Вы тут

Спявак Павел Любчанка: Лепш канцэрт, чым удзел у конкурсе


Песні гэтага выканаўцы гучаць на беларускіх і расійскіх тэлеканалах, іх можна пачуць не толькі на айчынных радыёхвалях, але і на многіх FM-радыёстанцыях ЗША, Германіі, Ізраіля, Вялікабрытаніі, Расіі. Кампазіцыі «Зорныя ночы», «Без правілаў», «Каханне-пастка», «Мая каралева Беларусь» ведаюць і любяць па ўсёй краіне, асабліва на роднай для яго Магілёўшчыне. У музычных творах спевака шмат рамантыкі і тонкай лірыкі, якія ён цудоўна перадае дзякуючы свайму выканаўчаму майстэрству.

Вы яшчэ не знаёмыя з гэтым таленавітым маладым чалавекам? Тады мы з радасцю прадстаўляем яго вам у нашым эксклюзіўным інтэрв'ю. Знаёмцеся — саліст-вакаліст Магілёўскай абласной філармоніі, шоўмен, спявак, а таксама ідэйны натхняльнік і капітан футбольнай арт-каманды «Дняпро STARS» Паша Любчанка.


— Раскажыце пра сваё станаўленне як артыста, з чаго ўсё пачалося?

— Зерне творчасці і музыкі заклаў у мяне мой старэйшы брат Уладзімір. Мне было гадоў пяць, калі ў сям'і з'явіўся першы бабінны магнітафон. Слухалі музыку Modern Talkіng, гурты «Фрыстайл», «Ласкавы май». Перамотвалі кампазіцыі, да дзірак сціраючы магнітную стужку. Брат іграў на гітары, а я падпяваў, аднойчы нават зламаў інструмент, за што атрымаў вельмі сур'ёзна (смяецца). Аднак брат не звязаў сваё жыццё з творчасцю, а вось у мяне зерне прарасло. Памятаю, у дзясятым класе аб'явілі конкурс, дзе сярод іншых нумароў патрэбны быў і вакальны. Я быў вельмі сціплым вучнем: ніхто нават і падумаць не мог, што буду спяваць, тым больш на сцэне. Унутры ж адчуваў вялізнае жаданне выступаць, якое стрымліваў праз тую самую сціпласць. І вось у выніку прапанаванага настаўніцай лёсавання мне дастаўся запаветны вакальны нумар. Гэта быў мой першы вопыт, я выканаў хіт «Хлопчык хоча ў Тамбоў» Мурата Насырава і атрымаў столькі станоўчых водгукаў, што ў далейшым без майго ўдзелу не абыходзілася ніводнае мерапрыемства.

Трэба сказаць, што бацькі заўсёды падтрымлівалі ў творчых памкненнях нашага суразмоўніка, але іх жыццёвы досвед падказваў, што адукацыя патрэбна «сур'ёзная». Таму пасля паспяховага заканчэння школы хлопец паступіў у Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт харчавання. Аднак ужо на першым курсе мара пра сцэну прывяла Пашу ў ансамбль «Спяваючыя сэрцы». Менавіта на аддзяленні харавых спеваў пад кіраўніцтвам таленавітай Яўгеніі Цеўлінай малады чалавек адчуў, што знаходзіцца ў кузні музычнага майстэрства.

*  *  *

— Згадаем вучобу на вакале пад кіраўніцтвам славутай Наталлі Гайды.

— Гэта надзвычай яркі, цудоўны час, калі адбывалася станаўленне мяне ўжо як прафесійнага артыста. Я ўдзячны Богу і лёсу за тое, што на маім шляху сустрэўся такі чалавек як Наталля Віктараўна — гэта не проста артыстка з вялікай літары, а яшчэ і выдатны педагог. Вучыўся я на эстрадным вакале, аднак базу атрымліваў акадэмічную. Як сцвярджала тады майстар, калі навучыцца працаваць у акадэмічным стылі, то «папса» будзе як семкі (смяецца). І я вельмі ўдзячны ёй за гэта, бо цяпер магу смела казаць, што я ўніверсальны артыст.

— У адной з тэлеперадач вы казалі, што не лічыце сябе конкурсным спеваком...

— Справа ў тым, што дух саперніцтва неяк перашкаджае поўнасцю раскрыцца, не ведаю, чаму. Існуюць конкурсныя «байцы», якія гатовыя ісці атрымліваць нейкія гран-пры і гэтак далей. Мне ж лепш даць канцэрт, чым удзельнічаць у конкурсе. Вось такі псіхатып, напэўна. Дарэчы, у журы я адчуваю сябе таксама няўтульна, не разумею, як увогуле можна судзіць творчасць аб'ектыўна.

