Вы тут

Вялікі тэатр Беларусі адкрыў 88-ы сезон балетам «Пер Гюнт»


Пра тое, як у Вялікім чакалі адкрыцця, красамоўна гаварылі твары служыцеляў тэатра ў дзень прэм’еры.. Служба аховы, работнікі гардэроба, капельдынеры, прыхільнікі-балетаманы ў фае, у буфеце — усе ўсміхаліся. І хоць усмешкі многіх былі схаваныя пад маскамі, радасць выдавалі зіхатлівыя вочы. Свята! Больш за пяць месяцаў у сувязі з пандэміяй у Вялікім не было публікі. Мы, хто не прапускае ніводнай прэм’еры ў любімым тэатры, таксама засумавалі па яго цёплай святочнай атмасферы. І ў прадчуванні новага спектакля, пра які чулі яшчэ ранняй вясной, таксама знаходзіліся ў прыўзнятым настроі. На ўваходзе сустрэлі Сяргея Мухіна, начальніка службы папулярызацыі опернага і балетнага мастацтва. Павіншавалі з адкрыццём сезона. Вось ён якраз, падзякаваўшы, абмовіўся: маўляў, як жа мы ўсе стаміліся без сустрэч з вамі!..


Як выявіцца на сцэне Вялікага тэатра віртуальны свет, напоўнены фантастычнымі вобразамі скандынаўскай міфалогіі, які стварылі 145 гадоў таму драматург Генрык Ібсэн і кампазітар Эдвард Грыг, можна было толькі меркаваць. Яшчэ ў сакавіку мне давялося па БТ‑1 паглядзець сюжэт, які апавядаў пра тое, што ў Вялікім тэатры ў артыстаў балета пачаліся першыя прагоны балета «Пер Гюнт». Прэм’ера чакалася на пачатку ліпеня. І ўжо ў той час мы ведалі, што ў спектаклі задзейнічаюць 4 склада артыстаў балета. Будуць, казалі, гучаць на нарвежскай мове яшчэ і салісты оперы і харавыя партыі. Абяцалі мінімум, як выказаўся харэограф-пастаноўшчык Сяргей Мікель, пальцавай тэхнікі. А вось як гаварыў у невялікім сюжэце аб працы свайго вучня Сяргея Мікеля, уладальніка Нацыянальнай тэатральнай прэміі, лаўрэата міжнародных конкурсаў, Валянцін Елізар’еў, народны артыст СССР, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі:

«Ён вучыўся, вельмі паслядоўна ішоў да мэты. Перш чым з’явіцца ў нас са сваёй задумай, ён паставіў, на мой погляд, два вельмі цікавыя спектаклі ў музычным тэатры (два дарослыя балеты — «Вішнёвы сад» і «Тытанік», а таксама спектакль для дзяцей «Джэймс і Персік-волат». — Аўт.), ну дадзім яму шанец. Я ўвогуле вельмі хачу вырасціць таленавітых беларусаў. Сяргей вельмі адказна ставіцца да пастаноўкі ў Вялікім тэатры, бо не кожнаму давярае. І я чакаю ад яго, як ад чалавека патэнцыйна таленавітага, цікавую працу». (https://www.tvr.by/)

Прывяду і словы мастака-пастаноўшчыка балета «Пер Гюнт» Любові Сідзельнікавай: «Трэба было знайсці такія вобразы, у якіх і касцюмы былі б сугучныя з нашым часам. Сказаць, што Пер Гюнт у нас быў такім вельмі гламурным, напэўна, нельга. Я думаю, што ён у асноўным будзе прыцягваць увагу гледачоў пластыкай і танцам, і сабой. Пераапранаецца герой тры-чатыры разы. Потым, Пер Гюнта пабачым і маладым, і сталым, праз 30–40 гадоў — задзейнічаем розных артыстаў. Мы так вырашылі, што гэта будзе больш праўдападобна».

Дарэчы, у спектаклі выкарыстоўваецца больш за 250 касцюмаў. Праца над імі вялася больш за паўгода. Можна толькі ўявіць, як магутна былі задзейнічаны ўсе вытворчыя цэхі Вялікага тэатра. Любоў Сідзельнікава стварыла нарвежскія нацыянальныя касцюмы, характэрныя для артыстаў народнага тэатра, а вось адзенне шахцёраў па рашэнні мастачкі нагадвае сучаснае, у ім мала што змянілася. Для салістаў оперы створаны вельмі прыгожыя галаўныя ўборы.

