Вы тут

Якая будучыня ў літаратурных часопісаў?


У сучасным свеце з усімі яго тэхналогіямі шмат аспектаў жыцця трансфармуецца і  набывае абсалютна новыя рысы. Даволі яскрава можна заўважыць гэта ў дачыненні таго, што звязана з мастацтвам і ў тым ліку літаратурным працэсам. Ва ўмовах, калі кожны мае магчымасць апублікаваць свой твор у інтэрнэце або выдаць кнігу за ўласныя грошы, межы гэтага самага працэсу размываюцца. Тым больш значным і актуальным становіцца так званы інстытут экспертызы, структуры, які прызваныя дапамагчы чытачам і аўтарам сарыентавацца ў  шматаблічнасці сучаснай літаратуры і  даць настолькі аб’ектыўную ацэнку творам, наколькі магчыма.


Так атрымалася, што гэтую функцыю, як і дзесяцігоддзі таму, выконваюць літаратурныя часопісы. Пра значнасць іх ролі ў літаратурным працэсе, новыя і традыцыйныя прыёмы ўзаемадзеяння з чытачом паразважалі галоўныя рэдактары літаратурных часопісаў Выдавецкага дома «Звязда» падчас прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы.

 Што сёння прадстаўляюць сабой літаратурныя часопісы? Гэта штомесячныя публікацыі 40—50 беларускіх паэтаў і  прыкладна такой жа колькасці празаікаў, а таксама перакладных твораў, публіцыстычных і літаратурнакрытычных матэрыялаў. Аляксей Чарота, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда», адзначыў: нягледзячы на тое, што тыражы літаратурных часопісаў па ўсім свеце падаюць, ва ўмовах перанасычанасці літаратурнага рынку менавіта яны з’яўляюцца неабходнымі эталонамі добрага літаратурнага густу, арыенцірамі для чытача. Але пры гэтым часопісы заўсёды застаюцца толькі адлюстраваннем літаратурнай сітуацыі. І таму аб’ектыўную карціну складаюць публікацыі ва ўсіх часопісах — з рознай спецыфікай, накіраванасцю на розную аўдыторыю.

Вядома, што ніякая перыёдыка, у тым ліку літаратурная, не зможа заставацца выключна ў папяровым выглядзе. Трэба шукаць новыя формы ў інтэрнэце, але, мяркуючы па практыцы іншых краін, папяровыя часопісы і папяровыя кнігі будуць заставацца як своеасаблівая элітарная форма, прыкмета высокай культуры.

Сучаснасць і мемарыяльнасць

 Для «Полымя», найстарэйшага літаратурнага выдання Беларусі, застаюцца важнымі два вектары развіцця: фіксацыя сучаснага літаратурнага працэсу і мемарыяльнасць, адзначыла галоўны рэдактар Алена Мальчэўская. Проза ў часопісе ў гэтым годзе была адзначана формай серыяльнасці. У 2020 годзе на старонках выдання працягваўся раман Уладзіміра Гніламёдава «Праўда жыве пасярэдзіне». Цяпер, у апошніх нумарах «Полымя», друкуецца шостая частка рамана Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, лётніка і чорнай меланхоліі», адна з самых запатрабаваных кніжных серый сучаснай беларускай літаратуры. Папярэднія часткі твора таксама друкаваліся ў часопісе. На апошнія нумары года запланаваны раман Міколы Адама «Адаптацыя», што таксама з’яўляецца своеасаблівым працягам яго папярэдняй кнігі «І прыдбаў гэты дом».

У галіне перакладу «Полымя» скіравала ўвагу ў  гэтым годзе на еўрапейскую літаратуру, пераважна сучасную. Напрыклад, у часопісе змяшчаліся «Ліст да Еўропы» Атэны Фарухсад у перакладзе Алены Казловай, апавяданні Анжы Стасюка ў перакладзе Марыі Мартысевіч. У планах — публікацыя больш гістарычнага кшталту — «Старэйшая Эда».

Вектар мемарыяльнасці ў часопісе праяўляецца ўжо на ўзроўні вокладак. На іх — выявы розных помнікаў з незвычайных ракурсаў, зробленыя Міраславам Шайбаком. У тэкстах мемарыяльнасць праяўляецца таксама — у найбліжэйшых публікацыях у «Полымі» будуць адзначаны юбілеі Андрэя Макаёнка і Уладзіміра Караткевіча. Але і ў тэкстах важна падаваць мемарыяльнасць з незвычайных ракурсаў, лічыць Алена Мальчэўская. Гэта рэалізоўваецца праз публікацыю мемуараў. Сёлета былі надрукаваны мемуары дачок пісьменнікаў — Валерыі Іванаўны Навуменкі і Людмілы Іванаўны Мележ.

На змест «Полымя» заўсёды ўплывала тое, што гэта часопіс уключаны ў пераклік ВАКаўскіх выданняў па спецыяльнасці «Літаратуразнаўства». Тут публікуюцца сур’ёзныя даследаванні. Сярод заўважных за апошні перыяд — работа Міколы Труса, прысвечаная стасункам Беларусі і ЗША ў пачатку ХХ стагоддзя, публікацыя Вольгі Бабковай з архіваў Купалаўскага тэатра, прысвечаная 90-м гадам мінулага стагоддзя.

Інтэрактыўнасць і нестандартнасць

Часопіс «Маладосць» — самы малады па годзе заснавання сярод літаратурных выданняў Беларусі (выходзіць з 1953 года). Галоўнае адрозненне ад іншых  — абмежаванні па ўзросце аўтараў прозы і паэзіі: ад 16 да 35. На аўтараў літаратурна-крытычных і публіцыстычных матэрыялаў гэтае правіла не распаўсюджваецца. Акрамя гэтага, блок перакладаў часопіса амаль цалкам прадстаўлены студэнтамі-практыкантамі: выданне падтрымлівае супрацоўніцтва з МДЛУ, а таксама з факультэтам сацыякультурных камунікацый і філалагічным факультэтам БДУ.

