Вы тут

Леанід Екель: Шукаю гучанне...


Ён — легендарны журналіст, нарысіст, які ў гэтай прафесіі ўсё свядомае жыццё. Майстар слова, аўтар-укладальнік амаль дзясятка кніг у сваім працоўным арсенале выкарыстоўвае з падручных сродкаў толькі нататнік і ручку.


Леанід Екель адзначае 70-годдзе з калегамі з газеты «СБ. Беларусь сегодня». Фота Івана Ждановіча

 

Як прайсці ў бібліятэку?

Неяк у мяне знік інтэрнэт у той момант, калі быў вельмі патрэбны: якраз працавала над матэрыялам пра здаровы лад жыцця. Дзе ж узяць звесткі пра карысць і шкоду розных прадуктаў? Не ехаць жа гартаць кнігу па дыеталогіі ў бібліятэку! Тэкст трэба дарабіць тэрмінова і адправіць па электроннай пошце ў рэдакцыю. І раптам я задумалася: а як раней спраўляліся журналісты з такімі задачамі? Бо інтэрнэту ж не было, а дэдлайн — быў, хоць і зваўся па-іншаму. Захацелася пагутарыць з кімсьці з мэтраў журналістыкі ды павучыцца ў яго жыць у прафесіі без віртуальнай рэальнасці.

Кандыдатуру для зносін і ўзбагачэння асабістага досведу доўга не шукала: Леанід Сямёнавіч Екель — фігура ў нас вядомая. Тры гады таму адсвяткаваў 70‑гадовыя ўгодкі, на якіх атрымаў Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта. З Екелем звязваюць залаты век газеты «Знамя юности», выхад якой кожны раз станавіўся падзеяй дзякуючы таленавітаму кіраўніцтву Леаніда Сямёнавіча. Наклад газеты тады, у савецкі час, складаў 940 тысяч асобнікаў. Працуе журналіст і сёння: нарысы Майстра слова можна чытаць на партале Выдавецкага дома «СБ. Беларусь сегодня». У кожным раскрываецца глыбокая душа аўтара і трапяткое яго стаўленне да непаўторнай асобы героя артыкула. Некаторыя ўвогуле немагчыма чытаць без камяка ў горле.

Сустрэцца з Леанідам Сямёнавічам я дамовілася ля ўвахода ў мінскую Купалаўскую бібліятэку — у яе зале яго ўлюбёнае месца працы над тэкстамі. Праўда, да гэтага мела нялёгкую размову па тэлефоне: прыйшлося ўгаворваць заслужанага журналіста пагутарыць са мной. «Я зусім не той, хто вам патрэбны! Не карыстаюся інтэрнэтам і не хачу! У мяне ёсць толькі ручка і нататнік. Вам не будзе пра што са мной размаўляць…» Дык гэта ж цудоўна! Мне патрэбен менавіта той, хто ні разу «ў вочы» не бачыў інтэрнэт. Я нават адважуся сказаць, што сёння гэта ўнікальная з’ява. Бо цяпер людзей усіх узростаў імкнуцца далучыць да высокіх тэхналогій.

Увогуле, сышліся на тым, што пакажу Леаніду Сямёнавічу свае пытанні, і ён сам вырашыць зыход нашай сустрэчы. Пагутарыць мы вырашылі на вуліцы, каб не парушаць цішыню ў чытацкай зале бібліятэкі. Тым больш, што надвор’е спрыяла. Мы прыселі на лаўцы пад прыгожым разгалістым клёнам. Леанід Сямёнавіч беражліва дастаў з чахла свае акуляры, уважліва прачытаў пытанні, часам ціха пасмейваючыся. «Ну добра, давайце раскажу», — так пачалося апавяданне нарысіста пра самога сябе.

