Вы тут

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы


Культавая пабудова, якая будзе асвечана на свята Пакроваў у гонар свяціцеля Патрыка, асветніка зямлі Ірландскай, ужо цалкам гатова, засталося толькі упрыгожыць храмавыя сцены іконамі. Ва ўстанове для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прывыклі ўсё па магчымасці рабіць самастойна. Таму і іконы для храма вырашылі ствараць сваімі рукамі. Сёння пры ўстанове дзейнічае цэлая майстэрня, дзе робяцца ўпрыгажэнні для маленькай царквы.


Каб любіць, трэба верыць

Выхаванцы дома-інтэрната наогул людзі творчыя. У сваіх майстэрнях яны ствараюць неверагодныя рэчы. Таму, калі размова зайшла пра напаўненне капліцы царкоўнымі атрыбутамі, нават сумненняў не было, што ўстанова справіцца сваімі сіламі.

— Нашы падапечныя яшчэ да таго, як мы пабудавалі дом для малітвы, вышывалі іконы, — кажа дырэктар Веснаўскага дома-інтэрната Вячаслаў Клімовіч. — Асабліва прыгожа атрымліваюцца яны ў Вячаслава Браўсава. Яго абразы раз'ехаліся ўжо па ўсім свеце. Іх з задавальненнем бяруць нават за мяжу.

Вячаслаў, дарэчы, займаецца гэтым болей дзесяці гадоў. Кажа, што калі ён вышывае іконы, у яго ўзнімаецца настрой. Першы абраз ён прысвяціў Мікалаю Цудатворцу, а потым вышываў і Ісуса, і Божую Маці... Схемы, ніткі, канву — усё купляе сабе сам або прымае ў падарунак ад знаёмых. Прызнаецца, што аднойчы папрасіў Госпада, каб ён дапамог яму сустрэцца з братам. І цуд адбыўся, брат прыехаў да яго.

— Вера вельмі дапамагае чалавеку ў жыцці — да гэтага асэнсавання кожны з нас аднойчы прыходзіць, — кажа Вячаслаў Клімовіч. — Калі над намі ўзялі шэфства ірландцы, мы шмат чаму ў іх навучыліся. Яны з вялікім хваляваннем адносяцца да веры, любяць бліжняга такім, які ён ёсць. Гэта вельмі складана, але неабходна. Мы яшчэ не ведаем, што нас саміх чакае ў гэтым жыцці.

Летась епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім блаславіў будаўніцтва храма на тэрыторыі Веснаўскага дома-інтэрната. Усё неабходнае стваралася ў тутэйшай сталярнай майстэрні. Пад кіраўніцтвам інструктара па працоўным навучанні Рамана Шпілеўскага выхаванцы рабілі драўляныя дэталі для капліцы, а непасрэдна будаўніцтвам займаўся рабочы па абслугоўванні будынкаў і збудаванняў Дзмітрый Шамятун.

У стылі старадаўняй тэхнікі

Валанцёры падарылі дому-інтэрнату наборы алмазнай мазаікі, і тут вельмі хутка асвоілі новы від майстэрства. Сёння гэты кірунак наогул адзін з папулярных сярод аматараў хэнд-мэйду. Тут не патрэбны ні іголкі, ні ніткі, ні пяльцы — пластыкавыя каменьчыкі прымацоўваюцца да схемы, надрукаванай на паперы. Сваім аграньваннем яны ствараюць зіхаценне, таму і тэхніка называецца алмазнай. Працэс стварэння такіх ікон нагадвае старажытную тэхніку мазаікі. Гатовы выраб можна лічыць сапраўдным творам мастацтва. Для здаровага чалавека нічога складанага ў гэтай тэхніцы няма, хутчэй наадварот. Але для людзей, якія тут жывуць, такая работа — своеасаблівы подзвіг.

Галоўным захапленнем Аляксандра Галдаева з'яўляецца маляванне, хоць ён ад нараджэння не мае ні далоняў, ні ступняў. Ён навучыўся маляваць, заціснуўшы пэндзаль у зубах, і робіць гэта віртуозна. А яшчэ ён шмат часу праводзіць у інтэрнэце і вельмі спрытна карыстацца стылусам. Аналагічным чынам ён збірае і алмазную мазаіку.

Аляк­сандр Гал­да­еў ства­рае не­ру­кат­вор­ныя аб­ра­зы.

