Вы тут

Гатуем “Смачна” ды анлайн


У Беларусі кажуць: хочаш есці калачы, то не сядзі на пячы. Іншымі словамі: хто любіць працаваць, той і жыве ў дастатку. Нашы супляменнікі славяцца й за межамі Бацькаўшчыны працавітасцю, а яшчэ ветлівасцю й гасціннасцю! І гэта рысы нацыянальнага характару, а не жаданне “прыгожа выглядаць”.


Марыя з Анастасіяй  і гатавалі, і спявалі разам

Даўней, калі надаралася вольная хвіліна, вяскоўцы ладзілі сямейныя ці сяброўскія вячоркі, якія не абыходзіліся без пачастункаў. Прычым гаспадыня магла паказаць свае кухарскія здольнасці ў поўнай меры! Адна падавала гасцям бабку, другая — дранікі, трэцяя — верашчаку… А пірагі з рознай начынкай, а каўбаскі пальцам піханыя, а калдуны! Прадаўжаць можна бясконца: беларуская кухня разнастайная.

Калі ў Расіі быў усеагульны каранцін з‑за каранавіруса, то гэта прыўнесла змены ў характар працы многіх людзей. Супрацоўнікі Новасібірскага цэнтра беларускай культуры таксама ў іх ліку. Працавалі ў дыстанцыйным рэжыме, шукалі новыя ідэі, каб рэалізаваць іх у новых умовах. І ўзнікла ідэя: стварыць цыкл кулінарных майстар-класаў “Смачна”. Мы ўзяліся разам з беларусамі Новасібірска гатаваць нацыянальныя беларускія стравы ды ўсё тое паказваць.

Чаму “Смачна”? Бо ў 2013‑м наш цэнтр выдаў аднайменны зборнік рэцэптаў. (“Дзякуючы НЦБК мы выдалі кнігу “Смачна!!!” са шматлікімі беларускімі кулінарнымі рэцэптамі, у многім выкарыстоўваючы лепшы досвед падобных фэстаў. Цяпер адкрываць Беларусь для сябе ў рэгіёне можна й праз смачныя адметныя стравы”, — так пісала пра тое супрацоўніца цэнтра Людміла Бяляўская ў тэксце “«Свята бульбы» з дэгустацыяй” — ГР, 16.2014. Аб прэзентацыі кнігі быў яе тэкст “У Сібіры — з родным смакам” (ГР, 5.12.2013), у якім удакладнялася: то была ўжо трэцяя кніга, выдадзеная з падтрымкай НЦБК. Так што напісанае — застаецца, і мае працяг. — Рэд.) Сакрэтамі прыгатавання сваіх страў у кнізе падзяліліся новасібірскія беларусы. А людзі ж розныя: адны ўжо дарослымі паехалі з дому, другія — пакінулі Бацькаўшчыну з бацькамі яшчэ дзецьмі, трэція — нарадзіліся ў Сібіры, але ж не забываюць родавых каранёў. І ўсіх нас паядноўвае тут бязмежная любоў да роднай Беларусі.

Героем першага выпуска “Смачна” стала Марыя Белакурская, салістка Новасібірскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы й балета. Нарадзілася й вырасла Марыя ў Мінску, закончыла Мінскае дзяржаўнае музвучылішча імя М. І. Глінкі (цяпер музычны каледж): аддзяленне харавога дырыжыравання. Далей навучалася ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. Яе запрасілі працаваць у Новасібірск, і ўжо 7 гадоў мінчанка жыве ў Сібіры. Як прызналася госця, вельмі тужыць па Бацькаўшчыне ды імкнецца пры першай магчымасці наведаць родных у Беларусі.