Дарэчы, Вялікі тэатр ужо звяртаўся да гэтага твора больш за 40 гадоў таму і ён захоўваўся ў рэпертуары да 1978 года.

Але гэта зусім іншая гісторыя, кажа Сяргей Мікель: «Мне ж хацелася актуалізаваць матэрыял, максімальна наблізіцца да жыцця, зразумелага сучаснаму гледачу. Сюжэт мне здаецца вельмі надзённым. У эпоху бязмежных магчымасцяў, калі практычна не існуе межаў для сваёй рэалізацыі, усё часцей і часцей чалавек шукае сябе, прычым шукае сябе сапраўднага…».

Што тычыцца музыкі, то Аляксандр Анісімаў, дырыжор-пастаноўшчык, прызнаўся, што быў захоплены гэтым творам не адзін год. Вось як ён пра тое казаў:

— Прыступаючы да праекту, я прапанаваў харэографу ўзяць за аснову не дзве папулярныя сюіты, а грунтавацца на поўнай партытуры музыкі Эдварда Грыга да драмы «Пер Гюнт». Яна ўключае каля паўтары гадзіны музыкі.

Пры гэтым, паводле словаў маэстра, ён не абмежаваўся толькі музыкай да драмы Ібсэна, а ўзяў і іншыя музычныя творы Грыга, у прыватнасці чатыры нарвежскія танцы, таксама выкарыстаў сімфанічныя танцы, лірычныя п’есы… Атрымаў музычны твор для двух актаў.

Творчы саюз маладога харэографа-пастаноўшчыка Сяргея Мікеля, мэтра — дырыжора-пастаноўшчыка народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава і мастачкі-пастаноўшчыцы Любові Сідзельнікавай атрымаўся ўдалым. У п’есу Генрыка Ібсэна, створаную яшчэ ў 1867 годзе, на сцэне Вялікага тэатра ўдыхнулі новае жыццё. Мы паглядзелі вельмі відовішчны спектакль. Мае калегі ахрысцілі яго блокбастарам, які здольны да глыбіні душы ўразіць адчувальныя натуры. Прызнаюся, ёсць у гэтым вызначэнні штосьці правільнае. Балет не пакідае абыякавым. Эмоцыі ды пачуцці, якія валодаюць артыстамі, транслюцца ў залу. І іх ловіш, адгукаешся яшчэ і таму, што сюжэт захоплівае. Вось кароткі змест лібрэта, якое напісана па аднайменнай п’есе Ібсэна Сяргеем Мікелем, з якім можна азнаёміцца на сайце Вялікага тэатра.

Яна Штангей — Анітра

У Пралозе мы бачым пагоню. Паранены алень уцякае ад пераследавання Гузічніка, майстра па пераплаўцы «нягодных» душ — тых, што не варты ні пекла, ні раю; душ тых, хто не імкнуўся да святасці, але і вялікіх пакасцяў не рабіў. Тут жа і знаёмімся з Пер Гюнтам. Ён — летуценнік, які прагне прыгод і захапляльных гісторый, ён і вандроўнік, які шукае славы і неўміручасці, нечага асаблівага. На самой справе гэта чалавек, які прайшоў усё жыццё, не дасягнуўшы сваіх мэтаў.

Гузічнік нагадвае Перу пра даўні абавязак — ён павінен аддаць сваю душу на пераплаўку: «Гузікам вылітым ты для камізэлькі сусветнай быў, але вось вушка зламалася, адскочыла, і трэба будзе табе быць здадзеным у лом, каб разам з іншымі быць пералітым». Пер Гюнт жа, гледзячы на сваё адлюстраванне ў возеры, бачыць сябе маладым і бесклапотным…

Першая дзея знаёміць нас з перасоўным тэатрам «Сурыя Мурыя», якія належаць Азэ (маці Пера), які прыязджае ў пасёлак Хэгстад. Акцёры тэатра разыгрываюць дзіўнае прадстаўленне, але яно перапынена выхадкай Пера: ён выкрадае Інгрыд, адну з артыстак тэатра. Ледзь астыўшы пасля бурнай сваркі з маці, Пер бачыць перасяленку Сольвейг і закохваецца ў яе. Аднак яго сэрца не знаходзіць спакою. Пер сустракаецца з Гузічнікам і, аддаўшыся фантазіям, пакідае блізкіх яму людзей.

