Вы тут

Аляксей Дудараў. Малая радзіма


Малая радзіма

Камедыя ў дзвюх дзеях

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

 

АТЭЛА — Ён

МАША — Яна

ГАБІ — Лялька

 

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Дзень першы

Пакінуты горад Драўлянск. Закінуты дом у Драўлянску.

Пакінутая кватэра. Утульна абстаўлены пакой. Фотаздымкі на сцяне. На тумбачцы гарыць свечка. На кушэтцы спіць цёмнаскуры АТЭЛА. За акном вые восеньскі вецер.

З’яўляецца лялька-галыш ГАБІ.

Габі (танцуе і спявае):

Метель ей пела песенку:

— Спи, Машенька, бай-бай!

Мороз снежком укутывал:

— Смотри, не замерзай!

Мороз снежком укутывал:

— Смотри, не замерзай!

У пакой баязліва ўваходзіць МАША. Габі знікае.

МАША разглядвае спячага.

АТЭЛА ад яе погляду прачынаецца і садзіцца на кушэтцы.

МАША. А‑а‑а‑а!!!

АТЭЛА. А‑а‑а‑а!!!

МАША. Ты што тут робіш?

АТЭЛА. Я ёсць спаць. Ты ёсць хто?

МАША. Я — Маша.

АТЭЛА. Ты ёсць Маша?

МАША. Маша. А ты?

АТЭЛА. Я ёсць Атэла.

МАША. Тады я Джульета.

АТЭЛА. Дэздэмон.

МАША. Ну, Дэздэмон… Навошта ты залез сюды?

АТЭЛА. У мяне вакацый.

МАША. І ты лічыш, калі ў цябе «вакацый», то можна забрацца ў чужую кватэру і дрыхнуць на чужым ложку?

АТЭЛА. Гэта не ёсць чужая кватэра!

МАША. Значыць, твая?

АТЭЛА. Не. Ні твая, ні мая, ні яго. Нічый ёсць.

МАША. Нічый?

АТЭЛА. Нічый. Горад — арывідэрчы, дом — гуд бай, кватэр — бывай! У мяне вакацый. Я тут жыць.

МАША. Пайшоў прэч!

АТЭЛА. Я тут жыць! Вакацый — жыць, потым зноў універсітэта… інтэрната…

МАША. Гэта мой дом! Ты зразумеў?

АТЭЛА. Зразумеў. Нічый.

МАША. Я табе дам «нічый»! Я нарадзілася тут! Мяне ў гэты пакой з радзільні прывезлі! Вось тут стаяў мой ложачак! Нічый…

АТЭЛА. Гэта было мінулае… Яно ёсць мярцвяк.

МАША. Што ты нясеш, чарнапузы? Які мярцвяк?

АТЭЛА. Калісьці было — зараз няма. Што ёсць — ёсць, што няма — той мярцвяк. Горад — не.

МАША. Ды вось жа ён за акном!

АТЭЛА. Людзі сказаў — жыць у горад нельга, значыць, мярцвяк. Дом — не.

МАША. А дзе мы з табой зараз?

АТЭЛА. Людзі сказаў — жыць у дом нельга, значыць, мярцвяк. Кватэр — не. Калі дом мярцвяк, горад мярцвяк. Кватэр таксама няма.

МАША. Гэта мая кватэра! Мая! Гэта мае фотаздымкі! Вось мой партрэт! Глядзі! Гэта я!

АТЭЛА. Гэта не значыць ты…

МАША. Я тут маленькая… Нас адсюль выселілі, калі я была такой… Што такое выселілі, разумееш, чувырла?

АТЭЛА. Інтэрнаваць.

МАША. Можна і так… (дражніць.) Мярцвя-а‑а‑к! Я вярнулася, а ты мярцвяк…

АТЭЛА. Ты ёсць мярцвяк.

МАША. Заб’ю! Зразумеў? Яшчэ адно такое слова — і цябе няма.

АТЭЛА. Добра. Ты не мярцвяк. Ты не ёсць жывы.

МАША. А ты?

АТЭЛА. А я студэнт.

МАША. Якога чорта ты тут абіваешся, калі студэнт?

АТЭЛА. У мяне вакацый.

МАША. Калі ў цябе «вакацый» — каціўся б да папы-мамы пад пальмы.

АТЭЛА. У цябе таксама вакацый?

МАША. У мяне ўсё жыццё «вакацый». Як адсюль выперлі, дык усё канікул, канікул і вакацый… А ты адкуль такі загарэлы?

АТЭЛА. Пехетэрыя…

МАША. У вас там цяпер — рэвалюцыя?

АТЭЛА. Не, у нас Пехетэрыя… Каралеўства.

МАША. А ты выпадкова там каралём не падхалтурваеш?

АТЭЛА. Не. Каралём не. Прынцам падхалтурваць.

МАША. Таксама няхіла.

АТЭЛА. Няхіла, няхіла.

МАША. А ты як сюды прабраўся? Зона. Пасты кругам.

АТЭЛА. Рака плыць. З бервяна баркас рабіць…

МАША. Баркас?!

АТЭЛА. Адзін бервяно, два бервяно, тры бервяно звязаць…

МАША. Дык гэта плыт!

АТЭЛА. Плыт, плыт… Ціха-ціха плыць, птушачкі слухаць, рыба лавіць. Жандар не заўважаў… Ты таксама плыт? Адзін бервяно, два бервяно, тры бервяно…

МАША. Горш. Адна ўсмешка, два ўсмешка, тры ўсмешка…

АТЭЛА. Каму ўсмешка? Каму смех?

МАША. Каму ўсмешку, каму смех, а каму і не да смеху. Па-рознаму.

АТЭЛА. Жандар усмешка?

МАША. І ім таксама. Т‑а‑ак, а твае бацькі, напэўна, адпетае жлаб’ё…

АТЭЛА. Жлаб’ё, жлаб’ё, жлоб… Песня!

МАША. Мо не выслалі грашанят на квіток дадому? Не выслалі? На вакацыі?

АТЭЛА. Не. Закон: канікул — дадому ехаць! Або ў інтэрнаце жыць. А інтэрнат — рамонт. Дадому не ехаць.

МАША. Дык што ж ты ў каго-небудзь з сяброў не мог перакантавацца? Чаго ў зону папёр? Жыцця ад вас няма! Усё апанавалі. Як прусакі.

АТЭЛА. Я студэнт.

МАША. Адчуваецца.

АТЭЛА. Каму я зрабіць шкода?

МАША. Мне. Даўно ў нас?

АТЭЛА. Адзін год. Сябар няма.

МАША. Не паспеў завесці. І пазычыць не мог? Колькі там да тваёй Пехетэрыі?

