Вы тут

У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстаўка «Тайны канцылярыі»


У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстаўка «Тайны канцылярыі», якую музейшчыкі стварылі сумесна з даследчыкам, лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым.


На думку самога калекцыянера, гэта экспазіцыя раскрывае гісторыю беларускага пісьменства з нязвыклага ракурсу:

— Нам хацелася паказаць, пры дапамозе чаго і на чым пісалі нашы продкі. Выстаўка ахоплівае перыяды развіцця пісьменнасці з даўніны і па 1945 год.

— Мы сёння знаходзімся на адкрыцці выстаўкі, здавалася б, звычайнай. Усе мы з вамі карыстаемся прыладамі для пісьма, але далёка не заўсёды задумваемся, як тэхналогія пісьма з'явілася і як яна паўплывала на развіццё цывілізацыі, — заўважыў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. — Тэму экспазіцыі мы задумалі разам з Уладзімірам Ліхадзедавым некалькі гадоў таму, калі адбывалася святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, і ладзіліся рознага кшталту выстаўкі, дзе дэманстраваліся рукапісы, старадрукі і многае іншае. Я бачыў, як загараліся вочы ў людзей, калі яны разглядалі старыя пісьмовыя прылады. Гэты выставачны праект — першая ў гісторыі краіны спроба маштабна паказаць гісторыю развіцця пісьменства праз такія артэфакты. Шмат адкрыццяў тут зможа зрабіць кожны. І гэта толькі пачатак. Шмат таямніц канцэлярыі мы яшчэ плануем адкрыць як у сценах бібліятэкі, так і ў віртуальнай прасторы.

На выстаўцы наведвальнікі ўбачаць, чым пісалі нашы продкі ў XV—XX стст., першыя алоўкі і асадкі, пер'ячысткі, пясочніцы, чарніліцы і іншае. А яшчэ можна будзе даведацца, які тавар айчынных і замежных вытворцаў быў хадавы ў канцылярскіх і папяровых крамах Мінска і Гродна ў старыя часы, як і што рэкламавалі на канцылярскіх прадметах пачатку ХХ ст., якія адмысловыя пісьмовыя прылады клалі ў сакваяж падарожнікі.

У сваю чаргу дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч адзначыў:

— Уражвае ўсё сабранае тут. Але не толькі колькасна, але і, безумоўна, сутнасна. Напрыклад, асобны раздзел прадстаўляе паперу беларускай вытворчасці, якая прадавалася ў гандлёвых крамах паўсюль. Уладзімір Аляксеевіч разам з гэтай калекцыяй сабраў і процьму фактаў з гісторыі пра тыя ці іншыя экспанаты. Вельмі хацелася б, каб гэта знайшло адлюстраванне ў яго новых кнігах.

Дарэчы, асобную частку выставы займае школьная тэма, дзе выяўляецца змесціва ранца гімназістаў розных эпох (сшыткі, алоўкі, асадкі, тачылкі, закладкі, пеналы), і нават дэманструецца, як выглядала парта ліцэіста Аляксандра Пушкіна... Яшчэ экспазіцыя прадстаўляе пісьмовыя прылады вядомых асоб — князёў Радзівілаў, родных кампазітара Станіслава Манюшкі, краязнаўцы і гісторыка Отана Гедэмана, фінансіста Палякова, нямецкага фатографа Фрыца Краўскопфа, маршала Цімашэнкі і іншых. Для сапраўдных «гурманаў канцылярыі» прадстаўлены пісьмовыя наборы, чарніліцы ў розных мастацкіх стылях, а таксама ўзоры пісьмовых прылад высокамастацкай работы з каштоўных матэрыялаў.

Варта адзначыць, што экспазіцыя падрыхтавана ў межах праекта Уладзіміра Ліхадзедава «У пошуках страчанага» і дазваляе праз прадметы аўтарскай калекцыі адкрыць забыты пласт матэрыяльнай культуры.

Выстаўка «Тайны канцылярыі» будзе працаваць да 15 лістапада 2020 г. штодзень, акрамя панядзелка і дзяржаўных свят. Уваход — вольны.

Алена ДРАПКО

Фота Яна Хведчына

Загаловак у газеце: Тайны канцылярыі мінулых часоў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.