Гатавалі мы з Марыяй халаднік: беларускі летні суп. Гэткі аналаг папулярнай у Расіі акрошкі. Госця наша прызналася, што гатуе страву па асаблівым рэцэпце матулі ды вельмі хвалюецца. У часе майстар-класа Марыя ўзгадала сваё дзяцінства ў Беларусі, смак клёцак, якімі частавала яе бабуля, што жыла ў Полацку. Анастасія ж расказала, што ўпершыню паспрабавала халаднік, калі была ў Мінску ў 2010 годзе. І ягоны смак у яе асацыюецца з Беларуссю. А яшчэ Марыя Белакурская ды кіраўніца НЦБК Анастасія Дзяменцьева прыгожа спявалі беларускую народную песню “Ой, сівы конь бяжыць”. (Паглядзіце, сябры, дуэт дзвюх галасістых сібірскіх беларусак, паяднаных роднаю песняю — не пашкадуеце. Аж вочы вільготныя становяцца: столькі ў тым сапраўднай прыгажосці… — Рэд.) Пасля дэгустацыі мы зразумелі, што рэцэпт у Марыі ды яе мамы сапраўды асаблівы: атрымалася ну вельмі смачна!

Андрэй Гасюк гатаваў дранікі

Дарадца, кіраўнік Аддзялення Пасольства Беларусі у Расі ў Новасібірску Андрэй Гасюк стаў ганаровым госцем другога выпуска. Андрэй Валер’евіч родам з Мінска, там і вырас. Закончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. А гатавалі мы самую, мабыць, беларускую з усіх нашых страў: дранікі. У многіх замежнікаў, сапраўды, менавіта з імі ў першую чаргу асацыюецца беларуская кухня. Гаварылі ў часе майстар-класа й пра дзейнасць Пасольства, пра ўражанні ад жыцця ў Сібіры. Наш госць расказаў, што бульбу трэба церці на такой адметнай тарцы, “што нібы цвіком прабіта”, і яшчэ не шкадаваць тлушчу — такі сакрэт сапраўдных беларускіх дранікаў!

Першыя два выпускі цыкла кулінарных майстар-класаў “Смачна” засведчылі: анлайн фармат мае шмат плюсаў. Па-першае, гледачы могуць глядзець відэа з любога месца свету — а беларусаў па свеце вельмі шмат. Па-другое, запіс даступны й пасля заканчэння эфіру: на Ютуб-канале нашага Дома нацыянальных культур імя Г. Д. Завалокіна. І па-трэцяе, у такім фармаце становіцца відавочным, што нацыянальная кухня — гэта наш важны культурны складнік? Бо разам з нашай ежай можна са смакам “спажываць” і нашы культурныя адметнасці, далучацца да беларускіх традыцый. Так што, далучайцеся да нас — і давайце будзем разам гатаваць “Смачна”!

Таццяна Нялюбіна, метадыстка Новасібірскага цэнтра беларускай культуры

Фота аўтара.

Ад рэдакцыі. Наша няштатная карэспандэнтка з Новасібірска напісала й пра тое, што цяпер НЦБК працуе ў складзе ДНК імя Завалокіна, раней жа быў самастойнай адзінкай. Перад Днём Перамогі артысты беларускага цэнтра далучыліся да флэшмоба “Синий платочек” #синийплаточек, які ініцыяваў ДНК. Спявалі песню Анастасія Дзяменцьева ды беларускі ансамбль “Завіруха”. Праект прысвечаны гістарычнай памяці пра ўнёсак жанчын у перамогу ды ўмацаванне міру. Бо, як вядома, песня “Синий платочек” стала не проста сімвалам ваеннай эпохі, але й увасабленнем вялікай веры дзяўчат, жанчын у сваіх абранікаў, у іх перамогу.

З цеплынёй ды ўдзячнасцю паведамляе Таццяна Нялюбіна, што ў Новасібірскі цэнтр беларускай культуры даходзяць па пошце нумары “Голасу Радзімы”: “Дзякую! Мне асабліва прыемна, што газеты прыходзяць у канвертах, зробленых на маёй малай Радзіме: у горадзе Барысаве! Адкрываеш канверт — і хуценька ўдыхаеш роднае паветра, пакуль не разышлося па ўсім пакоі”.

Некаторыя майстар-класы можна паглядзець анлайн:

А тут можна даведацца, што некаторыя кулінарныя традыцыі беларусаў сёння знаходзяцца пад аховай дзяржавы

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.