Вы тут

Ветэран патрульна-паставой службы міліцыі расказвае пра службу ў 90-я гады


Менавiта 29 верасня 1920-га галоўнае ўпраўленне рабоча-сялянскай мiлiцыi тагачаснай Беларускай ССР сфарміравала асаблiвы лятучы атрад, перад якiм ставiлася задача падтрымлiваць грамадскi парадак i спыняць правапарушэннi на вулiцах Мiнска.


2018 год.  Сяр­гей Ка­па­нец яшчэ ў зван­нi ма­ё­ра.

Служба гэтая вельмi напружаная — трэба пастаянна быць у курсе ўсяго, што адбываецца на тэрыторыi даручанага раёна, трымаць кантакт з мясцовымi жыхарамi. Наш суразмоўнiк Сяргей Капанец праслужыў у патрульна-паставой службе Заводскага РУУС Мiнска 26 гадоў без перапынку. Прыйшоў ён туды позняй восенню 1993-га звычайным радавым. На пенсiю сыходзiў напрыканцы 2019-га ў званнi падпалкоўнiка. Кар'еру скончыў на пасадзе камандзiра роты.
— Я сам родам з Чэрвеня, — кажа Сяргей Капанец. — Вярнуўся я ўвесну 1991 года з войска i задумаўся: кiм быць? У той час было мноства кааператываў. У адзiн з iх, якi спецыялiзаваўся на будаўнiцтве, я i ўладкаваўся. Праца была цяжкая фiзiчна, але i плацiлi добра. Ды толькi вось кааператывы ў той час як хутка з'яўлялiся, гэтак жа хутка i знiкалi. У рэшце рэшт захацелася нейкай сталасцi. I вось недзе праз год я прыйшоў на службу ў Чэрвеньскае РУУС.

На радзiме Сяргей Капанец адслужыў паўтара года. Чэрвень — невялiкi горад з насельнiцтвам каля 10 тысяч чалавек. Здавалася б, вось яна — цiхая затока ў неспакойны час. Але ў Мiнск нашага суразмоўнiка паклiкала каханне.

— Калi я сказаў, што пераязджаю ў Мiнск, то i бацькi, i знаёмыя спрабавалi адгаворваць. Маўляў, там цяжкая злачыннасць, як у амерыканскiх фiльмах, стралянiны шмат. Але нiчога такога я ў сталiцы не ўбачыў. I не ведаю, адкуль пайшла гэтая пагалоска. Можа, сiтуацыю з фiльмаў людзi праецыравалi на сваю паўсядзённасць... Тых жа заказных забойстваў у Заводскiм раёне амаль не было. Але была iншая бяда, якая захоўваецца i цяпер, — вельмi шмат так званых п'яных злачынстваў. Мы сутыкалiся з безлiччу канфлiктаў, якiя разгортвалiся па адным i тым жа сцэнарыi. Скажам, сядзяць за сталом з бутэлькай гарэлкi бацька з сынам або два сябры. Слова за слова, узнiкае спрэчка, яны хапаюцца за нажы i рэжуць адзiн аднаго.

Яшчэ адной прыкметай 1990-х стала велiзарная колькасць рабаванняў. Гэта стала наступствам пагаршэння сацыяльна-эканамiчных умоў жыцця. Адгалоскi гэтага iшлi даволi доўга:

Ся­рэ­дзi­на 90-х.

— Калi я стаў камандзiрам аддзялення, узводу, а пасля роты, то аналiзаваў злачыннасць па часе i раёнах. Дык вось, раней толькi на абсягах мiкрараёна Ангарская было столькi рабаванняў за месяц, колькi летась па ўсiм Заводскiм раёне ў год. Наркагандаль быў таксама болевай кропкай Заводскага раёна. Вельмi шмат рабавалi людзей, якiя iшлi нападпiтку. У сярэдзiне 1990-х пачалi зрываць з галоў норкавыя шапкi, якiя каштавалi не адзiн месячны заробак. I зноў жа. Прайшло дзесяць-пятнаццаць гадоў, я сустракаўся за гэты час з людзьмi, якiя тады парушалi такiм чынам закон. Да часткi з iх прыйшло разуменне таго, што яны зрабiлi памылку. I цяпер аб гэтым шкадуюць. Што i казаць — змянiлася эпоха, змянiўся менталiтэт…

Свой першы выхад на службу позняй восенню 1993 года Сяргей Капанец памятае выдатна:

— Мне прызначылi вельмi дасведчанага настаўнiка. За намi замацавалi месца на тэрыторыi так званых «Шарыкаў». Так у народзе называюць раён забудовы 1950-х i 1960-х гадоў каля станцыi метро «Партызанская». У настаўнiкi мне падабралi мiлiцыянера, якi прайшоў праз Афганiстан. I вось так за месяц я пазнаёмiўся з новым для сябе раёнам. Там i працаваў наступныя дзесяць гадоў. Хачу сказаць, што на «Шарыках» у той час была велiзарная колькасць спантанных злачынстваў. Ды i агромнiстыя двары ў той час былi там дрэнна асветлены. Калi мы заўважалi, што дзесьцi пабiлi лямпу цi адсутнiчае лiхтар побач з пешаходнай дарожкай, то складалi рапарты i перадавалi iх у райвыканкам. Але спецыфiка раёна мела i свае плюсы. Паколькi насельнiцтва там змянялася слаба, то мы нават прыкмячалi невядомых людзей, якiя сядзелi ў кампанiях у двары цi на беразе ручая. Прычым большая частка нарадаў працавала тады ўвечары. Мы ведалi, што значная частка месцiчаў працуе на прамысловых прадпрыемствах. I ўсе канфлiкты, сваркi i спрэчкi пачыналiся менавiта тады, калi людзi пасля працы прыходзiлi дадому.

