Вы тут

Усё, што трэба ведаць пра медыяцыю


Калi спрачальнiкам, якiя пагадзiлiся на сустрэчу з медыятарам, здаецца, што спецыялiст у гэты час нiчога не робiць i толькi задае нейкiя дзiўныя пытаннi, гэта iдэальна. Чаму? Бо менавiта самi апаненты павiнны вынайсцi рашэнне, якое задаволiць iх i дазволiць дамовiцца без суда. А вось дакапацца да сапраўдных намераў, патрэб i iнтарэсаў кожнага з iх якраз i дапамагае медыятар. I менавiта гэтым тлумачыцца выслоўе «Медыяцыя адкрывае новыя магчымасцi», гэта значыць, што праблемы людзей рашае не суддзя, а самi людзi, i часам iм самiм гэта здаецца цудам. Як можа дапамагчы медыятар, чым кiруюцца людзi ў спрэчках, чаго яны насамрэч прагнуць, расказала Алеся ПУХАВА, бiзнес-юрыст, медыятар Цэнтра медыяцыi i перагавораў.


«Зарадка» на абмеркаванне i выгада выканання

Для тых, хто яшчэ ўвогуле нiчога не чуў пра медыяцыю, нагадаем, што гэта — канфiдэнцыяльныя перамовы памiж канфлiктуючымi бакамi з удзелам нейтральнага пасярэднiка — медыятара, якi садзейнiчае наладжванню дыялогу памiж бакамi i пошуку ўзаемавыгаднага рашэння, што здольнае спынiць спрэчку. Прынцыпы медыяцыi аднолькавыя ва ўсiм свеце. Гэта добраахвотнасць удзелу спрачальнiкаў, нейтральнасць медыятара, роўнасць бакоў канфлiкту, iх супрацоўнiцтва, канфiдэнцыяльнасць працэдуры.

Медыятар валодае мноствам спецыяльных тэхнiк i практыкаванняў, з дапамогай якiх ён можа дапамагчы спрачальнiкам дамовiцца, аднак гэта застаецца па-за кадрам. На сустрэчы людзi часам нават не заўважаюць, што медыятар «зараджае» бакi на гатоўнасць абмяркоўваць сваю праблему.

— Медыятар — гэта не проста прысутны ў працэсе. Гэта механiзм, якi працуе. Ён вядзе бакi ў дыялогу, дапамагае людзям выказваць свае думкi, канкрэтызаваць, уявiць i ацанiць тое, што адбылося ў канфлiкце, дазваляе сфармуляваць i выказаць прапановы ўрэгулявання, стварае атмасферу, у якой гэтыя прапановы абмяркоўваюцца. Такiм чынам людзi чуюць адно аднаго i знаходзяць выйсце, — гаворыць Алеся Пухава. — Больш за тое, медыятар у Беларусi, згодна з законам, валодае iмунiтэтам сведкi. Яго немагчыма выклiкаць у суд даваць паказаннi, нават калi яму нешта становiцца вядома ў межах медыяцыi.

У 70 % выпадкаў медыяцый бакi канфлiкту дамаўляюцца, а 80 % з iх добраахвотна выконваюць рашэннi, якiх яны дасягнулi пасля медыяцыйнай працэдуры. Дарэчы, судовыя рашэннi, як правiла, выконваюцца толькi на 50 %. I адбываецца гэта праз тое, што бок, якi прайграў суд, не спыталi пра яго бачанне справядлiвага рашэння. А ў медыяцыi дасягнутае бакамi выйсце, як правiла, iм выгаднае, i гэтая выгада кладзецца ў аснову выканання дамоўленасцяў, удакладняе медыятар.

Манiпуляцыя, шпiянаж, замбiраванне

Працэдура медыяцыi дагэтуль застаецца для многiх у Беларусi «дзiўным зверам», пра якога чулi, але не бачылi, а значыць, можна «дамаляваць» яму дзве галавы i тры хвасты. Часта домыслы людзей, якiя разважаюць пра магчымасцi медыяцыi, не ведаючы яе сутнасцi, ствараюць такiя мiфы, якiя адбiваюць жаданне рашыцца на дамаўленне мiрным шляхам.

Мiф першы: медыятар прапануе спрачальнiкам некалькi варыянтаў рашэнняў, а яны выбiраюць, на што пагадзiцца.

