28 кастрычніка, серада

Вы тут

З красавіка 2021 года ў Мінску з'явіцца раздзельны збор лекаў


У Мінску з красавіка 2021 года будзе ўкаранёны раздзельны збор лекаў, таблетак, пілюль, розных медыцынскіх прэпаратаў, у якіх скончыўся тэрмін выкарыстання.


Такое рашэнне прынялі сталічныя дэпутаты на 20-й сесіі Мінскага гарадскога Савета. Паводле слоў яго старшыні Андрэя Бугрова, дэпутаты аднагалосна ўхвалілі праект пастановы «Аб абыходжанні з адходамі пратэрмінаваных лекавых сродкаў».

Прыняццю гэтага рашэння папярэднічала працяглая і сур'ёзная работа. Дэпутаты імкнуліся ўсебакова даследаваць згаданае пытанне, бо яго пэўная незвычайнасць насцярожвала: як правільна арганізаваць працэс? Збіраць металалом, макулатуру, бутэлькі з пластыку і шкла, аўтамабільныя акумулятары — справа звыклая. А вось лекі... Тут трэба было ўзважыць усе плюсы і мінусы.

А пытанне наспела. Дэпутатам Мінгарсавета было відавочна, што ўтылізацыя пратэрмінаваных лекавых сродкаў разам са звычайнымі бытавымі адходамі ўяўляе схаваную пагрозу для здароўя мінчан. Такія лекі ў глебе, у пластах грунтовых вод могуць выклікаць таксічныя рэакцыі, якія потым нагадаюць аб сабе будучым пакаленням нечаканымі хваробамі.

Выказаць сваё меркаванне па гэтай праблеме на сесію дэпутаты запрасілі начальніка ўпраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Уладзіміра Лебедзя. Той расказаў аб мяркуемых захадах.

У прыватнасці, плануецца распачаць збор лекавых сродкаў у аптэках, паліклініках, бальніцах, амбулаторыях і ў іншых установах, дзе мінчане атрымліваюць медыцынскія паслугі, праходзяць курсы лячэння. У спецыяльныя кантэйнеры іх пацыенты, наведвальнікі змогуць у якасці адходаў складзіраваць непатрэбныя ўжо лекі і медпрэпараты.

Дэпутатамі пастаўлена задача адпаведным службам Мінгарвыканкама выпрацаваць дакладны алгарытм дзеянняў па ўтылізацыі такіх небяспечных адходаў, арганізаваць каардынацыю работ, а таксама вызначыць адказных асоб за збор, выдаленне і абясшкоджванне пратэрмінаваных лекаў на тэрыторыі сталіцы.

Як паведаміў Андрэй Бугроў, на 20-й сесіі Мінскага гарадскога Савета быў прыняты яшчэ шэраг важных рашэнняў. Дэпутаты далі згоду на павелічэнне агульнага аб'ёму інвестыцыйнай праграмы на 21 мільён рублёў. Грошы пойдуць на завяршэнне будаўніцтва важных сацыяльных аб'ектаў: могілак «Лясная» і пад'язной дарогі да іх, працягу ўзвядзення адной мінскай вуліцы.

Дэпутаты Мінгарсавета ўнеслі і змены ў бюджэт сталіцы. Яго сродкі пераразмеркавалі ў межах удакладненага гадавога аб'ёму выдаткаў.

У выніку будзе дадаткова накіравана 96,9 мільёна рублёў на ахову здароўя. Напрыклад, 2,2 мільёна пойдуць на аплату транспартных паслуг для перавозкі пацыентаў, хворых на каранавірус. Больш як 10 мільёнаў выдаткавана на аплату лекавых сродкаў і перавязачных матэрыялаў на льготных умовах ці ўвогуле бесплатна для асобных катэгорый грамадзян і г. д.

Леанід ТУГАРЫН

Прэв’ю: vn.ru

Загаловак у газеце: Лекі выкідаем асобна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.