Ры­бал­ка — най­леп­шы ад­па­чы­нак!

Да таго ж у тыя часы заробак толькi-толькi пачыналi выплачваць на пластыкавыя карткi. Але банкаматы былi рэдкасцю, i людзi лiчылi за лепшае атрымлiваць грошы па-ранейшаму гатоўкай. Да гэтага трэба дадаць традыцыю «абмыць» заробак. Пiўныя, кавярнi тады лiтаральна ламiлiся ад людзей. Не кажучы пра тое, што алкаголь лiўся ракой, што ў самiх кавярнях шчыравалi кiшэннiкi, дык i пасля рабавалi п'яных людзей, якiя вырашылi адпачыць у найблiжэйшых дварах. Але зноў жа, падкрэслю, нiякiх банд у нас не было. I традыцыйна ў гэты дзень нам хапала працы i ўвечары, бо сямейна-побытавыя скандалы на глебе алкаголю — гэта ўжо класiка.

Праз дзесяць гадоў службы на «Шарыках» Сяргея Капанца перавялi ў iншы мiкрараён — на Ангарскую, якая таксама «славiлася» ў тыя часы.

— Што i казаць, кантынгент быў актыўны. Ды i элементарна яго больш было. Палiчыце, колькi кватэр у цэлай хрушчоўцы з «Шарыкаў», дык там столькi ж толькi ў адным пад'ездзе, не гаворачы ўжо пра маласямейкi. I насельнiцтва было прыкметна маладзейшае. Змянiлася i спецыфiка працы — сталi больш ездзiць у складзе аўтапатрулёў. Пры гэтым, канешне ж, абыходзiлi пешкi ўсе двары i вулiцы.

Сяргей Капанец прыгадвае, што «благое» месца ў нулявыя было паблiзу мясцовага ўнiверсама. Тады там iснаваў магазiн, у якiм уначы гандлявалi алкаголем.
— I чаго там толькi не было! Бойкi, скандалы, бясконцае распiццё спiртнога ў грамадскiм месцы. Доўгi час мы змагалiся за тое, каб спынiць гэты гандаль у начны час. I як толькi гэта адбылося — стала прыкметна цiшэй. Даходзiла ж нават да таго, што сюды, на Ангарскую, ледзь не праз паўгорада ездзiлi выпiвохi. Хапала «стомленых нарзанам» i з прысталiчных вёсак — Вялiкага Трасцянца i Вялiкага Сцiклева.

Шмат працы дадавалi i крадзяжы з аўтамабiляў. У iх бiлi шкло i даставалi аўтамагнiтолы, а таксама рэчы, якiя ляжалi ў салоне. Пастаянна затрымлiвалi такiх зладзеяў.

Мiж iншым, што яшчэ ўразiла на Ангарскай — вялiкая колькасць пашкоджаных таксафонаў. Мабiльнiкi тады толькi-толькi пачыналi ўваходзiць у побыт. Кралi, канешне, i iх — прасiлi пазванiць i збягалi з дарагой прыладай. А што да тэлефонаў-аўтаматаў, то ў iх чамусьцi рвалi трубкi. Не ведаю, з хулiганскiх гэта было мэт цi з iх намервалiся нешта здабыць. Але скончылася гэта пасля таго, як таксафоны пачалi абсталёўваць спецыяльнай сiстэмай. Як толькi дзе рвалi трубку — тут жа iшло паведамленне мiлiцыi. I такiх злачынцаў нярэдка лавiлi на «гарачым».

Цiкаўлюся ў суразмоўцы — цi не было сумненняў у правiльнасцi выбару прафесiйнага шляху, звязаных са складанасцю працы?

— Нi пра што не шкадую. Нярэдка было цяжка, я гэта не адмаўляю. Загружанасць на працы моцна адбiвалася на сям'i. Усё ж такi служба вымагае шмат часу i маральных сiл. Але i жонка, i дачка ставiлiся да гэтага з разуменнем i заўжды падтрымлiвалi. А набыты ў тыя часы досвед дапамагае мне i цяпер. Зараз я не магу ўявiць такую задачу, якую не здолеў бы вырашыць.

Спар­тыў­нае свя­та ў За­вод­скiм РУ­УС.

Сяргей Капанец кажа, што i цяпер яшчэ перастройваецца на новы рытм. Яно i нядзiўна — пасля дваццацi шасцi гадкоў «на перадавой» складана адначасна перайсцi да цiшынi i спакою.

— Мяне калiсьцi пра гэта папярэджвалi, што так i будзе. За дзень уваходных званкоў цяпер вельмi мала, а раней тэлефон не змаўкаў. Усё ж такi дзесяць гадоў быць камандзiрам роты патрульна-паставой службы — гэта вельмi адказна. I першым часам усё здавалася, што я мог прапусцiць нешта важнае. Але я i тады знаходзiў «аддушыну», каб хоць у выхадны перавесцi дух. Такой базай для падтрымання сiл стала рыбалка, адпачынак на прыродзе. Ёй люблю займацца i цяпер.

Карыстаючыся выпадкам, хачу шчыра павiншаваць усiх супрацоўнiкаў патрульна-паставой службы мiлiцыi ГУУС Мiнгарвыканкама з днём утварэння службы. Асобна — ад чыстага сэрца — супрацоўнiкаў роты ППСМ Заводскага РУУС. Хачу пажадаць мужнасцi i цярпення, удачы i спакойных рабочых будняў, здароўя i шчасця вам i вашым сем'ям.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота з архіва Сяргея КАПАНЦА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».