Вы тут

Злачыннае «паляванне». Як абаранiць сябе ад «аматараў чужой маёмасцi»?


Валоданне нейкiмi рэчамi азначае i тое, што на iх могуць паквапiцца староннiя. Няма рознiцы, што гэта — мабiльны тэлефон, сумачка цi бензатрымер. «Спатрэбiцца ўсё, што «дрэнна ляжыць», — гэтае выслоўе выдатна тлумачыць логiку зладзеяў. Таму заўжды трэба захоўваць пiльнасць i не аслабляць увагу. Пра тое, як абаранiць сябе ад «аматараў чужой маёмасцi», распавёў намеснiк начальнiка ўпраўлення прафiлактыкi МУС Сяргей Красуцкi.


Дылема: занесцi або пакiнуць?

— Тэндэнцыя датычна крадзяжоў у нашай краiне станоўчая. Калi летась за першыя восем месяцаў было зафiксавана амаль 20 з паловай тысяч такiх злачынстваў, то сёлета iх колькасць крыху перавысiла 18 тысяч. Але нягледзячы на гэта, праблема па-ранейшаму застаецца вострай, — адзначае Сяргей Красуцкi. — Па-ранейшаму пераважная доля крадзяжоў прыходзiцца на злачынствы, здзейсненыя ў кватэрах i прыватных дамах. Гэта прыкладна кожны трэцi выпадак. Цiкава, але дагэтуль спакушаюцца на мабiльныя тэлефоны. Праўда, яны прыцягваюць увагу зламыснiкаў радзей — калi летась за тыя ж самыя восем месяцаў было 2,5 тысячы такiх крадзяжоў, то цяпер — усяго 1600. А вось што менавiта стала прычынай такога рэзкага падзення лiчбаў — знiжэнне патоку ў кавярнях i начных клубах праз каранавiрус, большая абачлiвасць самiх уладальнiкаў тэлефонаў або сцiханне iнтарэсу з боку злачынцаў — пакуль невядома.
Прычым кватэрныя крадзяжы неабавязкова павiнны нагадваць даволi збiты сюжэт у кiнафiльмах, калi ўначы зламыснiк залазiць у кватэру з лiхтарыкам i абшнарвае яе, пакуль гаспадары спяць або знаходзяцца ў ад'ездзе. Прыкладна ў палове выпадкаў сам пацярпелы запрашае да сябе чалавека, якi пасля вырашае прысвоiць нейкую рэч. Альбо ўвогуле пакiдае кватэру адкрытай. У сваю чаргу, злачынцы нярэдка ходзяць па пад'ездах i тузаюць ручкi дзвярэй, правяраючы iх на трываласць.

Паказальная гiсторыя адбылася ў мiнулым годзе ў сталiцы. Жыхары аднаго з новых жылых комплексаў пачалi скардзiцца, што па паверхах ходзiць дзiўны малады чалавек i асцярожна нацiскае на ручкi дзвярэй. Невядомага не спыняла нават сiстэма вiдэаназiрання. I вось па гарачых слядах яго ў рэшце рэшт затрымалi. Аказалася, што 29-гадовы мiнчанiн, якi ўжо неаднаразова адпраўляўся ў месцы не такiя аддаленыя за крадзяжы, узяўся за старое. А папаўся ён, калi ўвайшоў у адну з кватэр. Пакуль ён вывучаў, што ж такога можна з сабой прыхапiць, гаспадар жылля нечакана прачнуўся, чым i напалохаў зламыснiка. Скрасцi ён не паспеў нiчога.

— У такiх выпадках зладзеi стараюцца знесцi тое, што адначасова з'яўляецца максiмальна лiквiдным i займае мала месца. А таксама — тое, што трапляецца першым пад руку. Гэта грошы, упрыгажэннi, каштоўныя паперы, — заўважае Сяргей Красуцкi. — Радзей гаворка iдзе пра буйную тэхнiку. Але той жа мабiльны тэлефон, пакiнуты каля ўваходу, — добрая прынада. Так знiкалi не раз палiто, сумачкi... Калiсьцi, напрыклад, такiм шляхам кралi дываны цi прадметы мэблi, але часы змянiлiся, i зараз гэтыя рэчы ўжо нiкому не патрэбныя. Дарэчы, дзiцячыя вазкі цi веласiпеды, якiя нярэдка стаяць у тамбурах цi пад лесвiцамi, таксама могуць зацiкавiць зладзеяў. Гэта больш датычыцца старой малапавярховай забудовы, дзе адсутнiчаюць лiфты. Цягнуць дзiцячы вазок па лесвiцы здолее не кожная мацi. Ды i месца ў кватэры той займае. Але ўсё-такi падобныя рэчы лепш забiраць дадому. Цалейшыя будуць.

I лiтаральна на днях стала вядома пра тое, што 25-гадовы жыхар Мiнска за тыдзень скраў дзесяць ровараў, якiя стаялi ў тамбурах жылых дамоў i былi прышпiлены на велазамок. Ён «арудаваў» на тэрыторыi Фрунзенскага i Першамайскага раёнаў Мiнска i папаўся на спробе прысабечыць чарговы веласiпед. Крадзеную маёмасць малады чалавек рэалiзоўваў на адным з рынкаў сталiцы за паўцаны, а атрыманыя грошы выдаткоўваў на ўласныя патрэбы.
На нейкiм этапе мы спрабавалi прымаць пэўныя меры. У некаторых рэгiёнах прапаноўвалi маркiраваць веласiпеды i стваралi базы даных, якiя актуальныя i дагэтуль. Маркiроўка не сцiраецца, не змываецца. I нават калi веласiпед выкрадуць, знайсцi яго будзе лягчэй. Але трэба разумець, што менавiта сам уладальнiк павiнен клапацiцца ў першую чаргу пра тое, каб веласiпед не заставаўся без нагляду i велазамка.

