Вы тут

Чым здзівілі фіналісты праекта TEDxYouth@Mіnsk?


«Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш». Шмат кніг напісана пра крэатыўнасць, пра пошук ідэй, але менавіта гэтая фраза з аповесці Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя роспачы» — самая трапная. Рабі нечаканае! Менавіта хлопцы і дзяўчаты, якія робяць нечаканае і прапануюць нестандартныя ідэі, выйшлі ў знакаміты чырвоны круг інтэлектуальнай маладзёжнай канферэнцыі TEDxYouth@Mіnsk, якая прайшла ў анлайн-фармаце на відэасэрвісе VOKA на відэасэрвісе VOKA. Дзякуючы прамой трансляцыі тысячы гледачоў па ўсім свеце маглі не толькі ўбачыць выступленні спікераў, але і задаць ім свае пытанні, бо TED — не толькі слуханне, але і дыялог.


«Першыя» — гэта конкурс яскравых ідэй пакалення Z.

Канферэнцыя TEDxYouth@Mіnsk з'яўляецца часткай сусветнага руху TEDx у нашай краіне. Сёлета яна атрымала падтрымку сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя», які рэалізуецца кампаніяй А1. «Першыя» — гэта конкурс яскравых ідэй пакалення Z, які быў абвешчаны ў кастрычніку 2019 года для вучняў 9-х, 10-х і 11-х класаў. Цягам навучальнага года школьнікі распрацоўвалі свае праекты ў чатырох тэматычных кірунках — «Экалогія», «Тэхналогіі», «Інклюзія» і «Культура», а таксама бралі ўдзел у крэатонах у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі і Гродне. Спецыяльна для канкурсантаў быў запушчаны першы беларускамоўны падкаст для моладзі, у якім прафесіяналы з розных сфер дзяліліся парадамі па запуску і прэзентацыі праектаў.

Журы конкурсу «Першыя» прагледзела больш за сотню відэазаявак і выбрала дзесяць самых цікавых ідэй. Іх аўтары рыхтавалі свае дзесяціхвілінныя прамовы разам з ментарамі — прадстаўнікамі беларускай супольнасці TED. Па традыцыі прамовы ўсіх спікераў гучалі па-беларуску, бо адна з мэт «Першых» — пашырэнне выкарыстання беларускай мовы.

Іnstagram і TikTok па-беларуску

Як прызналася адна з фіналістак, вучаніца гомельскай гімназіі № 10 Ангеліна СЕБІК, у пачатковай школе беларуская мова не была яе любімым прадметам.

Ангеліна Себік: «Беларуская мова — не проста хобі, а асяроддзе для камунікацыі».

— Як і многія мае аднагодкі, я лічыла гэтыя ўрокі марнаваннем часу, бо ніхто не мог нам растлумачыць, а навошта мы ўвогуле вывучаем беларускую мову, — успамінае дзяўчына. — Да таго ж па-за межамі класа і ўрока ніхто на ёй не размаўляў. Але летась прайшло першае інстаграм-шоу па-беларуску «Мова Чэлендж», якое прымусіла мяне перагледзець сваё стаўленне да роднай мовы (у яго герояў ёсць месяц, каб пачаць размаўляць па-беларуску. — Аўт.). Я даведалася, што ёсць беларускамоўны рэп, рок і хіп-хоп.

Ці заўважалі вы, што беларускія карыстальнікі інтэрнэту, як правіла, выбіраюць рускую мову ў настройках. А ці ведаеце вы, што YouTube дзеліць карыстальнікаў сэрвісу не па краінах, а па мове. І калі вы часта гледзіце відэа на рускай мове, і яна ўстаноўлена ў вашых настройках, то алгарытмы аўтаматычна залічаць вас да рускамоўных. Таму верагоднасць таго, што сярод рэкамендаваных вам відэа трапіцца беларускамоўнае, вельмі і вельмі маленькая. Калі я даведалася пра гэта, была збянтэжаная. Аднак, рэфлексуючы, прышла да думкі, што нестандартная развязка гэтага пытання аднойчы можа стаць «цікавінкай» беларускай медыякультуры. Я зразумела, што мне трэба зацікавіць менавіта рухавік беларускай інтэрнэт-культуры — моладзь — і ўспомніла, як сама калісьці прыйшла да беларускай мовы праз «Мову Чэлендж». Што мяне тады зацікавіла, дык гэта шчырыя прыклады самых звычайных людзей, іх актыўны ўдзел і сучасная жывая камунікацыя.

Значыць, трэба вынаходзіць фармат, у якім беларускамоўныя блогеры будуць дзяліцца нейкімі актуальнымі ведамі і навыкамі ХХІ стагодддзя, а іх гледачы (слухачы) — укараняць іх на практыцы, але, што самае галоўнае, — паглядзяць на беларускую мову зусім з іншага боку, пазнаюць беларускі слэнг, мемы, адкрыюць для сябе зусім іншы свет...

Ангеліна ўпэўнена, што цяпер існуе попыт на сучасную жывую беларушчыну. «Трэба адыходзіць ад важных, але састарэлых тэм — родных ніў, мінулага, зуброў і буслоў — і ствараць сучасную камунікацыю на актуальныя тэмы, — разважае дзяўчына. — Я лічу, што добрым выйсцем будуць варкшопы. Чаму? Бо гэта фармат актыўнага ўдзелу: з аднаго боку, ментары дзеляцца сваімі ведамі, а з іншага — акурат тут жа практыкуюць здабытыя веды іх гледачы. Ментарамі будуць беларускамоўныя блогеры, якія падзеляцца новым поглядам на родную мову. Мы зможам рабіць беларускамоўныя посты і відэа для TіkTok і Іnstagram. Трэба паказаць, што існуе не толькі рускамоўны кантэнт. А беларуская мова — не проста хобі ці інструмент для работы, а наша асяроддзе для камунікацыі. Пачаць можна ўжо сёння. Тады зменяцца і алгарытмы ў сацсетках, з'явіцца беларускі офіс Google... Беларуская мова жыве і будзе жыць, але ў якім увасабленні, залежыць толькі ад нас.

Паэтычныя муралы

А вось адзінаццацікласнік брэсцкай гімназіі № 1 Дзяніс РАБЧУК для папулярызацыі беларускай мовы прапануе выкарыстоўваць не сучасныя тэхналогіі, а... «наскальны жывапіс».

Дзяніс Рабчук: «Мы проста не ведалі, якія ж з тысяч вершаў павінны апынуцца на сценах...»

— Стрыт-арт дапамагае мастакам праявіць сябе ў незвычайных умовах і знайсці свайго гледача не толькі ў галерэях ці арт-прасторах, але і ў месцах з большай колькасцю наведвальнікаў — на вуліцы. На жаль, агромністы патэнцыял беларускага стрыт-арту збольшага не рэалізаваны, але ў нас ёсць шмат сцен, якія можна ўпрыгожыць мураламі з сацыяльным значэннем, філасофскімі выявамі і вершамі. Вершы, як мова гутаркі з натоўпам. Вуліцы — як месца гэтай аўдыенцыі. Стрыт-арт — як пасярэднік у размове. Так і нарадзіўся праект #vershybrest, які перанёс вершаваныя радкі са старонак кніг на сцены вуліц, — расказвае юнак. — Здараецца, што яшчэ на моманце з'яўлення ідэі шмат хто спыняецца: няма каманды, досведу, грошай... Але ж ці нельга гэта ўсё знайсці? Мой адказ — можна! Вакол нас ёсць шмат людзей, якія жадаюць змяніць сваё асяроддзе, трэба проста ім прапанаваць. Так я і зрабіў. Так і сфарміравалася наша каманда — на жаль, зусім недасведчаная ні ў рабоце са стрыт-артам, ні ў праектным менеджменце, але вельмі матываваная.

Даведаліся, што Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» праводзіць конкурс міні-грантаў. Напісалі праект, атрымалі фінансаванне і прыступілі да яго рэалізацыі. І вось тут мы сутыкнуліся з праблемай выбару. Звычайна з ёй сутыкаюцца ў краме, а не ў мастацтве: цудоўных беларускіх твораў было настолькі багата, што мы проста не ведалі, якія ж з гэтых тысяч вершаў павінны апынуцца на сценах. Не кажучы ўжо пра тое, з якіх трэба распачынаць. Выйсце знайшлі ў дэмакратыі. Нехта з каманды прапаноўваў свой верш, мы яго абмяркоўвалі, потым галасавалі, так і склалі наш шорт-ліст, які потым скарацілі да трох твораў таксама дэмакратычным шляхам. У ім апынуліся патрыятычны «Санет» Максіма Багдановіча, лірычныя вершы Ніны Мацяш «Без цябе» і Генадзя Бураўкіна «Атруці мяне вясновым хмелем».

Матываваная каманда з грашыма і эскізамі на руках, поўная жадання рабіць тут і зараз. Што можа пайсці не так? Мы не разлічылі час на бюракратычныя працэдуры, не ведалі ўмоў для малявання, пры якой тэмпературы рабіць гэта на вуліцы ўжо немагчыма. І ўсё ж такі ў Брэсце на сценах з'явіліся «Санет», які распавядае пра нацыянальнае адраджэнне, верш Ніны Мацяш, што адлюстроўвае ўсю горыч страты, і верш Генадзя Бураўкіна, які перадае ўсю адданасць каханню. На гэтым вырашылі не спыняцца і цяпер збіраем грошы на новыя муралы ўжо праз краўдфандынг, а ідэі вершаў нам можна прапанаваць у «Інстаграме» (праект #vershybrest) або даслаць на пошту. Ці збіраемся спыняцца на Брэсце? Не хачу загадваць, але было б неверагодна, калі б людзі ў розных гарадах маглі штодня бачыць перад вачыма вершы нашых паэтаў, разумець пачуццёвасць і прыгажосць літаратурнага мастацтва. З дапамогай стрыт-арту гэта магчыма...

Рамантычнае спатканне ў... музеі

Вучаніца віцебскай срэдняй школы № 12 Настасся КУНДЗІР прыйшла ў чырвоны круг TEDxYouth@Mіnsk з ідэяй стварэння інтэрактыўнага сэрвісу, які дапаможа скласці індывідуальны маршрут па музеях.

Настасся Кундзір: «Рамантычны настрой? Чаму б не замовіць экскурсію пра Марка Шагала і яго Бэлу?»

— Учора ў Луўры паўгадзіны разглядала знакамітую Мону Лізу. Пазаўчора гуляла па музеі Ван Гога, а два дні таму была ў «Метраполітэн» у Нью Ёрку. Больш за ўсё мяне зацікавілі Дэга і Манэ, — расказвае дзяўчына — Як у мяне гэта атрымалася? Дзякуючы інтэрнэту... Віртуальныя экскурсіі ёсць на сайтах многіх устаноў, а ў сэрвісе Google Arts&Culture можна не проста прайсціся па залах, але і наблізіць карціну, разгледзець кожны мазок мастака ці прымерыць, як твор выглядаў бы на сцяне майго пакоя. І вось я гляджу на ўсё гэта і думаю: калі віртуальныя музеі будуць развівацца з такой хуткасцю, калі ў нас будзе магчымасць, не выходзячы з пакоя, вывучаць сусветнае мастацтва, ці не перастануць людзі наведваць музеі рэальныя? Калі націскам адной кнопкі можна трапіць у самыя знакамітыя музеі свету і выбраць экспанаты, якія цікавяць найбольш? Ці не прайграе рэальны музей віртуальнаму? У адрозненне ад віртуальнай рэальная экскурсія ўздзейнічае не толькі на зрок, але і на іншыя органы пачуццяў. Нават слых працуе ў музеі па-іншаму: адсутнасць гукаў таксама стварае асаблівую атмасферу. Вы скажаце, што ў віртуальным музеі таксама можна паслухаць экскурсавода, але ж запіс ніколі не зраўняецца з эмацыянальнай прамовай. У інтэрнэце ён запісаны адзін раз для ўсіх, а ў рэальным жыцці экскурсавод бачыць жывых людзей, рэагуе на рэплікі наведвальнікаў, так нараджаюцца пытанні, адказы, размовы, абмеркаванні. Мы абменьваемся не толькі словамі — мы абменьваемся эмоцыямі!

Успомніце, як вы заходзіце на YouTube. Дапусцім, шукаеце новы фільм: вы ўключылі яго, але ўжо на другой хвіліне прагляду разумееце, што ён вам нецікавы. Што вы зробіце? Выключыце націскам адной кнопкі. Магчымасць выбару дазваляе вам, не прыкладаючы асаблівых намаганняў, атрымаць асалоду ад убачанага.

Цяпер вернемся да музеяў. Віртуальнае наведванне дазваляе адным клікам мышкі пераносіцца з аднаго месца ў іншае, пры гэтым не страціўшы ўвагі. А як адбываецца на экскурсіі рэальнай? Школьнікаў доўга водзяць з залы ў залу, і магчымасці выбару ў іх няма. За цябе ўжо вырашылі, які павінен быць твой маршрут, і не мае значэння, цікава табе ці не. Часам так не хапае той самай кнопкі «Пераключыць». Вось такую кнопку я і прапаную пазычыць. Бо, каб прыцягнуць сучасную моладзь, трэба даць магчымасць выбіраць.

Настасся расказала, што цяпер са сваёй камандай працуе над праграмай, які дазволіць знайсці патрэбны музей, экспазіцыю ці выстаўку пры дапамозе індывідуальнай карты. Як гэта выглядае ў дачыненні да музея?

— Запускаем праграму, выбіраем пэўны населены пункт. Далей асноўная частка праграмы — невялічкі тэст. Адказваем на пытанні, і праграма на аснове нашых інтарэсаў складае спіс музеяў, якія варта наведаць. Адзначаем упадабаныя месцы, складаем маршрут, захоўваем яго ў тэлефоне, і можна распачынаць сваё незабыўнае падарожжа, — тлумачыць дзяўчына. — Напрыклад, як правесці рамантычнае спатканне ў маім дарагім Віцебску? У вас зусім няма ідэй, як зрабіць сустрэчу незабыўнай? На жаль, многія ў такой сітуацыі пра музей увогуле не задумваюцца, бо мы ўспрымаем іх як дадатак да школьнай праграмы. Але ж ідэй для спаткання можна знайсці шмат. Рамантычны настрой? Чаму б не замовіць экскурсію пра Марка Шагала і яго Бэлу... Хочацца чагосьці больш гуллівага? Запрашаем на мастацкую выстаўку, дзе галоўнымі героямі з'яўляюцца каты, ці проста разам пасядзець у старым трамвайчыку ў музеі віцебскага трамвая. Варыянтаў можа быць шмат. З іншага боку, як мне падаецца, калі музеі будуць працаваць больш актыўна — уводзіць новыя экскурсіі, у тым ліку з вузкай тэматыкай, незвычайныя маршруты па экспанатах, якія нейкім чынам звязаныя паміж сабой, — тады і ў школьнікаў з'явіцца жаданне прыходзіць туды. Выбар — гэта тое, чаму рэальныя музеі маглі бы крыху падвучыцца ў віртуальных, каб стаць яшчэ больш цікавымі.

Якія яшчэ ідэі былі агучаны ў чырвоным крузе?

Павел АНАНІЧ з Магілёва прапанаваў вяртаць нашым старажытным гарадам страчаныя архітэктурныя шэдэўры з дапамогай тэхналогій дапоўненай рэальнасці.

Канстанцін МУЛІЦА з Іўя ўпэўнены ў тым, што нашы думкі рэгулююць наша жыццё. І знайшоў гэтаму навуковое абгрунтаванне.

Самуіл АЛЕКСІН з Мінска агучыў варыянт пераходу ад інфармацыйнай адукаванасці да робататэхнічнай і прадэманстраваў незвычайныя рабатызаваныя прылады.

Вікторыя СІДАРЭНКА з Гомеля распачала цэлы стартап па вырабе аднаразовага посуду з распаўсюджаных у Беларусі прыродных матэрыялаў і падзялілася сваім бачаннем паляпшэння экалагічнай сітуацыі ў краіне.

Кацярына ЯНГОЛЬ з Крэва расказала, як экалогія яе роднага мястэчка звязана з Балтыйскім морам. У планах Кацярыны і яе аднадумцаў — ачысціць бераг мясцовай рачулкі, пабудаваць драўляны памост і праводзіць там танцавальныя майстар-класы пад жывую музыку.

Софія ФЕДЧАНКА з Мінска прапанавала ўстанавіць спецыяльныя прылады ў вучэбных класах, каб дзеці з захворваннямі апорна-рухальнай сістэмы маглі пазбегнуць ізаляцыі і наведвалі заняткі ў звычайных школах.

Лізавета ГРЫНЮК са Слуцка ўсяго за тры крокі ад ідэі да рэальнасці пераасэнсавала навуковую спадчыну Ніколы Тэслы. Яна распрацавала канцэпт універсальнай канструкцыі бесправадной зарадкі і прапанавала свой досвед у пытанні самаматывацыі падчас рэалізацыі асабістай задумкі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Быць «Першымі» — быць наперадзе ўсіх

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.