АТЭЛА. Шмат-шмат тысяч кіламетраў. Там цёпла. Тут холад. Айс!

МАША. Так, халадрыга канкрэтная.

АТЭЛА. Халададрыга… Хала-Хала, дрыга-дрыга…

МАША. Дык як цябе ўсё-ткі зваць?

АТЭЛА. Атэла.

МАША. Я сур’ёзна! А ты мянушкамі раскідваешся! Кажы, як цябе зваць!

АТЭЛА. Атэла.

МАША. Ну, ты дастаў мяне! Шэкспір занюханы!

АТЭЛА. Я ёсць Атэла! Быў Атэла! Ёсць Атэла! Быць Атэла! Вось мая студэнцкая пашпарта!

Падае МАШЫ студэнцкі білет

МАША. (чытае). Сапраўды: Атэла. А я думала, ты разводзіш мяне… (Чытае.) Атэла аль-Мабаба… Крэатыў. Што імя, што прозвішча. Ты маўр, ці што?

АТЭЛА. Не. Пехетэрыя… Пехетэрыя…

МАША. Ты думаеш, я ведаю? Гэта дзе?

АТЭЛА. Там, там! Гэта ёсць далёка. Туды ваша птушка на вакацый лётаць. Гняздо тут рабіць, на канікул на Пехетэрыю лётаць.

МАША. Я геаграфію і прыродазнаўства ніколі не любіла.

АТЭЛА. Пехетэрыя добра.

МАША. Веру.

АТЭЛА. Банана, какоса, папая, бамбука…

МАША. Былі б у мяне грошы — абавязкова б табе пазычыла, каб ты змог на свой вакацый у Пехетэрыю зматацца.

АТЭЛА. Грош няма.

МАША. Грош няма. Так, дарэчы, ты тут нічога не чапаў?

АТЭЛА. Я спаў.

МАША. Гэта я бачу. Ты нічога не браў?

АТЭЛА. Тут грош няма.

МАША. Ды не грош! Тут была лялька. Мая лялька. Яна табе не траплялася?

АТЭЛА. Лялька не сустракаў.

МАША. Мне яе падарылі на дзень нараджэння. Калі я была зусім маленькай. Лялька-галыш. Габі.

АТЭЛА. Габі… Габі не прыходзіў.

МАША. Куды яна падзелася? Я ж вось тут яе пакідала… Як цяпер памятаю. Вось тут! Мне яе забаранілі браць з сабой. Я плакала. Мне яе на дзень нараджэння падарылі. Тата падарыў! У мяне заўтра дзень нараджэння! Я за ёй толькі сюды і прыехала, а яе няма… Яе няма! Яе няма! Яе няма! Разумееш, Рамэа?

АТЭЛА. Атэла. Рамэа ёсць Атэла.

МАША. Куды ты яе схаваў?

АТЭЛА. Габі сышоў на вуліц… Габі сышоў на вуліц!

МАША. Дуррань!

АТЭЛА. Атэла-дурань дагнаць Габі, сказаць… ты плакала, Габі, дадому ісці!

АТЭЛА ўцякае.

МАША. Ідыёт чарнамазы! (Плача.)

З’яўляецца ГАБІ.

ГАБІ (танцуе і спявае).

Метель ей пела песенку:

— Спи, Машенька, бай-бай!

Мороз снежком укутывал:

— Смотри, не замерзай!

Мороз снежком укутывал:

— Смотри, не замерзай!

Зацямненне

 

Дзень другі

 

Тая ж кватэра. Акуратна прыбраная кушэтка. На тумбачцы дагарае свечка. На раскладанцы спіць МАША. На падлозе валяецца яе мабільнік, уключаны на хвалю радыёнавін.

РАДЫЁ. Пачатак гадзіны прадстаўляе крама жаночай бялізны «Раднуля». Навіны! Як паведамляюць сусветныя сродкі масавай інфармацыі, курс самай папулярнай крыптавалюты за апошнія дні абваліўся амаль на трыццаць адсоткаў. Гэта падзенне яшчэ раз пацвердзіла сцвярджэнне экспертаў, што крыптавалюта — нішто іншае, як віртуальная фінансавая піраміда… У гарадскім пасёлку Жгунь Зарэчанскай вобласці маці прымусіла свайго малалетняга сына з’есці знойдзены ў яго насвай, у выніку чаго дзіця памерла. Узбуджана крымінальная справа. І да сусветных навін. У астраўной дзяржаве каралеўстве Ур-Лагаш, дзе некалькі дзён назад адбылася спроба дзяржаўнага перавароту, узяты пад варту кароль Ур-Лагаша Рычард аль-Мабаба ІІІ, і ўся яго сям’я за выключэннем старэйшага сына, які навучаецца ў адной з краін Цэнтральнай Еўропы. Як заявіў у тэлезвароце да нацыі кіраўнік перавароту і кіраўнік абароннага ведамства брыгадны генерал Чомбэ, гаворка ў каралеўстве Ур-Лагаш ідзе пра ліквідацыю злачынных элементаў вакол караля Рычарда аль-Мабабы ІІІ — тыя здзяйсняюць злачынствы, якія выклікаюць сацыяльныя і эканамічныя праблемы ў краіне. Каралеўскай сям’і, па словах генерала Чомбэ, нічога не пагражае, яна знаходзіцца ў бяспечных умовах. Як мяркуюць аналітыкі, кароль Рычард аль-Мабаба ІІІ адрачэцца ад прастолу на карысць свайго старэйшага сына, які знаходзіцца цяпер за мяжой у адноснай бяспецы. Варта адзначыць таксама, што каралеўства Ур-Лагаш мае ў сваім распараджэнні шахты, дзе здабываецца золата, плаціна, хром, нікель і алмазы. А цяпер — афрыканскія рытмы!

Музыка. З’яўляецца Габі.

Габі (танцуе і спявае).

Метель ей пела песенку:

— Спи, Машенька, бай-бай!

Мороз снежком укутывал:

— Смотри, не замерзай!

Мороз снежком укутывал

— Смотри, не замерзай!

З’яўляецца АТЭЛА. У руках лялька Габі і нейкія неймаверныя кветкі. Кветкі-мутанты. Габі знікае.

АТЭЛА. (спявае ўрачыста).

Хэпі бёздай тую ю!

Хэпі бёздай тую ю!

Хэпі бёздай, наша Маша!

Хэпі бёздай тую ю!

МАША (прачынаецца). Чаго гэта ты?

АТЭЛА. Хэпі бёздай тую ю... Атэла віншаваць Маша. Шчаслівы дзень! Маша нарадзіўся.

МАША. А-а-а ... (Паказвае на кветкі.) А гэта што?

АТЭЛА. Флаўэрс... Квета.... Для Маша.

