Вы тут

Злыя духі выходзяць на сцэну


У Вялікім тэатры Беларусі опера «Вілісы. Фатум» ставіцца ўпершыню. Гэта твор Джакама Пучыні, напісаны для конкурсу, абвешчанага ў 1883 годзе адным з міланскіх тэатраў. Асновай лібрэта стала старажытная германская легенда, сюжэт якой раней быў выкарыстаны ў балеце «Жызэль» французскага кампазітара Адольфа Адана.


Сцэна з оперы «Вілісы. Фатум».

Па дзіўным збегу абставін (некаторыя музыказнаўцы лічаць, што хаця б часткова, але гэта магла быць віна і самога творцы, бо першапачатковы варыянт оперы ствараўся вельмі хутка і ў выніку аказаўся недапрацаваны, тым больш у будучыні творца перарабляў твор тры разы: у 1884-м, 1888-м і 1892-м) опера маладога кампазітара нават не была дапушчана да конкурсу. Ці было гэта вынікам інтрыг зайздроснікаў і ворагаў кампазітара, мы ўжо ніколі не зможам даведацца, бо падобныя з’явы часцяком захоўваюцца выключна ў галовах саміх змоўшчыкаў і гісторыя пра іх замоўчвае. Аднак вынік навідавоку: сачыненне не змагло прыняць удзел у конкурсе, а значыць, як, напэўна, тады думаў сам маэстра, наўрад ці калі-небудзь магло атрымаць пуцёўку ў жыццё. А Джакама Пучыні ганарыўся сваім творам, безумоўна, падобная непавага моцна адбілася на яго творчым самалюбстве.

Але ўсё ж такі лёс быў на баку кампазітара. Ужо ў хуткім часе з поспехам «Вілі» (менавіта такую назву меў першы аўтарскі варыянт оперы) была пастаўлена ў Мілане. Публіка горача прывітала кампазітара. «У музыцы маладога маэстра, — адзначаў адзін з рэцэнзентаў, — шмат такіх эпізодаў, якія кранаюць сэрца, таму што яны сыходзяць з сэрца». І гэта сапраўды так, опера карысталася неверагоднай папулярнасцю ў публікі. У ноч пасля прэм’еры дваццаціпяцігадовы Джакама Пучыні даслаў сваёй маці тэлеграму наступнага зместу: «Тэатр поўны, велізарны поспех; чаканні перасягнуты; васемнаццаць выхадаў да публікі; фінал першага акта тройчы паўтараўся на біс».

Сюжэт оперы не будзе новым для тых, хто цікавіцца міфалогіяй ці класічнай літаратурай, але разам з тым апрацоўка, якую зрабіў Джакама Пучыні, з’яўляецца даволі нестандартнай, новай для такога тыпу твораў, а таму актуальная і цяпер. Яна можа быць цікавая сучаснаму гледачу, асабліва калі ён дасведчаны оперны гурман. Ляснічы Гульельма з сям’ёй і гасцямі святкуе заручыны сваёй дачкі Ганны з юнаком Раберта. Раберта атрымаў вялікую спадчыну і павінен адправіцца па яе ў Майнц. Ганна хвалюецца за яго і спявае арыю «Se come voi piccina» («Калі б я была зусім малюсенькай / Ты мог бы ўзяць мяне з сабой»). Раберта спрабуе яе супакоіць, але Ганна распавядае, што бачыла сон, у якім Раберта памірае. Гульельма благаслаўляе Раберта ў шлях, і той сыходзіць, але трапляе ў любоўныя сеткі сірэны.

Вілісамі называлі помслівых лясных духаў, якія жорстка распраўляліся з нявернымі жаніхамі. Пакінутая каханым, сялянская дзяўчына Ганна памірае ад гора. Праз некаторы час у глыбокім раскаянні ён вяртаецца ў роднае сяло. Але Ганна, якая стала віліс, захоплівае яго ў злавесны карагод дзяўчат-прывідаў. Опера заканчваецца смерцю здрадніка і хорам вілісаў (менавіта гэты момант найбольш уражвае і ўражваў гледачоў розных часоў, бо з’яўляецца не толькі лагічнай кульмінацыяй мастацкага твора, але і канцэнтрацыяй усіх магчымых для жанру мастацка-выразных сродкаў).

Над пастаноўкай спектакля ў Вялікім тэатры Беларусі працуюць: дырыжор Іван Касцяхін, рэжысёр Аксана Волкава (гэта дэбютная работа знакамітай беларускай спявачкі), мастак Этэль Іошпа (мастак-пастаноўшчык Маскоўскага музычнага тэатра імя Канстанціна Станіслаўскага і Уладзіміра Неміровіча-Данчанкі), хормайстар Ніна Ламановіч, мастак па святле і  відэакантэнце Стаc Свістуновіч (Расія), балетмайстар Канстанцін Кузняцоў.

«Каб выбраць оперу для пастаноўкі, пераслухала вялікую колькасць рознага музычнага матэрыялу, — распавяла Аксана Волкава. — Але менавіта гэты твор зачапіў прыгажосцю і эмацыянальнасцю. Ды і сутыкненне светаў — рэальнага і фантастычнага — вельмі добрая глеба для тэатральнай сцэны. Мяне ўсхвалявалі героі. Персанажы вельмі выразныя, а з дапамогай сучасных мастацкіх сродкаў мы можам ярка і дынамічна распавесці гісторыю кожнага з іх. Гэтая гісторыя пра сутыкненне дабра і зла, пра каханне і здраду, але самае галоўнае — пра злачынства і пакаранне, а апошняе заўсёды чакае чалавека за тыя ўчынкі і дзеянні, якія ён здзяйсняе».

Вядучыя партыі ў спектаклі рыхтуюць: салісты оперы Марыя Галкіна, Марта Данусевіч, Анастасія Масквіна, Клаўдзія Пацёмкіна (Ганна), Іван Бярэзін, Васіль Мінгалёў, Тарас Прысяжнюк, Дзмітрый Шабета, Аляксандр Міхнюк (Раберта), Уладзімір Громаў, Уладзімір Пятроў, Ілья Сільчукоў (Гульельма), салісты балета Вольга Гайко і Таццяна Уласень (Сірэна).

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Фота з сайта Вялікага тэатра Беларусі bolshoibelarus.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.