Як скралi 50 тысяч долараў за некалькi хвiлiн

Даўно сышлi ў гiсторыю часы, калi гаспадар аўтамабiля, прыпаркаваўшы яго на ноч у двары, рызыкаваў убачыць ранкам свайго «жалезнага каня» без колаў i на цаглiнах. Але аўтамабiлi па-ранейшаму цiкавяць аматараў чужога дабра. Праўда, цяпер у iншым сэнсе — не столькi сама машына, колькi тое, што ў ёй ляжыць. Аўто часта выкарыстоўваецца ў якасцi своеасаблiвай «базы захоўвання» — ну навошта цягнуць з яго дадому тое, што заўтра зноў спатрэбiцца? А часам неабачлiвасць можа каштаваць вельмi дорага — прычым лiтаральна.

У лютым гэтага года ў Стаўбцоўскае РУУС звярнуўся 40-гадовы мясцовы жыхар. Ён расказаў, што ўначы з яго аўтамабiля BMW X6 былi скрадзены вялiкiя грошы — каля 50 тысяч долараў, што ляжалi ў пакеце. Прычым у салоне знаходзiлася яшчэ i сумка, дзе было каля 20 тысяч долараў. Апошняя ўвагу злачынца не прыцягнула.

Падзеi тады разгортвалiся так. Аўтамабiль быў абсталяваны сiстэмай бесключавога доступу. Гэта значыць, што адкрыць i закрыць цэнтральны замок можна было, наблiзiўшы цi аддалiўшы ключ. I вось, пэўна, прылада не спрацавала, i машына засталася незачыненая. А гэтым i скарыстаўся злачынца, якi тузануў за ручку — i дзверы адчынiлiся. Пакет з валютай ён забраў i не шукаў больш нiчога.

Аператыўнiкi затрымалi злодзея праз суткi. У аўтамабiлi 40-гадовага жыхара Фанiпаля былi знойдзены скрадзеныя грошы, пiсталет, балаклава i металiчная палка. Супраць яго была заведзена крымiнальная справа.

— Крадзяжы з аўтамабiляў мы падзяляем на дзве групы. Першая — гэта калi спрабуюць скрасцi дэталi. Аднак часы дэфiцыту даўно скончылiся, i таму такiя крадзяжы становяцца рэдкiя. Хоць пры гэтым ноўтбукi, барсеткi i iншыя дарагiя рэчы трэба забiраць з сабой. Iх можна выкрасцi з аўтамабiля за некалькi хвiлiн. Таксама будзьце вельмi ўважлiвыя, калi ўзнiкаюць сiтуацыi, у якiх вам трэба выходзiць з аўтамабiля, — раiць Сяргей Красуцкi.

А вось кiшэнныя крадзяжы, што калiсьцi былi бядой грамадскага транспарту i iншых людных месцаў, сышлi ў зону статыстычнай пагрэшнасцi. Сёлета iх зафiксавана ўсяго 230, а ў параўнаннi са студзенем—жнiўнем мiнулага года iх стала менш ажно напалову.

Але памятайце: калi вы дзесьцi «засвяцiлi» буйную суму грошай у кашальку — будзьце гатовыя да таго, што яго ў вас паспрабуюць скрасцi. Самае элементарнае — не трэба класцi кашалёк i мабiльны тэлефон у заднюю кiшэню штаноў. Хоць гэта стыльна, але небяспечна. У натоўпе цi ў грамадскiм транспарце непрыкметна выцягнуць адтуль штосьцi вельмi лёгка.

Забiрайце садовы iнвентар з дач

Зусiм хутка дзецi будуць забiраць сваiх састарэлых бацькоў з вёскi ў горад. Ды i дачны сезон заканчваецца. Што ж трэба зрабiць, каб вясной не аказалася, што каштоўныя рэчы скрадзены? Зноў жа, гэта паўплывае на раскрыццё злачынства, паколькi пройдзе зашмат часу…

— Так, усплёск зваротаў аб прапажы нейкiх хатнiх рэчаў, садовай тэхнiкi, iнструменту назiраецца ўвесну. Таму калi паездкi на дачу заканчваюцца — усё забiрайце з сабой. Калi ж такой магчымасцi няма, то трэба максiмальна абцяжарыць доступ злачынцам i ўсё аднесцi ў памяшканне, дзе няма вокнаў i куды максiмальна складана трапiць. Падобныя крадзяжы звычайна сiтуацыйныя, — падкрэслiвае Сяргей Красуцкi. — Самае банальнае — камусьцi не хапае на выпiўку, убачылi той жа бензатрымер праз акно, разбiлi шкло, трымер прадалi. I, натуральна, калi ёсць магчымасць, варта паставiць сiгналiзацыю.
Трэба памятаць, што людзi сталага веку ў сельскай мясцовасцi заўжды ў групе рызыкi. Нярэдка iх пенсii — гэта адзiная крынiца стабiльнага даходу. Апошнiя прыцягваюць увагу не вельмi добрых людзей. У большасцi выпадкаў да iх прыходзяць махляры, якiя нiбы хочуць прапанаваць дапамогу, нешта купiць цi прадаць, але ў аснове iх дзеянняў ляжыць адна задача — адцягнуць увагу, каб паглядзець, дзе ляжаць зберажэннi. А гэтыя грошы маглi збiрацца не адзiн год, чалавек мог адмаўляць сабе ва ўсiм. Таму не адчыняйце незнаёмым дзверы i не пускайце iх да сябе.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.