МАША. Дзякуй. (Разглядвае.) Што гэта за кветкі?

АТЭЛА. Атэла не ведаць.

МАША. Дзе ты іх узяў?

АТЭЛА. Бераг. Рэчка. Шмат-шмат флаўэрс...

МАША. Мутанты.

АТЭЛА. Мутанта, мутанта...

МАША. Жудасць!

АТЭЛА. Жудя, жудя! (Падае ляльку.) Габі... Шмат плакаць па Маша, хадзіць сюды, гаварыць больш не быць...

МАША. Гэта ты мне прынёс?

АТЭЛА. Габі для Маша.

МАША. Гэта не Габі! Гэта нейкая пластмасавая копія вашай прастытуткі! Ты зразумеў?!

АТЭЛА. Зразумеў. Габі — прастытутка.

МАША. Сам ты!

АТЭЛА. Сам я...

МАША. Папугай.

АТЭЛА. Папугай.

МАША. Прабач.

АТЭЛА. Прабач.

МАША (бярэ ляльку). Дзякуй. Крануў. Але ў мяне была не такая лялька. Старая. Вось у гэтым месцы на лакотку трэшчынка была... плечыкі абпаленыя. Яна была зроблена з пластыка. Пластык добра гарэў. Нейкі дурань вырашыў падпаліць. Тата паспеў затушыць. (Паказвае на ляльку.) А дзе ты яе ўзяў? Няўжо ў горад зматаўся?

АТЭЛА. У гарады, у гарады...

МАША. Ты ездзіў у горад?

АТЭЛА. Плаваць у горад.

МАША. Чаго-о?

АТЭЛА. Плаваць. Грош — рот. Побач з флаўэрс распранацца і плаваць. На дарога жандар.

МАША. Ну, тупіла! Ну, абармот! Рэчку пераплыў?

АТЭЛА. Ага, ейс!

МАША. У ледзяной вадзе?!

АТЭЛА. Габі плакаць.

МАША. Дурань, ты ж мог патануць!

АТЭЛА. Габі плакаць.

МАША. Ну, пальма... Поўная пальма! Стоп! А адкуль у цябе грошы?

АТЭЛА. Стыпендыю.

МАША. Так што, тваёй стыпендыі на квіток у гэтую вашу... як яе...

АТЭЛА. Пехетэрыя...

МАША. ...Пехетэрыю не хапіла, ці што?

АТЭЛА. Мала стыпендыя. Квіток многа.

МАША. Дарагі.

АТЭЛА. Дарагі, дарагі...

МАША. І ты, значыць, усю сваю стыпендыю на мяне выдаткаваў? Рыцар! Проста Дон Кіхот!

АТЭЛА. Сервантэс...

МАША. Угу. Ну і што цяпер рабіць будзеш, ідальга прыпылены?

АТЭЛА. Споведзь рабіць. Дульсінея слухаць — дон Кіхот Атэла пакаянне прынесці.

МАША. Ну, валяй.

АТЭЛА. Маша, прабачэнне дай...

МАША. Ты спачатку ў грахах сваіх паспавядайся, а ўжо потым... на адпушчэнне прэтэндуй! Грэшны, сын мой?

АТЭЛА. Мала стыпендый — многа грэх.

МАША. Гэта зразумела. Далей.

АТЭЛА. Што ёсць Габі?

МАША. Дык гэта хто каецца, ты ці я?

АТЭЛА. Ты з я.

МАША. Я з ты. Габі ёсць лялька. Лялька-галыш, якую мне падарыў мой бацька. Яна была са мной усё жыццё. Усё жыццё была каля мяне. Гэта была мая самая любімая цацка. Я ніколі з ёй не расставалася! Я... у юнацтве... Ну, дурная ж была яшчэ зусім! Жыла не так, як тату хацелася б, як ён гэта бачыў... Ды што там казаць... Ён мяне адзін выхоўваў. У мяне прарэзаўся першы зубік, калі мама пайшла. Ён адзін мяне і на руках насіў, і казкі распавядаў, і калыханкі спяваў... (Спявае.) «Метель ей пела песенку: Спи, Машенька, бай-бай...» Не павінны мужыкі нас закалыхваць! Не іх гэта справа... «Мороз снежком укутывал...» І жанчыны вас не павінны кідаць! Ні пад якім выглядам! Нават калі смерць заяўляе свае правы! Вы ж дурні! Вы ж няшчасныя! Вы ж бездапаможныя! Нейкае дзевяцігадовае дзяўчо снег прыкрываў, каб цёпла было. І вось аднойчы, калі мы яшчэ жылі тут, ён паклікаў мяне да сябе і папрасіў: дачушка, калі я загіну, прыходзь на маю магілу разам з Габі. Толькі разам з Габі... Я пасмяялася. А ён загінуў! Нас адсюль выселілі, Габі забраць не дазволілі, а ён загінуў!!! Ратаваў тут іншых, а сябе не ўратаваў! І я толькі цяпер зразумела, што яму не Габі патрэбна была, не лялька, а я... Я! Я! Я! (Уздыхнула.) Але толькі разам з Габі... І ведаеш, Атэла... Слухай, а як цябе твая мама клікала?

АТЭЛА. Аці.

МАША. І ведаеш, Аці, я і цяпер не вартая быць на яго магіле... адна. Таму і прыехала па Габі... А яе няма. Каму яна спатрэбілася? Ён пахаваны тут, за горадам. Раз у год дазволена туды наведвацца. Ні разу не была. Ні разу...

АТЭЛА. Маша, бывай...

МАША. Ну і куды цябе зноў панясе?

АТЭЛА. Няма! Няма! Я не ёсць ехаць, не ёсць хадзіць! Я прасіць, ты — дараваць.

МАША. Каго?

АТЭЛА. Атэла.

МАША. За што? За ляльку?

АТЭЛА. За лялька.

МАША. Ды не парся ты! Нармальная цацка. Але на прастытутку падобная, не крыўдуй.

АТЭЛА. Атэла дараваць за Габі.

МАША. Та-ак... Гэта ты яе ўсё-ткі яе сцягнуў?

АТЭЛА. Я сцягнуць.

МАША. На які яна табе здалася!

АТЭЛА. Іспыта здалася, на Пехетэрыя лятаць — грош няма. Тут мігранта быць нельга... Плыць сюды, жыць сюды... Тут зона, жандара няма, мігранта зона жыць можна.

МАША. Дзе Габі?!

АТЭЛА. Жыць можна, халадры... Як гэта?

МАША. Халадрыга.

АТЭЛА. Халадрыга вялікі. Хала-Хала, дрыга-дрыга! Вялікі дрыгахала!

МАША. Далей.

