Вы тут

У Старых Дарогах з'явілася футбольнае поле замест пусткі і ружы на гарадской плошчы


У людзей складваецца ўражанне аб рабоце дэпутата не па колькасці прынятых рашэнняў, а па іх якасці, упэўнены старшыня Старадарожскага раённага Савета дэпутатаў

Дэпутацкі корпус Старадарожчыны, што на Міншчыне, даказвае ўласным прыкладам: калі ёсць жаданне нешта зрабіць — справа будзе спорыцца! Аб тым, што сёння можа звычайны дэпутат «МС» паразмаўляла са старшынёй райсавета Дзмітрыем ДАВЫДАВЫМ.


Грунтоўны падыход — па вёсцы штогод

«МС»: Дзмітрый Міхайлавіч, зразумела, што галоўная мэта дзейнасці дэпутатаў мясцовага ўзроўню — вырашэнне сацыяльных, эканамічных і культурных праблем на карысць тых, хто жыве ў іх выбарчай акрузе. А давайце канкрэтызуем...

— Вельмі важнае рэчышча дзейнасці — традыцыйныя пытанні жыццезабеспячэння: бытавое, транспартнае забеспячэнне, добраўпарадкаванне, асвятленне вуліц і многае іншае. Акрамя добраўпарадкавання дэпутаты праводзяць інфармацыйна-растлумачальную работу па прафілактыцы злачынстваў, правапарушэнняў, удзельнічаюць у рабоце агядных камісій. Таксама інфармуюць жыхароў па прафілактыцы афрыканскай чумы свіней, пажарнай бяспецы, ідэнтыфікацыі буйной рагатай жывёлы.

Менавіта органам мясцовага самакіравання належыць вызначальная роля ў зборы звестак пры высвятленні патрэбы грамадзян у сацыяльнай падтрымцы, а таксама ў раннім выяўленні сямейных праблем. З удзелам дэпутатаў праводзіцца вызначэнне ўмоў жыцця такой катэгорыі, аказваецца садзейнічанне ў медыцынскім абследаванні, лячэнні і аздараўленні, сацыяльным абслугоўванні, уладкаванні ў дамы-інтэрнаты, выдзяленні сацыяльных ільгот і гарантый, вырашэнні бытавых праблем.

У людзей складваецца ўражанне аб нашай рабоце не па колькасці прынятых рашэнняў, а па іх якасці, па справах, па жывых зацікаўленых зносінах. Таму пераважная большасць сесій райсавета праводзіцца з выездам на месца — на прадпрыемствы, у арганізацыі, у вёскі. Гэта дазваляе ўвачавідкі ацаніць стан спраў і прыняць узважаныя грунтоўныя рашэнні, трымаць сувязь з жыхарамі раёна. Напрыклад, тэмай апошняй нарады стала добраўпарадкаванне вёсак Палажэвіцкага сельсавета. На яго прыкладзе мы праверылі падыход: каб не рассейваць сілы і сродкі, надаць справе планавы характар, у кожным сельсавеце прыводзім у парадак адну вёску за год, прапрацоўваем праблемы яе добраўпарадкавання грунтоўна і надоўга здымаем з парадку дня.

«МС»: На што звяртаеце ўвагу, перш за ўсё?

— Асноўны акцэнт па навядзенні парадку на зямлі робім на знос старых і пустуючых пабудоў, колькасць якіх, на жаль, з кожным годам расце. За апошнія тры гады, напрыклад, было знесена 1017 пабудоў, у тым ліку 305 дамоў. Толькі сёлета знесена 235 такіх аб'ектаў, у тым ліку 64 дамы. Землі акультураны, і перададзены ў севазварот сельгасарганізацый. Сёлета — 85 гектараў. Для нашага невялікага раёна гэта неблагая лічба, але будзем імкнуцца да лепшага.

Наогул жа на сяле за бягучы год пастаўлена 7,7 тысячы метраў новай агароджы, у тым ліку паўтары тысячы — брыгадамі сельвыканкамаў. Высечана каля 45 гектараў расліннасці, прыбрана 173 несанкцыянаваныя звалкі, выдалена 1255 аварыйна небяспечных дрэў.

