Вы тут

Прэзентацыя “Над Нёманам”. Адбылася


Прэзентацыя “Над Нёманам”. Адбылася

Тут было б добра абысціся і без двухкоссяў. Гэтак, ведаеце, двухсэнсоўна — як у варшаўскага сябра Элізы Ажэшкі Леапольда Меета, у яго дасціпным лісце да яе: “Бачыў днямі Каратынскага. Сядзеў “над Нёманам” (найноўшым раманам п. Ажэшкавай). У руцэ трымаў вялікі чырвоны карэктарскі аловак. Намерваўся тут, “над Нёманам”, знішчыць мноства велічных дубоў гэтай ваколіцы. Але такое захапленне апанавала яго “над Нёманам” (найноўшым раманам п. Ажэшкавай), што аловак, той самы, вялікі і чырвоны, выпаў з яго рукі, зламаўся і зрабіўся няздатным ні да якіх ваяўнічых спраў “над Нёманам”. Пра гэта мне прыемна паведаміць аўтарцы гэтага рамана, які “над Нёманам” адшукаць не будзе складана”.

Анатоль Іванавіч Бутэвіч, аўтар беларускамоўнай версіі Над Нёманам і Gloria Victis

Аўдыторыя спрэс сур'ёзная

З кнігай чытач мог атрымаць і закладку з выявай сапраўднай закладкі, зробленай рукамі Элізы Ажэшкі з наднёманскай зеляніны.

Значыцца, прэзентацыя “Над Нёманам”, найноўшай кнігі “Беларускага кнігазбору”, што выйшла 103-й па ліку ў выдавецтве “Беларуская навука”, адбылася вечарам 24 верасня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. І — адбылася. Як літаральна падзея.

Зміцер Юркевіч. А яму ў гэты час Анатоль Бутэвіч падпісвае кнігу

Святлана Воцінава перадае  Кастусю Цвірку закладку

Вядучая мерапрыемства, загадчыца навукова-асветніцкага аддзела музея Эліна Свірыдовіч, як ёй гэта звычайна ўласціва, не проста прадстаўляла гасцей і прадастаўляла ім слова, але і сама распавядала шмат пра што, датычнае тэмы вечара, гэтым разам — асобы Элізы Ажэшкі і яе ўсё больш актуальнай творчасці. Усё больш — таму што, відаць, надышоў яе час. Або проста адбываецца вяртанне і ўмацаванне пазіцый польскамоўнай нашай пісьменніцы ў нашай літаратуры. На прэзентацыі гучала шмат такога, што гэтаму доказ. Старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі вельмі трапна згадаў пра намінаванне Элізы Ажэшкі на Нобелеўскую прэмію ў 1904 і 1909 гадах: першы раз яна магла б яе атрымаць разам з Сянкевічам, напалам, і такое сапраўды ледзь не здзейснілася. Гісторык і архівіст Зміцер Юркевіч, прыводзячы думкі пра перавод прозвішча пісьменніцы “на беларускія рэйкі” — Ажэшка / Арэшка, — прывёў словы з верша Дануты Бічэль, у якім Ажэшка / Арэшка “на градку пасадзіла Бурачка”, маючы на ўвазе, канечне, Мацея Бурачка / Францішка Багушэвіча, які за свой творчы лёс (і тое, як мы цяпер яго цэнім) “павінен быць удзячны “яснавяльможнай пані Арэшчысе”. Галоўны рэдактар серыі “Беларускі кнігазбор” Кастусь Цвірка, распавёўшы пра доўгі шлях беларускага перакладу “Над Нёманам” да чытачоў серыі, пра яго “нетраплянне” у яе ў 2000 годзе, калі выдаваўся том Элізы Ажэшкі з традыцыйна беларускім трыа — “Нізінамі”-“Дзюрдзямі”-“Хамам”, прамовіў сапраўдна важныя для нас сёння словы: "Ажэшка загаварыла па-беларуску”. Так, цяпер ужо дакладна загаварыла. Бо ўлічым, што ў 103-і том “Беларускага кнігазбору” акрамя рамана “Над Нёманам” увайшлі і навелы “Gloria Victis” — “паўстанцкі цыкл”, які сёння, у такія ж бадай неўміручыя дні, як тыя, якім ён прысвечаны, гучыць досыць трапна і красамоўна. Дык вось, “Над Нёманам” і “Gloria Victis” — гэта тыя “кропкі незвароту” у Ажэшкініяне, тыя вяршыні, пасля “узяцця” якіх (а пад узяццем трэба тут разумець з’яўленне на нашай мове і прачытанне) Ажэшка — нарэшце і ўжо “непапраўна” — становіцца класікам беларускай літаратуры.

Спявае Раман Арлоў. Вельмі хораша

Старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі

Эліна Свірыдовіч вяла гэты вечар

Заслуга ў гэтым належыць Анатолю Бутэвічу: вось хто сапраўды перавёў Ажэшку “на беларускія рэйкі”.

Анатоль Іванавіч пачаў сваю прамову з падзяк — і выдавецтву “Беларуская навука”, якое выпусціла кнігу ў свет, і заснавальніку і рэдактару серыі Кастусю Цвірку. “Усё пачалося вось з гэтай кніжачкі”, — паказвае ён жоўценькую брашурку. — Гэта план выдання серыі, надрукаваны ў 1995 годзе. Тады я працаваў міністрам культуры і друку, і выхад рамана “Над Нёманам” абмяркоўваўся: у гэтым мы былі зацікаўлены. А вось ілюстрацыя таго, як Кастусь Цвірка прапаноўваў мне перакласці “Над Нёманам”, — яго запіска: “Анатоль Іванавіч, гляньце, калі ласка, на пазіцыю 28, старонка 13 у сувязі з нашай гаворкай”. Гэтая пазіцыя — якраз і ёсць раман “Над Нёманам”, які я павінен быў перакласці. Ішоў 1995 год. У 1996-м я завяршыў працу ў Мінску і паехаў Генеральным консулам у Гданьск. Там і пачаўся мой пераклад “Над Нёманам”….”

Прэзентацыя “Над Нёманам” адбылася. Праўда, над Свіслаччу. Цяпер самы час ёй адбыцца над Нёманам. І без ніякіх двухкоссяў...

Святлана ВОЦІНАВА, “М”

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?