АТЭЛА. Цёплы есці трэба, гарбаты піць трэба, рука грэць трэба, вогнішча мець трэба...

МАША. Та-ак...

АТЭЛА. Дровы мокра-сыра... вогнішча не хочуць... Габі чых-пых! Пых-чых! Прыгожа!

МАША. Спаліў, значыць?

АТЭЛА. Сцягнуў...

МАША. Спаліў маю любімую ляльку як ведзьму ў сярэднія вякі? На вогнішчы!

АТЭЛА. Не ведзьма! Не ўсе паліць. Ножка трошкі чых-пых, пых-чых, ручка трошкі чых-пых, пых-чых ...

МАША. Галоўка трошкі чых-пых ...

АТЭЛА. Галоўка...

МАША. Жудасць!

АТЭЛА. Маша можа забіваць Атэла.

МАША. Яшчэ чаго! З-за лялькі?

АТЭЛА. За Габі... Чых-пых...

МАША. Ага. Я табе чых-пых за Габі, а мне сякір-башка за цябе.

АТЭЛА. Я мігранта!

МАША. І што з таго? Калі мігранта, значыць, можна ўсё? Не ўсякаму мігранта чых-пых можна рабіць. Так таму і быць. Можа быць, гэта нават і да лепшага. Што б Габі рабіла на татавай магіле? Абавязкова знайшоўся б які-небудзь вырадак і зрабіў ёй чых-пых. Проста так. Ад няма чаго рабіць. Ты хоць чаёк сабе на ёй закіпяціў.

АТЭЛА (хапае новую ляльку). Хай гэта ёсць Габі!

МАША. Здрасце! Каб нейкая чувірла фарбаваная насіла імя маёй любімай лялькі? Усё! Праехалі і забыліся. Яна — там. Разам з ім.

АТЭЛА. Там. Разам.

МАША. А ў мяне Дзень нараджэння! Як адзначаць будзем, мігранта няшчасны?

АТЭЛА (хапае свой букет і спявае).

Хэпі бёздай тую ю!

Хэпі бёздай тую ю!

Хэпі бёздай, наша Маша...

МАША. Прыбяры іх! Прыбяры! Мне на іх глядзець страшна.

АТЭЛА (выкідвае кветкі-мутанты ў фортку).

МАША. У цябе што-небудзь пажраць ёсць?

АТЭЛА. Ёсць. Кансерва. Сухар.

МАША. Ну, ты гурма-а-ан... (Шарыць ў сябе ў заплечніку.) Мог бы замест гэтай пластмаскі бутылек шапанчыка прынесці.

АТЭЛА. Шампанчык няма.

МАША (дастае з заплечніка маленькую бутэлечку шампанскага). А гэта што?

АТЭЛА. О... О... Як гэта? О! Апупець!

МАША. Пупей. І заадно келіхі вазьмі. Яны ў серванце, калі толькі ты ім «чых-пых» не зрабіў.

АТЭЛА. Келіх не чых-пых! Келіх не чых-пых!

АТЭЛА (прыносіць келіхі, адкрывае бутэлечку. З’яўляецца Габі.)

ГАБІ (танцуе і спявае).

Метель ей пела песенку:

— Спи, Машенька, бай-бай!

Мороз снежком укутывал:

— Смотри, не замерзай!

Мороз снежком укутывал

— Смотри, не замерзай!

Зацямненне

Дзея другая

Дзень трэці

Тая ж кватэра. На кушэтцы сядзіць АТЭЛА.

У яго ў руках маленькі радыёпрымач. Слухае радыё.

РАДЫЁ. Пачатак гадзіны прадстаўляе крама жаночай бялізны «Роднуля». Навіны! Крыптавалюта зноў стала набіраць сілу. Сусветныя фінансавыя агенцтвы паведамляюць пра незвычайны рост біткойна ў апошнія гадзіны ў дачыненні да традыцыйных сусветных валют. Кошты на сала на нашых прылаўках растуць такімі неверагоднымі тэмпамі, што эксперты ўжо параўноўваюць яго з галоўнай сусветнай крыптавалютай-біткойнам, які таксама хутка даражэе не па днях, а па гадзінах. І да сусветных навінаў. Адхілены ад улады манарх астраўной дзяржавы Ур-Лагаш, дзе некалькі дзён назад адбыўся ваенны пераварот, кароль Рычард аль-Мабаба III разам з сям’ёй і бліжэйшым асяроддзем дэпартаваны на востраў Акшак і знаходзіцца там пад узмоцненай аховай. Як стала вядома з кампетэнтных крыніц, Рычард аль-Мабаба катэгарычна абвяргае магчымасць свайго адрачэння ад пасаду. Ваенныя шукаюць яго старэйшага сына. А цяпер — гадзіна добрага настрою!

Музыка. АТЭЛА сядзіць нерухома і тупа глядзіць перад сабой. З’яўляецца МАША.

МАША. Жудасць! Яшчэ і надвор’е такое. Вуліцы замятае. Проста павесіцца хочацца. Там, дзе шмат людзей і няма дамоў — страшна, а дзе шмат дамоў і няма людзей — яшчэ страшней. Уяўляеш, нават на могілках весялей… Такое адчуванне, што там нехта ёсць… Нават тата не пакрыўдзіўся, што я без Габі прыйшла… мне так здалося… Толькі пліта ў яго запыленая, і ігліцай засыпаная… Вось ужо ніколі не думала, што і я схільная да «любви к родному пепелищу, любви к отеческим гробам». А на самой справе, на могілках весялей… А ў горадзе… Цяпер іду па бульвары Камунізму, а насустрач мне ліса… Самая сапраўдная, рыжая… Хвост трубой… Здзіўлена паглядзела… і міма прайшла. Маўляў, а ты чаго тут бадзяешся? Так-так… Бедны Драўлянск… Ці ведаў ты ў старажытнасці, што па тваіх вуліцах калі-небудзь лісы разгульваць будуць …Чаго маўчыш, мігранта?

АТЭЛА. А пра што гаварыць?

МАША. Не зразумела.

АТЭЛА. Што табе незразумела?

МАША. З табой усё ў парадку?

АТЭЛА. Са мной усё ў парадку.

МАША. Стоп! Нешта не тое. Ты як размаўляеш?

АТЭЛА. Як?

МАША. Нармальна.

АТЭЛА. Значыць, усё ў парадку, калі нармальна.

МАША. Нічога не разумею! Ты што разводзіш мяне? Ці раней разводзіў?

АТЭЛА. Перавядзі.

МАША. Што перавесці?

АТЭЛА. Што такое разводзіш!

МАША. Ну, кшталту, падманваеш!

АТЭЛА. Я цябе, кшталту, не падманваю.

