Вы тут

У Мінску пасля рэканструкцыі адкрыўся Музей гісторыі камсамола і маладзёжнага руху Беларусі


У Мінску пасля рэканструкцыі адкрыўся Музей гісторыі камсамола і маладзёжнага руху Беларусі. Тут сабрана больш за 20 тысяч гістарычных дакументаў, фатаграфій і рэчаў, сярод якіх ёсць і ўнікальныя. У экспазіцыі прадстаўлена толькі малая частка — каля 1,5 тысячы экспанатаў. Гэта дакументы і прадметы перыяду стварэння камсамольскіх ячэек, ваеннага ліхалецця, аднаўлення народнай гаспадаркі ў пасляваенны перыяд, зараджэння студатрадаўскага і фестывальнага рухаў — да дзейнасці БРСМ на сучасным этапе.


Ін­ста­ля­цыя «Пад­поль­ны рай­кам кам­са­мо­ла»:  са­праўд­ныя гім­нас­цёр­ка, сум­ка, пар­ты­зан­скі дзі­ра­кол,  тэ­ле­фон 1943 го­да вы­пус­ку.

...Гальштукі, якія насілі першыя піянеры, былі зроблены на чыгуначным вузле ў Оршы. Цяпер мы можам убачыць адзін з іх тут, у музеі. Побач і «Сяброўскі білет» камсамольца 1920 года.

Найбольш каштоўныя экспанаты, як кажа кіраўнік музея Святлана САСНІНА, гэта ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэн Леніна, якімі быў узнагароджаны Ленінскі Камуністычны Саюз Моладзі Беларусі за заслугі перад Радзімай у гады Вялікай Айчыннай вайны, партызанскі рух, працоўныя дасягненні ў 1945 і 1970 гадах.

Выстаўлена калекцыя ўзнагарод ЦК Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі, прадстаўленая старшынёй Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Уладзімірам Шокавым, які быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» ІІІ ступені, «Зоркай» Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан ІІІ ступені і шматлікімі медалямі. У экспазіцыі — каля 150 знакаў, значкоў і медалёў, сярод якіх членскі значок «КІМ» (Камуністычны інтэрнацыянал моладзі) 1922—1945 гадоў, значок «Школа камсамольскага актыву» 1922 года, знакі ЦК ВЛКСМ «Воінская доблесць», «Працоўная доблесць», «Залаты колас», «Настаўнік моладзі», «Малады гвардзеец пяцігодкі» і многія іншыя. Дарэчы, збіраў ён гэтую калекцыю на працягу больш чым 50 гадоў з 1958 да 1991-га.

Самаробны франтавы дзённік байца Чырвонай Арміі Івана Сабко... Замест вокладкі — дзве металічныя пласціны ад ваеннай тэхнікі. Замест старонак — тэлеграфныя бланкі з франтавымі запісамі, аўтарскімі вершамі, напісанымі алоўкам, а таксама ліст да бацькоў. Ураджэнец Палесся, які абараняў Радзіму ад ворага, так і не вярнуўся дадому. У чэрвені 1945 года ён загінуў падчас баёў у Германіі. Таварышы захавалі дзённік хлопца і перадалі яго родным. Вось што Іван пісаў 9 мая 1945 года: «Добры дзень, мае бацькі. Паведамляю пра тое, што я жывы, здаровы, і вам гэтага жадаю. Шмат пісаць не думаю, сёння святкуем мы далёка, на германскай тэрыторыі. Вайна скончана, мы перамаглі. Віншую вас з Перамогай над нямецкім фашызмам. Ваш сын Ваня Сабко».

Унікальны экспанат — парадную шашку — падарыў Цэнтральнаму камітэту ЛКСМБ савецкі палкаводзец, двойчы Герой Савецкага Саюза, кавалер сямі ордэнаў Леніна Маршал Савецкага Саюза Іван Баграмян. Лічыцца, што менавіта яна была пры ім падчас Парада Перамогі ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года. Іван Баграмян удзельнічаў у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падчас стратэгічнай наступальнай аперацыі, якая атрымала кодавую назву «Баграціён», першымі выступілі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту на чале з Баграмянам.

Яшчэ адна каштоўная рэч — працоўная кніжка савецкага беларускага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Пятра Машэрава. У 1947—1954 гадах ён быў сакратаром ЦК ЛКСМБ. А таксама сумка, акуляры і іншыя рэчы савецкага ваеннага лётчыка, Героя Савецкага Саюза Аляксандра Новікава. У паветраных баях з ворагам ён праявіў гераізм і адвагу. На самалёце І-16 здзейсніў 93 баявыя вылеты, удзельнічаў у дзясятках паветраных сутычак. Усяго за перыяд з 17 студзеня да 9 сакавіка 1942 года асабіста і ў групавых баях знішчыў 15 варожых самалётаў.

Пасля вызвалення Беларусі камсамол актыўна ўключыўся ў мірную дзейнасць: маладыя хлопцы і дзяўчаты ўдзельнічалі ў аднаўленні Мінска — два разы на тыдзень прыходзілі і прыбіралі ўсё, што было разбурана падчас вайны, а таксама нанова будавалі хаты ў вёсках і пасёлках.

У красавіку 1974 года Усесаюзнай ударнай будоўляй была абвешчана пракладка Байкала-Амурскай магістралі (адна з найбуйнейшых чыгунак у свеце). У 1984 годзе яе цалкам пабудавалі, што стала важнай падзеяй у гісторыі камсамола.

Пі­я­нер­ская фор­ма са­вец­ка­га школь­ні­ка.

...Фотаздымак, які нагадвае нам пра гісторыю, звязаную з гераічным учынкам 17-гадовага камсамольца Мішы Мароза, пераносіць нас у верасень 1977 года. Менавіта тады навучэнцы Аршанскага індустрыяльна-педагагічнага вучылішча, у тым ліку і гэты юнак, працавалі ў калгасе «Прагрэс» Дубровенскага раёна. Хлопец убачыў, што разам з бульбянымі клубнямі знаходзіцца артылерыйскі снарад, схапіў яго і хутка пабег цераз поле да яра. Не паспеў дайсці ўсяго некалькі метраў — і смертаносная знаходка выбухнула ў яго ў руках. Такім чынам ён выратаваў ад пагібелі каля 30 чалавек, якія знаходзіліся на полі. За мужнасць Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР пасмяротна ўзнагародзіў смелага камсамольца ордэнам Чырвонай Зоркі. Імя Міхаіла Мароза было занесена ў Кнігу Пашаны цэнтральных камітэтаў ВЛКСМ і ЛКСМ Беларусі, а ў яго камсамольскім білеце застаўся запіс: «Вынес з поля баявы снарад, адвёў ад людзей бяду цаной уласнага жыцця».

У музеі знаходзіцца сапраўдны скафандр першага беларускага касманаўта Пятра Клімука, у ім ён здзейсніў сваё апошняе трэцяе касмічнае падарожжа. Святлана Сасніна падзялілася, што многія, хто бачыць яго, не вераць, што Пётр Клімук такога невысокага росту, прыкладна 165 сантыметраў — на борце касмічнага карабля, дарэчы, гэта з'яўляецца перавагай.

Наступная старонка развіцця камсамольскага руху — фестывальная. Яна пераносіць нас у 1950-я гады. Канцэрты, маршы, мітынгі... Працягвае гэтыя традыцыі і сучасная моладзь, нашы хлопцы і дзяўчаты пабывалі на апошнім, XІX Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў, які прайшоў у Сочы ў 2017 годзе.

— Вы можаце ўбачыць маладых людзей — пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва, якія развівалі нашу прамысловасць. Гэта вельмі важна сёння ўспамінаць моладзі, каб разумець тое, як будаваць будучыню. Трэба і цяпер аддаваць вялікую ўвагу нашай краіне, каб яна станавілася больш прыгожай і квітнеючай, — лічыць Святлана Сасніна.

Асновы і прынцыпы камсамольскага руху ў 2002 годзе пераняў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Яго шматлікія праекты, такія, як «Кветкі Вялікай Перамогі», «Мы — грамадзяне Беларусі», «100 ідэй для Беларусі», маладзёжны марафон «Зрабі свой выбар», «Аднаўленне святынь Беларусі» і іншыя дапамагаюць захаваць пераемнасць пакаленняў.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота дадзена БРСМ

Загаловак у газеце: Франтавы дзённік, парадная шашка і скафандр касманаўта

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.