Споведзь шчаслівага чалавека

— З самага ранняга дзяцінства я ўжо ведаў, што буду журналістам. Вельмі трапятліва ставіўся да кнігі. Усё, што можна было прачытаць у школьнай, сельскай бібліятэцы, «елася» мною «взахлёб» з велізарным апетытам і прагнасцю. Памятаю, лета… Івацэвіцкі раён, вёска Заполле… А мы жылі на хутары, гэта яшчэ далей на 3 км. Мне 15 гадоў. Дамашняй працы — рабіць-не перарабіць, нагрузка велізарная! І ўсё роўна я знаходзіў час, каб выскачыць з хаты ў сельскую бібліятэку. Не перадаць словамі адчуванне радасці ад таго, што можна ўзяць і гэтую кнігу, і вунь тую!.. Рукі самі цягнуцца дастаць яе с паліцы. Возьмеш, ідзеш назад. І не па дарозе, а выбіраеш такі шлях, каб адгарадзіцца ад навакольнага свету. Зашыешся ў жыта па калена, яно так прыемна каласіцца… Кніжку раскрыў — забыўся пра ўсё на свеце. Чытаеш, аналізуеш: як жа аўтару ўдалося з самых простых слоў пабудаваць цэлы вобраз?! Мне вельмі хацелася разабрацца ў тым, зразумець… Ведаеце, я ж сам рабіў школьную газету, ад пачатку і да канца. Потым пайшоў у Косаўскую сярэднюю школу — які там быў настаўнік, Якаў Дзмітрыевіч Янчанка! Надзвычайная асоба! Я ганаруся тым, што здолеў напісаць пра яго нарыс, распавесці пра гэтага дзівоснага чалавека...

І Леанід Сямёнавіч надоўга змаўкае. І я маўчу разам з ім, «разглядаючы» ажыўшы перада мной вобраз жыта і раскрытую у руцэ кнігу… Эх, мне б туды хоць на гадзінку!..

Падчас нашай размовы Леанід Сямёнавіч неаднаразова паўтарае «надзвычайная асоба, дзівосны чалавек», кажучы пра шмат каго. Гэта рэдкая, на мой погляд, якасць — умець быць шчыра ўдзячным усім тым, з кім зводзіць цябе лёс.

Леанід Екель. Фота studlive.by

— Я зразумеў, што сапраўднае чалавечае шчасце — гэта здолець напісаць, распавесці пра дзівоснага чалавека. Нарыс для мяне — гэта як ікона для верніка, гэта святое. Нарыс — найлепшы жанр! Ён раскрывае чалавека, яго непаўторнасць. З аднаго боку, ты сам раскрываешся як аўтар, паказваеш сваю заможнасць; з другога боку — распавядаеш пра іншага чалавека. Ва ўсіх жыццё ў нечым падобнае: дзяцінства, юнацтва, сталенне, праца, кар’ера, выхад на пенсію… Але ў той жа час у кожнага — свой лёс. Ён праяўляецца ў маленькіх, няўлоўных дробязях. І разгаварыць да іх чалавека — ой як часам цяжка. Бывае, і пяць гадзін гутарым, і больш. Надзвычай стамляюся!

— Хто вашы героі?

— У мяне заўсёды была цяга да людзей вёскі. Здаецца, ну колькі нарысаў можна пісаць пра галоўнага агранома ці тэхнара, даярку, трактарыста? Ды бясконца! Чалавечае жыццё вельмі багатае.

— Леанід Сямёнавіч, вы ўсё жыццё займаліся тым, чым хацелі, — пісалі?

