны радавой галерэi Радзiвiлаў, унiкальная бiблiятэка (больш за 4000 старадаўнiх кнiг), творы мастацтва. У 1869 годзе Канстанцiн Радзiвiл памёр, а яго сын, якi атрымаў у спадчыну палац, жыць у Паланечцы не пажадаў. З'язджаючы, ён забраў з сабой значную частку «скарбаў».

Прайшлi гады, перш чым унук Канстанцiна, Альберт Станiслаў, вярнуўся ў радавое гняздо — ужо ў канцы XIX стагоддзя. Тады да будынка была прыбудавана шырокая парадная лесвiца, з'явiўся неагатычны зiмовы сад. Апошнiм уладальнiкам палаца ў Паланечцы стаў пляменнiк Альберта, Уладзiслаў Радзiвiл, якi жыў у iм да самага ўз'яднання Заходняй i Усходняй Беларусi i толькi ў канцы 1930-х з'ехаў у Еўропу.

Вялiкая Айчынная вайна не пашкадавала палац — ён быў пашкоджаны пажарам у 1943 годзе. Пасля Перамогi «радавое гняздо» Радзiвiлаў аднавiлi (зразумела, без усялякай аглядкi на «гiстарычнасць») i размясцiлi тут школу, куды хадзiлi ўсе дзецi з навакольных вёсак. Будынак пазбавiўся герба князёў Радзiвiлаў над парадным уваходам, была разабрана аранжарэя, у галерэi заклалi цэглай вокны. Калi ў пачатку 90-х палац прыйшоў у аварыйны стан, школу «перасялiлi» ў iншы будынак, а старажытная пабудова засталася на балансе аддзела па адукацыi Баранавiцкага райвыканкама.

У добрыя рукi

На даху «сямейнага гнязда» Радзiвiлаў цяпер уюць гнёзды буслы.

Сёння гiстарычны будынак шукае новых гаспадароў. Першапачатковы кошт лота — 25 тысяч беларускiх рублёў, крыху менш за 10 тысяч долараў у эквiваленце. Але набыць старадаўнюю сядзiбу — гэта толькi пачатак «вялiкага шляху».

— Спатрэбяцца сур'ёзныя грашовыя ўкладаннi, каб будынак перастаў быць «аварыйным». Драўляныя бэлькi на столi прагнiлi, неабходна ўмацаваць падмурак, — адзначае Наталля Iбрагiмава. — Але ж гэта не руiны — ёсць i сцены, i нават дах.

Праблема ў тым, што кожны помнiк архiтэктуры мае патрэбу не проста ў рамонце — уласнiк абавязаны будзе менавiта адрэстаўрыраваць яго. А рэстаўрацыя значна падымае кошт будаўнiчых i апрацоўчых работ, паколькi патрабуе спецыяльных матэрыялаў i высакакласных спецыялiстаў. Акрамя таго, пры правядзеннi аднаўленчых работ у гiстарычным будынку кожны крок неабходна ўзгадняць з Мiнiстэрствам культуры, iншымi зацiкаўленымi ў захаваннi гiстарычнай спадчыны дзяржаўнымi структурамi. На ўсе гэтыя выдаткi — i часовыя, i матэрыяльныя — гатовы пайсцi далёка не кожны iнвестар. Акрамя таго, бiзнес ёсць бiзнес: укладаннi павiнны акупiцца. Паланечка знаходзiцца ўдалечынi ад буйных гарадоў — офiсы ў старадаўнiм будынку размясцiць не атрымаецца, рэстаран наўрад цi будзе прыносiць прыбытак. Якой бачаць будучыню палаца мясцовыя ўлады, калi ўсё ж яго ўдасца прадаць?

Да 1990-х гадоў у палацы была школа, куды хадзiлi некалькi пакаленняў жыхароў навакольных вёсак.

— У iдэале, вядома, хацелася б стварыць «турыстычнае Радзiвiлаўскае кола»: Мiр, Нясвiж i Паланечка, — гаворыць старшыня сельвыканкама. — Паводле легенды, той самы падземны ход, якi так i не быў знойдзены гiсторыкамi, звязвае Нясвiж не толькi з Мiрскiм замкам, але i з палацам у Паланечцы. Зразумела, што гэта адно з паданняў, якiх вакол найбагацейшага роду Вялiкага Княства Лiтоўскага мноства. Але праўда ў тым, што гiстарычна гэтыя палацы былi звязаны памiж сабой. Было б нядрэнна зноў гэта аднавіць. У нас ёсць распрацоўкi пра тое, якi мог бы быць такi турыстычны маршрут. Але пакуль, на жаль, гэта справа будучынi.

Зрэшты, мясцовыя ўлады разумеюць, што ўласнiк, верагодна, не захоча адкрываць у будынку палаца музей. Але гэта не самае галоўнае. У першую чаргу важна захаваць помнiк архiтэктуры. I «ўпiсаць» яго ў сучаснасць. Напрыклад, выкарыстоўваючы патэнцыял загараднай княжацкай рэзiдэнцыi, можна развiваць адзiн з модных турыстычных кiрункаў — агратурызм. Або стварыць дзiцячы лагер, якi працуе на камерцыйнай аснове.

Аляксандра Анцэлевiч

Загаловак у газеце: Прадаецца... спадчына Радзiвiлаў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.