Скінуліся на агароджу — 25 тысяч рублёў!

«МС»: Хацелася б даведацца аб грамадскіх і дабрачынных ініцыятывах, якія рэалізуюць мясцовыя дэпутаты...

— Мы бачым сваю задачу ў тым, каб аб'ядноўваць суполку старадаражан для добрых і мірных спраў, падтрымліваць у людзях стваральны дух, мацаваць традыцыі малой радзімы. На ўласныя сродкі народных выбраннікаў у перыяд пандэміі мы закупілі неабходныя рэчы для інфекцыйнага аддзялення бальніцы — сотавыя і стацыянарныя тэлефоны, а таксама рэчы медыцынскага ўжытку і запас пітной вады. Гэтак жа ў складчыну мы набылі
65 саджанцаў ружаў, якімі падчас суботніка самі аформілі гарадскую плошчу. Такім жа чынам падаравалі 27 камплектаў пасцельнай бялізны для пацыентаў бальніцы сястрынскага догляду.

Дэпутаты таксама актыўна падтрымлівалі акцыю па народным будаўніцтве храма.

Дзякуючы дэпутату Шчыткавіцкага сельвыканкама Канстанціну Браварэнку ў аграгарадку Шчыткавічы з'явілася новая дзіцячая пляцоўка. А па ініцыятыве дэпутата сельсавета Уладзіміра Боды на пустцы ў аграгарадку Старыя Дарогі абсталявана поле для спартыўных гульняў.

Мяркую, што вельмі важна заахвоціць людзей і прыцягнуць іх да самастойнага вырашэння некаторых праблем, не чакаючы бясконцай дапамогі ад улады.

«МС»: Але гэтую дзейнасць камусьці трэба арганізаваць, дэпутаты — асобы, якія працуюць на грамадскіх пачатках, у іх асноўная прафесійная дзейнасць забірае шмат часу.

— Вялікая роля тут належыць старастам вёсак. Менавіта дзякуючы ім у нашым раёне набыў размах рух па добраўпарадкаванні і агароджванні вясковых могілак сіламі і сродкамі мясцовых жыхароў. У прыватнасці, жыхары аграгарадка Шчыткавічы сабралі 25 тысяч рублёў і ўстанавілі 720 метраў жалезабетоннай агароджы на могілках.

Дарэчы, аб рабоце на грамадскіх пачатках: гэта яшчэ раз пацвярджае неабходнасць нарматыўна вызначыць статус старастаў як прадстаўнікоў мясцовага самакіравання, даць ім магчымасць удзельнічаць у пасяджэннях мясцовых органаў улады, а таксама прадугледзець формы і крыніцы аплаты іх работы.

Наогул, для павышэння ролі органаў мясцовага кіравання пры фарміраванні бюджэтаў мясцовых Саветаў неабходна прадугледзець сродкі для аператыўнага вырашэння пытанняў. Тут ёсць праблема, якая патрабуе вырашэння.

«МС»: А калі не закладваць у бюджэт, а зарабіць самастойна? Тым больш што такі вопыт у краіне ёсць.

— Так, стварэнне камунальных унітарных прадпрыемстваў пры сельсаветах лічу адной з даходных крыніц. Маецца на ўвазе аказанне вяскоўцам платных паслуг па апрацоўцы прысядзібных участкаў, дастаўцы дроў, сена, саломы... Насельніцтва старэе, і такія паслугі карыстаюцца ўсё большым і большым попытам.

Даведка «МС»

Сёння органы мясцовага самакіравання Старадарожчыны прадстаўлены 26 дэпутатамі раённага Савета, 77 дэпутатамі першаснага ўзроўню, а таксама 49 старастамі сельскіх населеных пунктаў. Людзі розных прафесій, узросту і статусу прадстаўляюць практычна ўсе галіны дзейнасці і сацыяльныя слаі насельніцтва.

Гутарыла Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Алега ДАРОШКІ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.