МАША. Пачакай, пачакай… А як жа: я ёсць Атэла! Канікул! Стыпендыі! Ты пад дурненькага канаў?

АТЭЛА. Канаў.

МАША. Навошта?!

АТЭЛА. З дурняў гладкі роўныя...

МАША. Гладкія...

АТЭЛА. Так, так… гладкія.

МАША. Дык ты не студэнт?

АТЭЛА. Студэнт.

МАША. Значыць, не Атэла?

АТЭЛА. Атэла.

МАША. Нічога не разумею! І ў сваю Пехетэрыю не едзеш таму, што грош на білет няма?

АТЭЛА. Грошы ёсць, Пехетэрыі няма.

МАША. У сэнсе?

АТЭЛА. Я прыдумаў яе.

МАША. А ты адкуль?

АТЭЛА. З Ур-Лагаша. Дзяржава на астравах.

МАША. Першы раз чую.

АТЭЛА. А ў вас вучуся.

МАША. Дзе?

АТЭЛА. У Акадэміі кіравання.

МАША. Дарма! Мог бы і ў Акадэмію тэатра паступіць. Такі вялікі талент! Хала-Хала! Дрыга-дрыга!

АТЭЛА. Ня здзекуйся.

МАША. ДЫк растлумач, калі ласка, якога чорта ты ў зоне абіваўся?

АТЭЛА. Хаваюся.

МАША. Ад каго?!

АТЭЛА. Ад усіх.

МАША. Та-ак… І што ж ты такое адчабучыў, што толькі ў зоне можаш знайсці сабе прытулак? Забіў каго?

АТЭЛА. Ды ты што?!

МАША. Згвалціў?

АТЭЛА. З глузду з’ехала!

МАША. Гавары! Я не пракурор і не жандар. І ўжо некалькі дзён жыву з табой пад адным дахам. Спавядайся, мігранта!

АТЭЛА. Я тут вучуся.

МАША. Гэта я ўжо чула.

АТЭЛА. Вучуся ў Акадэміі кіравання. Вось мой студэнцкі білет.

МАША. Ты яго паказваў.

АТЭЛА. Здаў чарговую сесію.

МАША. Іспыту здалі…

АТЭЛА. Я ж цябе прасіў не ёрнічаць!

МАША. Прабач.

АТЭЛА. Па вашых законах на канікулярны перыяд усе замежныя студэнты павінны адбываць да сябе на Радзіму. Альбо жыць у інтэрнаце і кожны вечар адзначацца ў жандармерыі! А інтэрнат на рамонце! Ды калі б ён і не быў на рамонце, усё роўна трэба было б, як у вас кажуць, зліняць.

МАША. Ты не першакурснік?

АТЭЛА. Выпускнік. Толькі выпускацца цяпер мне ўжо няма куды, разумееш?

МАША. Няма куды.

АТЭЛА. У нашых ваякаў дах з’ехала...

МАША. Рэвалюцыя?

АТЭЛА. Пераварот! З мэтай ліквідацыі высокапастаўленых злачынных элементаў. Кім у цябе бацька быў?

МАША. Пажарнікам.

АТЭЛА. Хіба ты вінаватая ў тым, што ў цябе бацька пажарнік?! Не жандар, не міністр, не фермер, не казначэй, а пажарнік! Хіба ты вінаватая?

МАША. Не.

АТЭЛА. А ў чым я вінаваты? Нават калі ён і высокапастаўлены злачынны элемент! Ён мой бацька! А я яго сын! Я студэнт!

МАША. Ды плюнь ты! Плюнь і прасі палітычнага прытулку.

АТЭЛА. Дэпартуюць. Як сына злачыннага элемента. Ды і так дэпартуюць. Я ўжо некалькі дзён незаконна знаходжуся на тэрыторыі вашай краіны. Чаму? Чаму ты смяешся?

МАША. Гэта я не з цябе. З сябе. Калі б ты ведаў, што я пра цябе ўсе гэтыя дні думала! Я ёсць Атэла! Ты ёсць Маша! Чых-пых!

АТЭЛА. Перастань!

МАША (рагоча). Думала, што ты толькі-толькі з пальмы злез! Маладзец! Крута!

АТЭЛА. Я думаў, што цябе падаслалі…

МАША. Хто?

АТЭЛА. Яны.

МАША. З Пехетэрыі?

АТЭЛА. Спыніся!

МАША. Ну, нібыта, з… як яе…

АТЭЛА. Ур-Лагаш…

МАША (урачыста). Рэспубліка Ур-Лагаш!

АТЭЛА. Якая да д’ябла Рэспубліка! Каралеўства!

МАША. Ну, каралеўства. Дык што: твой татка карупцыянер ў вашым каралеўстве?

АТЭЛА. Татка — мой татка.

МАША. Вядома. Карупцыянер. Інакш як бы ён цябе сюды вучыцца зладзіў? Відаць, нятанна.

АТЭЛА. Зусім нятанна.

МАША. Што ты так глядзіш?

АТЭЛА. У вашай свяшчэннай кнізе выразна сказана: шануй бацьку свайго…

МАША. Напэўна.

АТЭЛА. Няўжо не чытала?

МАША. Не. А ты і гэта чытаў?

АТЭЛА. Чытаў.

МАША. Адпад. А ўсё ж чаго ты ў зону прыпёрся?

АТЭЛА. А ты чаго… прыперлася?

МАША. Гэта мая малая Радзіма! Я на магілу бацькі прыехала!

АТЭЛА. Не крычы. Ты хоць на магілу бацькі можаш прыехаць, а я… А мне цяпер месца нідзе няма. Нідзе! Хутчэй за ўсё, мяне ўжо шукаюць.

МАША. Ну, а ты-та пры чым тут?

АТЭЛА. Ты ў мяне пытаешся?

МАША. Прабач. Нават калі твой татка хабар лапатай гроб, нават калі вучыў цябе за гэты хабар.. Я кажу, калі выказаць здагадку… Хай адказвае… Па законе. А ў вашай Пехетэрыі ёсць законы?

АТЭЛА. Ёсць.

МАША. А ты-та: якім бокам да гэтага?

АТЭЛА. Часам за грахі бацькоў разлічваюцца дзеці… Напэўна, прыйшоў мая чарга.

МАША. Ранавата, студэнт… Дык ты ў сваю Акадэмію вяртацца не збіраешся?

АТЭЛА. Не.

МАША. Чаму?

АТЭЛА. Дэпартуюць. Адразу ж. Я перакананы, што ўжо і запыт ляжыць.

МАША. Ну і няхай. Справаў-та тых…

АТЭЛА. Ты ж пра нашы законы пыталася.

МАША. Ну...

