Вы тут

Лукашэнка — паслу Кітая: Вы вельмі шмат зрабілі для нашых адносін


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з паслом Кітая. Нагодай для размовы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом КНР Цуй Цымінам стала заканчэнне яго кадэнцыі ў нашай краіне і ўзнагароджванне ордэнам Пашаны.


«Сёння ў нас не сказаць што святочная нагода для сустрэчы, калі пасол з’язджае з краіны. Прытым добры пасол, які шмат зрабіў, каб адносіны развіваліся ў неабходным ключы, як мы планавалі са старшынёй Сі Цзыньпінам. Нам застаецца спадзявацца, што пасля вас прыедзе пасол не горш, хацелася б лепш, але лепш наўрад ці бывае. Вы вельмі шмат зрабілі для нашых адносін», — сказаў Прэзідэнт перад тым, як уручыць Цуй Цыміну ордэн Пашаны, указ аб чым падпісаў у аўторак.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў перадаць старшыні КНР Сі Цзыньпіну словы падзякі за падтрымку.

«Ён першым павіншаваў мяне з перамогай на выбарах, ды і ўсе буйнейшыя дзяржавы нашай планеты, за выключэннем асаблівасцяў Захада. Захад заўсёды ў нас быў з асаблівасцямі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Перадайце яму (Сі Цзыньпіну — „Зв.“), што ў Беларусі ў яго сябры. Беларусь заўсёды будзе сяброўскай краінай для Кітайскай Народнай Рэспублікі. Раскажыце яму пра тую неканструктыўную пазіцыю, якую займаюць асобныя дзяржавы ў адносінах Беларусі. Асабліва, што дзіўна, суседзі. Суседзі ад Бога, іх не выбіраюць і мы прырэчаныя жыць разам, сябраваць, але аказваецца не заўсёды так».

Прэзідэнт пракаментаваў скаргі краін, што Беларусь не аб’явіла аб інаўгурацыі. «Па законах Беларусі мы нікога не павінны папярэджваць. Гэта ўнутраныя справы нашай краіны. Крытыка толькі адна: ці тое таямніца, ці тое таінства», — акцэнтаваў увагу кіраўнік краіны.

Ён патлумачыў, што на цырымонію былі запрошаны разам з ваеннымі каля 2000 чалавек і захаваць у таямніцы гэта было фактычна немагчыма.

«Калі яны пра гэта не ведалі, то дзе іх выведка? ЦРУшнікі, нямецкая выведка, палякі тут пешшу ходзяць тысячамі, яны куды глядзелі? Таму хай у разведчыкаў сваіх спытаюць, — задаўся пытаннем Прэзідэнт. — Вы паглядзіце іх тэлеграм-каналы напярэдадні. Паведамлялі, што 23-га будзе інаўгурацыя. Яны пра гэта ж пісалі».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, уступленне Прэзідэнта на пасаду можа крытыкавацца толькі, калі яно праведзена не па законе. Як ён дадаў, тут усе нормы выкананы.

«Каму трэба было ведаць пра гэта, ведалі. Трэніроўкі, падрыхтоўка пэўны час займае, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Наступны раз мы будзем старацца нашых суседзяў папярэджваць. Я маю на ўвазе палякаў, літоўцаў, пра нейкія буйныя мерапрыемствы».

Прэзідэнт патлумачыў, што на гэтым прыкладзе дэманструе адносіны заходніх краін да суверэнітэту краіны.

«Крычаць пра тое, што нешта не прызнаюць у нас. Вы ведаеце, мы нікога не прасілі прызнаваць ці не прызнаваць нашы выбары, прызнаваць легітымнасць зноў абранага Прэзідэнта ці не прызнаваць. Галоўнае, каб гэта адпавядала Канстытуцыі нашай краіны, — дадаў кіраўнік краіны, і сказаў, што інаўгурацыя для яго «звычайная, рабочая сітуацыя». — Я не надаю інаўгурацыі цяперашняга Прэзідэнта (гэта не першая мая інаўгурацыя) вялікага, фантомнага значэння. Звычайная працоўная сітуацыя. Чаму яны гэта робяць? Для таго, каб падагрэць пратэстныя настроі, каб больш вываліла на вуліцу ў суботу, нядзелю людзей».

Аляксандр Лукашэнка папрасіў, каб пасол Кітая далажыў у МЗС КНР і старшыні КНР аб сітуацыі, якая складваецца ў нашай краіне.

Таксама Прэзідэнт падзякаваў Цуй Цыміну за садзейнічанне ў павелічэнні тавараабароту, барацьбе з каранавірусам.

«Вы нам паставілі два станкі па тэхналогіі вытворчасці ахоўных масак. Мы сёння можам любую колькасць вырабіць. Але самае галоўнае: мы былі ў пастаянным кантакце з вашымі ўрачамі, якія першымі сутыкнуліся з гэтай заразай, і пастаянна нас інфармавалі, якім чынам нам змагацца з гэтай бядой», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка

Як рэзюмаваў Прэзідэнт, ордэн Пашаны — гэта заслужаная ўзнагарода за асабісты ўнёсак пасла ў развіццё адносін і павага Беларусі да Кітая.

Цуй Цымін адказаў: яму вельмі складана пакідаць Беларусь, таксама і таму, што за ім (як пажартавалі прысутныя) застаўся «даўжок» — кітайскае пасольства, якое будуецца зараз у Мінску. Пасол Кітая асабліва адзначыў дапамогу па будаўніцтве прадстаўніцтва КНР.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?