— Раскажыце аб рабоце над сваім новым хітом «Каханне-пастка», які стаў своеасаблівым эксперыментам у новым для вас стылі.

— Так, гэта эксперымент чыстай вады, і ён атрымаўся. Гэтым разам прыйшлося перайсці ў іншы выканальніцкі стыль ды крыху змяніць сваё вакальнае клішэ, аднак што датычыцца рамантыкі і лірыкі, характэрных для маёй творчасці, гэта ўсё застаецца. Трэк дастаткова хутка набірае абароты па папулярнасці і быў удастоены ўвагі радыёстанцыі «Матрошка FM», першай расійскай радыёстанцыі, якая атрымала брытанскую ліцэнзію на вяшчанне ў Лондане. Гэтым я ганаруся і хачу падзякаваць беларуска-ўкраінскаму тандэму, з дапамогай якога выпусціў гэты трэк, — Дзянісу Манёнку і Аляксандру Маціенку, кампазітару, які працуе з такімі артыстамі, як Monatіk, Святлана Лабада, Ціна Караль і іншымі.

— Напэўна, сябруеце з вядомымі артыстамі?

— Я ведаю шмат сучасных паспяховых выступоўцаў, але сябрую з нямногімі. Магу назваць сваімі сябрамі Сяргея Мінскага, Альберта Скарахода, Рыгора Гладкова — гэта тыя людзі, з якімі мы камунікуем, у нас агульныя памкненні і ў музыцы, і ў спорце.

— Як і ў любога артыста, бясспрэчна, у вас шмат прыхільніц. Ваша другая палавіна не раўнуе?

(Усміхаецца.) Яны ёсць, безумоўна. Што датычыцца маёй жонкі Алены, то рэагуе яна адэкватна, верагодна, таму, што сама з ліку творчых людзей. Яна піша казкі і вершы для дзяцей і выдаецца ў топавых часопісах не толькі ў краіне, але і за мяжой. Па сваёй сутнасці я адналюб і маё сэрца належыць толькі адной адзінай жанчыне. З ёй мы сустрэліся ў тым самым ансамблі «Спяваючыя сэрцы» і да гэтага часу разам.

*  *  *

Паша Любчанка стараецца атрымліваць асалоду ад простых і шчырых рэчаў, напрыклад, калі падчас выступлення ў падарунак прыносяць вялізную папку з публікацыямі пра спевака (чалавек збіраў гэтую калекцыю на працягу двух гадоў). Калі прыхільнікі творчасці радуюць артыста любімымі кандытарскімі ласункамі або прыгожа аформленымі сумеснымі фота з канцэртаў. А яшчэ мужчыне прыемна бываць на ўласным лецішчы, дзе разам з абранніцай ён будуе веранду і ганарыцца, што многае ўмее рабіць сваімі рукамі.

*  *  *

— Як узнікла ідэя стварэння футбольнай арт-каманды «Дняпро STARS»?

— Ідэйнымі натхняльнікамі з'яўляюцца мае сябры, заўзятыя прыхільнікі спорту Сяргей Мінскі і Альберт Скараход. З'явілася магілёўская арт-каманда адзінаццаць гадоў таму, напярэдадні рэспубліканскага чэмпіянату сярод артыстаў. У складзе — артысты цырка, эстрады, тэатра, прадстаўнікі тэлерадыёкампаніі, фотакарэспандэнты... Разам з камандай мы наведваем шмат гарадоў, дзіцячыя летнікі, дзе дорым сваю творчасць і папулярызуем здаровы лад жыцця, імкнёмся выхоўваць патрыятызм у моладзі.

*  *  *

На думку спевака, спорт і культура павінны ўзаемадзейнічаць. Артыст мусіць мець добрую фізічную форму, а спорт якраз дапамагае трымацца ў тонусе. Сёлета падчас свята пісьменнасці ў Бялынічах артыстычная футбольная каманда «Дняпро STARS» наведала абноўлены стадыён, згуляла ў таварыскіх матчах і парадавала публіку сваёй творчасцю.

Паша прымае ўдзел у розных гарадскіх мерапрыемствах, стараецца зрабіць свой унёсак у развіццё Магілёўшчыны. Нядаўна ў творчы багаж артыста дадаўся новы кліп на песню «Мая каралева Беларусь», у сюжэце якога паказаны мясціны баявой славы Магілёва. Дарэчы, для спевака родны горад заўсёды быў наймілейшы за любую сталіцу.

На маё пытанне пра планы артыст адказаў, што ў хуткім часе плануе даць сольнік у Мінску — там таксама шмат прыхільнікаў яго творчасці.

Надзея ЗУЕВА

Фота Ігара Багамазава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».