— Абсалютна! Пасля школы паехаў на камсамольскую будоўлю ў Архангельск. Будавалі на беразе Паўночнай Дзвіны мараходку. Там я трапіў на Паўночны флот, на службу, і не куды-небудзь, а ў газету «За Родину», фотакарэспандэнтам! Ніколі камеру ў руках не трымаў, а тут далі мне старэнькі фотаапарат «Киев». Было мне тады недзе 18 гадоў. Тры гады працаваў, потым вярнуўся дадому. Сям’я пераехала ўжо з хутара ў Заполле. Я пару дзён адпачыў і — наўпрост у брэсцкую абласную газету «Заря», без вышэйшай адукацыі. Думаеце, лёгка было туды трапіць? Сам сабе дзіўлюся: хапіла ж мужнасці, упартасці, нахабства… (смяецца). Заходжу да галоўнага рэдактара, паказваю яму свае газетныя выразкі. Ён паглядзеў, пагартаў і кажа: «Таварыш Екель, дык вы — гатовы журналіст! Але месцаў у нас няма». Разам пачалі шукаць мне рэдакцыю. У Івацэвічах няма, у Бярозе няма… У Маларыце ёсць! Я адразу паехаў. Там пазнаёміўся з Яраславам Сельвестравічам Пархутам — ой, які гэта чалавек, якая асоба!.. Я атрымліваў велізарнае задавальненне ад усіх месцаў, дзе працаваў. Ніколі не было трывогі, ці спраўлюся. Спакойна разумеў: гэта маё. Так, не хапае досведу, навыкаў. Не страшна! Увогуле, прапрацаваў у Маларыце год. Потым адразу паступіў на журфак БДУ. Памятаю, яшчэ цяльняшачка выглядала з‑пад кашулі... Так і празвалі мяне — мараком. Эх, як усё добра складвалася! У 1977 годзе я ўжо — загадчык аддзела камсамольскага жыцця ў «Знамя юности» быў. Гэта самы складаны аддзел: нялёгка распавядаць пра сутнасць камсамольскай працы. Дастаткова нецікавая тэма, ніхто асабліва пра гэта не пісаў. Усё трэба было самому ствараць. Праз два гады — я ўжо загадчык аддзела прапаганды, затым — адказны сакратар, потым — намеснік галоўнага рэдактара. «Знамёночке» сваёй аддаў 10 гадоў. А ў 1988 годзе ствараецца часопіс «Крыніца», у яго за год — 400 000 тыраж па ўсім СССР, каля 40 старонак у нумары. Ідэя часопіса — выхоўваць моладзь на патрыятызме. Склад рэдакцыі, вядома, быў залаты: Уладзімір Някляеў — галоўны рэдактар, Міхаіл Кацюшэнка — намеснік, і я таксама, Павел Якубовіч — загадчык аддзела публіцыстыкі. Праз гады ён мяне запрасіў у «СБ. Беларусь сегодня», дзе працаваў галоўным рэдактарам. Вось, пішу цяпер нарысы ўжо больш за дзесяць гадоў.

— Раскажыце пра Беларускі саюз журналістаў, які вы ўзначальвалі 15 гадоў. Вы ж таксама і Дом Журналіста пабудавалі?

— Так. Спачатку ўсё добра было, нас за савецкім часам фінансавала Масква. У сталіцу ж пералічваўся працэнт ад ганарараў журналістаў, і набягала прыстойная сума. Прыстойная да такой ступені, што мы маглі тым, хто мае вострую патрэбу ў жыллі, вылучаць у год па 3–4 кватэры. Пуцёўкі за мяжу давалі. У 70‑я гады ЦК КПБ і Савет Міністраў прынялі Пастанову аб выдзяленні ўчастка пад будаўніцтва Дома Журналіста ў Мінску, бо ў нас быў проста арэндны асабнячок. Але наступіў складаны 90‑ы год. Фінансаванне спынілася — а свайго нічога ж няма! Дакладней, грошы былі, але яны ператварыліся ў пыл. Ох, гэтая пара перабудовы… Трывога вісела ў паветры. Усе грамадскія арганізацыі разумелі добра, што будуць кінутыя. Выдзеленую нам тэрыторыю канфіскавалі, бо на працягу пэўнага тэрміну не было распачата будаўніцтва. Што рабіць? Гэта канец! І вось я вырашаю пайсці да Уладзіміра Васільевіча Ярмошына, мэра Мінска, і — вяртаю нам участак! Гэта быў 1991 год. Ярмошын — чалавек наймудрэйшы! Не спытаў, а за што будаваць будзем. Адказу я і сам тады не ведаў. Але потым мяне натхніў спосаб будаўніцтва Юрыя Лужкова, маскоўскага мэра. Ён знаходзіў людзей, якія валодалі вялікімі капіталамі, і будаваў сумесна з імі. Так і я зрабіў: знайшоў прыватніка, які пабудаваў трохпавярхоўку за свае грошы, і ўзяў сабе пад Дома Журналіста адзін паверх — каля 900 кв. м. Вось такая гісторыя ўзнікнення вядомага цяпер многім будынка.

— Давайце вернемся да працоўных будняў у вашай газеце. Як ішоў працэс выпуску нумара? Вы самі карысталіся друкарскай машынкай?

