Вы тут

Лукашэнка: Пазіцыя Беларусі была і застаецца стабільнай і прадказальнай


Пленарнае пасяджэнне VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі пачалося з відэазваротаў прэзідэнтаў дзвюх краін.


Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што сённяшні саміт важны для Саюзнай дзяржавы як працяг дыялогу, які распачалі кіраўнікі дзяржаў падчас сустрэчы ў Сочы ў верасні бягучага года. «Гэта яшчэ адзін важны крок для ўмацавання добрасуседства і развіцця супрацоўніцтва паміж нашымі брацкімі народамі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Фармат такога рэгіянальнага ўзаемадзеяння досыць эфектыўны. За шэсць гадоў падпісаныя больш за 300 пагадненняў, заключаныя кантракты на суму больш за два мільярды долараў. Гэта вялікі ўнёсак у развіццё сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу Беларусі і Расіі».

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што цяперашні саміт па ўсіх пазіцыях не саступіць папярэднім.

У Беларусі і Расіі трапятліва адносяцца да памяці аб Вялікай Айчыннай вайне

«Гісторыя пацвярджае, што толькі разам, супольна ўдаецца дабівацца значных вынікаў. Па праву ганарымся тым, што беларусы і расіяне сумесна з іншымі народамі СССР зрабілі вырашальны ўнёсак у перамогу над фашызмам, — дадаў ён. — Таму мы сёння згадваем святую для ўсіх падзею — 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На той вайне нашы народы панеслі каласальныя страты. Толькі ў Беларусі загінуў кожны трэці жыхар. За гады акупацыі германскія захопнікі разбурылі 209 з 270 беларускіх гарадоў і раённых цэнтраў. Знішчылі амаль дзве тысячы вёсак. Мы ваявалі за кожны кавалак роднай зямлі. У рэспубліцы развярнуўся ўсенародны рух супраціву. З фашыстамі змагаліся нават дзеці. У выніку ў канцы 1943 года пад кантролем народных мсціўцаў знаходзілася прыкладна 60 працэнтаў тэрыторыі краіны».

У Беларусі і Расіі трапятліва адносяцца да памяці пра тую вайну, адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Нават у самай малой вёсачцы стаіць абеліск з Чырвонай зоркай. Ніводны з іх не закінуты і не знік з твару зямлі, — падкрэсліў ён. — Мы і сёння ўзводзім манументы. Напрыклад, пад Мінскам на месцы, дзе знаходзіўся нацысцкі канцлагер, узведзены мемарыяльны комплекс „Трасцянец“. Па колькасці знішчаных людзей — гэта чацвёртая „фабрыка смерці“ ў Еўропе пасля Асвенцыма, Майданэка і Трэблінкі. Яе ахвярамі сталі больш за 200 тысяч чалавек. Таму мы не можам спакойна назіраць за спробамі асобных краін перапісаць гісторыю».

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў расіянам за выказаную на пляцоўцы міжпарламенцкага саюза ініцыятыву прызнаць перамогу ў Другой сусветнай вайне сусветнай спадчынай чалавецтва, помнікі змагарам з нацызмам ва ўсіх краінах — сусветным мемарыялам чалавецтва.

Лукашэнка: фальсіфікацыя гісторыі — рэальная пагроза стабільнасці грамадства

«Фальсіфікацыя гісторыі з’яўляецца рэальнай пагрозай стабільнасці грамадства, нясе ў сябе рызыкі нацыянальнага, сацыяльнага, канфесійнага расколу, — лічыць Прэзідэнт. — Таму выключна важна, што на Форуме абмяркоўваюцца сумесныя меры па супрацьдзеянні скажэнню праўды пра вайну».

Па яго меркаванні, трэба разам актывізаваць работу па падрыхтоўцы праекта новай рэзалюцыі Генасамблеі ААН, у якой асуджаецца гераізацыя нацызму, неанацызму і іншыя практыкі, якія садзейнічаюць эскалацыі сучасных форм расізму, расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі і нецярпімасці, якая звязаная з імі.

