Вы тут

Ці варта вырошчваць кавуны на нашых палях?


У нашай краіне ўжо некалькі гадоў запар у жніўні—верасні збіраюць ураджай кавуноў. Гэтую ягаду вырошчваюць не толькі ў аграпрамысловых комплексах краіны, але і на ўчастках каля рэзідэнцыі Прэзідэнта. Там кіраўнік дзяржавы звычайна збірае ўраджай пад пільнай увагай камер, а кавуны потым адпраўляюць у дзіцячыя дамы і дамы састарэлых.


Мне ж таксама захацелася пакаштаваць такую ягаду беларускага паходжання, але на справе тое аказалася зусім няпроста. Наш кавун досыць рэдка бывае ў крамах краіны. Днямі мне давялося ўбачыць «паласаціка» ў фермера, які прадаваў свой ураджай з аўтамабіля недалёка ад майго дома. Грошай з сабой не было, і, пакуль я бегала дадому за кашальком, кавуны раскупілі.

Увогуле ўраджай бахчавых культур у гэтым годзе, у тым ліку кавуноў, у Беларусі чакаецца на ўзроўні каля 800 тон. Аб гэтым мне давялося пачуць ад намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяны КАРБАНОВІЧ. І я падумала, што шанц набыць беларускі кавун у мяне ўсё-такі ёсць. Мэтанакіравана абышла ўсе найбліжэйшыя крамы, але так і не знайшла ў той вечар жаданае. Затое мне пашанцавала з водгукамі. Суседзі, якія паспелі набыць у фермера мясцовыя кавуны, расказалі, што плады сакавітыя і вельмі салодкія, але ім падалося, што яны менш духмяныя, чым паўднёвыя («сонца не хапае» — вырашылі тады хатнія гаспадыні).

На наступны дзень я ехала шукаць кавун ужо з веданнем справы, таму што мне падказалі магазін, у якім, магчыма, знайду айчынную ягаду. І мне пашанцавала. Там у металічных кантэйнерах красаваліся нашы бахчавыя. Прадавец у краме расказала, што гэтыя кавуны купляюць, але не так актыўна, як хацелася б. Каштавалі яны 97 капеек за кілаграм, прыкладна столькі ж, колькі паўднёвыя.

Мне падалося гэта дзіўным, таму што кавуны «з-за мяжы» па ідэі павінны каштаваць больш, чым нашы. Хоць бы таму, што давезці іх з іншай краіны каштуе даражэй, чым з якойсьці беларускай гаспадаркі. Чаму так атрымалася, расказаў галоўны аграном УКСП «Саўгас «Дабраволец» Яўген Русецкі. У гэтай гаспадарцы, Клічаўскага раёна таксама вырошчваюць кавуны.

«У прынцыпе калісьці гэта можа стаць выгаднай справай. Але сёння ёсць некаторыя нюансы, звязаныя з тэхналогіяй, якія павышаюць сабекошт ягады, і таму зарабіць гаспадарцы на гэтым аказалася няпроста. Па-першае, невялікі ўраджай сёлета павысіў сабекошт ягады. Па-другое, на дадзены момант у краіне не зарэгістраваныя сродкі абароны для вырошчвання кавуноў. Гэта значыць, што кавуны полюць уручную, а гэта немалыя выдаткі, бо людская праца заўсёды дарагая. У выніку сабекошт нашых кавуноў — 78 капеек за кілаграм, а нам, каб хоць бы трошкі зарабіць, трэба прадаваць оптам па 80 капеек. Але на рынку гэта вялікія грошы, бо аптовая закупка кавуноў з поўдня сёння — 60 капеек», — сказаў аграном.

У саўгасе сабралі 27 тон кавуноў. Цяпер галоўная задача — паспець іх прадаць, бо кавуны не могуць доўга ляжаць на складзе з-за таго, што яны хутка псуюцца.

Ці стане вырошчванне кавуноў справай выгаднай, пакажа час. Але пакуль беларускі кавун для многіх пакупнікоў — экзотыка, на якую яшчэ трэба падумаць, ці варта траціць грошы.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.