Вы тут

Выстаўка «Таямніцы канцылярыі» дазваляе здзейсніць падарожжа ў мінулае


Мала хто задумваецца, як з'явіліся такія звыклыя і патрэбныя ў жыцці рэчы, як аловак, ручка... Сёння канцылярскія прылады людзі ўспрымаюць як нешта само сабой зразумелае. Імі вучні карыстаюцца ў школах, студэнты — ва ўніверсітэтах, а дарослыя — у сваіх офісах. Выстаўка «Таямніцы канцылярыі», што адкрылася днямі ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дазваляе здзейсніць падарожжа ў мінулае і даведацца гісторыі розных прылад. Пра некаторыя экспанаты «Звязда» распытала ў іх уладальніка — калекцыянера, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава.


Ручка з паўмесяцам Станіслава Маеўскага 

— Гэты чалавек быў найбуйнейшым вытворцам алоўкаў, пер'яў і канцылярскіх прылад у царскай Расіі, і потым, пасля рэвалюцыі, у Польшчы. Ён арганізаваў сваю фірму ў 1889 годзе. Яна знаходзілася ў горадзе Прушкаў пад Варшавай. Гэтая вытворчасць існуе і да сённяшняга дня. Маеўскі з'яўляўся вялікім канкурэнтам знакамітага Фабэра. Яго лагатып з паўмесяцам і шасціканцовай зоркай не разгаданы і дагэтуль. Але фірменны знак прысутнічае на кожнай каробцы алоўкаў. Гэтая сярэбраная ручка, як мне здаецца, хутчэй за ўсё была выпушчана ў ліку невялікай партыі асадак з фірменным лагатыпам, якія зрабілі па замове вытворцы. Іх потым выкарыстоўвалі ў якасці падарункаў сябрам альбо высокапастаўленым асобам.

А ўвогуле ў фабрыкі вельмі цікавы лёс. Калі пачалася Першая сусветная вайна, Маеўскі эвакуіраваў сваё абсталяванне. (Фабрыка ў Прушкаве была разбурана. Існуе паданне, што кіраваў танкавым корпусам, які разбамбіў фабрыку, сын Фабера.) Ёсць легенда, што Маеўскі першапачаткова планаваў арганізаваць вытворчасць у нашым Барысаве. І цэлы састаў з яго абсталяваннем стаяў у горадзе некалькі тыдняў. Ён хацеў прыстасаваць з гэтай мэтай лесапільны завод. Але, паколькі фронт набліжаўся, вырашыў перанесці ўсё ў глыбінку Расіі — у Славянск (цяпер тэрыторыя Украіны) і там арганізаваў вытворчасць алоўкаў у гады Першай сусветнай вайны. А пасля рэвалюцыі Маеўскі ўсё ж такі з'ехаў у Прушкаў, але яго абсталяванне засталося. І тады ў Прушкаве ён зноў стаў найбуйнейшым вытворцам, а ў Славянску на тым абсталяванні адкрылі алоўкавую фабрыку «Славянская».

Пісьмовы набор з сям'і Манюшкаў 

— Яго я набыў на аўкцыёне ў Варшаве. Карыстаўся ім Станіслаў Манюшка ці не — дакладна невядома (бо ён памёр у 1872 годзе), а такія наборы тады якраз толькі пачалі выпускаць. Таму, калі кампазітар ім і карыстаўся, то перад самай смерцю. Але з іншага боку там мы бачым вензель Манюшкі: альбо ён сам, альбо нехта з яго сям'і набор выкарыстоўваў. Ён зроблены з дарагіх матэрыялаў: чарапахавы панцыр, золата. Такія рабілі ў невялікай колькасці. Звярніце ўвагу на сургуч: для багатых людзей туды дадавалі залаты парашок, і атрымліваўся сургуч з залатымі крупінкамі.

Рэліквія сям'і Манюшкаў.

Пісьмовы прыбор маршала Сямёна Канстанцінавіча Цімашэнкі

— Пасля Вялікай Айчыннай вайны маршал Цімашэнка камандаваў у нашых акругах (Баранавіцкім — з сакавіка 1946 года, а з 1949 года — Беларускім). Тут ажаніўся з настаўніцай з Мінска. І гэты прыбор, магчыма, яму зрабілі ў 1945 годзе, а можа, крыху пазней. Але бачна, што ён ручной работы. Выкарыстаны мосенж, шкло, падобнае да рубінавага. Увесь набор важыць каля васьмі кілаграмаў. Пасля ад'езду маршала гэты набор застаўся ў сям'і яго першай жонкі.