— Я заўсёды пісаў ад рукі, і па гэты час так пішу. Не прызнаю дыктафоны і камп’ютары. Потым аддаю тэкст машыністцы, яна набірае і вяртае мне ўжо надрукаваны матэрыял. Дарэчы, згаданы Павел Якубовіч быў геніяльным у гэтым плане чалавекам: умеў дзвюм машыністкам адначасова два розныя тэксты нагаворваць: Лоры — фельетон, Зоі — спартыўны агляд. Больш я такіх людзей не бачыў. Затым я аддаю свой матэрыял з фатаграфіяй адказнаму сакратару. А калі сам ім быў, значыць, з левай рукі ў правую перакладаю (смяемся). Разам з намеснікамі вырашаем, што будзе і дзе размешчана на паласе. Робіцца макет на паперы, па радках усё падлічваецца ўручную і аддаецца ў цэх. Там ёсць адказны за выпуск, ён вярстае радкі. Была спецыяльная металічная рама дакладна па фармаце паласы, радок да радка падганяўся згодна макету, бабашкамі замацоўваўся па вышыні і шырыні, і ўсё пераводзілася на тоненькую металічную пласціну, накшталт пячаткі. А загалоўкі набіраліся ўручную, былі для гэтага адпаведныя шрыфты.

— Вельмі складана ўявіць сябе гэты працэс журналісту, які з першага працоўнага дня сядзіць за кам’ютарам з доступам у інтэрнэт. Што скажаце пра сучасную журналістыку?

Дом Журналіста ў Мінску. Фота Алісы Гюнгер

— Я шмат думаў пра гэта. Асноўная асаблівасць цяперашняй журналістыкі ў тым, што чалавек выконвае функцыю журналіста. Няма прафесіі. Раней думка нараджалася, а цяпер яе фармулююць. Інтэрнэт і ўсё астатняе, уся гэтая ўседаступнасць… Яна не тое, каб спрасціла ісціну, проста сышла душа, а прафесія стала рамяством. Але калі ў руцэ нататнік і ручка — нараджаецца нешта новае. І гэта нельга паставіць на колы, механізаваць. Кожны радок з цябе жыўцом льецца. Ты яго бачыш, адчуваеш, усведамляеш… Я, бывае, па сем разоў фразу ўслых прамаўляю. Агучыў — не тое, нешта язык драпае. Шукаю гучанне. А калі запісаў на дыктафон, зняў, пераклаў на паперу — гэта мёртвае. Для мяне — непрымальна набраць шмат матэрыялаў з інтэрнэту ці яшчэ аднекуль, скампіляваць. Калі ў галаве ідзе працэс — вось гэта творчасць!

— Як думаеце, друкаваныя СМІ памруць? Услед за тэатрам, якому ўжо даўно прадказваюць смерць…

— Не памруць, нас проста палохаюць. Кніга не страціла сваю каштоўнасць, проста яна «засунута» цяпер. Але як можна пазбавіць чалавецтва такой асалоды, калі адкрыў старонку — і новы свет расхінуўся?!

— Што параіце маладым журналістам?

— Мяне часта запрашаюць да студэнтаў, і я ім заўсёды кажу: пішыце нарысы! Гэта лепшае, што прыдумана чалавецтвам. Толькі тады можна адбыцца як журналіст. Проста ўхапіць інфармацыю і перадаць яе — тады ты толькі сродак. А журналіст удзельнічае ў працэсе нараджэння Слова. Пачынаючы з чыстага белага аркуша і першага радка…

***

Паўтары гадзіны размовы пад разгалістым клёнам з Леанідам Сямёнавічам, які адказваў на падрыхтаваныя мною пытанні, пранесліся незаўважна. Мне падалося, што мы толькі пачалі размову. Не інтэрв’ю, а шчырую размову, як кажуць «по душам». Калі адчуваеш, што зносіны цябе насычаюць чымсьці неацэнна важным, унутрана ўзбагачаюць. Карацей, калі атрымліваеш эмацыйнае задавальненне. Ох, ужо гэтая хуткаплыннасць часу! Воляй-няволяй апускаешся ў яе — і ледзь не губляеш сэнс жыцця. І як выдатна, што на шляху часам сустракаюцца людзі, дзякуючы якім успамінаеш: сэнс і ў тым, каб больш адчуваць.

Гутарыла Аліса Гюнгер

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».