Вы тут

Анлайн штодня. Як развіваюцца маладыя іnsta-блогеры


На сённяшні дзень Іnstagram з'яўляецца самай папулярнай сацыяльнай сеткай. У ёй зарэгістравана больш за адзін мільярд чалавек, і кожны спрабуе «раскруціць» сваю старонку і займець максімальную колькасць падпісчыкаў. Некаторыя з іх настолькі захапляюцца інтэрактыўным жыццём, што становяцца ўжо не проста карыстальнікамі, а сапраўднымі insta-блогерамі. Мы пагаварылі з адным з такіх прадстаўнікоў, Ірынай Рагавой, і высветлілі, якія тэмы цяпер актуальныя ў стасунках з падпісчыкамі, як рэагаваць на хейтараў і ці можна лічыць іnsta-блогерства прафесіяй.


Наогул, каб разумець, пра што будзе ісці гутарка з нашай гераіняй, трэба разабрацца, чым жа адрозніваецца іnsta-блогер ад звычайнага карыстальніка гэтай сацыяльнай сеткі.

— Многія не ўспрымаюць блогерства як прафесію, а лічаць, што гэта проста хобі ці несур'ёзнае захапленне. Аднак яны вельмі памыляюцца. Каб мець поспех у гэтай справе і стаць сапраўдным прафесіяналам, трэба прыкласці шмат намаганняў, часу і да таго ж часта патрэбны немалыя фінансы. Адрозненне іnsta-блогера ад блогераў іншых інтэрнэт-парталаў ці сацыяльных сетак у тым, што яны абавязаны ўзаемадзейнічаць са сваімі падпісчыкамі штодня, праводзіць прамыя эфіры, пакідаць гісторыі і выкладваць новыя пасты. Але галоўнае, на мой погляд, адрозненне іnsta-блогера ад простага карыстальніка ў тым, што першы шукае не той кантэнт, які будзе цікавы толькі яму, а тое. што актуальна сярод падпісчыкаў.

Таксама іnsta-блогеры, акрамя колькасці падпісчыкаў, вылучаюцца яшчэ і сваёй накіраванасцю. Самыя папулярныя тэмы, якія падымаюць блогеры на сваіх старонках, — фітнес, багатае жыццё, падарожжы, кулінарыя і, вядома ж, акаўнты знакамітых людзей. Наша суразмоўніца адышла ад стандартных кірункаў і, нягледзячы на малады ўзрост, вырашыла весці блог пра адносіны.

— Свой акаўнт у Іnstagram я стварыла ў 2014 годзе, але тады гэта была самая звычайная старонка, на якой выкладваліся мае фотаздымкі. Але аднойчы, як і большасць равеснікаў на той момант, мяне пачала цікавіць тэма адносін паміж хлопцамі і дзяўчатамі, да якой дадаліся яшчэ асабістыя перажыванні, і на эмоцыях я напісала свой першы пост на старонцы. Ён быў пра тое, што многія дзяўчаты пры сустрэчы з прыгожым хлопцам, ну, ці проста хлопцам, які ім сімпатычны, пачынаюць накручваць сябе комплексамі і адразу ж здаюцца. Я шмат думала і ў выніку дала ў посце некалькі парад, што трэба і не трэба рабіць, каб не застацца без шанцаў на знаёмства.

З часу першага поста Ірыны прайшло ўжо нямала часу, яна распрацавала структуру свайго блога, ведае, як і што здымаць, і, дзякуючы ўпартасці і намаганням, заваявала ўвагу новых падпісчыкаў. Блогерка адзначае, што не заяўляе пра сябе, як пра эксперта ў адносінах, яна проста выказвае сваю думку аб спрэчных пытаннях з гэтай сферы, напрыклад, чаму жанчыны часта выстаўляюць сябе ў ролі ахвяры, ці чаму ўсе так баяцца разводу ў сям'і. Акрамя гэтага, Ірына заўсёды чытае рэакцыю сваіх падпісчыкаў на яе посты і любіць, калі яны выклікаюць дыскусію паміж карыстальнікамі. З нядаўняга часу, акрамя звычайных постаў, наша суразмоўніца ўвяла новую рубрыку на старонцы — «Хуткае інтэрв'ю», у якой яна задае розныя пытанні, якія датычацца адносін, групам хлопцаў і дзяўчат, часам выносячы для сябе з іх адказаў вельмі карысную і нечаканую інфармацыю.

Ні адзін блогер, нават пачатковец, не абыходзіцца без хэйтараў, людзей якія крытыкуюць тое, што ён робіць. Некаторыя не звяртаюць на іх увагі, іншыя прымаюць такія заўвагі блізка да сэрца, а ёсць і тыя, хто выдаляе гэтыя каментарыі і блакуе такіх карыстальнікаў.

