Вы тут

Лукашэнка прапанаваў Ленінградскай вобласці пабудаваць сумесны тэрмінал у марскім порце


«Гэта пытанне трэба абавязкова прасоўваць»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Расіі Аляксандрам Драздзенка прапанаваў пабудаваць сумесны тэрмінал у марскім порце.

«Вельмі шмат мы зараз кажам аб змяненні лагістыкі пастаўкі нашых тавараў. Порт Усць-Луга — гэта ж Ленінградская вобласць. Нам трэба дамовіцца, чаго б гэта ні каштавала, а пытанне адно — гэта чынуначныя тарыфы і перавалка ў партах. Я калі сустракаўся з Прэзідэнтам Расіі мы вельмі шмат абмяркоўвалі гэта пытанне і я яму сказаў, што мы можам з ленінградцамі скааперавацца і пабудаваць там свой прычал, порт», — паведаміў Прэзідэнт Беларусі.

Па яго словах, фінансы на гэту інфраструктуру можна ўзяць са сродкаў, зэканомленых на атамнай станцыі, што будуецца за расійскія крэдыты.

«Мы гатовы ўзяць крэдыт з зэканомленага і ўкласці ў будаўніцтва тэрмінала там. Калі будзе жаданне ў вас Аляксандр Юр’евіч (Драздзенка — «Зв.»), мы з вялікім задавальненнем можам з вамі рэалізаваць гэты сумесны праект. Гэта пытанне трэба абавязкова прасоўваць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў прадстаўнікам паўночнага рэгіёну Расіі пра нашы магчымасці ў сельгасмашынабудаванні, ліфтавай вытворчасці. Гатовы дапамагчы і ў развіцці сельскай гаспадаркі.

«БНБК, наша новая біятэхналагічная кампанія, пачала вытворчасць суперсучасных кармоў. Ведаю, што ў вас рыбная гаспадарка вельмі развітая. Яны мяне прасілі, каб я вам перадаў, калі вас задаволіць (а я ўпэўнены, што вы аддасце перавагу гэтай кампаніі, таму што якасць, узровень, людзі нармальныя працуюць) і для рыбнай гаспадаркі неабходныя будуць гэтыя кармы, мы з задавальненнем будзем з вамі супрацоўніцаць», — падкрэсліў беларускі Прэзідэнт і прапанаваў разгледзець магчымасць сумеснага рыбнага прадпрыемства.

Беларусь вельмі зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Ленінградскай вобласцю

У пачатку сутрэчы Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ленінградцы і Ленінградская вобласць шмат чаго зрабілі, каб узняць з руін Мінск.

«Вы сёння, як нашчадак тых людзей, па-гаспадарску павінны паглядзець на горад і сказаць, ці трымаем мы яго ў парадку, ці заўвагі дзесьці ёсць. Вы метро нам дапамагалі рабіць, навукоўцы з вашага рэгіёна прыехалі, каб развіваць навуку ў Беларусі. Куды ні кінь, усё звязана з Піцерам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, беларусы вельмі падобныя да ленінградцаў, таму ў нас і асаблівыя добрыя пачуцці ў адносінах да іх. Ён дадаў, што Беларусь вельмі зацікаўлена ў супрацоўніцтве з гэтым рэгіёнам Расіі.

«Калі ў нас не атрымліваецца з Масквой, я сваім кажу, чаго вы парыцеся? У Піцеры жыве больш 5 мільёнаў чалавек, а яшчэ вазьміце Ленінградскую вобласць з велізарнай колькасцю людзей, і нам дастаткова для таго, каб закрыць увесь тавараабарот з Расійскай Федэрацыяй, калі мы наладзім добрае супрацоўніцтва», — дадаў Прэзідэнт і падзякаваў гасцям, што яны адклікаюцца на партнёрства.

Пры тым ён падкрэсліў, што беларусы прапануюць толькі тое, у чым Ленінградская вобласць мае патрэбу. Але ў нейкай ступені гэтая вобласць і канкурэнт Беларусі. «Мы гатовы шмат зрабіць для вашай вобласці, таму што мы ў пэўнай ступені і канкурэнты. Ленінградская вобласць забяспечвае сельгаспрадукцыяй і іншым Піцер. Магчыма не ў поўным аб’ёме. Але і дзякуй Богу. Мы гатовы аб’ём дапоўніць, каб поўнасцю закрыць неабходнасці Піцера», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Губернатар Аляксандр Драздзенка павіншаваў Прэзідэнта з абраннем на пасаду і адзначыў, што перамовы двух лідараў «даюць нашым рэгіёнам надзею, што мы працягнем курс на супрацоўніцтва на ўзаемавыгаднай аснове».


Як расказаў Аляксандр Драздзенка, сёння абмяркоўвалі не толькі традыцыйныя, але і новыя кірункі супрацоўніцтва. Плануюць расіяне купляць у Беларусі вялікія і малыя ўстаноўкі па ачыстцы вады. Прылады ўніверсальныя — пазбаўляюць ваду ад жалеза, мутнасці, салёнасці вады.

«Мы ўжо набылі звыш дзясятка такіх установак, выпрабавалі, устанавілі. Я асабіста каштаваў ваду пасля ачысткі. Усё выдатна, гэта будзе вялікі кантракт на будучы год», — расказаў губернатар.

Яшчэ адна цікавая тэма — пастаўка беларускіх камбінаваных аўтобусаў, абсталяваных некалькімі відамі паліва. Як сказаў Аляксандр Драздзенка, на бліжэйшую перспектыву хацелі б мець гарантаваную пастаўку да 1500 аўтобусаў. Запэўніў, што будуць купляць і беларускія комбікармы для рыб.

Пракаментаваў губернатар і магчымасці пастаўкі беларускі грузаў праз порты Фінскага заліва. «Мы сёння казалі пра тое, што неабходна выбудаваць сучасную лагістыку. Зразумела, што неабходны прыцягальныя чыгуначныя тарыфы, прыцягальныя сцівідорныя паслугі, каб было выгадна беларускія грузы перагружаць праз нашы партовыя комплексы», — дадаў ён.

Наконт сумеснага порту Аляксандр Драздзенка адзначыў, што неабходна вырашыць, якія грузы там плануецца перагружаць. Але больш прывабная іншая прапанова — увайсці капіталам у тэрміналы, якія ўжо будуюцца.

«Сумы сёння называліся розныя. Усё залежыць ад таго, які гэта будзе тэрмінал. Самы недарагі тэрмінал каштуе ад 2,5 мільярдаў рублёў і самы дарагі 25 мільёнаў рублёў. Такая розніца вялікая, таму трэба разумець пад якія грузы ён будзе будавацца. Але маё меркаванне, уваходзіць у акцыянернае таварыства, што ўжо будуе тэрмінальны комплекс. Тады гэта і танней, і прасцей, і гарантыя патаннення паслуг па перапрацоўцы грузаў», — канстатаваў губернатар.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?