Вы тут

Як будуць супрацоўнічаць Беларусь і Расія ў эканамічнай сферы


Адмена роўмiнгу мабiльнай сувязi памiж Беларуссю i Расiяй, прэмiя Саюзнай дзяржавы ў галiне навукi i тэхнiкi, унiфiкацыя заканадаўства, агульныя прэферэнцыi, прасоўванне сумеснай прадукцыi на рынак трэцiх краiн... Гэтыя i iншыя эканамiчныя планы абмяркоўвалi ўдзельнiкi VII Форуму рэгiёнаў Беларусi i Расii на секцыi «Сумесныя праекты як фактар стабiльнага эканамiчнага развiцця Беларусi i Расii» падчас анлайн-сустрэчы. На вiдэамост з расiянамi беларусы сабралiся ў Жодзiне на прадпрыемстве «БелАЗ».


Сумесны бiзнес i эканамiчная кааперацыя

Месца для абмеркавання менавiта эканамiчных пытанняў форуму было абрана невыпадкова. Па-першае, вытворчасць кар'ернай тэхнiкi ў Жодзiне — яскравы прыклад супрацоўнiцтва краiн. Па-другое, расiяне не выключаюць магчымасцi рэалiзацыi ў сябе вытворчасцi беларускiх самазвалаў.

Больш за 8000 прадпрыемстваў абедзвюх краiн звязаны прамысловай кааперацыяй. Сёння ў Беларусi працуе каля 2,5 тысячы прадпрыемстваў з удзелам расiйскага капiталу, 1300 з iх — сумесныя. У Расii 117 арганiзацый з беларускiм капiталам i 45 зборачных вытворчасцяў.

— Летась тавараабарот памiж нашымi краiнамi склаў больш за 38,5 мiльярда долараў, што займае 46 % ад усяго знешняга гандлю краiны. А за паўгоддзе 2020-га ў Беларусь прыцягнута з Расii 320 мiльёнаў долараў. Каля паловы сабекошту кожнага беларускага трактара, камбайна цi грузавiка прыходзiцца на расiйскую сыравiну i камплектуючыя, — заўважыла Таццяна РУНЕЦ, старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па эканомiцы, бюджэце, фiнансам. — Аднак большую ўвагу трэба аддаць рэалiзацыi сумесных праектаў, стварэнню сумеснага бiзнесу.

Андрэй КУЦЕПАЎ, старшыня Камiтэта Савета Федэрацыi па эканамiчнай палiтыцы пагадзiўся, што доўгатэрмiновыя iнтарэсы краiн i значны сумесны багаж супрацоўнiцтва ў эканамiчнай i сацыяльна-гуманiтарнай галiнах — аб'ектыўная канкурэнтная перавага.

— Ключавы напрамак — мiжрэгiянальнае супрацоўнiцтва. Каля 60 суб'ектаў Расii маюць наладжаныя сувязi з Беларуссю. Цiкавасць да iнвестыцыйных праектаў стабiльна расце, i органы ўлады гатовыя ўсебакова падтрымлiваць падобныя iнiцыятывы. Сярод асноўных кiрункаў эканамiчнай кааперацыi — сумесная вытворчасць i рэалiзацыя машын i абсталявання.

Найважнейшыя iнфраструктурныя элементы фармiравання адзiнай эканамiчнай прасторы Саюзнай дзяржавы абазначыў у сваiм выступленнi Рыгор РАПОТА, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы. Да базавых элементаў iснавання такой прасторы ён аднёс падобнасць (або рознiцу) эканамiчных мадэляў краiн, развiтасць кааперацыйных сувязяў, наяўнасць сумесных прадпрыемстваў на абедзвюх тэрыторыях, рост аб'ёму тавараабароту сумесна з лiквiдацыяй гандлёвых бар'ераў, рэалiзацыю маштабных прамысловых i энергетычных праектаў, развiццё iнфраструктуры ў галiне транспарту, навуковае супрацоўнiцтва i iншае.

— Рознiца, што iснуе ў эканамiчных мадэлях краiн, не дазволiла нам стварыць транснацыянальныя прамысловыя прадпрыемствы шляхам злiцця. Такi адмоўны вынiк падштурхнуў да прыняцця некаторых прававых дакументаў, якiя дазволяць зрабiць эканамiчныя мадэлi больш падобнымi. Гэта гарманiзацыя заканадаўчых працэдур, у прыватнасцi падатковага заканадаўства, — агучыў дзяржсакратар. — Усе 12 праграм Саюзнай дзяржавы, якiя рэалiзуюцца, накiраваны на стварэнне iнавацыйнага прадукту. Прынята рашэнне раз на два гады ўручаць прэмiю Саюзнай дзяржавы ў галiне навукi i тэхнiкi. Першую мяркуецца прысудзiць найлепшым ужо сёлета.