Складаней працаваць з ёй Насці Сіваковай, у якой ДЦП і сур'ёзныя праблемы з каардынацыяй рук. Да таго як асвоіла алмазны «жывапіс», яна збірала звычайную мазаіку, рабіла аплікацыі. Алмазная тэхніка патрабуе вялікай дакладнасці ў рухах, і Насця прыкладае шмат намаганняў, каб гэтыя дробныя дэталі траплялі ў патрэбнае месца. У яе гэта звычайна атрымліваецца з другой або трэцяй спробы. Але яна дзяўчына ўпартая.

— Магу сабраць ікону за тыдзень, а магу за два, — кажа Насця. — Усё залежыць ад складанасці работы і настрою. Ужо зрабіла дзве іконы і некалькі карцін.

— Насця наогул малайчына, — радуецца за сваю падапечную выхавальніца Ірына Грышына. — Ёй гэтыя карціны даюцца з вялікай цяжкасцю, таму і больш каштоўныя. Наогул для нашых выхаванцаў гэты занятак вельмі карысны.

У Вольгі Рагайн з маторыкай рук усё добра, яна працуе лёгка і з натхненнем. Любімаму занятку часта прысвячае і свой вольны час. На працатэрапію ў доме-інтэрнаце выдзяляецца максімум чатыры гадзіны, але тым, каму падабаецца гэтым займацца, дазваляюць браць работу на дом.

— На жаль, яны не зусім усведамляюць, хто такія святыя, але інтуітыўна адчуваюць гэтую энергетыку, — кажа выхавальніца. — Вельмі радуюцца, калі прыязджае свяшчэннік і хваліць іх работу.

— На нашых іконах Божанька і Божая Маці, — тлумачаць блізняткі Вольга і Віка Кунцэвіч. І згадваюць, што некалькі разоў былі ў храме і зараз чакаюць, калі адкрыецца іх каплічка.

Воль­га Кун­цэ­віч за ра­бо­тай.

Гэтага моманту наогул тут чакаюць усе — і выхаванцы, і выхавальнікі. Псіхолаг дома-інтэрната Ірына Саўчук расказвае, што калі ўстанаўлівалі купал і крыж, шмат хто прыйшоў паназіраць за гэтай падзеяй.

— Таму і іконы нашы выхаванцы робяць з вялікім натхненнем, радуюцца, калі бачаць вынік сваёй работы, — кажа псіхолаг. — Вельмі чакаюць таго моманту, калі нарэшце зробленыя імі абразы ўстановяць у капліцы. У нас своеасаблівая ўстанова, тут зусім іншае ўспрыманне рэчаіснасці. Захапленне алмазнай мазаікай дапамагае пазбавіцца ад надакучлівых думак, змагацца са стрэсам, развівае дробную маторыку, што ў сваю чаргу паляпшае работу мозга. Асаблівасць выкладвання абразоў у тым, што гэта ўзмацняе сувязь чалавека з Богам. Можна сказаць, што падчас работы адбываецца маральнае ачышчэнне, развіваюцца найлепшыя якасці асобы — працавітасць, упартасць.

— У нашых выхаванцаў залатыя рукі, яны ўкладваюць у свае вырабы ўсю душу, — дадае дырэктар. — І знаходзяць вялікія сілы, каб выпрацаваць у сабе ўседлівасць і цярпенне. А гэта складана не толькі для іх, але і для кожнага з нас.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Веснаўскага дома-інтэрната

Загаловак у газеце: Іканастас для святога

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Энергія смецця, якасць вады і зніжэнне затрат удвая. Камунальнікі і навукоўцы абмеркавалі ўплыў інавацый на жыццё галіны

Энергія смецця, якасць вады і зніжэнне затрат удвая. Камунальнікі і навукоўцы абмеркавалі ўплыў інавацый на жыццё галіны

Святлодыёды са шматслойнымі нанаплёнкамі, якія мяняюць колер у залежнасці ад часу сутак і падстройваюцца пад біярытм чалавека...

Спорт

Сёлета футбольнаму клубу «Віцебск» спаўняецца 60 гадоў

Сёлета футбольнаму клубу «Віцебск» спаўняецца 60 гадоў

«У юбілейны сезон хацелася сур'ёзна адзначыць дзень нараджэння. Але пандэмія каранавіруса ўнесла свае карэктывы».

Эканоміка

 Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансавыя паслугi адзiн аднаму людзi аказваюць ужо тысячы гадоў.