— Гэта не так. Варыянтаў вырашэння праблемы ўдзельнiкам канфлiкту медыятар не прапаноўвае. Таму выбiраць той, што найбольш падыходзiць для iх сiтуацыi з таго, што ёсць, не спатрэбiцца. Самi канфлiктуючыя з'яўляюцца крэатыўшчыкамi сваiх рашэнняў. Медыятар толькi дапамагае iм iх адшукаць i прыдумаць, — развенчвае першы мiф Алеся Пухава.

Мiф другi: медыятар ацэньвае доказы i прававыя пазiцыi бакоў.

Не ацэньваць пазiцыi бакоў складана, але не немагчыма, i медыятары гэта ўмеюць. У гэтым плане найбольш складана тым медыятарам, якiя па прафесii юрысты, бо яны разумеюць, на чыiм баку будзе суд з пункту гледжання закона. Аднак медыятар не ацэньвае, хто мае рацыю, а хто вiнаваты; чыя прапанова лепшая. «Калi людзi ўрэшце пасля працэдуры дамаўляюцца, аднак лiчаць, што яны зрабiлi гэта самi, без медыятара, а ён увогуле не ўдзельнiчаў, гэта, на думку ўсiх медыятараў, — найвышэйшая ацэнка яго работы. Калi ж iх пасля пытаеш «а што ж тады перашкаджала вам дамовiцца раней?», бакам цяжка адказаць. I ў гэтым i крыецца «тайная» работа медыятара», — сцвярджае спецыялiст.

Мiф трэцi: медыятар тайна здабывае iнфармацыю, дапытвае сведак канфлiкту, займаецца шпiянажам.

Часам людзям здаецца, што медыятар умее спрытна лавiраваць у размове толькi таму, што ён недзе нешта падслухаў, даведаўся i пасля ўжо проста ўплятае гэтыя звесткi ў дыялог. Гэта таксама няпраўда. «Насамрэч у медыятара iснуе два галоўныя iнструменты, якiмi валодае гэтаксама i прафесiйны перагаворшчык. Першае: медыятар вельмi добра ўмее слухаць i чуць, пра што размаўляюць бакi. Другое: медыятар умее задаваць пытаннi. Ён не дае каментарыяў, не прапануе варыянты рашэнняў. Усе гэтыя думкi ўкладваюцца медыятарам шляхам пытанняў, якiмi бакi настройваюцца на дыялог. Iснуе нават цэлы трэнiнг на тэму «Мастацтва задаваць пытаннi», выкрывае домыслы медыятар.

Мiф чацвёрты: любы вопытны юрыст ужо валодае ўменнямi, неабходнымi для медыяцыi.

Многiя сапраўды лiчаць, што вельмi важна ведаць правiлы, па якiх гуляюць у законы, што гэта дапаможа падвесцi бакi да рашэнняў, якiя ў далейшым могуць быць выкананы нават на ўзроўнi нейкiх судовых спраў. «З 15 лiпеня сёлета ва ўсiх айчынных судах (агульных i эканамiчных) можна атрымаць выканаўчы лiст на выкананне мiравога пагаднення, якое было дасягнута падчас медыяцыi. Калi падчас перагавораў бакi прынялi нейкае рашэнне, i яно адпавядае ўмовам мiравога пагаднення (яно адпавядае закону, магчыма, да рэалiзацыi), то можна звярнуцца ў суд, аплацiць пошлiну i атрымаць выканаўчы лiст на абавязковую рэалiзацыю дамоўленасцяў. Так што прававыя веды сапраўды не будуць залiшнiмi ў рабоце медыятара. Аднак гэта не значыць, што добры юрыст можа без падрыхтоўкi быць таксама i добрым медыятарам», — адзначае суразмоўнiца.

Мiф пяты: медыятар выкарыстоўвае псiхалагiчнае манiпуляванне бакамi, «замбiруе» iх прыняцце рашэння.

Медыятары — звычайныя людзi. Проста нехта схiляе да сябе сiмпатыi людзей больш, нехта менш. «Аднак пэўную вядомасць чалавека медыятар стварае не манiпулятыўнымi метадамi, а шляхам глыбокай эмпатыi (суперажывання) да кожнага з бакоў i да самога канфлiкту. Такое пачуццё i ўменне ўвайсцi ў гэты стан напрацоўваюцца, як i ўменне чуць бакi i дапамагаць iм удакладняючымi пытаннямi», — выкрывае спецыялiст чарговы мiф.

Iрына СIДАРОК

Загаловак у газеце: Мiфы i магчымасцi медыяцыi

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.