Вы тут

Гонар слову, павага кнізе, веды — усім!


ХХVІІ Дзень беларускага пісьменства ў Беларусі па традыцыі святкуецца ў хуткім часе пасля Дня ведаў, калі пачынаюцца заняткі ў школах, святкуецца ў першую нядзелю восені. Сёлета яго ўдзельнікаў прымалі ў Бялынічах Магілёўскай вобласці. Якраз там сустрэліся тыя, хто працуе дзеля зберажэння друкаванага слова, папулярызацыі нацыянальнай культуры і прымнажэння духоўнасці беларускага народа.

Шаноўныя сябры!

Шчыра вітаю ўдзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства.

Гэтае свята — асаблівая падзея ў культурным жыцці Беларусі. На яго пляцоўках адбываецца шматгалосы дыялог майстроў пяра — пісьменнікаў і паэтаў — пра лёс слова і культуры, сучаснасць і будучыню нашага народа. Тут сустракаюцца, узбагачаючы творчую ніву, літаратура, музыка, жывапіс ды іншыя віды мастацтва.

Сёлета адно з самых славутых свят незалежнай Беларусі гасцінна вітаюць старажытныя Бялынічы — вядомы цэнтр духоўнасці зямлі беларускай, адметны куток Магілёўшчыны з багатай гісторыяй і надзвычай прыгожай прыродай, знакаміты сваімі таленавітымі творцамі, сярод якіх мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля.

Упэўнены, гэтыя вераснёўскія сустрэчы — добрая падстава для кожнага з удзельнікаў і гасцей Дня пісьменства яшчэ раз зразумець, што беларусаў, якіх бы поглядаў яны ні прытрымліваліся, заўсёды аб’ядноўваюць матчына мова, адзіны лёс і Бацькаўшчына. I гэты каштоўны скарб-спадчыну мы павінны зберагчы для нашчадкаў.

Сардэчна жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту, новых здабыткаў у жыцці і працы.

Аляксандр Лукашэнка

 

Падчас адкрыцця Дня беларускага пісьменства

Міністр інфармацыі Ігар Луцкі ўручае Нацыянальную літаратурную прэмію ў жанры «Паэзія» Валерыю Грышкаўцу

Дзень беларускага пісьменства паядноўвае тых, хто любіць Беларусь і жадае ёй далейшага росту і росквіту. Такім меркаваннем падзяліўся намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч падчас святкавання Дня беларускага пісьменства.

— Сённяшняе свята ў Бялынічах дае магчымасць аб’ектыўна ацаніць развіццё рэгіёнаў Беларусі за апошнія гады. І справа не толькі ў абноўленых вуліцах і новых аб’ектах. Тут большае — жаданне Прэзідэнта ўдыхнуць новае жыццё ў малыя гарады і пасёлкі, зберагчы сапраўдную Беларусь з працавітымі шчодрымі людзьмі.

Паводле яго слоў, такія святы трэба зберагаць.

— З 1994 года Дзень беларускага пісьменства традыцыйна прымаюць розныя гарады. І за гэты доўгі час свята прайшло шлях ад звычайнага культурнага мерапрыемства да аднаго з найбольшых нацыянальных праектаў, без якога ўжо цяжка ўявіць духоўнае жыццё нашых грамадзян, — заўважыў Андрэй Кунцэвіч. — І ўвесь шлях мы прайшлі разам і змаглі пабудаваць мірную і прыгожую Беларусь.

Як пройдзе гэты дзень, мы ўжо ведалі раней. Пра асобныя яркія моманты Дня беларускага пісьменства яшчэ за тыдзень да яго пачатку вялася размова ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Ды і друкаваная праграма, якая дасылалася нам, журналістам, красамоўна абяцала надзвычай насычаны дзень.

Вось як пра тое распавядаў Ігар Бузоўскі, намеснік Міністра інфармацыі:

— Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах дасць магчымасць акунуцца ў творчую кніжную атмасферу роднай зямлі. Нам хацелася б, каб гэта падзея закранула ўсіх жыхароў і гасцей краіны. Нараўне з вялікай колькасцю мерапрыемстваў, прысвечаных кнізе, кнігавыданню, пісьменніцкаму асяроддзю, творчым мерапрыемствам, свята варта наведаць у тым ліку і для таго, каб убачыць і іншыя яркія падзеі і славутасці гэтага краю. У прыватнасці, абраз Божай Маці Бялыніцкай, наведаць унікальны для Беларусі музей, у якім можна будзе паслухаць арганную музыку. Пагутарыць з цікавымі людзьмі, прадстаўнікамі навуковых, творчых колаў, пісьменніцкай сферы Беларусі. Акрамя таго, будзе арганізавана яркая канцэртная праграма адкрыцця і фінала мерапрыемства.

