Вы тут

У Мазыры напярэдаднi «Дажынак-2020» шэраг сацыяльна значных аб'ектаў святкуе наваселлi


У Мазыры напярэдаднi правядзення фестывалю працаўнiкоў аграрнай галiны «Дажынкi-2020» шэраг сацыяльна значных аб'ектаў святкуе наваселлi. Так, у новым уласным будынку цяпер будзе працаваць Мазырскi цэнтр творчасцi дзяцей i моладзi. Гэта сапраўдная тэрыторыя прыцягнення творчай энергii Мазыршчыны.


Доўгi час дзецi i педагогi праводзiлi заняткi ў прыстасаваных памяшканнях. Месца было мала — каля 200 «квадратаў» для амаль тысячы дзяцей. Новы адрас прапiскi — будынак, у якiм раней размяшчаўся раённы суд пасля маштабнай мадэрнiзацыi. Праведзены капiтальны рамонт даху i фасаду, умацаваны апорныя канструкцыi сцен, зроблены ўнутраны рамонт кабiнетаў, санвузлоў, заменены вокны i дзверы. Акрамя таго, уладкаваны залы для выставак i для заняткаў па харэаграфii, куток для адпачынку бацькоў.

На будаўнiча-мантажныя работы было накiравана больш за 545 тысяч рублёў. На набыццё мэблi, абсталявання i iнвентару вылучана больш як 83 тысячы рублёў. Жыхары Мазыра частку сродкаў сабралi на суботнiку — 8 % ад агульнага кошту ўсiх выдаткаў.

На першым паверсе размясцiўся гаспадарчы блок з гардэробам i касцюмернымi, на другiм i трэцiм — прастора для творчасцi выхаванцаў, чацвёрты адведзены пад адмiнiстрацыю.

У новым будынку ёсць дзе разгарнуцца ўдзельнiкам ажно 73 аб'яднанняў па iнтарэсах. Самыя папулярныя з iх — дэкаратыўна-прыкладное, вакальнае, харэаграфiчнае, выяўленчае. Ацанiлi новыя ўмовы i 60 педагогаў цэнтра разам з кiраўнiком установы Аксанай Казачэнкай.

Мiж тым Мазырскi цэнтр творчасцi дзяцей i моладзi складаецца з больш чым 1700 фiлiялаў. У гэтым навучальным годзе ў iм упершыню пачалi работу з дзецьмi, якiя маюць псiхафiзiчныя асаблiвасцi. Створана таксама пастаянная экспазiцыя дзiцячай творчасцi i вiдаў рамёстваў Палесся.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей павiншаваў педагогаў i дзяцей з наваселлем:

— Разглядзець талент у дзiцяцi, раскрываць яго, падтрымлiваць, калi яно сумняваецца, i ўпэўнена весцi яго да майстэрства i заваявання новых вяршыняў — задача сумленнага творчага педагога. Доказам таму служаць 90 узнагарод рознай вартасцi ў мiжнародных, рэспублiканскiх i абласных конкурсах, якiя дзецi заваявалi за мiнулы навучальны год. На працягу некалькiх гадоў цэнтр застаецца адным з лiдараў у сваiм кiрунку ў Гомельскай вобласцi, — падкрэслiў кiраўнiк рэгiёна. — Упэўнены, пры такiм высокiм патэнцыяле i дзякуючы створаным камфортным умовам для работы i творчасцi, юныя мазыране будуць i далей развiваць свае таленты, дасягаць новых вяршыняў, услаўляць рэгiён i краiну сваiмi поспехамi.

На адкрыццi ўстановы губернатар падарыў цэнтру сертыфiкат на 50 тысяч рублёў для далейшага развiцця i ўмацавання яго базы. Яшчэ адзiн сертыфiкат перадала ўстанове старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка.

Асвойваючыся ў новых кабiнетах, выхаванцы цэнтра iмкнулiся распавесцi пра сваю дзейнасць i прадэманстраваць свае поспехi. Дарэчы, тут дзейнiчаюць яшчэ i дзiцячыя i маладзёжныя арганiзацыi: добраахвотнiцкi атрад, iнтэлектуальны клуб i аб'яднанне юных журналiстаў.

Генадзь Салавей пры размове з прадстаўнiкамi мясцовага маладзёжнага савета заўважае, што гэта арганiзацыя — першая прыступка да ўдасканалення нашага жыцця:

— Тут вы набываеце навыкi ў тых кiрунках, якiя вам спатрэбяцца ў жыццi. Дадатковая адукацыя таксама дапаможа ў выбары жыццёвага шляху. Я хачу, каб ваш мазырскi досвед распаўсюджваўся. Нам важна ўлiчваць вашы погляды на жыццё, на нашу работу — мы будзем прыслухоўвацца да вашай думкi. Вы можаце смела дзялiцца сваiм пунктам гледжання з намi, прадстаўнiкамi старэйшага пакалення. I будзьце ўпэўнены: мы вас пачуем.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Месца прыцягнення творчай энергii

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.