«Мерыдыян», тэхнiчны вуглярод i лiфты

Памiж краiнамi рэалiзуецца i распрацоўваецца i мноства iншых праектаў. Найважнейшае месца сярод iх займае будаўнiцтва Беларускай АЭС. Да моманту яе выхаду на поўную магутнасць трэба прапрацаваць буйныя праекты, якiя арыентаваны на энергаёмiстую вытворчасць: металургiя, нафтахiмiя, шкляная вытворчасць i выпуск электратранспарту, малатанажнага суднабудавання i камплектуючых да iх.

Дзяржсакратар згадаў, што ў Валагодскай вобласцi (Чарапавец) i Татарстане, прынамсi, ужо выпускаюцца трактары маркi «Беларус». У Бранску збiраюць беларускiя бульбаўборачныя камбайны. У Бранскай вобласцi i Карэлii разварочваецца вытворчасць лесанарыхтоўчай тэхнiкi беларускага прадпрыемства «Амкадор».

Немалаважнае значэнне маюць i транспартныя праекты. У прыватнасцi будаўнiцтва высакаскораснай магiстралi працягласцю 2,5 тысячы кiламетраў, якая павiнна злучыць Санкт-Пецярбург, Мiнск, Варшаву, Гамбург. Прапрацавана бiзнес-мадэль гэтай iдэi, i пры яе рэалiзацыi дарога стане найбуйнешай магiстраллю на еўрапейскiм кантыненце. У больш прасунутай стадыi знаходзiцца iдэя будаўнiцтва аўтамагiстралi «Мерыдыян», якая пройдзе праз Кiтай, Казахстан, Расiю і Беларусь. Задума з'явiлася яшчэ дзесяць гадоў таму, аднак да мiнулага года ў Расii да яе будаўнiцтва не прыступалi (цяпер рэалiзацыю перадалi ў рукi прыватнiка). Пры гэтым у Кiтаi i Казахстане праект амаль цалкам рэалiзаваны.

Мiнiстэрствы сувязi Расii i Беларусi, прынамсi, на сумесным пасяджэннi паабяцалi прынцыпова вырашыць пытанне адмены роўмiнгу мабiльнай сувязi памiж краiнамi. Тэхнiчна гэта, пэўна, зойме яшчэ нейкi час, падкрэслiў Рыгор Рапота.

Разглядаюць расiяне i магчымасць стварэння паглыбленай лакалiзацыi па будаўнiцтве дарожнай тэхнiкi ў Бранску.

— Нам трэба вызначыць наменклатуру прадукцыi ўвогуле ва ўсiх сумесных праектах, вытворчасць якiх не лакалiзавана на тэрыторыi Расii цi Беларусi, — мяркуе Вiктар ЯЎТУХОЎ, намеснiк мiнiстра прамысловасцi i гандлю Расii. — Добры прыклад сумеснай работы — вытворчасць лiфтавага абсталявання маскоўскiм прадпрыемствам «Паветратэхнiка» i «Магiлёўлiфтмашам». Мэта праекта — рэалiзаваць тысячу сумесных лiфтаў па праграме рэнавацыi жыллёвага фонду ў Маскве i вобласцi ў 2020—2021 гадах. (Пасля сёлетняга форуму, дарэчы, гэтыя прадпрыемствы падпiсалi пратакол намераў па сумесным выпуску лiфтавых лябёдак. — Аўт.). Яраслаўскi маторны завод пастаўляе рухавiкi для БелАЗаў, i беларускiя калегi прапанавалi стварыць вытворчасць цяжкiх самазвалаў БелАЗ i ў Расii.

Намеснiк мiнiстра прывёў таксама свежы прыклад прамысловай кааперацыi на тэрыторыi Беларусi — iнвестпраект на больш чым 150 мiльёнаў еўра з боку Расii па стварэннi прадпрыемстваў па вытворчасцi тэхнiчнага вугляроду ў СЭЗ «Магiлёў». Увод завода ў эксплуатацыю праз пандэмiю ссунуўся, але ўжо ўвосень ён павiнен запрацаваць.

— Аснова нашага супрацоўнiцтва — мiжвытворчая кааперацыя. Такiм супрацоўнiцтвам па ўзаемнай пастаўцы сыравiны, матэрыялаў i камплектуючых звязана больш як восем тысяч айчынных i расiйскiх прадпрыемстваў, — падкрэслiў Дзмiтрый ХАРЫТОНЧЫК, намеснiк мiнiстра прамысловасцi Беларусi. — I можна ўпэўнена казаць пра значны патэнцыял для павышэння канкурэнтаздольнасцi машынабудаўнiчых галiн абедзвюх краiн. Важны кiрунак супрацоўнiцтва таксама — узаемадзеянне ў сферы высокiх тэхналогiй i навацый. Сумеснае стварэнне высокаiнтэлектуальнай прадукцыi з высокай дабаўленай вартасцю — прыярытэтны кiрунак.