АТЭЛА. Уяві лёс сваякоў высокапастаўленых злачынных элементаў! Па-вашаму — ворагаў народа…

МАША. Прадставіла.

АТЭЛА. І як?

МАША. Жудасць. Дык ты, выходзіць, хаваешся тут ад усіх?

АТЭЛА. Хаваюся.

МАША. У зоне?

АТЭЛА. У зоне. Сюды пабаяцца сунуцца. Асабліва нашы бравыя генералы. Ужо я іх ведаю. Баягузы адчайныя.

МАША. І даўно ты тут гібеш?

АТЭЛА. З тыдзень, напэўна…

МАША. Ну, а далей што?

АТЭЛА. Не ведаю.

МАША. Ну, выкажам здагадку, ніхто сюды не сунецца, акрамя шалёнай лісы. Ні жандары, ні гэтыя твае каманданты. Што далей-та? Здохнеш жа!

АТЭЛА. Хутка вясна.

МАША. Зіма яшчэ толкам не пачалася. Дзе ты лялек напасешся, (крыўляецца) «цтобы цая горяцая піця?»

АТЭЛА. Можа падкажаш, што рабіць?

МАША. Падкажу.

АТЭЛА. Увесь увага.

МАША. Як кажуць шпіёны: табе трэба легалізавацца.

АТЭЛА. Чаго-о?

МАША. Набыць грамадзянскі статус.

АТЭЛА. Не зразумеў.

МАША. Стаць паўнапраўным грамадзянінам нашай краіны.

АТЭЛА. І што я для гэтага павінен зрабіць?

МАША. Ажаніцца.

АТЭЛА. Як кажуць у нас на факультэце: з такім жартам у Адэсу не ездзяць.

МАША. А я і не жартую. Па нашых законах чалавек, які аформіў у нас шлюб, аўтаматычна атрымлівае грамадзянства.

АТЭЛА. Ты ў сваім розуме? Якая дурніца выйдзе за мяне замуж?!

МАША. Я. Я выйду!

АТЭЛА. Ты сур’ёзна?

МАША. Абсалютна. Яшчэ ні разу замужам не была. Трэба паспрабаваць.

АТЭЛА. Ненармальная. Ты ўяўляеш, у якую гісторыю ты можаш уляпацца з‑за мяне? Разам са мной!

МАША. А я ўвесь час у гісторыях. У мяне планіда такая. А замужам не была. Слова гонару! Калі новы пашпарт атрымлівала, жандар пагартаў яго і пытаецца: а куды ты свае штампікі заныкала?

АТЭЛА. Якія штампікі?

МАША. Рэгістрацыйныя. Аб шлюбе. Заключаны шлюб. Скасаваны шлюб. Заключаны. Скасаваны. Я кажу, не было ў мяне штампікаў. Ты што замужам ні разу не была?! Не была, кажу… Чаму? Не бяруць. Ну, дурні-і-і!

АТЭЛА. Хто дурні?

МАША. Нашы мужчыны. Напэўна, жандар іх меў на ўвазе.

АТЭЛА. Яны не дурні, яны ідыёты.

МАША. Якая розніца?

АТЭЛА. Дурня яшчэ можна вылечыць, чамусьці навучыць, а ідыёт — гэта ўжо дыягназ, клініка, калі спадзявацца няма на што.

МАША. Вось бачыш...

АТЭЛА. Што бачыш?

МАША. Можна чамусьці навучыць. Навучыцца. Давай паспрабуем!

АТЭЛА. Пальма, як ты казала, поўная пальма!

МАША. Глядзі ты! Запомніў…

АТЭЛА. Прапануеш заключыць фіктыўны шлюб?

МАША. Не фіктыўны, а эфектыўны. Глядзі: у цябе — статус, я — замужам пабываю. Першы раз замужам! Першы раз замужам! І за кім! За Атэлай! За маўрам! Толькі ўжо ты глядзі, не задушвай мяне, калі раўнаваць захочаш…

АТЭЛА. Навошта задушваць? Заб’ю адразу — і ўсё.

МАША. Таксама нішцяк! А галоўная фішка — у цябе статус з’явіцца! Грамадзянін! Толькі сунецца хто-небудзь з нашай жандармерыі ці з тваёй Пехетэрыі …

АТЭЛА. Ур-Лагаша...

МАША. ...А ты яму штамп у морду! Умыйся, вораг, замры і ляж! Цябе ўсе абараняць тут будуць!

АТЭЛА. І ты?

МАША. А то! Ды я любога на кавалкі парву, хто на майго мужыка наехаць паспрабуе. Верыш?

АТЭЛА. Веру.

МАША. Тады наперад!

АТЭЛА. Ты думаеш, знойдзецца прыдурак, які зарэгіструе падобны саюз?

МАША. У цябе пашпарт з сабой?

АТЭЛА. У мяне ўсё з сабой.

МАША. Я тут маю ў суседняй сельскай адміністрацыі знаёмага сваяка.

АТЭЛА. У цябе нават сваякі знаёмыя ёсць? Зайздрошчу.

МАША. Брат мужа стрыечнай сястры пляменніцы маёй роднай цёткі.

АТЭЛА. Усё зразумеў.

МАША. Блат! Ён нейкая шышка ў сельскай адміністрацыі. І шышка аўтарытэтная. Калі я прывяду да яго маманта з пашпартам, ён мяне з мамантам абвянчае, дакладней — зарэгіструе. Але мамант павінен быць абавязкова з пашпартам! Усё зразумеў?

АТЭЛА. Зразумеў.

МАША. Тады давай…

АТЭЛА. Што даваць?

МАША. Рабі мне пра-па-но-ву. У мяне таты няма, мамы няма, бласлаўляць няма каму, я сама сябе бласлаўляю. Рабі прапанову.

АТЭЛА. Якую?

МАША. Ну, што ты, кшталту, просіш мяне стаць тваёй жонкай.

АТЭЛА. Я «кшталту» нічога не раблю.

МАША. Рабі, як ведаеш.

АТЭЛА (урачыста). Марыя …

МАША. Маша…

АТЭЛА. Затыкніся! Табе прапанову робяць.

МАША. Замётана.

АТЭЛА. Марыя… Я ўсё ўзважыў, усё абмеркаваў, усе ацаніў… Ты вельмі светлы, чысты і безабаронны чалавек…

МАША. Чаго-о‑о?

АТЭЛА. Затыкніся, я табе сказаў!

МАША. Маўчу.

АТЭЛА. І ты вельмі прыгожая… Я гэта адразу зразумеў, я гэта заўважыў адразу, я гэта адразу адчуў. Ты вартая шчасця і вялікага кахання… Вялікага кахання!

МАША. Кажы, кажы…

АТЭЛА. У мяне такое адчуванне, што я ведаю цябе ўсю-ўсю… Што ты жыла ў маім сэрцы, у маёй душы яшчэ да майго нараджэння… Марыя… Я зраблю ўсё, што толькі ў сілах чалавечых, усё, што толькі можа і павінен зрабіць сапраўдны мужчына, каб ты была шчаслівай… Стань маёй жонкай… ты згодная?

МАША. Ён яшчэ пытае…

АТЭЛА. Ты нармальную мова разумееш? Так ці не?

МАША. Так…

АТЭЛА. Так, Марыя?

МАША. Так, Атэла…

З’яўляецца Габі. У яе ў руках мініяцюрныя залатыя кароны.

Габі трымае іх над галовамі Машы і Атэлы.

Габі (спявае).

Метель ей пела песенку:

— Спи, Машенька, бай-бай!

Мороз снежком укутывал:

— Смотри, не замерзай!

Мороз снежком укутывал

— Смотри, не замерзай!

Зацямненне.

Дзея другая

Дзень чацвёрты

Тая ж кватэра. У ёй гаспадарыць лялька Габі. Навальніца за вокнамі. З’яўляюцца АТЭЛА і МАША. Габі знікае.

МАША (стрэсвае парасон.) Жудасць! Усё перамяшалася… Зіма на носе… і на табе! Навальніца з дажджом.

АТЭЛА. Гэта ў гонар нашага вяселля.

МАША. Вяселле… Так, дарэчы, гані вясельны падарунак!

АТЭЛА. Што гнаць?

МАША. Падарунак. Жаніх нявесце абавязкова нешта падарыць павінен.

АТЭЛА. Вядома, вядома… (рыецца ў сваім заплечніку.)

МАША. У вас, можа, і не так, а ў нас…

АТЭЛА. І ў нас так. Вы — усюды.

МАША. Хто гэта «мы»?

АТЭЛА. Вы. (Дастае з заплечніка кальцо.) Гэта падыдзе?

МАША (разглядае). Ну, хоць і не золата…

АТЭЛА. Гэта плаціна.

МАША. Нічога. І шкельцы прыгожыя.

АТЭЛА. Гэта брыльянты.

МАША. Ну, вядома, вядома брюлікі… Лепшыя сябры дзяўчат… І колькі гэтая прыгажосць каштуе?

АТЭЛА. Не ведаю. Мільёнаў пяць, мусіць…

МАША. Колькі?

АТЭЛА. Пяць мільёнаў.

МАША. Нашых?

АТЭЛА. Крыўдзіш.

МАША. Варожых?! Дык яны што, сапраўдныя?

АТЭЛА. Слухай. Цябе ў дзяцінстве білі?

МАША. Не.

АТЭЛА. Адчуваецца. Як я магу сваёй жонцы падарыць нешта несапраўднае?!

МАША. У мяне безыменны палец адваліцца… Пяць мільёнаў! Пяць мільёнаў!

АТЭЛА. Можа і больш.

МАША. Ну твой татка буго-о‑ор… Каб так на хабарах разжыцца! За што ж яму столькі адшпільвалі?

АТЭЛА. Ты іншых спосабаў разжыцца, акрамя хабараў, не ведаеш?

МАША. Не-а…

АТЭЛА. У нашай сям’і шахта ва ўласнасці. У шахце здабываюць алмазы і плаціну.

МАША. Не слаба.

АТЭЛА. І, павер, шахцёры, якія іх здабываюць, ніколі пакрыўджанымі не былі. І ў мігранты не запісваліся.

МАША. Не дабівай мяне. А ў вашай Пехетэрыі Машу як называюць?

АТЭЛА. Марыя. Толькі не ў Пехетэрыі, а ў Ур-Лагаш!

МАША. Вядома, вядома… (заспявала.) Маша з Ур-Лагаша! З Ур-Лагаша Маша!

АТЭЛА. Спыніся!

МАША. Даруй. За сваё жыццё я забылася пра ўсё сапраўднае. Плаціна — гэта сапраўднае! І яна даражэй за золата. Я ўспомніла.

АТЭЛА. Даражэй — гэта дрэннае слова.

МАША. Я згодна. Ёсць нешта вышэй і плаціны, і золата, і Пехетэрыі…

АТЭЛА. Ур-Лагаш!

МАША. І Ур-Лагаша…

АТЭЛА. Вышэй Ур-Лагаша — не!

МАША. Ёсць!

АТЭЛА. Маўчы!

МАША. Я маўчу, але ты ж згодзен са мной. Бо згодны?

АТЭЛА. Згодны.

МАША. Тады скажы: што гэта.

АТЭЛА. Каханне.

МАША. Правільна! Правільна, родны… Цяпер ты запросіш мяне на танец.

АТЭЛА. Куды?

МАША. На вальс. Нявеста абавязкова павінна станцаваць вальс з жаніхом. Традыцыя такая. Зараз знайду што-небудзь адпаведнае.

МАША дастае мабільнік, уключае радыё на гучнагаварыцель, пераскоквае са станцыі на станцыю.

АТЭЛА. Пачакай! Пераключы на папярэднюю.

МАША. Ды ну іх! Усюды бардак.

АТЭЛА. Пераключы!

МАША. Калі ласка! (пераключае.)

РАДЫЁ. … аша. Як паведамляюць сусветныя агенцтвы, народ выспы, які паўстаў супраць ваеннай хунты, аднавіў манархію ў поўным аб’ёме. Рычард аль-Мабаба III разам з сям’ёй вярнуўся ў сталіцу Ур-Лагаша Хабанэра і адразу ж адрокся ад пасады на карысць свайго старэйшага сына Атэлы, які хаваецца дзесьці за мяжой…

МАША. О! У цябе нават цёзкі маюцца… І там Атэла.

АТЭЛА. Дай даслухаць!

РАДЫЁ. Ур-Лагаш па ўсім свеце шукае свайго новага кіраўніка…

МАША. Дык гэта ж…

АТЭЛА. Ты можаш памаўчаць?

РАДЫЁ. Былы манарх Ур-Лагаша звярнуўся да шматлікіх радыёстанцый з просьбай зачытаць у эфір яго зварот да сына. Мы цяпер і зробім гэта, захаваўшы стыль звароту: Сынок! Вярніся! Я стары і хворы чалавек. Мой час прайшоў, твой час надышоў. Калі Гасподзь не падорыць мне магчымасці цябе абняць, ведай, што я заўсёды любіў і шкадаваў цябе. І сышоў з прастолу таму, што мне не дазволілі дараваць тым, хто мне здрадзіў. Генерала Чомбэ пакаралі смерцю, нягледзячы на маю забарону. Цяпер вярхоўны кіраўнік Ур-Лагаша ты. Паслухай мой запавет: Гасподзь заўсёды адлюстроўвае нам тое, што мы пасылаем… Хто любіць — любімы будзе. Той, хто даруе — дараваны будзе. Той, хто ўкраў — абкрадзены будзе. Той, хто забіў — забіты будзе… І так да бясконцасці. І ва ўсе часы. Я загадаў паслаць самалёты ў тыя краіны, дзе ты можаш быць. Сынок! Вярніся! Вярніся і памятай: кароль — вышэй усякага шамана, а Бог — вышэй любога караля!

Музыка. АТЭЛА і МАША сядзяць аглушаныя.

МАША. Ну што, паехалі да брата мужа стрыечнай сястры пляменніцы маёй роднай цёткі.

АТЭЛА. Навошта?

МАША. Развенчвацца. Накшталт разводзіцца.

АТЭЛА. Навошта?

МАША. Ну, а навошта я табе?.. (Здымае кальцо з пальца.) На…

АТЭЛА. Та-ак, цябе дакладна ў дзяцінстве не білі.

МАША. Не білі.

АТЭЛА. І дарма. Калі б білі — ты б ведала, што сапраўдныя каралі не развенчваюцца!

МАША. А навошта я табе! Такая…

АТЭЛА. Я табе «навошта», а ты мне яшчэ больш «навошта». Уехала?

МАША. Дзякуй.

АТЭЛА. Надзень кальцо! Жыва!

МАША. Дзякуй. (Надзявае кальцо.) Та-ак… Толькі не смейся. Масюсей — была, Манькай — клікалі, Герлай — была, а вось прынцэсай — ніколі не была. Я ж цяпер прынцэса, паколькі твая жонка?

АТЭЛА. Не.

МАША. Чаму?

АТЭЛА. Я — кароль! Ты — мая жонка! Значыць, хто?

МАША. Ка-ра-ле-ва. Ушчыкні мяне.

АТЭЛА. Збірайся! У аэрапорце самалёт чакае.

МАША. Дык мне… А ў мяне візы няма!

АТЭЛА. Я думаю, што ўжо ёсць.

МАША. А ты мяне не кінеш?

АТЭЛА. Збірайся!

РАДЫЁ. Сынок! Вярніся! Сынок! Вярніся!

АТЭЛА. Хутчэй, ваша вялікасць!

МАША. Не здзеквайся!

АТЭЛА. Хто з цябе здзекуецца, дурнічка! Варушыся! На апошнюю электрычку спознімся.

МАША. Ну, якая я табе «ваша вялікасць»?

АТЭЛА. Цябе ўсе з гэтага часу будуць так зваць!

МАША. І ты?

АТЭЛА. І я.

МАША. Тады варушуся. Дзе гэта мае бігудзі? Я ж іх вось тут паклала! Ты не браў?

АТЭЛА. Яны выйшлі пагуляць, ваша вялікасць. Збірайцеся, збірайцеся.

МАША. Дзе ж я іх паклала? А, вось яны!

АТЭЛА выходзіць. МАША збірае рэчы.

З’яўляецца АТЭЛА. Ён вядзе за руку Габі.

АТЭЛА. Ты пра якуюсь ляльку ў мяне пыталася. Гэта не яна?

МАША. Габі! Дзяўчынка мая! Родная! (Адымае ляльку.) Я прыехала… Твая мамка прыехала па цябе. Дзе ты яе знайшоў?

АТЭЛА. За газавай плітой.

МАША. Правільна! Я ж сама там яе схавала, калі нас высялялі. І забыла! (Ляльцы.) Твая матуля забылася, дзе цябе схавала, а дзядзька Атэла знайшоў. Маленькая мая, прыгажуня мая… Чакай, чакай… Ты ж сказаў, што ёй «чых-пых» зрабіў.

АТЭЛА. Гэта яна ці не яна?

МАША. Ты здзекуешся! Каб я і не пазнала сваю Габі! Вось трэшчынка на лакаточку, вось плечык абпалены.

АТЭЛА. Дык у чым справа?

МАША. Але ты ж «чых-пых» ладзіў ляльцы?

АТЭЛА. Ладзіў. Але я з ёй не знаёміўся. Збірайся, Марыя…

МАША. Збірайцеся.

АТЭЛА. Ну, збірайцеся…

МАША. Зараз я маю дзяўчынку апрану, прычашу… Па дарозе на магілку да дзядулі зазірнем. Ваша вялікасць, мы ж міма могілак праходзіць будзем?

АТЭЛА. Вядома. Плыт за горкаю.

МАША. І ты скажаш дзядулі, што даравала сваю мамку за ўсё за ўсё… І што мамка больш ніколі не будзе засмучаць дзядулю і цябе, маё сонейка… І што твая мамка замуж выйшла… За добрага чалавека замуж выйшла, хоць гэты добры чалавек і кароль. І брыльянтаў цэлую шахту мае… Але гэта не галоўнае.

АТЭЛА. Ідзем, Марыя …

МАША. Ідзем, Габі …

Выходзяць.

Эпілог

Пусты салон борта № 1 каралеўства Ур-Лагаш. АТЭЛА і МАША сядзяць, прышпіленыя рамянямі бяспекі. ГАБІ бегае па салоне. Грукочуць турбіны.

МАША. А колькі цяпер да зямлі?

АТЭЛА. Не ведаю. Кіламетраў дванаццаць, пэўна…

МАША. І недзе там Драўлянск.

АТЭЛА. І недзе там Драўлянск.

МАША. А да космасу колькі?

АТЭЛА. А колькі хочаш. Нават любую ступень паставіць можна.

МАША. Аці, а ў нас будуць дзеці?

АТЭЛА. Вядома, будуць…

МАША. І многа?

АТЭЛА. Многа. Кіраўнікі павінны паказваць дэмаграфічны прыклад.

МАША. Толькі не смейся. Ты — цёмны, я — светлая… Раптам яны ў нас у палосачку атрымлівацца будуць.

АТЭЛА. Як цяльняшкі?

МАША. Як цяльняшкі.

АТЭЛА. Марыя, ну які ж ты наіўны чалавек!

МАША. Ты мяне кахаеш?

АТЭЛА. Я цябе вельмі кахаю, Марыя… Я цябе вельмі кахаю, Маша…

МАША. Узаемна, ваша вялікасць.

АТЭЛА. Не плач. Усё будзе добра.

МАША. Усё будзе добра…

Заплюшчваюць вочы.

Габі (спявае).

Метель ей пела песенку:

— Спи, Машенька, бай-бай!

Мороз снежком укутывал:

— Смотри, не замерзай!

Мороз снежком укутывал

— Смотри, не замерзай!

Грукочуць турбіны.

Зацямненне.

Пераклад Валянціны Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».