— З крытыкай я сутыкнулася ў самым пачатку свайго шляху. Калі запосціла першы запіс на старонцы, шмат хто пачаў пісаць, што я спрабую быць як усе, а не выказваю свае думкі і што да блогерства мой пост не мае ніякага дачынення. Вядома, улічваючы недасведчанасць і нейкі страх, спачатку вельмі нервавалася. Былі моманты, калі хацела адмовіцца ад жадання стаць іnsta-блогерам, але кожны раз разумела, што ёсць людзі, каму падабаецца тое, што я раблю, а галоўнае, што гэта падабаецца мне. Цяпер такіх добразычлівых карыстальнікаў нашмат больш, чым было напачатку, я адчуваю іх водгукі. Мне здаецца, для блогера гэта самае важнае — ведаць, што ты цікавы, што можаш даваць людзям «пажытак» для разважанняў і дыскусіі, а часам адказваць на тыя пытанні, якія яны баяліся задаць нават самі сабе. А пісаць у пустэчу — гэта жудасна. Што датычыцца хейтараў, то ў нейкі момант зразумела, што яны зусім не ворагі, а нават наадварот, дзякуючы ім, я магу перагледзець той ці іншы свой крок, знайсці недахопы і наступны пост зрабіць яшчэ цікавейшым.

У самым пачатку мы згадвалі, што большасць успрымае блогерства ў любых сацыяльных сетках як дзіцячую забаву, а не сур'ёзны занятак. Падчас дыялогу наша суразмоўніца шчыра прызналася, што пакуль быць іnsta-блогерам для яе — хобі, якое яна старанна імкнецца зрабіць сваёй прафесіяй.

— Любы занятак павінен прыносіць заробак, а я пакуль працую па бартары. Наогул, каб стаць прафесійным блогерам, трэба не толькі ўкласці шмат часу, намаганняў і фінансаў, але і валодаць пэўнымі чалавечымі якасцямі. Па-першае, крэатыўнасцю, як ні круці. Блогерства — гэта ў першую чаргу творчасць і самавыяўленне. Па-другое, быць дасведчаным у той тэматыцы, у якой ты вядзеш сваю старонку. Я ўвесь час чытаю нейкія форумы, вывучаю псіхалогію, ну і, вядома ж, назіраю за людзьмі, якія вакол мяне, і іх узаемаадносінамі. Ну, а па-трэцяе, захопленасць. Блогерамі спрабуюць стаць вельмі многія, але толькі ў нямногіх гэта атрымліваецца.

На напісанне аднаго поста можа сысці вельмі шмат часу, прызнаецца суразмоўніца. Пакуль выбераш актуальнае пытанне, абдумаеш яго, разбярэш, зробіш і апрацуеш патрэбныя фота, а калі яшчэ трэба манціраваць відэа... Можа прайсці тыдзень, але быць на вачах у падпісчыкаў трэба штодня, бо калі ты не быў у Іnstagram дзень, то, лічы, што цябе ўжо ўсе забыліся.

Нягледзячы на тое, што Ірына — блогер-пачатковец, яе часта запрашаюць на розныя мерапрыемствы ў якасці эксперта. І гэта не дзіўна, бо, акрамя вядзення акаўнту пра адносіны, яна з'яўляецца кіраўніком маладзёжнага творчага аб'яднання «Мама, я блогер».

— Яго адкрыла на базе аднаго са сталічных цэнтраў дадатковай адукацыі «Ветразь». Калі шчыра, лічу, што мне моцна пашанцавала, бо я магу не толькі развівацца ва ўлюбёнай сферы сама, але і дапамагаць гэта зрабіць іншым. Аб'яднанне разлічана на падлеткаў і моладзь з трынаццаці да дваццаці аднаго года, хоць, каб стаць блогерам, узроставых рамак няма. Але асабіста мне камфортней працаваць з такой аўдыторыяй. Я вучу яе таму, з чым сама сутыкнулася ў самым пачатку шляху. Дапамагаю пазбавіцца ад комплексаў і сарамлівасці, дапамагаю знайсці тую тэматыку, у якой ім будзе камфортна і цікава. Некаторыя падлеткі часта кажуць мне: «А пра што можна пісаць?», «А як фатаграфавацца?», «Мяне ж будуць чытаць мама і бабуля...» Усе гэтыя моманты мы вырашаем разам.

Часта можна пачуць пра Іnstagram-залежнасць — гэта калі праводзіш гадзіны за экранам і не можаш пражыць і дня, каб не зрабіць сэлфі і не запосціць яго ў сябе на старонцы. На думку некаторых псіхолагаў, менавіта блогеры знаходзяцца ў зоне рызыкі гэтай «хваробы». Аднак Ірына абвяргае міф.

— Першы час ты і сапраўды сядзіш у сацыяльнай сетцы як зачараваны, але неўзабаве пачынаеш перанасычацца інфармацыяй, і часта блогерам хочацца ўзяць невялікі адпачынак, каб «пачысціць» сваю галаву ад таго патоку навін, што кожны дзень сустракаеш у стужцы. Магчыма, з-за гэтай перанасычанасці ў некаторых з'явілася меркаванне, што Іnstagram паволі згасае, але ведайце, ён не памрэ ніколі. Мы можам стамляцца ад яго, браць перапынак, але для большасці людзей у свеце ён стаў неад'емнай часткай жыцця.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІV курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Фота дадзена суразмоўніцай

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.