Ганарыстасць прыводзіць героя ў карпарацыю троляў. Сустрэча з Горным каралём зменьвае жыццё Пера, менавіта ад кіраўніка троляў ён дазнаецца праўду, якая вызначыць яго далейшы шлях: «Троль, будзь задаволены сабою самім!» Перу блізкія думкі троля, ён гатовы прыняць запрашэнне застацца і ўзяць за жонку Доўрскую дзеву, дачку караля і, незаўважна для сябе, цалкам трапляе ва ўладу троляў. Светлы вобраз маці, які ўзнікае раптам перад ім, ратуе Пера ад поўнага пераўтварэння ў троля. Ён вяртаецца да Сольвейг і на некаторы час набывае спакой. Ціхае адасобленае шчасце не доўжыцца доўга: Азэ памірае. Пер Гюнт не можа справіцца з пачуццём віны і зноў пакідае дом.

У другім дзеянні Пер адпраўляецца ў падарожжа па свеце. За гады падарожжаў ён прымярае на сябе мноства роляў. Кожнае новае рамяство ён урачыста абвяшчае доўгачаканай справай свайго жыцця, але прысвячае сябе яму толькі да моманту сутыкнення з цяжкасцямі. Ён шукае шчасця ў грошах, стаўшы дзялком-рабагандляром, ён узначальвае гандляроў кантрабанднай зброяй, спрабуе знайсці сябе ў гарачых танцах, спакушаючы бедуінку Анітру. Мазаіка роляў, якія мяняюцца, прыводзіць Пера ў вар’ятню, дзе яго наракаюць імператарам, надзеўшы на галаву карону з аленевых рагоў, а пасля выкідваюць на сметнік да бяздомных.

У канцы жыцця, апынуўшыся ў поўнай адзіноце, страціўшы становішча і грошы, Пер усведамляе пагрозу небыцця, «пераплаўлення» ў каўшы Гузічніка: «Жыццё тваё не ўдалося, пара на пераплаўку». У канцы жыцця ён ізноў адчайна шукае адказ на пытанне, што ж значыць быць самім сабой, і ці быў ён сабой?

Пер сустракае сівую Сольвейг — і толькі тады ўсведамляе, што ён выратаваны. Пад самымі разнастайнымі маскамі на працягу ўсяго яго стракатага жыцця ён заставаўся самім сабой толькі ў любові да Сольвейг, якая сваім каханнем яго ахоўвала.

Такім чынам, заслона адчыняецца. Знаёмства з Пер Гюнтам пачынаецца з масавай сцэны ва ўладаннях горнага караля. На сцэне вяршыцца містычнае дзейства: свет рэальны ўрываецца ў свет фантазійны, і наадварот. І пра тое, як яны пачынаюць узаемадзейнічаць, апавядае танец. Яго мова нам зразумелая. У цэнтры — Пер Гюнт, галоўны герой. У гэтай ролі — эфектны француз Эвен Капітэн, а далікатную і закаханую Сольвейг танцуе Людміла Уланцава. Дарэчы, у ролі вытанчанай, летуценнай Азэ, маці Пера Гюнта — Ірына Яромкіна, народная артыстка Беларусі, а Доўрскую Дзеву, дачку Горнага караля, іграе Аляксандра Чыжык, уладальніца медаля Францыска Скарыны. І ў гэтым балеце яна дэманструе свой высокі, зграбны і непараўнальны скачок. Зрэшты, як і ўлюбёнец публікі Такатошы Мачыяма, харызматычны і таленавіты лаўрэат міжнародных конкурсаў нам свой непараўнальны скачок таксама паказвае. Тэмпераментным, мудрагелістым Гузічнікам, пераплаўшчыкам душ паўстае ён на сцэне. Цудоўная і артыстычная ў ролі Анітры Яна Штангей, лаўрэат міжнародных конкурсаў, — кіраўніца бедуінаў. Яе яркі і гарачы танец не можа не запомніцца.