Зварот iнвестыцый i навуковыя прадукты

Беларуская прадукцыя прысутнiчае практычна ва ўсiх расiйскiх рэгiёнах, адзначалася на форуме, дзе ўдзельнiчалі чатыры расiйскiя губернатары. За апошнiя некалькi гадоў каля 600 беларускiх аўтобусаў, тралейбусаў i трамваяў пастаўлена ў Самарскую вобласць. Цяпер у Самары вопытна эксплуатуюцца айчынныя электробусы, прапрацоўваецца пытанне аб iх закупцы. У сваю чаргу «Лада» застаецца адным з лiдараў беларускага аўтарынку. Летась АўтаВАЗ рэалiзаваў больш за 16 тысяч машын i заняў першае месца на беларускiм рынку, расказаў Дзмiтрый АЗАРАЎ, губернатар Самарскай вобласцi. Ён падкрэслiў, што давер застаецца самым каштоўным у партнёрстве i выказаў спадзяванне на «стварэнне ўзаемных прэферэнцый i далейшую сумесную работу па падтрымцы паставак аўтамабiляў i камплектуючых на ўзроўнi мiжурадавых дагавораў i стымуляцыйных праграм».

— Мiнiстэрства прамысловасцi Расii прапрацоўвае дадатковыя праграмы, у тым лiку па вяртаннi iнвестыцый iнвестарам, якiя будуць размяшчаць аўтакампанентныя прадпрыемствы i лакалiзаваць iх на тэрыторыi вобласцi, — дадаў ён.

Маштаб сумесных распрацовак дзвюх краiн па праграме Саюзнай дзяржавы ў навуковай галiне акрэслiў Пётр ВIЦЯЗЬ, кiраўнiк апарату Нацыянальнай акадэмii навук. Ён расказаў, напрыклад, пра стварэнне вопытнага ўзору тамографа, iмпульснага фотаiмульсiйнага тэрмометра для бескантактавага вымярэння высокай тэмпературы, iнфармацыйнага вымяральнага камплекта для ацэнкi якасцi пакрыцця ракетна-касмiчнай тэхнiкi, сiстэмы дыстанцыйнага зандзiравання зямлi i шмат iншых цiкавых вынаходнiцтваў.

— Мяркуецца гарманiзаваць 60 стандартаў. З iх 39 расiйскiм бокам, 29 — беларускiм. Будзе распрацавана 18 сумесных арганiзацыйна-метадычных дакументаў. Асаблiвую ўвагу аддаём развiццю супрацоўнiцтва з рэгiёнамi, куды актыўна пастаўляем прадукцыю, якая ствараецца ў Акадэмii навук. Нам сёння вельмi важна не толькi ствараць вопытныя ўзоры, але i рабiць сумесныя прадпрыемствы. I найбольшая работа ў гэтым кiрунку зроблена з Раскосмасам. Мы перайшлi да стварэння сумеснага спадарожнiка. Ужо распрацаваны яго эскiзны праект з раздзяленнем 0,35 метра.

Вучоны заклiкаў падтрымаць гэты кiрунак, каб у найблiжэйшы час перайсцi непасрэдна да вырабу спадарожнiка.

З расiйскага боку выконваючы абавязкi губернатара Калужскай вобласцi Уладзiмiр ПАЦЁМКIН папрасiў беларускiя кампанii дапамагчы сёлета ў рэалiзацыi нацыянальнага праекта «Жыллё i гарадское асяроддзе», у межах якога расiяне да 2024 года павiнны будаваць не менш як адзiн метр квадратны на кожнага жыхара Калужскай вобласцi:

— Цяпер рэалiзуецца больш за 130 жыллёвых праектаў ва ўсiх раёнах вобласцi. Пры гэтым увага аддаецца якасцi жылля i прымяненню iнавацыйных эканамiчных тэхналогiй. I беларускiя калегi ў гэтым плане надзейныя i адказныя партнёры.

Удзельнiкi форуму ўпэўненыя, што ва ўзаемаадносiнах памiж дзяржавамi назапашаны вялiкi станоўчы вопыт у розных сферах i выказваюць надзею на захаванне гэтага патэнцыялу.

Iрына СIДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што мяняецца з 1 снежня

Што мяняецца з 1 снежня

Вырасце памер пенсiй: па ўзросце, за выслугу гадоў, па iнвалiднасцi, з прычыны страты кармiцеля. 

Грамадства

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

Мiнiстэрства аховы здароўя распрацавала рэкамендацыi па прафiлактыцы каранавiруснай iнфекцыi ў арганiзацыях.

Грамадства

Бонусы для альтруiстаў могуць быць прадугледжаны законам аб валанцёрскай дзейнасцi

Бонусы для альтруiстаў могуць быць прадугледжаны законам аб валанцёрскай дзейнасцi

Пра гэтыя i iншыя прапановы ў законапраект аб валанцёрскай дзейнасцi разважалi эксперты падчас круглага стала.

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава.