Вы тут

Кніга на веласіпедзе


Навагрудская раённая бібліятэка ў рамках тыдня Еўрапейскай мабільнасці ладзіла шэраг цікавых мерапрыемстваў.

На працягу гэтага тыдня, калі дазваляла надвор’е, каля будынку бібліятэкі аддзел абслугоўвання і інфармацыі арганізаваў інтэрактыўную пляцоўку “Рух наперад. Маршруты беларускай мабільнасці”. Кніжна-ілюстрацыйная выстава знаёміла з “зялёнымі” відамі транспарту, бібліятэкары расказвалі, што мабільнасць – гэта не толькі транспарт, але і камфортнасць жыцця ў горадзе для ўсіх людзей.

Праз настольную гульню можна было пазнаёміцца з цікавымі гістарычнымі мясцінамі Беларусі, даведацца іх месцазнаходжанне. Гараджане прызнаваліся, што пра многія з іх яны пачулі ўпершыню.

На працягу тыдня ў Навагрудскай раённай бібліятэцы прайшлі анлайн- і афлайн-віктарыны, кніжныя выставы і літаратурныя агляды, але самым запамінальным атрымаўся інтэлектуальны веламаршрут “Кніга на веласіпедзе”. Веласіпед, як вядома, самы экалагічны, а таксама хуткі транспарт, да таго ж шматлікія чытачы выбіраюць для сябе менавіта гэты від транспарту. У якасці партнёрскай падтрымкі турысцка-інфармацыйны цэнтр Навагрудка і ўпраўленне спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама выдзелілі бібліятэцы веласіпеды і інфармацыйныя буклеты са звесткамі пра веламаршруты Навагрудчыны, гісторыка-культурныя славутасці і музеі горада.

У заплечніках веласіпедыстаў былі цікавыя кнігі і невялікія падарункі. Маршрут пралягаў праз гістарычны цэнтр горада па навагрудскіх пагорках да забудоў новага мікрараёна. Адным з першых прыпынкаў маршрута стала пляцоўка каля Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў, дзе сабраліся мясцовыя жыхары. Бібліятэкары задавалі гараджанам літаратурныя пытанні, запрашалі наведаць бібліятэкі горада, расказвалі пра экалагічныя віды транспарту, дарылі кнігі, буклеты пра культурныя славутасці Навагрудка. Удзельнікаў веламаршрута віталі ўсмешкамі, віншавалі з Днём бібліятэк, што прайшоў напярэдадні. Асабліва і дарослыя, і дзеці былі рады атрымаць у падарунак кнігу.

Канчатковым прыпынкам веламаршрута стаў фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Лідар”, дзе сёлета пачаў працаваць бібліятэчны пункт Навагрудскай раённай бібліятэкі. Там была зладжана інтэрактыўная пляцоўка з кнігамі і часопісамі спартыўнай тэматыкі, можна было выбраць раман, або дэтэктыў. Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў віктарыне, а за правільныя адказы атрымлівалі падарункі. Прыемна, адзначыць, што сярод дзяцей і дарослых, шматлікія выказалі жаданне стаць чытачамі новага бібліятэчнага пункта, ды і наогул наведаць бібліятэкі горада.

Святлана ЧУБРЫК

загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі

ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка”

Фота з архіва ўстановы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.