Вы тут

Лукашэнка: Чаму мы заўсёды пакутуем ад гэтых санкцый?


Прэзідэнт Беларусі правёў перамовы з губернатарам Іркуцкай вобласці Ігарам Кобзевым.


Найперш падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў губернатара з перамогай на выбарах з вялікай перавагай галасоў. «Працэнт даверу сібіракоў у вас шалёны. Добра, што вы далей ад Захаду, а тое і ў вас бы „каляровую“ рэвалюцыю зладзілі з-за вялікіх працэнтаў на выбарах. Я Уладзіміру Уладзіміравічу казаў, калі пасля выбараў мы сустракаліся, што вельмі салідна прайшлі выбары. Асаблівасць, што ўсе людзі, якіх ён прапаноўваў для выбрання, з вялікім працэнтам былі выбраны», — дадаў Прэзідэнт.

Ён выказаў меркаванне, што губернатары ўнеслі шмат у развіццё адносін паміж дзяржавамі. «Калі б не было вашага брата, губернатараў, у нас не было б увогуле адносін паміж Беларуссю і Расіяй. Асабліва апошні ельцынскі перыяд і ранні пуцінскі (усё ж не знікае адразу) мы вельмі сапсавалі адносіны наверсе. А губернатары выратавалі нашы адносіны», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт пералічыў, што здабыткам Саюзнай дзяржавы сёння стала шырокая сетка міжведамасных кантактаў і сумесных органаў. «Мы вельмі многія пытанні сёння можам вырашаць, але не вырашаем. Нам трэба, каб нас хтосьці падагнаў нас. І гэта ў пэўнай ступені бяда, якая абрынулася на Беларусь у сувязі з „каляровымі“ рэвалюцыямі, прымусіла нас сур’ёзна паглядзець на нашы адносіны. Мы зразумелі, што нам няпроста ў гэтай сітуацыі, Беларусі і Расіі, мы ўбачылі, што мы можам абысціся без іх. Чаму мы заўсёды пакутуем ад гэтых санкцый?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў дзвюх краін самадастатковая эканоміка — добра развітыя і прамысловасць, і сельская гаспадарка, і навука. «Нам трэба сабрацца ў кучу. Намеціць агульныя планы і дзейнічаць у гэтым кірунку, забяспечваючы ўсім неабходным нашых людзей. Таму ваш прыезд для нас вельмі важны», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт назваў Іркуцкую вобласць «гігантам, апорнай вобласцю ў Сібіры» і сказаў, што многія практычныя пытанні ўжо вырашаліся, ім неабходна толькі надаць другое дыханне.

«Дзесьці нам проста неабходна страсянуцца, як ва Усоллі ў нас прадпрыемства з „Магілёўліфтмашам“. Там нейкія дробныя пытанні, я думаю, мы іх зможам вырашыць. Мабыць, на постсавецкай прасторы, гэта адзінае прадпрыемства, з якім вы можаце працаваць па замене ў такой колькасці і аб’ёме ліфтоў, — сказаў Прэзідэнт.  — І не толькі ліфты, а і горнашахтавае абсталяванне, грузавыя аўтамабілі. Я ведаю, што вы малайцы, грамадскі транспарт вы падтрымліваеце. Калі ласка — з аўтаномным ходам электробусы, падзарадзіўся і паехаў».

Аляксандр Лукашэнка працягнуў тэму, што беларусы надаюць электрычнаму транспарту шмат увагі, транспарту на газаматорным паліве. «Мы забяспечым доступ у любую кропку Беларусі, каб вы маглі паглядзець яшчэ раз і ўпэўніцца, што мы штосьці можам зрабіць для нашых сібіракоў, якія заўсёды карысталіся павагай у беларускага народу. Вы недалёка ад нас. Сёння кіламетры — гэта не адлегласць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуўся да пасла Расіі Дзмітрыя Мезенцава, які абяцаў садзейнічаць у павелічэнні колькасці авіарэйсаў у Расію пасля аднаўлення перавозак пасля пандэміі.

«Я ўдакладніў у людзей, якія збіраюцца рухацца самалётам — мы за 400 еўра з Масквы да Мінска не гатовы лётаць. Ад 200 да 400 (кошт білетаў — „Зв.“) — гэта ненармальна. Зразумела, што праблемы і ў Аэрафлота, і ў Белавія ёсць. Але гэта няправільна. Людзі лётаць не будуць. Запыт вялікі», — упэўнены кіраўнік краіны.

У размове з журналістамі Ігар Кобзеў расказаў, што рэгіён зацікаўлены ў маштабным лесааднаўленні, таму плануе наведаццца на беларускія лесапітомнікі. Плануе азнаёміцца з прамысловымі кластарамі па камунальнай тэхніцы. У праграме візіту таксама значыцца МТЗ.

Паведаміў Ігар Кобзеў і чаму ў параўнанні з мінулым годам зменшыўся таваабарот : «У мінулым годзе ў нас і па лініі дзяржабаронзаказу, і па лініі прамысловасці заказы былі. Сёння ёсць змяншэнне, але яго ёсць чым замяніць».

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?