Праца з моладдзю знаходзіцца пад пільнай увагай саюзных парламентарыяў

«Але нашы намаганні акажуцца дарэмнымі, калі мы не перададзім моладзі эстафету памяці, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — З дапамогай самых сучасных тэхналогій пакаленню, якое падрастае, спрабуюць навязаць ілжывыя каштоўнасці: культ спажывання, індывідуалізм, сацыяльную безадказнасць. Гэта далёкае ад традыцый і светапоглядаў нашых народаў, у аснове якіх адзінства, згуртаванасць і гатоўнасць прыйсці на дапамогу адно аднаму».

Праца з моладдзю знаходзіцца пад пільнай увагай саюзных парламентарыяў, з задавальненнем адзначыў Прэзідэнт. Створаная пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі Моладзевая палата актыўна прыцягвае маладых людзей у арбіту двухбаковага супрацоўніцтва. На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэтай дзейнасці трэба дадаць больш канкрэтыкі, напорыстасці і выніковасці.

«Вядучыя ВНУ нашых краін рэалізуюць шэраг сумесных адукацыйных і навуковых праектаў, агульнымі намаганнямі выдаюць навуковыя дапаможнікі. Сёння каля 11 тысяч беларусаў навучаюцца ў расійскіх ВНУ і больш за паўтары тысячы расіян — у Рэспубліцы Беларусь, — паведаміў ён. — Але супрацоўніцтва ў сферы адукацыі трэба развіваць яшчэ больш актыўна ў рамках студэнцкіх абменаў, стажыровак, форумаў і канферэнцый, студэнцкіх атрадаў».

«Мы павінны больш увагі надаваць пытанням супрацоўніцтва ў інфармацыйнай прасторы і забеспячэнню інфармацыйнай бяспекі Саюзнай дзяржавы»

Кіраўнік дзяржавы пералічыў дасягненні Саюзнай дзяржавы і абазначыў далейшыя задачы. З 2000 года рэалізаваныя больш за 50 саюзных праграм па распрацоўцы тэхналогій і стварэнні інавацыйнай прадукцыі. Наладжаны, па яго словах, дыялог паміж Паркам высокіх тэхналогій і Інавацыйным цэнтрам «Сколкава».

«Першаступеннай задачай становіцца захаванне дынамікі, якая склалася, — сказаў ён. — Лічу, што ў рамках бліжэйшых форумаў мы павінны больш увагі надаваць пытанням супрацоўніцтва ў інфармацыйнай прасторы і забеспячэнню інфармацыйнай бяспекі Саюзнай дзяржавы».

У ліпені 2020 года падпісанае пагадненне пра ўзаемнае прызнанне візаў, рэалізацыя якога, па меркаванні Прэзідэнта, дазволіць павысіць транзітную, турыстычную, інвестыцыйную прывабнасць дзвюх краін. Урадам сёлета ўдалося знайсці кампраміс у пытаннях паставак нафты, будаўніцтва БелАЭС, змянення ўмоў дзяржаўнага крэдытавання, працягнуў ён.

«Разам з тым нямала задач чакаюць свайго вырашэння. Адна з асноўных — стварэнне роўных умоў для беларускіх і расійскіх суб’ектаў гаспадарання. Мы гатовыя абмяркоўваць усе прапановы, якія ўмацуюць агульную эканамічную бяспеку, аднак важна помніць, што нам не дабіцца сур’ёзных зрухаў, калі не будзем паслядоўна выконваць узятыя на сябе абавязацельствы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Пазіцыя Беларусі была і застаецца стабільная і прадказальная, яна арыентаваная на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Упэўнены, у дадзенай сітуацыі голас Форума пачуюць урады абедзвюх краін і ён будзе садзейнічаць вырашэнню гэтых задач».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?