Пісьмовы набор маршала Цімашэнкі.

Пёравая ручка пачатку ХХ стагоддзя з нагоды адкрыцця 10 мая 1906 года Сімплонскага тунэля ў Альпах

— Сярэбраная асадка з надпісам «20 кіламетраў», каму належала, невядома. Я набыў яе з цікавасці. Калі пачаў вывучаць гэты надпіс, знайшоў інфармацыю, што ў 1906 годзе адкрыўся чыгуначны тунэль у Альпах на дарозе, якая звязвае швейцарскі Брыг з італьянскім горадам Домадасола. Ён з'яўляўся найдаўжэйшым тунэлем у свеце больш за паўстагоддзя. Урачыстае адкрыццё руху па ім адбылося 10 мая 1906 года ў прысутнасці караля Італіі Віктара Эмануіла ІІІ і прэзідэнта Швейцарскай канфедэрацыі Людвіга Форэра. І яго працягласць была амаль 20 кіламетраў (19 803 метры). То бок гэтая асадка — цікавы артэфакт свайго часу.

Пяро Адама Міцкевіча

— Найбуйнейшая вытворчасць стальных пёраў называлася «Рускае таварыства стальных пёраў у Рызе». Яны выпускали розныя пёры і, як і многія вядомыя фірмы, рабілі гэта і прымяркоўваючы да юбілеяў. Так, напрыклад, у 1898 годзе яны зрабілі пяро да 100-гадовага юбілею Адама Міцкевіча, а затым выпусцілі пяро да юбілею Аляксандра Пушкіна. Гэта ў пэўнай меры здзіўляе, бо ў Расійскай імперыі Міцкевіч лічыўся польскім паэтам. Але, відаць, гэта дэманструе, што яго творчасць мела вялікае значэнне. Пяро сталёвае, і на ім можна ўбачыць партрэтны бюст Міцкевіча. Зробленае яно па аналогіі з пяром Пушкіна. Выпускалі юбілейныя пёры невялікім тыражом, што робіць іх вельмі рэдкімі.

Пісьмовыя прылады князёў Радзівілаў

— Іх я таксама купіў на аукцыёне, але невядома дакладна, каму менавіта яны належалі. Думаю, гэта недзе пачатак ХХ стагоддзя. Усё зроблена з дрэва — нож для паперы, пёравая ручка і аловак. Але набор больш нагадвае сувенірную прадукцыю, бо карыстацца ім, мабыць, было не вельмі зручна. Таму што на ўсіх прыладах зверху — паляўнічыя сабакі.

Аловачніца гісторыка і краязнаўцы Атона Гедэмана

— Яго бацька быў немцам, які напрыканцы ХІХ стагоддзя прыехаў асушаць Рэчыцкае Палессе. Тут ажаніўся з беларускай, і ў іх нарадзіўся сын Атон. Адвучыўшыся ў гімназіі, пасля рэвалюцыі ён перабраўся ў Рэчыцу. Там займаўся гісторыяй, працаваў настаўнікам і напісаў кнігу «Гісторыя Браслаўскага павета» і іншыя, якія з аўтографамі таксама прадстаўлены на выстаўцы. Купіў я ў далёкіх сваякоў Гедэмана гэтую аловачніцу. Яна мае выгляд хімеры і там ёсць гравіроўка, таму можна рабіць выснову, што прывезена яна ў 1920—1930-я гады.

Ручка «Граф Цэпелін»

— Граф Цэпелін вядомы як вынаходнік дырыжабля. Дырыжабль (іх называлі цэпелінамі) прылятаў у нейкае месца, і людзі каталіся на ім, а пасля атрымлівалі сувеніры. І вось гэтыя дзве асадкі — з такой падзеі, калі дырыжабль прылятаў у Талін, здаецца, у 1930 годзе. Мясцовы ювелір зрабіў сярэбраныя ручкі ў выглядзе дырыжабля. Кожны, хто набыў квіток на цэпелін, атрымліваў такую ручку ў падарунак.

...Уладзімір Аляксеевіч спадзяецца, што магчымасць азнаёміцца з яго калекцыямі будзе аднойчы ў яшчэ большага кола людзей. Зараз ён адкрыты для прапаноў, якія дазволілі б прадставіць усе яго знаходкі канцылярскіх прылад і шматлікіх паштовак. Хочацца спадзявацца, што з часам такі музей у нас з'явіцца.

Алена ДРАПКО

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Сведкі гісторыі пісьменнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».