Яшчэ адна асаблівасць «Маладосці» — вялікая колькасць рубрык у розных блоках часопіса. Напрыклад, тут друкуюцца не толькі пераклады твораў, але і публіцыстычныя тэксты пра пераклады (рубрыка «Маргіналіі»). Крытычны блок таксама прадстаўлены ў большасці не класічнымі артыкуламі, хаця яны таксама прысутнічаюць. Нестандартны погляд і падыход да падачы матэрыялу — адзін з галоўных прынцыпаў «Маладосці», што асабліва заўважна ў калумністыцы. Адна з рубрык нават друкуецца дагары нагамі — каб прачытаць яе, патрэбна перавярнуць часопіс.

Але, нягледзячы на ўзрост аўтараў, «Маладосць»  — не самая лёгкая пляцоўка для дэбюту: каб трапіць сюды, трэба вельмі скрупулёзна папрацаваць над тэкстам. Пра гэта распавядаюць матэрыялы ў рубрыцы «100 slow». Арыентаванасць на моладзь праяўляецца і ў тым, што часопіс актыўна працуе ў інтэрнэт-прасторы. Яго, як, дарэчы, і любое выданне «Звязды», можна выпісаць у pdf-версіі. На сайце выдавецкага дома на старонцы часопіса можна ўбачыць інтэрактыўны змест. Кожны нумар «Маладосці» суправаджаецца прэзентацыйным відэаролікам, magazine-трэйлерам і  шчодра аздоблены разнастайнымі QR-кодамі, праз якія лёгка знайсці дадатковую інфармацыю па пэўных матэрыялах.

 Найбліжэйшы нумар «Маладосці» будзе прысвечаны Максіму Танку і Ежы Плесняровічу — публікацыі пра гэтых асоб і іх стасункі, складуць ядро нумара. Лістападаўскі нумар не абміне тэму юбілею Уладзіміра Караткевіча, рыхтуецца некалькі публікацый з нагоды, а таксама па тэме кіно. Снежаньскі нумар, па традыцыі, будзе прасякнуты святочнасцю, каляднасцю.

Класічнасць і шырыня гарызонтаў

Часопіс «Нёман», які прадстаўляе рускамоўны сегмент беларускай літаратуры, сёлета адзначае 75-гадовы юбілей з часу заснавання. Галоўны рэдактар «Нёмана» Юлія Алейчанка адзначыла, што выданне, хаця і крочыць у нагу з часам, імкнецца захоўваць традыцыйны, класічны фармат літаратурнага часопіса: публікацыі прозы, паэзіі, крытычныя матэрыялы і развагі пра сучасную літаратурную сітуацыю, тэксты, прысвечаныя іншым відам мастацтва. У  «Нёмане» сегмент перакладаў займае асаблівае месца. Па-першае, таму што ў выданні прадстаўляюцца і творы беларусаў у перакладзе на рускую мову. Па-другое, таму што ў склад «Нёмана» ўваходзіць «часопіс у часопісе» «Сусветная літаратура» (раней  — асобнае выданне). Акрамя гэтага, «Нёман» адрозніваецца большым блокам публіцыстыкі і рубрыкамі, накіраванымі на камунікацыю з чытачом. Менавіта тут развіваюцца не толькі літаратурныя, але і вострасацыяльныя, грамадскія і культурныя тэмы.

Сучаснасць адбіваецца ў часопісе не толькі ў змесце і формах існавання ў інтэрнэце, але і на вокладцы. Па традыцыі, яна прадстаўляе работы сучасных беларускіх мастакоў. У гэтым годзе тэма вокладак — муралы, вулічнае мастацтва, прычым не толькі творы, якія ўпрыгожваюць беларускія вуліцы, але і работы айчынных мастакоў за мяжой. Юлія Алейчанка распавяла, што вялікай місіяй часопіса бачыць прадстаўленне беларускай літаратуры за мяжой, у тым ліку ў краінах-суседках, дзе ведаюць рускую мову. На старонках часопіса з’яўляюцца творы многіх беларускіх аўтараў, як класікаў, так і сучаснікаў, для таго, каб чытачы маглі назіраць за карцінай развіцця беларускай літаратуры «ў дынаміцы». І, безумоўна, значную частку зместу «Нёмана» складаюць творы рускамоўных аўтараў Беларусі. Большасць з  іх — ужо вядомыя пісьменнікі, але часам «Нёман» не абмінае ўвагай і літаратурныя дэбюты. Таксама прыкладам супрацоўніцтва з маладымі выявіўся сумесны праект з парталам mocny.by — рубрыка «Свет будучыні», у якой друкаваліся эсэ студэнтаў і школьнікаў.

Згаданая рубрыка «Сусветная літаратура» — прадстаўніцтва моцнай школы перакладу, традыцыі якой закладаліся яшчэ з савецкіх часоў. Творы, што трапляюць сюды, абавязкова перакладаюцца з мовы арыгінала, без падрадкоўнікаў. У рубрыцы друкуюцца не толькі вялікія раманы і аповесці, але і аналітычныя артыкулы, прысвечаныя сусветнай літаратуры. Асобная рубрыка ў перакладным блоку — «Сябрына»  — прысвечана літаратурам краін блізкага замежжа, з якімі Беларусь звязваюць цесныя дыпламатычныя стасункі.

«“Нёман” — часопіс стары па гадах, але з маладым тварам, які імкнецца адлюстроўваць сучасны літаратурны працэс», — адзначае Юлія Алейчанка.

Ганна ІВАНОВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».