Сольвейг і Пер Гюнт у сталым узросце (Ганна Фокіна і Антон Краўчанка)

Сольвейг ва ўзросце танцуе Ганна Фокіна, уладальніца медаля Францыска Скарыны, сталага Пер Гюнта — Антон Краўчанка, заслужаны артыст Беларусі.

Вакалісты на сцэне спяваюць побач з артыстамі балета. Гэта стварае цікавы спектакль, які і не назавеш уласна балетам. Дарэчы, спяваюць салісты на нарвежскай мове. Ім, кажуць у тэатры, давялося старанна папрацаваць над вымаўленнем пад кіраўніцтвам прафесіяналаў з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Нібы сама душа Сольвейг гучыць у вакальнай партыі Алены Золавай на прэм’еры. Ну, а якасць харавога спеву ў Вялікім тэатры, як вядома, заўсёды на вышыні.

Не магу не згадаць і іншых выканаўцаў яркіх і выразных партый. Гэта «механізаваная» світа Гузічніка, так званыя Крывыя — Вераніка Аўчыннікава, Вераніка Алешчанка, Таццяна Уласень. Рухі іх завостраныя і вывераныя настолькі, што здаецца, нібыта перад намі робаты. У той жа стылістыцы працуе народны артыст Беларусі Ігар Артамонаў — Горны кароль, уладальнік карпарацыі троляў. Знаёмімся мы і з бацькамі, і з сястрой Сольвейг (Антон Краўчанка, Ганна Фокіна, Карына Малахоўская), з іншымі жыхарамі Хегстага, а таксама тролямі і троліцамі, акцёрамі перасоўнага тэатра, бедуінамі, пацыентамі ў вар’ятні, бяздомнымі на сметніку. У гэтым маштабным спектаклі, паўтаруся, занята некалькі складаў выканаўцаў.

Падарожжа Пера Гюнта ў пошуках свайго месца на зямлі ды ўласнага «я» суправаджаецца дынамічнай зменай сцэн і дэкарацый. Толькі што ён быў сярод горных ландшафтаў Нарвегіі і ля возера, ды ўжо апынуўся ў месцах пражывання троляў… А яшчэ з’явяцца вобразы вар’яцкага дома, звалкі, пустыні…

Праз шмат выпрабаванняў і спакусаў пройдзе Пер Гюнт, фантазёр, чалавек, які ўрэшце рэшт задумаецца пра свой лёс, каб зразумець у канцы жыцця: усё жыццё ён быў самім сабой у каханні да Сольвейг. Ён усвядоміць, што менавіта каханне Сольвейг было яму сапраўдным абярэгам ад усіх бед, якія яго напаткалі.

Пер Гюнт (Эвен Капітэн) і Сольвейг (Людміла Уланцава)

Што цікава, першапачаткова «Пер Гюнт», як і чэхаўская «Чайка», поспеху не меў і нават быў успрыняты ў Нарвегіі і Даніі досыць негатыўна. Вядомы казачнік Ганс-Хрысціян Андэрсэн назваў твор «цалкам бессэнсоўным». Аднак, як адзначае літаратурная крытыка, з часам, у асноўным дзякуючы вобразу Сольвейг, «пачалося пераасэнсаванне п’есы». Перш за ўсё, таму спрыяла хвалюючая музыка Эдварда Грыга, якая не страціла сваёй свежасці і сёння. Новыя годныя старонкі ў гісторыі існавання тварэння Грыга і Ібсэна цяпер увасоблены і таленавітымі беларускімі пастаноўшчыкамі. І «Пер Гюнт» Сяргея Мікеля — сапраўды ўдалы дэбют на сцэне Вялікага тэатра.

Валянціна Ждановіч

Фота прадастаўлены Вялікім тэатрам Беларусі

Загаловак у газеце: Шлях да сябе

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Валерый Вакульчык, які з верасня гэтага года працаваў на пасадзе дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі, а да гэтага быў старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі, сёння прызначаны памочнікам Прэзідэнта Беларусі — інспектарам па Брэсцкай вобласці. 

Культура

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Чвэрць стагоддзя разам, і ніколі не было сумна ці нецікава адно з адным.

Культура

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў расстраляны 30 кастрычніка ў 1937 годзе

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў расстраляны 30 кастрычніка ў 1937 годзе

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.