Вы тут

Ваенную драму «Вазьму твой боль» можна ўбачыць у эфіры «Беларусь 3»


Імя Міхаіла Пташука — знакавае для айчыннага кінематографа. Яго фільмы, у ліку якіх «У жніўні 44-га...», «Знак бяды», «Час выбраў нас» і многія іншыя, любяць і памятаюць… А ваенная драма «Вазьму твой боль» сёлета адзначае 40-годдзе з моманту выхаду. На наступным тыдні яе пакажа ў эфіры «Беларусь 3».


Кінастужка знятая па аднайменным рамане Івана Шамякіна. У ёй расказваецца, як у вёску пасля доўгага пазбаўлення волі вяртаецца былы паліцай Рыгор Шышковіч, які быў прызнаны вінаватым у смерці маці і сястры саўгаснага кіроўцы Івана Батрака. За службу ў паліцыі здраднік адбыў доўгі тэрмін у турме, але застаўся жыць, таму што яго віну ў расстрэле даказаць не змаглі. Сустрэча з Шышковічам заставіла Івана зноў перажыць падзеі той жахлівай восені, калі ён, схаваўшыся пад печчу, бачыў, як паліцаі расстрэльвалі яго родных. З таго моманту жыццё Івана ператвараецца ў кашмар. Хоць некаторыя з вяскоўцаў і лічаць, што Шышковіч ужо атрымаў па заслугах, але Батрак не верыць у гэта —
і аказваецца, што недарэмна... Рыгор спрабуе забіць адзінага сведку не раскрытага да канца злачынства.

Варта адзначыць, што сюжэт рамана і кінастужкі ўзяты з рэальнага жыцця: аднойчы вясковыя жанчыны здзейснілі самасуд над паліцаем, які пасля турмы вярнуўся ў роднае паселішча. «Вазьму твой боль» стаў пятай экранізацыяй твораў беларускага пісьменніка. Вядомыя гледачу і такія экранізацыі, як «Сэрца на далоні», «Вясельная ноч», «Гандлярка і паэт» і іншыя.

Міхаіл Пташук амаль усе свае фільмы здымаў на сваёй радзіме — каля вёскі Федзюкі ў Ляхавіцкім раёне. І карціна «Вазьму твой боль» не стала выключэннем. У сваім дзённіку рэжысёр напісаў: «Калі ўважліва паглядзець мае фільмы, то ў кожным з іх адна і тая ж хата ў планіроўцы... Я ведаў кожны рух Сцепаніды са «Знака бяды», кожны рух Івана Батрака з шамякінскага рамана «Вазьму твой боль». Не трэба было нічога прыдумляць. Усе героі рухаліся па маім федзюкоўскім доме...» Падчас здымак фільма не абышлося і без наздвычайных сітуацый. Так, у адным з эпізодаў, дзе спальвалі дом, акцёр (які іграў Івана ў дзяцінстве) ледзь паспеў выбрацца з полымя. Яшчэ адна трагедыя магла адбыцца і падчас здымак Уладзіміра Гасцюхіна (выканаўца ролі Івана-дарослага) за рулём камбайна. Пасля ў інтэрв'ю акцёр расказваў, што ніяк не мог спыніць машыну. Дарэчы, гэта была першая роля ў кіно Гасцюхіна, калі ён, ужо вядомы ў той час акцёр, перабраўся ў Мінск да каханай і атрымаў мясцовую прапіску.

У рамане «Вазьму твой боль» ёсць такія словы: «Пачуць водар хлеба ў зярнятах можа толькі той, хто вырас на зямлі». Экранізацыя твора была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі, але, мабыць, важней любых узнагарод тое, што кінастужка стала яшчэ адным «зярняткам» класікі беларускага кінематографа.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.