Намеснік Міністра адзначыў, што эстафету правядзення Дня беларускага пісьменства на свяце перададуць Капылю Мінскай вобласці. Акрамя таго, увечары 5 верасня прайшоў хрэсны ход удзельнікаў Рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў».

— Гэта не проста праезд па пунктах маршруту, гэта зносіны з людзьмі, размова на духоўныя тэмы, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай беларускай культуры, — падкрэсліў ён.

Напярэдадні свята Ігар Бузоўскі яшчэ акцэнтаваў увагу на важнасці правядзення такога конкурсу, як Нацыянальная літаратурная прэмія:

— Трэба раскручваць сучасных пісьменнікаў, каб пра іх ведалі і гаварылі. Аўтарам варта шукаць агульныя падыходы з чытачамі падчас літаратурных сустрэч, прэзентацый і аўтограф-сесій.

Але ж, лепш адзін раз пабачыць самім, чым пра тое пачуць. У праграме было больш за 30 актыўнасцяў. Толькі паспявай усюды пабываць!

XXVII Дзень беларускага пісьменства прайшоў 5-6 верасня ў Бялынічах. Увесь цэнтр горада ператварыўся ў вялікую пешаходную плошчу, дзе разгарнуліся фестываль кнігі і прэсы, тэматычныя пляцоўкі кожнага раёна Магілёўскай вобласці, гандлёвыя рады

На падставе прапаноў паважаных членаў аргкамітэта асноўнымі «пунктамі» фэста сталі Год малой радзімы, 75‑годдзе Вялікай Перамогі, 90‑годдзе Уладзіміра Караткевіча. Былі падрыхтаваны шэраг выданняў, у прыватнасці, мастацкі альбом Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, кніга «І маці Божай памалюся» ды іншыя адметныя выданні. Усе найбольш маштабныя мерапрыемствы прайшлі 6 верасня. Сярод іх — урачыстае адкрыццё свята. Для стварэння яго мастацкай канцэпцыі былі выкарыстаны гістарычныя, краязнаўчыя звесткі пра Бялынічы, Магілёўшчыну.

У межах свята праходзіла экспедыцыя «Дарога да святыняў», ладзілася навукова-практычная канферэнцыя «Бялыніцкія чытанні», былі падведзены вынікі конкурсу «Кніга з экрана», а таксама іншыя творчыя спаборніцтвы, што праводзіліся напярэдадні. Стартавала і гістарычная квэст-гульня «Скарб князя Гальшанскага», да якой запрашаліся ўдзельнікі свята. А 5 верасня адбыўся круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго: слова стваральнае і разбуральнае» з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў з многіх краін свету. Пра тое мы таксама даведаліся раней ад дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандра Карлюкевіча, якога таксама сустрэлі на свяце.

Сярод заснавальнікаў і арганізатараў круглага стала, які спрыяе прыцягненню ўвагі да беларускага прыгожага пісьменства ў свеце, — Міністэрства інфармацыі Беларусі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сустрэча майстроў слова праходзіла ў фармаце Zооm-канферэнцыі, паглядзець яе можна было і ў трансляцыі на YоuTubе.

Удзельнікамі дыскусіі сталі эксперты з больш чым 10 краін: Беларусі, Расіі, Балгарыі, Сербіі, Малдовы, Украіны, Швецыі ды іншых. Падчас сустрэчы ўдзельнікі абмяркавалі сілу і ўплыў слова не толькі на чалавека, але і навакольную рэчаіснасць. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі Беларусі, пісьменнікі, выдаўцы, навуковыя супрацоўнікі, прафесары, кандыдаты навук, маркетолагі, публіцысты, журналісты і краязнаўцы.

Да месца будзе сказаць, што Бялынічы падрыхтаваліся да свята пісьменства на выдатна. Вось як пра тое распавядаў раней намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Валерый Малашка:

— Наш горад і вобласць пасля гэтага свята атрымаюць добрую спадчыну, бо праведзена была грунтоўная падрыхтоўка, якая закранула інфраструктуру горада, транспартныя магістралі і цэлы шэраг аб’ектаў культуры. Безумоўна, пярлінай тут можна лічыць рэканструяваны музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, які першапачаткова з’явіўся 50 гадоў таму, а цяпер зноў чакае сваіх наведнікаў. Установа не толькі абсталявана ўсімі сучаснымі тэхналогіямі — у ёй створана безбар’ернае асяроддзе, і гэта зробіць мастацтва даступным шырокаму колу наведнікаў. Звяртаю ўвагу і на такую пляцоўку, як «Лёс зямлі маёй праз слова», дзе адлюстраваны этапы развіцця нашага рэгіёна.

У скульптурнай кампазіцыі «Яўленне іконы» ёсць арыгінальная разьба па граніце

А старшыня Бялыніцкага райвыканкама Васіль Захаранка лічыць, што такая практыка ўладкавання населеных пунктаў і райцэнтраў да значных падзей — выдатная. Бо пасля завяршэння Дня пісьменства, паводле яго словаў, застанецца абноўлены і больш камфортны горад:

— Гэта добра відаць на прыкладзе Бялынічаў. У горадзе амаль цалкам завяршылі капітальны і бягучы рамонт жылля, замянілі інжынерныя сеткі, зрабілі дарогі, добраўпарадкавалі двары і прылеглыя тэрыторыі. Зноўку адбудавалі будынак музея — ад старога застаўся толькі падмурак. Наш кінатэатр стаў мультымедыйным цэнтрам — тут у людзей ёсць магчымасць не толькі паглядзець актуальныя фільмы, але і зайсці ў бібліятэку, выйсці ў інтэрнэт, атрымаць усю неабходную інфармацыю. А парк «Ліпавы гай» стаў сапраўдным месцам адпачынку для нашых жыхароў.

Увесь цэнтр горада ператварыўся ў вялікую пешаходную плошчу. Адна з важных імпрэзаў свята — фестываль кнігі і прэсы, дзе госці маглі не толькі пазнаёміцца з кніжнымі навінкамі Беларусі, але і набыць упадабанае выданне. На цэнтральнай плошчы каля райвыканкама цэнтрам прыцягнення для дзяцей і дарослых стаў «Друкарскі двор»: кожны ахвочы там мог паспрабаваць сябе ў якасці кнігадрукара з мінулага. Для дзяцей гэта была сапраўдная прыгода, а дарослыя таксама маглі даведацца, як нашы продкі друкавалі першыя кнігі. Працавалі і павільёны, пляцоўка «Слова пісьменніка» і многія іншыя, дзе ўдзельнікі і госці Дня беларускага пісьменства змаглі азнаёміцца з кніжнымі навінкамі і сустрэцца з пісьменнікамі. Таксама былі прадстаўлены экспазіцыі перыядычных выданняў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. Літаратурныя сустрэчы, прэзентацыі і аўтограф-сесіі прайшлі на пляцоўцы «Слова пісьменніка».

На фестываль у Бялынічы з’ехаліся рамеснікі з усёй вобласці ды іншых рэгіёнаў. Адзенне і ўпрыгажэнні ручной працы, прадметы побыту, разнастайныя тэматычныя сувеніры… Сваю прадукцыю прадставілі вядучыя прадпрыемствы харчовай прамысловасці рэгіёна: малочная і мясная прадукцыя, хлебабулачныя вырабы, прысмакі і многае іншае. Прыехалі на Дзень пісьменства ў Бялынічы і прамысловыя прадпрыемствы вобласці. Яны не толькі прэзентавалі сваю прадукцыю, але і распавядалі пра гісторыю развіцця іх вытворчасцяў.

На цырымоніі адкрыцця раённага Мастацкага музея імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі

Кожны рэгіён Магілёўскай вобласці прыняў удзел у тэматычным блоку «Лёс зямлі маёй праз слова». Было прадстаўлена развіццё Магілёўскай вобласці з часоў беларускага друкара Спірыдона Собаля і да сучасных друкаваных выданняў. Так, Музей гісторыі Магілёва прывёз невялікую выставачную экспазіцыю, дзе размясціліся карціны і кнігі, сярод якіх статут ВКЛ. Круглянскі раён паказаў гасцям Дня пісьменства экспанаты з музея СССР. А дэлегацыя Слаўгарадскага раёна зладзіла тэатралізаванае прадстаўленне, дзе распавядалася пра гісторыю свайго раёна і яго сучаснае жыццё. Таксама ўдзельнікі свята расказалі пра сваю дзейнасць — як установы культуры і адукацыі Магілёўскай вобласці.

Радаваў вока адноўлены будынак Мастацкага музея імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Змянілася і канцэпцыя музея. Адной з цэнтральных экспазіцый засталася галерэя народнага мастака — яна прысвечана творчасці майстра. У той жа зале былі прадстаўлены некаторыя асабістыя яго рэчы. З’явілася і вялікая зала для прывазных выставачных экспазіцый.

Яшчэ адна навінка ў Музеі — зала духоўнасці. Цэнтральным экспана стала там там фрэска «Нясенне крыжа, або Узыходжанне на Галгофу». Яе ў канцы 70‑х гадоў мастак-рэстаўратар Юры Маліноўскі разам з калегамі выратавалі з разбуранага кляштара кармелітаў у Бялынічах.

Ацаніць новыя залы прыехаў вядомы беларускі мастак, ураджэнец Бялыніцкага раёна Віктар Альшэўскі. Ды не з пустымі рукамі! Падарунак музею ад майстра — новая праца: партрэт Бялыніцкага-Бірулі пад назвай «Залатое палатно Вітольда». Над карцінай мастак працаваў увесь гэты год.

— Кожная карціна — нібы дзіця, якое пачынае расці, — казаў Віктар. — Гэтак жа і палотны. Нараджаючыся, паступова пачынаюць яны пранікаць у свет, куды трапляюць. І мне хацелася б, каб карціна змагла выстаяць у кругавароце падзей гісторыі, захаваўшыся для нашчадкаў. Думаю, гэта жаданне любога майстра, творцы.

Святочны настрой панаваў усюды

А якім радасным быў аўтар скульптурнай кампазіцыі «Яўленне іконы» магілёвец Аляксандр Мінько, які прыехаў на яе адкрыццё ў Бялынічы разам з сям’ёй!

— Я вельмі задаволены вынікам, бо змог увасобіць у жыццё ўсе свае творчыя ідэі. Прыемна, што ў мяне атрымалася стварыць твор, які будзе радаваць не толькі сучасных жыхароў горада, але і іх нашчадкаў, — адзначыў скульптар. І расказаў:

— Праца над скульптурай доўжылася каля трох тыдняў. Каб паспець своечасова, трэба было падтрымліваць вельмі высокі тэмп працы, але гэта ніяк не адбілася на якасці скульптуры. Я хацеў зрабіць цікавую кампазіцыю, якая будзе асацыявацца з гэтым горадам. Так нарадзілася ідэя анёла з абразом. Акрамя таго, я пастараўся дадаць сюды нешта арыгінальнае і цікавае — на крылах анёла прыгожа ўпісаўся ўзор выцінанкі. Гэта незвычайная манера працы з каменем, і падобных скульптур я нідзе не сустракаў.

Дарэчы, памер каменнага анёла — 3х2 м. Скульптура выканана з пакостаўскага граніту. Яе вага — каля 2,5 тон. Яшчэ 75 кг важыць бронзавы абраз, які трымае анёл.

Бронзавы абраз адліваўся па мадэлях скульптара. Як распавёў аўтар, макет ствараўся па вобразе сапраўднай іконы, бо яму, як прызнаўся, хацелася перадаць яе дакладна і праўдападобна.

Відавочна, і скульптура, і музей у Бялынічах — гэта элемент той прыгажосці, без якой наш свет збяднеў бы. Але ўсё ж галоўным героем на свяце ў Бялынічах было Яго Вялікасць Слова! Таму Дзень беларускага пісьменства актыўна засяроджваў жыхароў краіны на вытоках роднай мовы і культуры. Гэтым меркаваннем, варта прыгадаць, з журналістамі дзяліўся Ігар Петрышэнка, намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі, ён жа кіраўнік Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах.

— Наш зямляк Францыск Скарына, — гаварыў ён, — надрукаваў першую кнігу на беларускай мове. Гэта нашы гісторыя і спадчына, якімі мы ганарымся. Дзень пісьменства дае магчымасць папулярызаваць беларускую мову сярод людзей. У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы, і яны для нас раўнацэнныя.

Па словах віцэ-Прэм’ера, на фестываль, які кожны год праходзіць у розных кутках краіны, з’язджаюцца пісьменнікі не толькі з Беларусі, але і бліжэйшых краін.

— Гэта свята — выдатная дыскусійная пляцоўка, дзе пісьменнікі і дзеячы культуры з розных краін абменьваюцца досведам, знаходзяць новыя шляхі далейшага развіцця. Беларускія пісьменнікі працягваюць ствараць цікавыя творы, якія актуальныя як для дарослых, так і для моладзі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. З боку дзяржавы нашым творчым людзям аказваецца сур’ёзная падтрымка, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

У розныя гады ўрачыстасці праходзілі ў гістарычных і культурных цэнтрах краіны — Полацку, Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім, Быхаве, Шчучыне

Лепшыя майстры слова — пісьменнікі, паэты, літаратурныя крытыкі — ушаноўваліся на цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства. Без узнагароды ў сёлетнім літаратурным сезоне засталіся толькі драматургі. На гэтую намінацыю, расказала першая намесніца кіраўніка Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, была пададзена ўсяго адна праца. Аўтарам лепшай кнігі паэзіі стаў Валерый Грышкавец з Пінска. Яго працу «Застаюся назаўжды…» высока ацанілі і члены журы, і чытачы. Прымаючы ўзнагароду, паэт сказаў:

— Для мяне занятак літаратурнай творчасцю стаў лёсам. Я атрымліваў шмат розных узнагарод, але такую прэстыжную ў Беларусі — упершыню. Вялікі дзякуй тым, хто даў маім творам высокую ацэнку!

За публіцыстыку ўшанаваны сёлета Ігар Пракаповіч з Паставаў, які пакінуў нашчадкам краязнаўчую спадчыну ў выглядзе кнігі пра малую радзіму «Пастаўшчына».

У намінацыі «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» перамог вядомы аўтар Іван Саверчанка (кніга «Магія слова»), а ўзнагарода за лепшы літаратурны дэбют — у 18‑гадовай Вольгі Нікіценкі: за зборнік вершаў «Сузор’е Птушкі».

Лепшым празаікам журы назвала сёлета Уладзіміра Сцяпана, лепшым дзіцячым пісьменнікам — Кацярыну Хадасевіч-Лісавую. Ім узнагароды і дыпломы члены журы ўручаць у Мінску: па шэрагу абставінаў да Бялынічаў літаратары не даехалі.

Наогул, свята атрымалася вельмі яркім і цікавым. Сабралася шмат гасцей з усёй Беларусі. Былі і прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу.

Завяршыўся Дзень пісьменства ў Бялынічах вялікім святочным канцэртам, дзе выступілі зоркі эстрады і заслужаныя калектывы Беларусі: Анатоль Ярмоленка, Алёна Ланская, Вольга Плотнікава, Аляксандр Саладуха, Аляксей Хлястоў, Руслан Аляхно, «Песняры» ды іншыя. А напрыканцы святочнай дзеі быў маляўнічы салют.

Дарэчы, яшчэ адзін цікавы момант святочнага дня — закладка Алеі гарадоў-сталіц Дня беларускага пісьменства. Больш за 20 клёнаў высадзілі ў гарадскім парку ганаровыя госці фестывалю ў Бялынічах.

— Наш парк ужо стаў сапраўднай славутасцю горада. І яго далейшае развіццё, з’яўленне такіх знакавых месцаў, як гэтая алея, дапоўняць і ўпрыгожаць яго, — сказаў старшыня Бялыніцкага райвыканкама Васіль Захаранка.

У кожнага высаджанага дрэва ўсталяваная шыльда, на якой паказана назва горада і год, калі ён прымаў Дзень беларускага пісьменства.

— Дзень пісьменства — гэта свята, якое аб’ядноўвае беларускія гарады, іх жыхароў. Сёння я пасадзіў дрэва, якое сімвалізуе горад Слонім. Летась адтуль перадалі нам эстафету фестывалю. Мы пазнаёміліся, сталі мець зносіны. Нашы спецыялісты ездзілі да калег, даведваліся, як рыхтаваўся горад да свята, — паведаміў Васіль Захаранка. — Мы хочам прадаўжаць традыцыю: сябраваць гарадамі розных абласцей, абменьвацца досведам і ведамі.

Эстафету Дня пісьменства прыняў горад Капыль Мінскай вобласці. Па такім жа прынцыпе, як мы ў мінулым годзе пераймалі досвед Слоніма, цяпер у Бялынічы прыедзе дэлегацыя з Капыля. І так унутры Беларусі гарады становяцца своеасаблівымі гарадамі-пабрацімамі.

Міхаліна Чаркашына

З выкарыстаннем матэрыялаў БелТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.